БиблиотекаНовостиРазноеДаследчая дзейнасць школьнікаў

Даследчая дзейнасць школьнікаў

У пачатковай школе закладваюцца ўменні і навыкі, якія дазваляюць вучням арганізоўваць сваю дзейнасць і самастойна атрымліваць інфармацыю з розных крыніц. Задача настаўніка — наладзіць вучэбны працэс такім чынам, каб агульнаадукацыйныя ўменні і навыкі сталі асновай для самастойнага авалодання ведамі. На гэта накіравана даследчая дзейнасць школьнікаў.

Даследчая дзейнасць займае важнае месца ў сістэме развіццёвага навучання. Для фарміравання даследчых навыкаў малодшых школьнікаў неабходны шэраг умоў: мэтанакіраванасць і сістэматычнасць, матываванасць, улік узроставых асаблівасцей вучняў і псіхалагічны камфорт. Прытрымліваючыся гэтых умоў, удалося дасягнуць пэўных поспехаў.

Найбольшую папулярнасць у школьнікаў атрымалі тэмы, звязаныя са здаровым ладам жыцця. Так, Лізавета Высоцкая пры даследаванні зубной пасты завітала на айчыннае прадпрыемства «Модум», дзе даведалася, як яе вырабляюць. Акрамя таго, падчас даследавання дзяўчынка высветліла, якая паста не наносіць шкоды зубам. Пасля гэтага вучаніца вызначыла найбольш бяспечную пасту. Ёй аказалася паста беларускай вытворчасці «32 жамчужыны».

Хлопчыкі цікавяцца тэмамі, звязанымі з фізікай. Так, Дзмітрый Карнялюк вырашыў вынайсці батарэйку, якая не шкодзіць навакольнаму асяроддзю. У якасці альтэрнатыўнай крыніцы энергіі ён выкарыстаў садавіну і агародніну. Падчас даследавання вучань высветліў, што лепш за ўсё праводзіць электрычны ток бульба. З дапамогай бульбяной батарэйкі хлопчыку ўдалося завесці гадзіннік, які адпрацаваў два дні.

Даследчая дзейнасць станоўча ўплывае на зносіны вучняў з бацькамі, бо збліжае членаў сям’і ў вырашэнні агульнай праблемы. Акрамя таго, гэтая дзейнасць добра фарміруе ў дзяцей пошукавую актыўнасць, якая станоўча ўплывае на іх інтэлектуальнае развіццё. Можна не сумнявацца, што даследчыя ўменні і навыкі, сфарміраваныя ў школе, спатрэбяцца і ў дарослым жыцці.

Таццяна КАРНЯЛЮК,
настаўніца пачатковых класаў Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна


Илья ИВЧЕНКОВ, «Настаўніцкая газета»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.