БиблиотекаНовостиО Детском правовом сайтеНацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распавеў дзецям аб правах

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі распавеў дзецям аб правах

Супрацоўнікі НЦПІ і РЦПІ Мінскай вобласці ўзялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Сусветнаму дню дзіцяці і 25-годзю з дня прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці.



Дзецям пра правы – у трамваі…




У Мінску 20 лістапада адбылася інтэрактыўная навучальная экскурсія на трамваі «Я маю правы». Алла Бардзілоўская, рэдактар Дзіцячага прававога сайта, і прадстаўніцы Гарадскога грамадскага аб’яднання па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці – не для насілля», правялі з вучнямі 6-9 класаў гульні і віктарыны на прававую тэматыку.



Хлопцам і дзяўчатам, сярод якіх былі вучні з розных школ і гімназій Ленінскага раёна сталіцы і дзеці з ДСПУА «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна г. Мінска», прапанавалі заданні, якія трэба было выконваць як самастойна, там і ў камандах. Якія правы ёсць у дзяцей, як суадносяцца правы і абавязкі, што рабіць, калі паміж тваімі правамі і правамі іншых людзей утвараецца канфлікт? На гэтыя і іншыя сур’ёзныя пытанні дзеці, гуляючы, знаходзілі адказы.


Напрыканцы школьнікаў чакаў салодкі стол з прызамі за паспяховы ўдзел у гульнях і віктарынах. А таксама ім было прапанавана адказаць на пытанні анкеты пра правы і абавязкі.



Арганізатарамі мерапрыемства былі дабрачынная арганізацыя «Карытас», Гарадское грамадскае аб’яднанне па папярэджанні жорсткага абыходжання з дзецьмі «Дзеці – не для насілля» і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.


…І ў бібліятэцы


А на Случчыне ў гэты дзень вучням Лучнікаўскай сярэдняй школы таксама распавядалі пра іх правы і абавязкі, а таксама пра тое, дзе яны могуць адшукаць актуальную прававую інфармацыю ў інтэрнэце.

Традыцыйны дзень прававой інфармацыі «Ты і закон» Лучнікаўскай бібліятэкі-філіяла №7 гэтым разам наведалі прадстаўнікі рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Мінскай вобласці і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Для вучняў старэйшых класаў спецыяліст РЦПІ Мінскай вобласці Дзмітрый Маклакоў правёў семінар, падчас якога распавёў пра магчымасці інфармацыйна-пошукавай сістэмы «ЭТАЛОН». Вячаслаў Бякета, дырэктар РЦПІ Мінскай вобласці, распавёў пра работу цэнтра і дзяржаўную сістэму прававой інфармацыі.

Марыя Макас, супрацоўніца НЦПІ, прэзентавала старшакласнікам інфармацыйныя рэсурсы, якія фарміруе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. А малодшым школьнікам з 4-5 класаў прадэманстравала магчымасці Дзіцячага прававога сайта.

Арганізавала мерапрыемства загадчыца Лучнікаўскай бібліятэкі-філіяла №7 Алеся Кіслюк. Дарэчы, на базе гэтай бібліятэкі створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі – у межах рэалізацыі сумеснага праекта Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі і Міністэрства культуры Беларусі.


Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.


RATING ALL.BY