БиблиотекаНовостиРазное«Сорамна. Не для турмы мяне бацькі гадавалі». Рэпартаж з выхаваўчай калоніі ў Бабруйску

«Сорамна. Не для турмы мяне бацькі гадавалі». Рэпартаж з выхаваўчай калоніі ў Бабруйску

Выхаваўчая калонія № 2 у Бабруйску – адзіная ў краіне ўстанова для непаўналетніх злачынцаў. Пакаранне тут адбываюць толькі хлопцы. Дзяўчаты – у Гомелі, пры жаночай папраўчай калоніі № 4. Узрост асуджаных – ад 14 да 21 года. Артыкулы, па якіх яны сюды трапілі, – самыя розныя.

Выхаваўчая калонія № 2 у Бабруйску

– Патрэбны былі грошы «на пагуляць». Цяпер, акрамя свабоды, нічога не хочацца, – знаёмімся з асуджаным Аляксеем*. – На волі ў мяне была каханая дзяўчына. Сустракаліся два гады. Калі трапіў сюды, яшчэ прыблізна год перапісваліся. Хацелі нават пажаніцца, а потым я перадумаў. Сядзець яшчэ доўга, навошта маладой прыгожай жыццё псаваць?

Аляксею 20 гадоў, у калонію трапіў у 17. Асуджаны хлопец па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 205, частка 2 (крадзеж), 207, частка 2 (разбой), 339, частка 2 (хуліганства).

– Гэта за раз?

– Не, – апускае вочы, – два злачынствы за адзін вечар, трэцяе – крыху пазней.

У Беларусі крымінальная адказнасць надыходзіць з 16 гадоў. За асобныя злачынствы – з 14. Цяпер у выхаваўчай калоніі № 2 знаходзіцца каля чвэрці непаўналетніх асуджаных.

– Калі тэрмін адбыцця пакарання не скончыўся да таго, як юнаку споўнілася 18 гадоў, то ён можа застацца тут, без пераводу ў калонію для дарослых. Абавязковая ўмова – не парушаць рэжым і атрымаць адукацыю. Таму стараюцца ўсе. Дысцыплінарных спагнанняў з кожным годам усё менш, – тлумачыць Алег Кавалёў, намеснік начальніка па папраўчым працэсе ВК № 2.

– Малы быў, дурань, – самакрытычна працягвае Аляксей. – Угналі з прыяцелямі машыну, разабралі на запчасткі. Адпачывалі з сябрамі, выпівалі. З незнаёмай кампаніяй адбыўся канфлікт, збілі чалавека. Потым ішоў дадому, сустрэў мужчыну. Слова за слова і «панеслася» – пабіліся. Дакладней, я яго.

Раней за крадзеж і хуліганства хлопец ужо быў асуджаны. Краў грошы, мабільны тэлефон. Самыя папулярныя адказы ў непаўналетніх на пытанне, што падштурхнула пайсці на злачынства, – «Так атрымалася, не хацеў», «Не разумеў усёй сур'ёзнасці», «Думаў, чарговы раз паўшчуваюць. Максімум – дадуць умоўны тэрмін». Так лічыў і Лёша.

* * *

Мінчанін Аляксей з поўнай сям'і. Маці працуе ў дзіцячым садку выхавацелькай, бацька – кладаўшчыком. Не п'юць. Ёсць малодшы брат.

– Да восьмага класа вучыўся добра, а потым, як кажуць, звязаўся не з той кампаніяй, – спрабуе апраўдацца.

Дзевяць класаў школы хлопец скончыў на волі, паступіў у каледж машынабудавання. Праз тры тыдні студэнта выключылі за ненаведванне. Перавёўся ў іншы, пратрымаўся два курсы. У калоніі ж Аляксей атрымаў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі і адразу дзве прафесіі – токара і слесара-сантэхніка.

На тэрыторыі калоніі размешчаны філіял сярэдняй школы № 32 Бабруйска. Вучэбная праграма распрацоўваецца для кожнага ўзросту, нават калі ў класе ўсяго адзін вучань. Улічваючы тэрмін адбыцця пакарання, школу можна скончыць экстэрнам.

Юнакі ўдзельнічаюць у розных адукацыйных конкурсах. Увогуле паспяховасць у асуджаных добрая. Ёсць тыя, хто вучыцца на 8–9 балаў.

У філіяле № 2 Бабруйскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, які таксама знаходзіцца на тэрыторыі калоніі, навучаюць па пяці прафесіях: слесар-рамонтнік, сталяр, станочнік па дрэваапрацоўцы, токар, слесар-сантэхнік.

Усе дакументы прыраўноўваюцца да агульнарэспубліканскіх. Разрад даюць трэці, але пры жаданні яго можна павысіць.

– Далейшы лёс выпускнікоў адсочваем. З працаўладкаваннем стараемся дапамагчы, – кажа Алег Мікалаевіч.

Вучацца асуджаныя з верасня да мая.

Ахвотныя таксама могуць дыстанцыйна атрымаць вышэйшую адукацыю. Аплачваюць вучобу родныя асуджаных. Інтэрнэт таксама за іх кошт. У калоніі ёсць камп'ютарны клас. Пры ўваходзе ў інтэрнэт – ніякіх Gооglе і «Яндэкса», сацсетак. Працаваць можна толькі на сайце ўніверсітэта. Заданні студэнтам дасылаюць па электроннай пошце, падручнікі – папяровыя.

Цяпер вышэйшую адукацыю ў калоніі атрымліваюць чацвёра асуджаных.

* * *

У калоніі адбывае пакаранне каля 150 юнакоў. Як паказвае статыстыка, колькасць тых, хто парушыў закон да 18 гадоў, зніжаецца. Так, у 2013 годзе была закрыта выхаваўчая калонія ў Віцебску.

Траціна падлеткаў асуджаная за незаконны абарот наркатычных сродкаў (артыкул 328 КК Беларусі). Гадоў пятнаццаць таму самыя распаўсюджаныя былі артыкулы за разбой і крадзеж.

– Па ўзросце не падзяляем – малодшым лягчэй адаптавацца побач са старэйшымі, – упэўнены намеснік начальніка па папраўчым працэсе. Усяго ў калоніі тры атрады. На кожны атрад – чатыры выхавацелі, якія дзяжураць кругласутачна.

У пакоі – каля васямнаццаці ложкаў, на спінках якіх, акрамя ручнікоў, – бірка з фотаздымкамі асуджаных і кароткім дасье. З мэблі – тумбачкі, крэслы.

Максімальны тэрмін даецца за асабліва цяжкае злачынства – забойства. Ёсць тут і такія асуджаныя. Адзін з іх – 20-гадовы Яўген* (артыкул 139, частка 2). У калоніі з 2014 года.

– Гучыць страшна, згодны. Але па факце гэта была бойка без матыву забойства, – нервова перабірае пальцы. – Я паддаўся на правакацыю. Выскачыў на разборкі з нажом. Праціўнікаў было двое. Услед за мной кінуўся тата. У выніку бацьку, які мяне абараняў, далі 19 гадоў пазбаўлення волі, мне – 10.

* * *

Усе асуджаныя працуюць. Пякуць хлеб, булачкі (выключна для мясцовага спажывання), вараць кісель, шыюць уцепленыя мужчынскія курткі, спяцовачныя рукавіцы для прадпрыемстваў, касцюмы для зваршчыкаў, разбіраюць бутэлечныя коркі, клеяць канверты. Ёсць цэх па вырабе туалетнай паперы, якая ідзе на чыгунку.

Працоўны тыдзень складаецца з пяці дзён. У суботу і нядзелю, святочныя дні – выхадныя. Рабочыя атрымліваюць зарплату. Частка грошай ідзе на выплату іскаў, калі яны ёсць. Рэшта адпраўляецца на рахунак асуджанага. Утрымліваюцца непаўналетнія ў калоніі за кошт дзяржавы.

– На тэрыторыі калоніі ёсць прадуктовая крама. Самыя хадавыя прадукты – цукеркі, зефір. Прысмакаў для дзяцей мала не бывае! – расказвае Алег Мікалаевіч. У краму можна наведвацца да трох разоў у месяц.

Жэня прысмакаў не купляе. Вырашыў усе грошы аддаваць на пагашэнне іску за маральную шкоду – 60 тысяч беларускіх рублёў. «Нічога не хочацца, калі такі доўг», – каментуе.

Хлопец родам з Брэсцкай вобласці. Вучыўся дрэнна, прызнаецца. Любімы прадмет – фізкультура. Часта трапляў у бойкі, быў іх ініцыятарам. Стаяў на ўліку ў Інспекцыі па справах непаўналетніх.

У калоніі Яўген атрымаў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, прафесіі сталяра-станочніка і токара:

– Лічу гэтыя спецыяльнасці запатрабаванымі. Не захапілі цалкам нас яшчэ робаты, – усміхаецца.

* * *

Распарадак дня ў асуджаных просты, але строгі. Пад'ём у шэсць гадзін раніцы, адбой – у 22.00. Харчаванне – тры разы на дзень.

– Пазбаўленне волі ў дачыненні да непаўналетніх – крайняя мера, – кажа Алег Мікалаевіч. З яе дапамогай стараюцца не столькі караць, колькі выхоўваць. Важна, каб падлеткі навучыліся жыць нанова, раскаяліся і нават не думалі пра паўторнае злачынства.

Тэлефанаваць сваякам можна тры–чатыры разы на месяц па 15 хвілін. Даецца магчымасць рабіць відэазванкі. Лісты юнакі таксама пішуць.

– Кожны раз, як тэлефаную бацькам і цётцы, прашу ў іх прабачэння. Раскайваюся. Не для турмы яны мяне гадавалі, – адмоўна махае галавой Аляксей.

У год хлопцам прызначана восем кароткатэрміновых (да чатырох гадзін) і чатыры працяглыя (да трох сутак) спатканні з роднымі.

Да Яўгена на спатканні прыязджаюць бабуля, матуля, хросная маці, дзве сястры: «Я нічога не прашу прывезці. Сорамна. Зашмат яны ў мяне ўклалі, каб я ў іх яшчэ нешта прасіў».

Пасля адбыцця адной чвэрці пакарання можна атрымаць першую ступень атэстацыі, якая сведчыць пра тое, што асуджаны стаў на шлях выпраўлення.

– Акрамя ўзорных паводзін, трэба яшчэ пакрыць урон. Калі камісія прызнала, што асуджаны стаў на шлях выпраўлення, яго пераводзяць на палепшаныя ўмовы ўтрымання. У першую чаргу гэта дадатковыя спатканні з роднымі (па два кароткатэрміновыя і працяглыя). Магчымыя паездкі на канцэрт, футбол або хакей, у музей. Але галоўнае – гэта першая прыступка да ўмоўна-датэрміновага вызвалення. Датэрміноўшчыкаў у нас нямала, – дзеліцца намеснік начальніка па папраўчым працэсе.

Ёсць у калоніі пакоі і для парушальнікаў парадку – дысцыплінарныя ізалятары. Часта, на шчасце, яны пустуюць. Тэрмін змяшчэння ў ДІЗА – да сямі сутак.

* * *

Кожны вечар і ў выхадныя дні асуджаныя глядзяць тэлебачанне. Фільмы – без сцэн гвалту, лютасці. Баевікі тут замяняюць на камедыі і прыгодніцкія кінастужкі.

Летась на тэрыторыі калоніі з'явілася хакейная каробка. Гэты від спорту выклікае ў асуджаных вялікую цікавасць. Зборная калоніі па хакеі называецца «Зубры ВК».

Гуляюць хлопцы ў футбол, валейбол, баскетбол, шахматы. Наведваюць гурткі па вакале, ігры на гітары і фартэпіяна, патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання, акцёрскім майстэрстве. Ёсць свая каманда КВЗ. На справаздачных канцэртах найлепшы атрад па выніках года выступае з творчымі нумарамі перад сваімі роднымі.

– У калоніі я палюбіў спорт. Дагэтуль нават адціснуцца ад падлогі больш за дзесяць разоў не мог. Хаджу ў трэнажорную залу, стаўлю асабістыя рэкорды. Пачаў чытаць. У мясцовай бібліятэцы добры выбар кніг, – расказвае Лёша.

На святы ў калонію з канцэртамі прыязджаюць беларускія творчыя калектывы, артысты. Праводзяцца спартакіяды з удзелам спартсменаў краіны.

У «новым жыцці» Лёша плануе стаць аўтаслесарам. У хлопца да машын вялікая цікавасць, падпрацоўваў на СТА:

– Хочацца выйсці адсюль хутчэй і забыць усё. Стаць іншым, нармальным чалавекам. Спадзяюся, праз паўгода буду ўжо на волі. Я цяпер куру – кінуць не атрымліваецца. Але піць, як раней, – ніколі. Усё самае страшнае адбываецца пад уздзеяннем алкаголю.

У адным з пакояў першага атрада размясціўся храм. Сюды па выхадных і рэлігійных святах прыходзіць протаіерэй.

– Як мая матуля перанесла гэты двайны ўдар – не разумею, – шэпча Жэня. – Тое, што адбылося, да канца ўсвядоміў, калі сядзеў ужо дзесьці паўгода. Я пісаў ліст маці загінулага, прасіў прабачэння... Больш за ўсё тут не хапае родных, іх увагі і любові. З астатнім можна змірыцца. Чалавек прывыкае да ўсяго. Я не выключэнне. Бывае, нехта пацікавіцца з хлопцаў: «Колькі засталося?». Я лічу – восем гадоў. Наступны раз спытае – ужо шэсць. У мяне вялікі тэрмін – не думаць пра яго прасцей.

* прозвішчы герояў не названыя з этычных меркаванняў

Кацярына Асмыковіч, «Звязда», 27 лістапада 2019 г.
(фота Таццяны Ткачовай)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.