БиблиотекаНовостиРазноеИстория отечественной книги древняя и очень насыщенная

История отечественной книги древняя и очень насыщенная

Гісторыя айчыннай кнігі старажытная і вельмі насычаная. Яе з’яўленне было абумоўлена распаўсюджваннем хрысціянства і звязана з перапісваннем ці друкаваннем Бібліі. Кніга адыгрывала ў жыцці нашых продкаў вялізную ролю. І мы, сучаснікі, павінны сур’ёзна, скрупулёзна вывучаць гэту змястоўную духоўную спадчыну, каб перадаць яе будучым пакаленням. Нельга забываць і гісторыю БССР – папярэдніцы незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Книги

Менавіта пасля ўтварэння БССР актывізавалася айчынная літаратура. Гэта было звязана з палітыкай беларусізацыі. У галіне нацыянальнага прыгожага пісьменства працавалі таленавітыя аўтары, сярод іх Янка Маўр, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Уладзімір Жылка, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка і іншыя. На подыху часу актыўна ўтвараліся літаратурна-мастацкія арганізацыі: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». Стрыжнёвымі літаратурнымі органамі неўзабаве сталі «ЛіМ» і «Полымя». У 1934 годзе быў утвораны Саюз пісьменнікаў БССР.

Найбольш аператыўна на векапомныя падзеі адгукнулася паэзія, якая пачала апяваць новую будучыню. Аднак і ў айчыннай прозе адзначалася станаўленне жанру рамана, паглыбленне псіхалагізму (Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, М. Зарэцкі), назіралася імкненне празаікаў стварыць вобраз чалавека новага часу ў супярэчлівых абставінах гістарычных падзей (П. Галавач, М. Чарот, Ц. Гартны, А. Мрый, Л. Калюга, Б. Мікуліч, Я. Нёманскі). У першай палове ХХ стагоддзя надзвычай яскрава разгарнуліся класічныя таленты заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Другую сусветную вайну папулярным жанрам стала публіцыстыка. Дарэчы, менавіта тэма вайны стала на доўгі час вызначальнай у айчыннай літаратуры, пашыраючы магчымасці псіхалагічнага і экзістэнцыяльнага асэнсавання гістарычных падзей. У гэтым кірунку працавалі М. Лынькоў, І. Мележ, І. Шамякін, І. Навуменка, В. Быкаў, А. Адамовіч і многія іншыя пісьменнікі.

Тэма гістарычнай памяці стала вызначальнай у творчасці Уладзіміра Караткевіча, дзякуючы якому выдатна развіўся гістарычны жанр. Гэта Караткевіч скажа: «Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ». І дадасць: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой».

Як бачым, на працягу ўсяго ХХ стагоддзя нашы продкі шанавалі кнігу, бо былі ўпэўнены, што яна трывала захоўвае веды, назапашаныя стагоддзямі, мудра перадае іх наступным пакаленням. І ў ХХІ стагоддзі нам трэба працягваць ставіцца да кнігі як да святыні. Мяне не можа не радаваць, што нават у час камп’ютараў прыхільнікаў традыцыйных кніг вельмі многа, бо менавіта сардэчныя зносіны з друкаваным выданнем выклікаюць у душы непараўнальнае пачуццё, быццам вядзеш гутарку са старым сапраўдным сябрам.

Константин Корнелюк, «Народная газета», 31 января 2020 г.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.