БиблиотекаНовостиРазноеКодэкс для педагога: непрадузятасць, карэктнасць і павага

Кодэкс для педагога: непрадузятасць, карэктнасць і павага

Прыкладныя этычныя правілы педагагічных работнікаў апублікаваны на сайце Міністэрства адукацыі. Абмяркоўваць праект дакумента спецыялісты і педагогі будуць да 1 сакавіка.

Дети

З'яўленне своеасаблівага «Этычнага кодэкса» настаўнікаў анансаваў на мінулым тыдні Міністр адукацыі Ігар Карпенка. Мяркуецца, што падобны збор правілаў дапаможа ў прадухіленні канфліктных сітуацый, якія пачасціліся ва ўстановах адукацыі апошнім часам.

Аснову кодэкса складуць прынцыпы педагагічнай этыкі: ненасілля, аўтаноміі, талерантнасці, адказнасці, справядлівасці, павагі да правоў і годнасці іншага чалавека, кампетэнтнасці, прыстойнасці.

Ад педагагічнага работніка пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці патрабуецца ствараць і падтрымліваць паважлівыя і даверныя адносіны ў педагагічным калектыве і калектыве навучэнцаў, не дапускаць ацэнак і выказванняў, што прыніжаюць гонар і годнасць калег, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Патрабуецца таксама пазбягаць сітуацый, здольных нанесці шкоду дзелавой рэпутацыі педагагічнага работніка або ўстановы адукацыі. Праблемы педагагічнай сферы павінны абмяркоўвацца ў паважлівай форме, а рашэнні – прымацца ў адкрытых педагагічных дыскусіях. Педагог павінен спакойна ўспрымаць крытыку, умець прызнаваць свае памылкі, пазбягаць канфліктаў ва ўзаемаадносінах, імкнуцца да карэктнага вырашэння спрэчных пытанняў як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці.

Не дапускаюцца абмеркаванне рабочых момантаў, публічнае перадузятае абмеркаванне ўстановы адукацыі, у тым ліку ў інтэрнэце.

Забараняецца злоўжываць службовым становішчам, патрабаваць ад навучэнцаў (законных іх прадстаўнікоў) якіх-небудзь паслуг, узнагароды за сваю працу (дадатковую ў тым ліку).

Ад настаўнікаў патрабуецца праяўляць павагу да сямейных, культурных і канфесійных традыцый навучэнцаў. Неабходна прытрымлівацца этычных нормаў у медыяпрасторы, не дапускаць размяшчэння ў сеціве інфармацыі, якая можа нанесці шкоду здароўю або развіццю дзіцяці. Педагог не можа паведамляць іншым асобам інфармацыю, давераную яму асабіста вучнем. Нельга дапускаць выпадкі прымянення метадаў фізічнага, маральнага і псіхічнага гвалту ў дачыненні да навучэнцаў.

Пры ацэнцы вучэбных дасягненняў настаўніку трэба быць аб'ектыўным і справядлівым, не дапускаць тэндэнцыйнага заніжэння або завышэння ацэначных балаў, не ставіць пад публічную крытыку асобы навучэнца і яго законных прадстаўнікоў.

Педагогі абавязаны добрасумленна і якасна выконваць свае прафесійныя абавязкі, клапаціцца пра прэстыж прафесіі, паважаць гонар і годнасць калег, не дапускаць дзеянняў, якія наносяць шкоду аўтарытэту педагагічных работнікаў.

Знешнім выглядам, характарам і паводзінамі, культурай зносін педагог павінен адпавядаць традыцыям і нормам прафесійнай супольнасці, падтрымліваць прафесійны гонар педагагічнага работніка, яго місію, абараняць свой аўтарытэт, аўтарытэт сваіх калег, не абмяркоўваць з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі недахопы калег. Не пераносіць свае асабістыя сімпатыі і антыпатыі на службовыя адносіны.

Асобны пункт забараняе «нетактоўнае ўмяшанне» ў асабістае жыццё, праявы зайздрасці, нядобразычлівасці, прымяншэння заслуг іншых педагагічных работнікаў.

У праекце прапісана, што педагог павінен прытрымлівацца такога спосабу жыцця, які не наносіць шкоду прэстыжу прафесіі і адносінам з навучэнцамі і не перашкаджае якаснаму выкананню прафесійных абавязкаў. Таксама ў праекце правіл замацаваны дзелавы стыль адзення для педагогаў.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 12 лютага 2020 г.
(фота Ганны ЗАНКАВІЧ)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.