Украіна — краіна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Беларуссю, Расіяй, Венгрыяй, Польшчай, Славакіяй, Румыніяй і Малдовай. Абмываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні. Па плошчы Украіна займае сорак чацвёртае месца ў свеце і першае месца — сярод еўрапейскіх краін. На яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія і Крымскія горы. Найвышэйшы пункт — гара Гаверла — 2061 метр над узроўнем мора. Галоўная рака Украіны — Днепр. Перасякаючы Украіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр, Паўднёвы Буг, Дунай. На тэрыторыі Украіны знаходзіцца больш за тры тысячы азёр. Самае вялікае — Сасык, а самае глыбокае — Свіцязь (55 метраў). Нацыянальная валюта — грыўна.

Карысныя выкапні
Найважнейшымі мінеральнымі багаццямі Украіны з яўляюцца вугаль (Данбас), жалезная (Крывы Рог, Крамянчуг, Запарожжа, Керчанскі паўвостраў) і марганцавая (Нікапаль) руда. Ёсць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных солей. На поўдні краіны — вялікія радовішчы крэйды і кааліну — белай вогнетрывалай гліны.

Фантан слёз

Бахчысарайскі фантан называюць яшчэ Фантанам слёз. Пабудаваны ён нібыта па загадзе крымскага хана Гірэя ў 1764 годзе ў гонар загінуўшай каханай Дзіляры. У верхняй чашы фантана заўжды ляжаць дзве ружы, якія кожную раніцу прыносяць супрацоўнікі музея. Легенду пра фантан апаэтызавалі Аляксандр Пушкін, Адам Міцкевіч, Леся Украінка.


Кіева-Пячэрская Лаўра

Кіева-Пячэрская Лаўра — адзін з першых манастыроў на Русі. Заснаваны ў 1051 годзе. Будоўля пачалася ў адзінаццатым і доўжылася яшчэ дзевяць стагоддзяў. Найменне Пячэрская ад слова «пячоры», у якіх сяліліся першыя манахі. Лаўра — ганаровая назва: яна надавалася вялікім і значным манастырам.Тут былі створаны іканапісная майстэрня і выдавецтва. Цяпер ніжняя Лаўра знаходзіцца пад апекай Украінскай Праваслаўнай Царквы, а справамі верхняй Лаўры займаецца Нацыянальны Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік. Кожны можа наведаць святыню, увенчаную залатымі купаламі.

Сафійскі сабор
Сафійскі сабор закладзены ў 1037 годзе як галоўны храм кіеўскіх мітрапалітаў. Самая старажытная і буйная пабудова — яшчэ з часу Івана Грознага — з плінфы, шырокай і плоскай абпаленай цэглы. 3 трох бакоў акружаны двух яруснымі галерэямі, у сярэдзіне якіх падбудаваны дзве вежы з лесвіцамі на прасторныя хоры. У 1934 годзе створаны архітэктурна-гістарычны запаведнік «Сафійскі музей».

Тарас Шаўчэнка

Тарас Шаўчэнка - нацыянальны герой Украіны. Літаратурная спадчына Шаўчэнкі лічыцца асновай украінскай літаратуры і ў многім сучаснай літаратурнай украінскай мовы.У 1840 годзе выйшаў яго славуты паэтычны зборнік «Кабзар». Тарас Шаўчэнка вядомы і як мастак: захавалася карціна «Кацярына», напісаная алеем, — на тэму аднайменнай паэмы.

Украінскае адзенне
Нацыянальныя ўкраінскія касцюмы шмат у чым нагадваюць беларускія. Асноўныя элементы мужчынскага адзення - кашуля, пашытая з льняной тканіны, штаны — з шарсцяной тканіны. Адметнасцю кашулі з яўляецца пазушка — разрэз спераду, упрыгожаны вышыўкай. Зашпільваецца на гузікі альбо завязваецца каля каўняра пасачкамі. Украінцы носяць кашулю, убіраючы яе ў штаны: гэту звычку яны перанялі ад усходніх качэўнікаў. Штаны раней падпаясвалі шнурком або рэменем са спражкай. Штаны казакоў адрозніваліся большай шырынёй. Паміж штанінамі ўшываўся прамавугольны кавалак тканіны, і яны мелі падабенства са звычайным мехам. Галаўныя ўборы па форме нагадвалі конусы, цыліндры і паўкруглыя шапкі. Вырабляліся яны з футра, воўны, рознай тканіны.
Дзяўчаты таксама насілі кашулі. Яны былі даўжэйшыя за мужчынскія і складаліся з дзвюх частак. Падол аздабляўся вышыўкай, бо ён звычайна выбіваўся з-пад верхняй вопраткі. Шырокія кашулі заканчваліся каля запясця манжэтам — чохла, які таксама ўпрыгожваўся. Апраналі баваўняныя спадніцы — андаракі, часцей з паласатым арнаментам. Яскравым дапаўненнем да дзявоцкіх строяў былі каралі са шкла ці каштоўных камянёў. Насілі падвескі з манетамі — маністы, дукачы. Дапаўнялі строі прыгожым вянком. Ва ўсім свеце ведаюць украінскія вянкі з жывых і штучных кветак, з рознакаляровымі стужкамі.

Па матэрыялах часопіса «Вяселка»