БиблиотекаНовостиРазноеЧым небяспечнае жыццё ў гаджэтах?

Чым небяспечнае жыццё ў гаджэтах?

Сучасныя дзеці на роўным месцы атрымліваюць сур'ёзныя траўмы. Там, дзе іх равеснікі некалькі гадоў таму абыходзіліся сінякамі, у іх — пераломы. Чаму?

Гаджэты

— Замест таго каб бегаць у двары, цяперашнія дзеці бавяць час у гаджэтах, а гэта толькі аслябляе тонус іх мышцаў, — кажа ўрач-хірург, загадчык хірурга-траўматычна-артапедычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Вольга ЗАГАЛЬСКАЯ. — Акрамя таго, жыццё ў гаджэтах атрафіруе ў іх пачуццё небяспекі: калі яны бегаюць, скачуць і штурхаюць адзін аднаго, то не думаюць аб наступствах, бо героі іх віртуальных гульняў не пакутуюць ад сінякоў і пераломаў.

Штогод у Беларусі траўмы атрымліваюць больш за 750 тысяч чалавек, з іх 150 тысяч (каля 20 %) — дзеці. У структуры пярвічных захворванняў ў малых траўмы ўстойліва занялі другое месца. А смяротнасць дзяцей ад знешніх прычын у Беларусі значна перавышае яе ўзровень у развітых краінах Еўропы. Паводле даных Даклада аб прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў Еўропе, Беларусь сярод 47 еўрапейскіх краін па ўзроўні смяротнасці ва ўзросце да 15 гадоў займае: 8-е месца ад гібелі ў выніку падзенняў, 10-е — ад апёкаў, 17-е — ад ДТЗ. На транспартны траўматызм, дарэчы, прыходзіцца ўсяго 1—2 %, але гэта, як правіла, найбольш цяжкія траўмы.

Галоўныя адказныя за здароўе дзіцяці — бацькі, а дзеці апошнім часам нярэдка пакінутыя на саміх сабе. Імкнучыся абараніць малых ад небяспекі, якую тояць вуліца і нават двор, дарослыя дазваляюць бавіць вольны час з гаджэтамі.

— У выніку школьнікі нярэдка блытаюць рэальны і віртуальны свет. Напрыклад, ідуць у сталовую, не гледзячы пад ногі, бо маршрут ім падказвае гаджэт, — звяртае ўвагу Вольга Загальская. — Дзецям трэба больш рухацца, умацоўваць мышцы, тады і траўмаў стане меней.

Не менш суровым выпрабаваннем для дзяцей і бацькоў з'яўляецца яшчэ адна сучасная забава — батуты. З 2015 года ўрачы адзначаюць усплёск пераломаў, у тым ліку кампрэсійных пераломаў пазваночніка ў дзяцей. Перад тым як весці іх паскакаць, варта пракансультавацца з урачом, каб дакладна ведаць, з якога ўзросту і пры якіх захворваннях такую забаву лепш адмяніць.

Ды і самі бацькі павінны памятаць, што іх задача — быць прыкладам для дзіцяці. А значыць, не парушаць правілы дарожнага руху, пераходзіць дарогу на зялёны сігнал святлафора, а не перабягаць разам з малым там, дзе зручней і хутчэй.

Алена КРАВЕЦ,  газета «Звязда», фота газеты «Звязда»

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.