БиблиотекаНовостиРазноеАзбука паводзінаў у сацыяльных сетках

Азбука паводзінаў у сацыяльных сетках

Вы калі-небудзь задаваліся пытаннем, а ці могуць настаўнікі сябраваць са сваімі вучнямі ў сацыяльных сетках, так бы мовіць, без шкоды для свайго іміджу і рэпутацыі? Адна з апошніх сумесных ініцыятыў Міністэрства адукацыі і мабільнага аператара МТС якраз і заклікана дапамагчы педагогам разабрацца ва ўсіх дэталях і нюансах іх прысутнасці ў сацыяльных сетках.

— На жаль, даволі часта складваюцца сітуацыі, калі паводзіны педагогаў у інтэрнэце адрозніваюцца ад іх паводзінаў у рэальным жыцці. Між іншым, ад гэтага залежаць рэпутацыя настаўніка і давер да яго з боку вучняў. Калі профіль педагога ў сацыяльнай сетцы адкрыты для ўсіх, а вучні знаходзяцца ў спісе яго сяброў, а не ў закрытай групе; калі адсутнічае кантроль за ўступленнем у закрытую групу — усё гэта сур'ёзныя фактары рызыкі, — тлумачыць кіраўнік сацыяльных праектаў кампаніі МТС Ірына Галубенка. — У віртуальнай рэчаіснасці мае вялікае значэнне, што, калі, каму і ў якой форме паведамляць, мае значэнне змест пастоў, якімі мы дзелімся, змест фотаздымкаў — уся гэта інфармацыя дазваляе староннім людзям нас ацэньваць і рабіць пра нас пэўныя высновы. Таму вельмі важна, каб не было дысанансу паміж настаўнікам на ўроку і настаўнікам у сацыяльных сетках. Каб выключыць падобныя сітуацыі, зараз распрацоўваецца дапаможнік для педагогаў, у якім настаўнікам будуць расказваць пра тое, як ім трэба і, галоўнае, як не трэба паводзіць сябе ў «Аднакласніках», «УКантакце», «Фэйсбуку» і «Інстаграме».

Праект па адказных паводзінах настаўнікаў у інтэрнэце — толькі адзін з чатырох сацыяльна значных адукацыйных праектаў, што ўвайшлі ў пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі і найбуйнейшым мабільным аператарам МТС. Гэты дакумент днямі падпісалі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.

У 2012 годзе кампанія МТС запусціла праект для вучняў малодшых класаў «Дзеці ў інтэрнэце». Яго тварам і нязменным настаўнікам стаў Георгій Калдун.

Сёння сітуацыя такая, што дзеці ва ўзросце 7—11 гадоў праводзяць у сеціве ад 1 да 6 гадзін у суткі. І часцяком гэта адбываецца без бацькоўскага кантролю, што цягне за сабой розныя наступствы. Усяго за мінулы час бяспечным паводзінам у інтэрнэце былі навучаны больш як 3 тысячы школьнікаў. Але вялікая колькасць заявак ад школ і цікавасць з боку бацькоў і педагогаў сталі сігналам для таго, каб пашырыць рамкі гэтага праекта і ахапіць ім навучэнцаў не толькі з буйных гарадоў.

— У сувязі з гэтым мы прапанавалі новую форму. У ролі настаўнікаў цяпер будуць выступаць старшакласнікі, тым больш што ў пытаннях сучасных інтэрнэт-тэхналогій старэйшыя таварышы карыстаюцца ў дзятвы значна большым аўтарытэтам, чым, напрыклад, школьныя педагогі, асабліва настаўнікі старэйшага пакалення, — расказала Ірына Галубенка. — Георгій Калдун правядзе для іх майстар-класы, падзеліцца сваім досведам і сакрэтамі, як устанавіць кантакт з дзіцячай аўдыторыяй. Такім чынам будуць падрыхтаваныя 300 вучняў 10-х і 11-х класаў з усёй краіны. Яны і панясуць свае веды «ў народ»: у дапамогу ім будуць сайт detі.mts.by, сцэнарый урока і дапаможныя матэрыялы, якія знаходзяцца ў свабодным і бясплатным доступе. Да канца бягучага года плануем ахапіць каля 5 тысяч школьнікаў.

Яшчэ адзін сумесны праект — правядзенне рэспубліканскага конкурсу, ініцыяванага Міністэрствам адукацыі. У аснове гэтага спаборніцтва — пошук свежых ідэй на тэму «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу».

Праект будзе праводзіцца ў фармаце хакатону: аўтары цікавых ідэй пад кіраўніцтвам ментараў будуць дапрацоўваць свае ініцыятывы, прэзентаваць іх і абараняць. У МТС ужо ёсць паспяховы вопыт правядзення мерапрыемстваў у такім фармаце — на працягу двух гадоў кампанія праводзіць конкурс інавацый «Тэлекам Ідэя», і папулярнасць гэтага праекта расце штогод.

Сярод праектаў, здольных істотна ўдасканаліць адукацыйны працэс, — «Інавацыйная школа МТС» з прымяненнем спецыяльнай праграмы «Дзённік» для смартфонаў і планшэтаў. Гэта паўнавартасная замена існуючым папяровым дзённікам і школьным журналам, інтэрактыўная платформа для настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Усе запісы, адзнакі і каментарыі адбываюцца ў рэжыме рэальнага часу, дазваляючы ўсім удзельнікаў адукацыйнага працэсу быць у курсе паспяховасці і наведвальнасці заняткаў, а таксама атрымліваць рэкамендацыі з боку педагогаў.

— Тэхнічнае абсталяванне школ цяпер апярэджвае гатоўнасць настаўніка скарыстацца імі ў поўным аб'ёме. У частцы тэхнічнага аснашчэння нашых устаноў адукацыі, укаранення інфармацыйных распрацовак мы рухаемся досыць хутка, а вось з адпаведнай падрыхтоўкай педагогаў пакуль адстаём. Таму нам сёння неабходна больш працаваць над павышэннем матывацыі і кваліфікацыі прафесіяналізму настаўніка, — канстатуе міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Неўзабаве кожнае дзіця будзе прыходзіць у школу са сваім планшэтам і смартфонам. А школа павінна яму дапамагаць, забяспечыўшы якасны і карысны доступ у інтэрнэт. Галоўнае, каб у электроннай базе даных былі сканцэнтраваны рэсурсы, якія будуць карысныя і вучню, і настаўніку.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў лічыць пагадненне Міністэрства адукацыі і МТС прыкладам паспяховага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. «Калі трэба акрэсліць нейкі фінішны пункт пагаднення, то ўсе тэхналагічныя задачы па забеспячэнні рэалізацыі функцый электроннай школы павінны быць завершаны да канца 2020 года», — рэзюмаваў ён.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.