БиблиотекаНовостиРазноеХто мае права на бясплатныя падручнікі?

Хто мае права на бясплатныя падручнікі?

«Выхоўваю траіх малалетніх дзяцей і хацела б сама навучаць іх дома. Чула, што такая магчымасць ёсць. У мяне вышэйшая педагагічная адукацыя, скончыла аспірантуру па спецыяльнасці «Агульная педагогіка». Дзеці пойдуць у 2-гі, 4-ты і 7-мы клас. Ці могуць мне дазволіць займацца іх навучаннем і прадаставіць бясплатныя падручнікі?»
Наталля Малочка, г. Мінск.

У Міністэрстве адукацыі тлумачаць, што навучанне дома прадугледжана для дзяцей, якія па стане здароўя часова або пастаянна не могуць наведваць школу. Пералік медыцынскіх паказанняў для гэтага вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Адукацыйны працэс у такім выпадку арганізуе школа па месцы жыхарства ці тая, дзе дзіця навучалася дагэтуль.

Акрамя таго, у адпаведнасці з пунктам 69 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі (пастанова Міністэрства адукацыі ад 20 снежня 2011 г. № 283) навучальны працэс пры рэалізацыі школьных праграм можа ажыццяўляцца па індывідуальным плане для адораных і таленавітых вучняў, а таксама для дзяцей, якія з уважлівых прычын пастаянна або часова на працягу навучальнага года не могуць наведваць заняткі і праходзіць ва ўстаноўленыя тэрміны атэстацыю.

Для таго каб арганізаваць адукацыйны працэс дома па індывідуальным плане, вучню ці яго законнаму прадстаўніку неабходна падаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі па месцы жыхарства. Рашэнне прымаецца на працягу 10 каляндарных дзён з дня падачы заявы.

Рашэнне аб тэрмінах і формах правядзення атэстацыі вучня прымае школа і паведамляе пра гэта непаўналетняму або яго законнаму прадстаўніку ў пісьмовай форме на працягу наступных пяці дзён.

Што да бясплатнага карыстання падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, то на яго, згодна з артыкулам 39 Кодэкса аб адукацыі, маюць права вучні з сем’яў, якія атрымліваюць дзяржаўную дапамогу на дзяцей, старэйшых за тры гады. Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка адказвае, што да гэтай катэгорыі адносяцца, напрыклад, сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў, непаўналетні, інфіцыраваны ВІЧ. Бясплатнымі падручнікамі забяспечваюць таксама ў выпадках, калі бацька (айчым) або ўсынавіцель з’яўляюцца ваеннаслужачымі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу; абодва бацькі ў поўнай сям’і ці адзін у няпоўнай – інваліды 1-й ці 2-й групы; адзін з бацькоў у поўнай сям’і мае 1-ю групу інваліднасці, а другі ажыццяўляе догляд за ім і атрымлівае дапамогу.

Для вучняў са шматдзетных сем’яў плата за карыстанне падручнікамі і дапаможнікамі зніжаецца на 50 працэнтаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда» ад 18 жніўня 2016 г.
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.