Вершы пра Беларусь

Міхась Пазнякоў



НАШ СЦЯГ


Мы захапляемся
Колерам белым –
Снег як узімку
Зямлю ўсю засцеле,

Калі пахкі вэлюм
Сады атуляе.
Колерам белым
Мы волю ўслаўляем.

Любім вясновы
Зялёны колер,
Калі адмыслова
Квітнее ваколле,

Калі ўся прырода
І рупная ніва
Пра мір і пра згоду
Спяваюць шчасліва.

А колер чырвоны –
Колер світання.
За поступ наш годны –
Сімвал змагання,

Агню і трывогі,
І кроўнага брацтва,
Цяжкой Перамогі –
Святога багацця.

Таму ў нашым Сцягу
Тры колеры маем.
Сардэчнасць, адвагу,
Мір, працу вітаем.

НАШ ГІМН


Гучыць урачыста,
Як водгукі славы,
Гімн нашай вячыстай
Цудоўнай Дзяржавы.

Усім адкрывае лёс,
Мужнасць народа,
Душу, што пранёс
Трапяткой праз нягоды.

Гімн свету сцвярджае,
Што любім мы працу,
А шлях наш лунае
Да радасці, шчасця.

Пад гукамі Гімна
Я моўчкі клянуся
Сапраўдным быць сынам
Маёй Беларусі.

Іна Фралова


*       *      *

Табе ў сэрцы я месца знайшла,
Беларусь мая, побач ля Бога.
Дзе б ні йшла я, куды б ні брыла—
Да твайго мне вяртацца парога.
Так, відаць, ужо вызначыў лёс,
Так нябёсамі наканавана,
Бачыць сны—дзе вясной вербалоз
З бэзам шэпчуцца замілавана,
Дзе цнатлівую квецень далоў
Неабачліва травень скідае.
Не шкадуе зязюлька гадоў—
У тых снах мне кувае, кувае…
Дзе да рання сакрэты свае
Беластволыя шэпчуць аблокам.
Іх пачуеш—і шчасця стае,
І святлее, нібыта, навокал!
І калі я ў паводках бяроз
Патану ў гэтых снах без падману
Так, відаць, ужо вызначыў лёс,
Так нябёсамі накавана.

 

*      *      *

Там у светлых барах
Некранутай ад веку раскошы--
На прасторы зямной,
Для мяне не іначай як рай,
Ёсць куточак малы,
Месцаў іншых не лепшы, не горшы,
Але сэрцам сваім адчуваю—радзімы мой край.

Краю вечнай вясны,
Дзе і рэха гучыць чысцінёю!
І як скончыцца шлях--
На зямлі той знайду супакой.
Там я ў хаце не госць.
За сталом са сваёю раднёю
Наталюся я песняй, нібыта крынічнай вадой.

Акрыляе душу,
Бо і сам гэты край белакрылы!
Сваёй годнасці моц,
Як і прашчуру, мне дараваў.
І цябе, любы край, што было,
Што было толькі сілы
За бацькоўскую шчырасць я ў сэрцы не раз апяваў.

 

Зміцер Пятровіч 

                

*   *   *

Я  з  радзімаю  белааблокаю
Павянчаны  душой  назаўсёды –
Самай  лепшаю, сінявокаю.
Я – часцінка  свайго  народа.

Хай  чаргуюцца  вёсны  і  зімы,
Дзе  б  ні  быў, а  сюды  вярнуся.
Я – вандроўнік  твой, пілігрым,
Я – часцінка  святой  Беларусі…

                  

*   *   *

Колісь  нехта  сказаў: “Мала  ў  горадзе  неба –
Гмахі  там  закрываюць  бязмежны  прастор”.
Ці  няма  ўжо  ў  рамантыкаў  тое  патрэбы,
Каб  зірнуць  на  зямлю  з  дзіўна-велічных  гор?

Каб  убачыць, дзе  вечна  начуюць  туманы,
Дзе  аблочны  дыван  засцілае  вышынь,
А  на  ім  плыве  сонца  у  прывідны  ранак
І  ўзіраецца  ў  бела-блакітную  стынь…

Покуль  жывы  рамантыкі --  хопіць  нам  неба.
Дзе  б  ні  быў  ты, а  знойдзеш  чагось  для  душы,
Бо  ў  сэрцы  жыве  ў  Радзіме  патрэба –
Без  Радзімы  ні  дня  мы  не  можам  пражыць.

МіхасьПазнякоў



ПІЯНЕРЫ



Насіў і дзядуля мой
Гальштук крылаты.
Прайшоўшы нямала
Віхурных дарог,
Як памяць
Аб слаўных сябрах-арлянятах
Свой гальштук чырвоны
Дзядуля збярог.

У роднае вёсцы
Мужнеў ён у справе.
Вучыўся і марыў
На полюс ляцець,
Ды раптам фашысты
Прынеслі пажары,
І страшныя здзекі,
І лютую смерць.

Ён стаў партызанам,
Біў ворага мужна,
Закончыў у Празе
Геройскі свой шлях.
Калгас адбудоўваў
З вяскоўцамі дружна –
Нам ордэны сведчаць
Аб тым  на грудзях.

І тата мой некалі
Быў піянерам.
Ён шлях невядомы
Адкрыць марыў сам,
І рад пахваліцца,
Сябры, вам цяпер я –
Мой тата пракладваў
Магутную БАМ.

Я стаў піянерам
І горды сягоння.
Старанна вучуся,
Сумленным расту.
Як гонар Радзімы –
Мой гальштук чырвоны,
Я шчырым і ўзнёслым
У школу іду!

АДКАЗ СЫНУ



Што такое быць сынам? –
Гэта значыць, сынок,
Палюбіць як святыню
Свой радзімы куток,

Нашу мову і песні,
Што бацькі збераглі.
Дружбу клопатам веснім
Мацаваць на зямлі.

Гэта значыць, заўсёды
Шчырым, сыне мой, быць.
Дзеля шчасця народа
І вучыцца, і жыць.

Гэта значыць, мой сыне,
Рупным быць у сяўбе,
Каб заўжды добрым імем
Людзі звалі цябе.

Ніна Галіноўская

 
            

Юныя мінчане


Знаёмцеся: мы гараджане.
Наш горад расце ў добры час.
Завёмся мы проста—мінчане.
І Мінск найдарожшы для нас.
 
 
Прыходзім у парк грамадою,
Стаім на прыгожым мастку.
Любуюцца вербы сабою
Глядзяцца ў Свіслач-раку.
 
Спяшаем да плошчы славутай,
Дзе помнік адважным байцам.
Стаім у маўчанні мінуту.
І вечны агонь свеціць нам.
 
На плошчы ў дзядзькі Якуба,
Бярозак сярэбраны звон.
Тут грае душэўна і люба
На скрыпцы музыка Сымон.
 
Мы ведаем добра алею
І часта прыходзім у сквер,
Дзе помнік Марату Казею.
Быў мужны Марат піянер.
 
Легендай імя яго стала.
Прымі нашы кветкі, Казей...
Чакае нас Янка Купала
І ў свой запрашае музей.
 
 
   

Cвята горада


Прыбраныя мамы і таты.
І нас вам нялёгка пазнаць:
У нашага горада свята.
Ідзём мы яго віншаваць.
 
І горад прыгожа прыбраны:
Гірлянды вісяць і шары,
Газоны нібы прычасаны,
З усмешкай сяброўкі, сябры.
 
Гулянне у скверах і парках,
І музыка зычна гучыць.
Лагоднае сонейка ярка
На горад святочны глядзіць.
 
Мы слухаем песні і вершы,
Нам радасна бегаць, гуляць.
Ты, горад, для нас самы лепшы.
Мы будзем з табой сябраваць.


Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.