БиблиотекаНовостиРазноеКодэкс аб адукацыі: што зменіцца для навучэнцаў і бацькоў?

Кодэкс аб адукацыі: што зменіцца для навучэнцаў і бацькоў?

Норма напаўняльнасці класаў у школах можа быць перагледжана, а праводзіць факультатыўныя заняткі ў школах па суботах дазволяць не толькі для старшакласнікаў. Міністэрства адукацыі агучыла змяненні, якія плануецца ўнесці ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.

Міністэрства аб адукацыі плануе ўнесці змены ў Кодэкс аб адукацыі

– Каб разгрузіць навучэнцаў у вучэбны тыдзень, мы прапануем праводзіць факультатыўныя заняткі ў шосты школьны дзень для навучэнцаў з 5-га па 11-ты класы, – растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства Ірына Каржова. – Акрамя таго, у новай рэдакцыі кодэкса будзе прыменена новая норма па напаўняльнасці класаў. Сёння яна вар'іруецца ў залежнасці ад ступені навучання. Так, на першай ступені дазваляецца напаўняльнасць у класе да 20 навучэнцаў, на другой і трэцяй ступенях – да 25. Таксама колькасць навучэнцаў у класе залежыць ад віду ўстановы адукацыі: у сярэдняй школе гэтая норма складае 25 навучэнцаў у класе, а ў гімназіі і ліцэі – 20.

У новай рэдакцыі кодэкса мы прапануем прыйсці да адзінай напаўняльнасці ў розных відах устаноў і ўстанавіць норму да 30 навучэнцаў у класе. Пры гэтым канчатковае рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі будзе прымаць заснавальнік установы з улікам колькасці дзяцей, што пражываюць у мікрараёне, у якім размешчана ўстанова адукацыі, а таксама з улікам выканання санітарных норм, якімі рэгламентуецца плошча вучэбнага памяшкання ў разліку на аднаго вучня. Хачу адзначыць, што павелічэнне колькасці навучэнцаў у класе ні ў якім разе не паўплывае на якасць адукацыйнага працэсу. Сёння ўжо прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні замежнай мовы, інфарматыкі, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага навучэнца.

Наступная навіна можа зацікавіць бацькоў будучых школьнікаў. Цяпер дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца дзеці, якія на пачатак навучальнага года дасягнулі 6 гадоў альбо больш позняга ўзросту, а таксама дзеці, якім 6 гадоў спаўняецца да 30 верасня.

Па словах Ірыны Каржовай, у новай рэдакцыі кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей і ў больш раннім узросце па заяве аднаго з бацькоў і па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі. «Мы лічым, што такое новаўвядзенне дапаможа зменшыць колькасць зваротаў у наша міністэрства па гэтым пытанні і бацькі на месцы змогуць вызначыцца, што ім рабіць: аддаваць дзіця ў школу, калі яно ўжо псіхалагічна і фізічна падрыхтаванае да вучобы, альбо пакідаць у дзіцячым садзіку», – растлумачыла яна.

Таксама Міністэрства адукацыі прапануе скараціць колькасць відаў устаноў. У прыватнасці, плануецца вывесці з пераліку такія віды, як вячэрнія школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, комплексы «дзіцячы сад – школа». «Хоць комплексу «дзіцячы сад – школа» як віду ўстановы адукацыі існаваць не будзе, установе агульнай сярэдняй адукацыі будзе прадастаўлена права рэалізоўваць праграмы дашкольнай адукацыі. Гэта значыць, што бацькам не трэба хвалявацца, і на практыцы ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваны», – заспакоіла спецыяліст.

Ёсць і прапанова прадаставіць права ўстановам дашкольнай адукацыі рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. «Такім чынам мы зможам арганізаваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі розныя формы работы для развіцця здольнасцяў дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з умовамі канкрэтнай установы і запытамі бацькоў, – тлумачыць сэнс новаўвядзення начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. – Акрамя таго, мы прадастаўляем магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі па жаданні бацькоў. Яшчэ адзін з кірункаў, якія плануецца адлюстраваць у кодэксе, звязаны з забеспячэннем даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі. На жаль, для мікрараёнаў-новабудоўляў актуальная праблема – забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі, і таму прануецца ўнесці ў новую рэдакцыю кодэкса норму аб надзяленні паўнамоцтвамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па змяненні нормаў напаўняльнасці ў дзіцячых садках пры наяўнасці аб'ектыўных абставін і станоўчага заключэння органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Такая прапанова была ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя. Але я падкрэсліваю, што гэта магчыма толькі ў выключных выпадках і ў тых мікрараёнах, дзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі існуе праблема з забеспячэннем месцамі».

Яшчэ адзін з кірункаў – падтрымка і развіццё прыватных устаноў дашкольнай адукацыі. У праект кодэкса мяркуецца ўнесці прапанову аб фінансаванні часткі расходаў прыватных устаноў дашкольнай адукацыі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Надзея НIКАЛАЕВА, «Звязда» № 9 (28 373), 14 студзеня 2017 г.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.