БиблиотекаНовостиРазноеАкцыя «Нашы дзеці» ахопіць больш за 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчатак

Акцыя «Нашы дзеці» ахопіць больш за 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчатак

Сёлета ў рэспубліканскай акцыі прымуць удзел 90 устаноў і прадпрыемстваў — гэта і дзяржаўныя арганізацыі, і прыватны бізнес. Павіншаваць дзяцей напярэдадні зімовых свят традыцыйна прыедуць найвышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў. Наведаць прапануецца каля 120 аб'ектаў — сярод іх школы-інтэрнаты, цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, прытулкі, садкі, бальніцы.

«Нашы дзеці»

— Для ўстаноў набываецца неабходнае абсталяванне, рэчы, цацкі — усё, каб дзеці адчувалі сябе ў максімальна камфортных умовах, — адзначае галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена СІМАКОВА. — У 2017 годзе падчас акцыі была аказана матэрыяльная дапамога, набыты падарункі на суму больш за 1 мільён 205 тысяч рублёў.

Старт святочным мерапрыемствам будзе дадзены 11 снежня: у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адкрыецца ХХІІ Рэспубліканская выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка». Свае работы там прадставяць 10 тысяч навучэнцаў з 500 устаноў адукацыі. У гэты ж дзень стартуе заключны этап VІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак «Ёлка-фэст», дзе за званне найлепшага будуць змагацца 14 педагогаў.

Галоўнай падзеяй стане святочная ёлка з удзелам кіраўніка дзяржавы. Туды ўжо запрошаны дзве тысячы школьнікаў з розных рэгіёнаў. У Палацы Незалежнасці адбудзецца таксама ўрачыстая сустрэча з найлепшымі навучэнцамі і студэнтамі краіны. У рэгіёнах пройдуць навагоднія балы, святы для выхаванцаў шматдзетных і прыёмных сем'яў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, газета «Звязда», фота БЕЛТА

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.