БиблиотекаНовостиРазноеШто такое казкатэрапія?

Што такое казкатэрапія?

Казкі патрэбны не толькі для таго, каб дзецям весялей засыналася. З іх дапамогай можна даведацца пра праблемы малога, скарэктаваць яго паводзіны, навучыць лічыць ды развіць фантазію. Пра магчымасці казкатэрапіі пагаварылі з арт-тэрапеўтам Галінай Савельевай.

Якія казкі лепш расказваць дзіцяці — свае, народныя ці аўтарскія?

— Абавязкова трэба чытаць народныя казкі, у іх закладзеныя глыбокія сэнсы!

Аўтарскія звычайна прысвячаюць пэўнай праблеме. Да іх можна звяртацца, але выбіраць тыя, што падабаюцца, блізкія па духу. Калі тэма казкі актуальная для вашай сітуацыі, вазьміце яе за аснову, але абавязкова дадайце што-небудзь сваё, індывідуальнае.

Гісторыі, прыдуманыя самімі бацькамі, дазваляюць найбольш поўна абыграць рэчаіснасць, актуальную для дзіцяці.

Вось, напрыклад, мая лялька — цацачная варона — прыляцела ў анкабальніцу. Яна залятае туды, і бачыць нікім не кранутую ежу. Там дзеці наогул часта не ядуць. Варона пачала каркаць: «Вох, я зараз наемся, такі класны суп і макарона! Вой, і гэта, і вось гэта, усё-ўсё з'ем». І тут адзін хлопчык: «Не, я з'ем». «Дакладна ты з'ясі? А ну пакажы, пакажы!» І дзіця пачынае есці. Таму гатовыя сюжэты, нарыхтоўкі могуць быць, але лепш, калі яны нараджаюцца ў галаве штохвілінна. Вы ж не пабяжыце адразу шукаць у інтэрнэце казку, у якой дзіця не есць. Прасцей і хутчэй прыдумаць на месцы, абыграць сітуацыю.

Ведаю, што многіх сучасных бацькоў бянтэжыць жорсткасць народных казак.

— Ёсць такая праблема. У нас нават на фестывалі батлеек была дыскусія на тэму, ці трэба прыбіраць з сучасных батлеечных містэрый крывавыя сцэны. Напрыклад, калі воін забівае дзіця ці калі адсякаюць галаву Іраду.

Калісьці я сама прыбрала ўсе гэтыя сцэны са сваіх спектакляў. Думала, навошта я буду паказваць дзецям, як адсякаюць галаву, хай нават злыдню. Людзі раней былі больш гатовыя да такіх жорсткіх сцэнак, успрымалі іх нармальна, былі больш цяжкія ўмовы жыцця.

Цяпер я ўжо не так катэгарычна да гэтага стаўлюся. Выступаю, каб ператвараць гэта ўсё ў трагіфарс, выкарыстоўваць гумар. Але, вядома, нічога нельга даводзіць да абсурду.

Калі дзіця само прыдумляе казку, ці трэба яму дапамагаць?

— Калі ёсць магчымасць не ўмешвацца, то лепш не ўмешвацца. Калі ў дзіцяці ёсць цяжкасці ў складанні казкі, нейкі ступар, тады трэба дапамагчы, але вельмі мякка, у выглядзе пытання: «А можа быць, вось так?»

Сёння ў дзяцей вельмі часта ў казках сустракаюцца такія матывы — усіх забілі, кругом вампіры, паўсюль кроў. Яны як бы зацыкліваюцца на вобразах, якія ўбачылі па тэлевізары, і пераносяць іх у свае апавяданні і казкі. У гэтым выпадку бацькам трэба ўмяшацца, перайграць сюжэт, прапанаваць новы варыянт развіцця падзей. Але, паўтаруся, зрабіць гэта варта ў выглядзе прапановы, а не аўтарытэтнай заявы.

Як распавядаць казкі не банальным спосабам?

— Можна ўзяць добра вядомую вашаму дзіцяці казку і зрабіць з яе гульню. Можна расказаць яе на новы лад, памяняць усіх персанажаў. З дапамогай казкі прасцей навучыць дзіця лічыць, параўноўваць. Адзіная важная ўмова — першапачатковы варыянт народнай казкі малеча павінна ведаць. Далей ужо можна паэксперыментаваць. Але дзіця мусіць ведаць, што гэта эксперымент, каб сама сутнасць казкі не скажалася.

Можна паспрабаваць візуалізаваць любімых персанажаў. Напрыклад, часта бацькі выкарыстоўваюць у выхаваўчых мэтах ужо вядомыя вобразы. Напрыклад, дзеда Мароза эксплуатуюць, каб дамагчыся ад дзіцяці добрых паводзінаў. Але можна стварыць свой вобраз са сваёй уласнай гісторыяй. Яго можна намаляваць, вылепіць, зрабіць ляльку, і гэты персанаж будзе вам памочнікам у выхаванні, ён можа ўдзельнічаць у жыцці дзіцяці, дапамагаць яму рабіць урокі. І ператвараць выхаванне ў цікавую гульню.

Алена ХУРС, «Сямейная газета»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.