БиблиотекаНовостиРазноеКуды знікаюць казкі?

Куды знікаюць казкі?

Вы заўважылі, як змяніліся дзіцячыя кніжкі? Нават самыя юныя чытачы сёння атрымліваюць такое чытво, пра якое іх бацькі нават і не здагадваліся.

Казкі

Кніжкі для дашкольнікаў насычаюцца карыснай інфармацыяй, заданнямі, гульнямі альбо вучаць малых, як разбірацца з эмоцыямі і знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. Усё часцей трапляюцца выданні, напісаныя для малых псіхолагамі. Героямі іх твораў могуць быць як звяркі ды казачныя істоты, так і равеснікі нашых дзетак, якія вучацца ўзамадзейнічаць, вырашаць праблемы, адрозніваць, што добра, а што не.

А як мянецца літаратура для школьнікаў! Многія аўтары распрацоўваюць праблемныя пытанні, з якімі могуць сутыкацца падлеткі, і не цураюцца нават такіх складаных тэм, як булінг, наркотыкі, нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя, першы інтымны вопыт і да т. п. Сучасныя дзіцячыя аўтары даюць у рукі бацькоў выдатныя інструменты для выхавання і навучання малых. І мы абавязкова пра гэта яшчэ пагаворым на нашых кніжных сустрэчах. Але сёння давайце паспрабуем разабрацца, куды знікаюць казкі. Я не пра тую класіку, накшталт «Калабка» ці «Рэпкі». І не пра зборнікі народных казак. Яны, натуральна, заўсёды будуць. Чаму сучасныя пісьменнікі амаль перасталі пісаць казкі для малых? І ці не перавядуцца ў найбліжэйшы час беларускія і рускія казачнікі?

Гэта вельмі захапляльная справа – сачыць за тым, як мяняюцца змест і жыццё дзіцячых кніжак. Кнігарні, бібліятэкі і інтэрнэт вам у дапамогу, але не пазбягайце кніжных выставак і фестываляў, прэзентацый, сустрэч з пісьменнікамі. Там адбываецца шмат цікавага. Па сучасных кніжках ладзяцца спектаклі і анімацыйныя экскурсіі, віктарыны, гульні, героі ператвараюцца ў хэнд-мэйд цацкі, тэксты запісваюцца на аўдыя ці іх можна праслухаць на калектыўных гучных чытаннях, утульна размясціўшыся на мяккіх пуфіках. А чаму б не завітаць на гарбату з пісьменнікам? Да таго ж на такіх сустрэчах вас пазнаёмяць не толькі з навінкамі, але і дапамогуць хоць крыху сарыентавацца ў кніжным «акіяне». Уяўляеце, штогод у свеце выпускаецца каля 50 тысяч новых дзіцячых кніг! Натуральна, каб быць заўважанымі, аўтары імкнуцца зрабіць нешта неардынарнае. Праўда, такіх пісьменнікаў не так ўжо і многа, але іх кнігі чытаюць мільёны дзяцей, яны перакладаюцца на розныя мовы свету. І падобная літаратура даходзіць да Беларусі. Запатрабаваныя сучасныя замежныя аўтары перакладаюцца ў тым ліку і на беларускую мову. Між іншым, чытаць некаторыя з гэтых кніжак можна бясплатна – у сталічных дзіцячых бібліятэках мае дзеці часта бяруць «свежанькія» кніжкі, тыя, што я часта бачу на выстаўках і ў кнігарнях. І як прызнаюцца самі бібліятэкары, пры закупцы новай літаратуры яны часта прыслухоўваюца да запытаў сваіх чытачоў. У сваю чаргу, падлеткі могуць аб'ядноўвацца ў фан-клубы і праз інтэрнэт звязвацца з аўтарамі.

Эвалюцыя відавочная

Прыкладна 40 гадоў у свеце практычна не пішуць казкі для дашкольнікаў, – падзяліўся сваімі назіраннямі на кніжным фестывалі Юрый Шышкоў, які прадстаўляў выдавецтва «Кар'ера Прэс». Ён прафесійны псіхолаг, 15 гадоў практыкаваў у Лондане, і яму даводзілася шмат чытаць, у тым ліку і кніжкі для дзяцей. І тады ён заўважыў цікавую рэч: англійскія школьнікі вывучалі зусім не тыя творы, якія дзеці з Беларусі і Расіі ведаюць як класічную англійскую літаратуру...

Калі б мы больш актыўна знаёміліся з сучаснай еўрапейскай класікай, а таксама тым, як змянілася наша ўласная літаратура (новымі беларускімі аўтарамі ўжо зроблена вельмі многа займальных, карысных, нестандартных і г. д. твораў), то аматараў чытання сярод нашых дзяцей было б у разы больш.

На жаль, у нас доўга не заўважалі, як мяняецца дзіцячая літаратура ў свеце. А трансфармацыя гэта пачалася з сярэдзіны мінулага стагоддзя. У мінулым стагоддзі кніжкі ствараліся ў асноўным для дзяцей з сем'яў інтэлігенцыі. Проста раней сялянскім ці «пралетарскім» хлопчыкам і дзяўчынкам было не да чытання, часам ім самім даводзілася выходзіць на работу ці не з сямі гадоў, і працоўны дзень быў неабмежаваны. Пасля Другой сусветнай вайны дзіцячая праца была забаронена, а малых адправілі ў школы. Колькасць маленькіх чытачоў значна вырасла, а, значыць, спатрэбіліся новыя аўтары. За мяжой вяліся пошукі фарматаў, тэм, падыходаў. А вось у былых савецкіх рэспубліках пэўных выбухаў на ўнутраным чытацкім рынку не назіралася з-за цэнзуры, тут пісьменнікам было не да эксперыментаў, дзіцячая літаратура павінна была выхоўваць новыя пакаленні, вучыць «добраму і светламу».

Незаўважнай прайшла для нас рэвалюцыя ў дзіцячай псіхалогіі, якая дастаткова сур'ёзна змяніла ўяўленні аб тым, як, чаму і ў якім узросце вучыць дзяцей.

Напэўна, вы ўжо заўважылі, якія кніжкі можна сёння набыць для самых маленькіх? У іх могуць быць «вочкі», устаўкі з розных матэрыялаў, якія, напрыклад, імітуюць поўсць каня, акенцы, музычныя клавішы і г. д. А колькі наогул незвычайных рэчаў: кніжкі-пазлы, кардонкі і нават такія, з якімі можна купацца, якія можна камячыць, і яны не баяцца нават «чытачоў», якія такую кніжку могуць зацягнуць у рот.

Дзецям, якім 3–8 гадоў, прапануюць кніжкі з ілюстрацыямі на цэлую старонку, а то і на разварот, а тэксту на іх – усяго некалькі сказаў. Пазнанне свету ў гэтым узросце ў асноўным ідзе праз засваенне візуальнага вопыту, у гэты час развіваецца эмацыянальная сфера, таму ілюстрацыі настолькі важныя для дашкольнікаў. Але такія кніжкі добра прывучаюць пупсаў і да чытання. Малыя не могуць разабраць літар, але выдатна запамінаюць кароткія тэксты і пры дапамозе малюнкаў могуць пераказаць сюжэт. Дарэчы, вялікі ўнёсак у развіццё кніжнай ілюстрацыі зрабілі  эмігранты. Пасля рэвалюцыі вялікая колькасць мастакоў аказалася па-за межамі краіны Саветаў, і некаторыя з іх зараблялі грошы, ствараючы ілюстрацыі для дзіцячых кніг. Так, у 20–30-я гады мінулага стагоддзя ў Францыі з'явілася серыя выдатна праілюстраваных дзіцячых казак. Прычым па задуме французскіх выдаўцоў ствараліся невялікія кнігі – у кожнай па адной казцы. Менавіта з гэтага часу мянецца падыход да афармлення кніжак для маленькіх дзетак – малюнкі становяцца буйнымі і якаснымі.

Пасля васьмі гадоў дзіця само пачынае фантазіраваць. У кніжках, прызначаных для гэтага ўзросту, яшчэ могуць быць ілюстрацыі, праўда, яны ўжо не такія буйныя і ў іх знікае колер.

А ўжо ў 12 гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць літаратуру без малюнкаў – фантазія чытача сама стварае ў галаве розныя вобразы, сусветы. У кнігах для падлеткаў з'яўляюцца адносіны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, проста з тымі, хто побач...

Нават маленькім дзеткам аўтары сёння стараюцца даць карысную літаратуру. Праз мульцяшных звяркоў, прадметы, якія «ажываюць», ці неверагодных істот іх знаёмяць са светам дарослых. Карапузікам могуць распавесці, як ствараецца электрычнасць, вырабляецца папера (ды наогул у прыродзе процьмы розных рэчаў і з'яў). Праз яскравыя кнігі яны адкрываюць дзівосныя сакрэты жывёльнага і расліннага свету, знаёмяцца з мікробамі, дыназаўрамі, легендамі, мастакамі, вучонымі, помнікамі архітэктуры.

У займальных часам дэтэктыўных ці фантастычных гісторыях героі кніг (адпаведна, і чытачы) трапляюць у розныя гістарычныя эпохі, краіны, культуры (часта ў кніжках даюцца рэальныя веды з гісторыі, геаграфіі). Але куды ж падзелася казка?

Ёсць цэлая навука, звязаная з вывучэннем казак. У аснове іх закладзены міфалагічныя канструкцыі, якія стагоддзямі перадаваліся народам. Сюжэты і міфы можна расшыфроўваць, інтэрпрэтаваць, высвятляць, якія былі ўяўленні продкаў, альбо спрабаваць вызначыцца, чаму яны вучаць. Псіхолагі нават выкарыстоўваюць сюжэты і персанажаў у казкатэрапіі.

Натуральна, казкі, якія мы ведаем у літаратурнай апрацоўцы, значна адрозніваюцца ад тых першабытных міфаў. У іх сюжэты спрошчаныя і часта разлічаны на тое, каб быў павучальны эфект. Вось толькі маленькім дзецям сур'ёзную гісторыю, у аснове якой ляжаць складаныя падтэксты, зразумець цяжка. З развіццём ведаў пра дзіцячую псіхалогію пісьменнікі задумаліся: навошта даваць дашкольніку сэнсы, у якіх ён не разбіраецца? І казкі сталі сыходзіць...

Сёння іх пішуць для тынэйджараў і нават моладзі старэйшага ўзросту. Уласна класічныя (яшчэ запазычаныя з міфаў) сюжэты засталіся, але падаюцца яны ў апрацоўцы на новы лад. У іх падлеткі сустракаюцца з рэаліямі, уласцівымі сучаснаму свету. Часта героі новых казак – гэта вядомыя нам раней персанажы. Напрыклад, вы можаце сустрэць у сучасных казках Чырвоны Каптурок ці персанажаў з міфаў Старажытнай Грэцыі. Але яны жывуць у новых умовах ці падарожнічаюць паміж «чалавечым» і «фантастычным» сусветамі. Наогул, цікава сачыць, як сучасныя аўтары працуюць з класічнымі сюжэтамі – якія шукаюць новыя хады, знаходзяць павароты, як насычаюць змест ідэямі, па-майстэрску абыходзяцца з падачай тэкстаў, спалучаюць герояў з розных сюжэтаў. Казачныя сюжэты, дарэчы, могуць пранікаць у розныя жанры – у гістарычныя аповеды, дэтэктывы, прыгодніцкую літаратуру...

Чаму сёння так папулярна фэнтэзі? Можа, таму, што малым бацькі не дачыталі казак, прычым такіх, у якіх галоўныя героі не звяры, а людзі? Але я заўважыла па траіх сваіх дзетках, што ні ў кога з іх у самым пяшчотным, 4–5-гадовым узросце не «пайшлі» ні казкі братоў Грым, ні казкі Андэрсена. Насцярожвае, што на дзіцячых пляцоўках, калі малыя прыдумляюць сюжэтныя гульні, то ўяўляюць сябе мульцяшнымі персанажамі і героямі Марвэла. Можа, таму ім так падабаюцца Чалавек-павук ці Жалезны чалавек, што не хапае казачных герояў альбо персанажы з класічных народных казак ім прайграюць? Ну ў каго найперш захочуць ператварыцца сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі – у «Бабак Ёжак» і «Кашчэяў» ці ў герояў з суперздольнасцямі? Ці проста нашы сыны і дочкі мала ведаюць пра новых кніжных герояў, якасці якіх хацелася б пераймаць? А можа, сучасным аўтарам іх трэба яшчэ стварыць?

А якімі вы хочаце бачыць беларускія дзіцячыя кніжкі? Калі мы ведаем пра такія заморскія змены, ці азначае гэта, што наша літаратура павінна развівацца ў тым жа кірунку? Вельмі б хацелася пачуць меркаванні на гэты конт ад нашых бацькоў і аўтараў. Асабіста я думаю, што дзіцячая літаратура яшчэ не раз нас здзівіць. І спадзяюся, што пісьменнікі, якія змагаюцца за чытача, змогуць супрацьстаяць інтэрнэту ды сацыяльным сеткам і перацягваць адтуль нашых дзяцей у чароўны казачны свет.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, «Звязда», 25 ліпеня 2019 г.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.