БиблиотекаНовостиРазноеМіністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва: Калі сем'і маюць права на атрыманне дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва: Калі сем'і маюць права на атрыманне дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады

Некаторыя сем'і маюць права на атрыманне дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады. Пра тое, што гэта за сем'і і ў якіх выпадках яны могуць разлічваць на такую падтрымку ад дзяржавы, мы запыталіся ў намесніка начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі Марыны Арцеменкі.

Калі ў сям'і некалькі непаўналетніх дзяцей

Права на дапамогу на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў маюць маці (мачаха) або бацька (айчым) у поўнай сям'і, хтосьці з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да трох гадоў – і ад 3 да 18 гадоў.

Пры гэтым дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў прызначаецца ў памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму.

Пры выхаванні ў сям'і дваіх і больш дзяцей дзяржаўная дапамога, прадугледжаная гэтым артыкулам, прызначаецца і выплачваецца адна на сям'ю.

Дапамога для асобных катэгорый сем'яў

Дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем'яў, прызначаецца, калі ў сям'і:

  • выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў;
  • выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванне вірусам імунадэфіцыту чалавека;
  • бацька (айчым) або усынавіцель (удачарыцель) з'яўляюцца ваеннаслужачымі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу;
  • абодва бацькі (альбо мачаха і айчым) у поўнай сям'і, альбо адзіны з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцель (удачарыцель) з'яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы, а таксама калі адзін з бацькоў у поўнай сям'і з'яўляецца інвалідам І групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім і атрымлівае з гэтай нагоды дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам.

Вырас БПМ – выраслі дапамогі на дзяцей

З 1 жніўня павысіліся памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Дапамога сем'ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячная) цяпер складзе 106,84 руб.

Дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады для асобных катэгорый сем'яў (штомесячная):

  • на дзяцей старэйшых за тры гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем'ях (акрамя дзіцяці-інваліда), на кожнае дзіця – 106,84 руб.;
  • на дзіця-інваліда, старэйшае за тры гады – 149,57 руб.

Памер выплат

Дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца на кожнае дзіця ў памеры 50 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу (БПМ), а на дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў – у памеры 70 % БПМ.

Умовы прызначэння дапамогі

Дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем'яў прызначаецца, калі на дату звароту па яе, а таксама не менш за шэсць месяцаў увогуле ў каляндарным годзе, які папярэднічаў году звароту па такую дапамогу, працаздольны бацька (айчым) у поўнай сям'і альбо хтосьці з працаздольных бацькоў у няпоўнай сям'і працаваў ці ажыццяўляў іншы від дзейнасці.

Дарэчы

Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў:

  • на першае дзіця – 35 % сярэднямесячнай зарплаты ў краіне за квартал (СЗП) – 329,04 руб.;
  • на другое і наступных дзяцей – 40 % СЗП – 376,04 руб.;
  • на дзіця-інваліда да трох гадоў – 45 % СЗП – 423,05 руб.

Майце на ўвазе

Пры звароце па згаданую дапамогу па заканчэнні шасці месяцаў з дня ўзнікнення права на яе, дапамога прызначаецца з дня звароту.

Святлана Бусько,
«Звязда», 1 жніўня 2018 г.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.