БиблиотекаНовостиРазноеМаленькім школам – вялікая ўвага

Маленькім школам – вялікая ўвага

Напярэдадні Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь ва ўсіх установах адукацыі праходзяць патрыятычныя мерапрыемствы. 10 мая ў Сямёнавічскай базавай школе Уздзенскага раёна адбылася цырымонія прыняцця вучняў 4-га класа ў піянеры, на якую завітала цэлая дэлегацыя, якую ўзначаліў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка.

Школа

«Мы адсвяткавалі Дзень Вялікай Перамогі, прайшлі сустрэчы з ветэранамі, урокі мужнасці, моладзь актыўна вывучае біяграфіі сваіх сваякоў, дзядоў і прадзедаў у межах акцыі «Беларусь памятае!» І гэта школа не выключэнне, – адзначыў Міністр. – Асабіста для мяне такія школы асаблівыя. Я сам пачынаў сваю працоўную дзейнасць у падобнай школе на Полаччыне: 17-гадовым юнаком да арміі цэлы год працаваў піянерважатым, таму для мяне кранальна адчуць такую асаблівую атмасферу. Гэта ў вялікіх школах дзеці часам губляюцца ў вялікіх калектывах, а тут кожнае дзіця навідавоку, настаўнікі кожнага ведаюць і з кожным ўзаемадзейнічаюць.

Акрамя таго, у гэтай школе ёсць пэўныя традыцыі, цікавыя напрацоўкі, у тым ліку ў плане ўзаемадзеяння з бацькамі. У прыватнасці, тата адной з вучаніц – член Саюза мастакоў Беларусі – прадставіў тут сваю выставу і спрыяе мастацкай адукацыі школьнікаў. Гэта ўсё немалаважна з пункту гледжання падтрымкі такіх малакамплектных сельскіх школ»,  – падкрэсліў Ігар Карпенка.

У падарунак ад гасцей вучні Сямёнавічскай базавай школы атрымалі камп’ютарны клас. Дарэчы, гэта стала вынікам звароту маладой настаўніцы інфарматыкі Галіны Стараверавай да Міністра адукацыі падчас прыёму грамадзян, дзе яна выказала сваю мару – абсталяваць клас новымі камп’ютарамі, бо седзячы за старымі, за новымі тэхналогіямі не ўгнацца. Літаральна праз два тыдні яе мара здзейснілася, дзякуючы шэфскай дапамозе, якую аказаў БДУіР на чале з рэктарам Вадзімам Богушам.

Камп'ютарны клас

У новым класе 7 камп’ютараў, але іх хопіць усім, бо класы тут маленькія. Усяго ў школе 74 вучні – з Сямёнавіч і з навакольных вёсак. Нягледзячы на гэта, жыццё тут віруе. Як расказала дырэктар школы Ірына Калоша, у прыватнасці, падтрымліваецца сувязь з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, бібліятэкай Гётэ і як вынік – дзіцячыя перамогі на конкурсах ад навукова-практычнага да мовазнаўчага кірунку рознага ўзроўню: ад раённага да рэспубліканскага. Галіна Пятроўна Стараверава, настаўніца інфарматыкі, спадзяецца, што цяпер ім паддадуцца і інфармацыйныя тэхналогіі.

Пакуль дзеці асвойвалі камп’ютарную анімацыю, Ігар Васільевіч Карпенка расказаў: «Сёння мы адкрываем тут камп’ютарны клас, не таму, што гэта даніна модзе, а таму, што мы сапраўды сур’ёзна займаемся пытаннямі інфарматызацыі і камп’ютарызацыі ва ўстановах адукацыі. Цяпер ідзе маштабны праект па мадэрнізацыі школ, асабліва сельскіх, па займу Сусветнага банка. Акрамя таго, мы распрацавалі канцэпцыю IT-адукацыі, і ў яе межах вядзецца падрыхтоўчая работа па абсталяванні ўсіх устаноў адукацыі адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі і забеспячэнні тэхналогіямі, якія будуць укараняцца ў адукацыйны працэс і паспрыяюць таму, каб якасць адукацыі павышалася. І мы імкнёмся даць дзецям з сельскіх школ роўныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі».

А яшчэ напярэдадні лета школьнікі атрымалі ў падарунак камплект розных мячоў, каб і падчас канікул не забываліся пра спорт.

Святлана НІКІФАРАВА, Міністэрства адукацыі
(фота БЕЛТА)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.