БиблиотекаНовостиРазноеТаварыства беларускай школы запрашае да ўдзелу ў конкурсе «Лаві фэйк!»

Таварыства беларускай школы запрашае да ўдзелу ў конкурсе «Лаві фэйк!»

Ад сённяшняга спажыўца навін патрабуецца ўменне не толькі чытаць, але і аналізаваць іх, наяўнасць своеасаблівага ўнутранага фільтра, які дазваляе рабіць правільныя высновы наконт надзейнасці крыніцы інфармацыі. Устаноўлена, што чалавекам, які праводзіць асноўную частку жыцця ў віртуальнай прасторы, значна прасцей маніпуляваць. З экранаў мы атрымліваем толькі мноства слаба звязаных паміж сабой фактаў, у нас адключаецца логіка, губляецца прычынна-выніковая сувязь. Псіхолагі нават увялі такое паняцце, як віртуальная калектыўная свядомасць. Інтэрнэт-аўдыторыя з гатоўнасцю «праглынае» ананімныя фэйкавыя паведамленні. Дарэчы, як сведчаць даследаванні, 78 % людзей цалкам давяраюць сваім кантактам у сацыяльных сетках і той інфармацыі, што яны распаўсюджваюць.

«Лаві фэйк!»

Асновы медыяадукацыі ўжо не першы год укараняюцца ў рамках розных вучэбных прадметаў у беларускіх школах. Магчыма, самы час падзяліцца сваімі ведамі з іншымі? Таварыства беларускай школы прапаноўвае падлеткам і школьным медыя паўдзельнічаць у конкурсе «Лаві фэйк!».

«Ты бачыш, што людзі вакол цябе сутыкаюцца з праблемамі, гледзячы тэлевізар ці блукаючы ў інтэрнэце, і ведаеш, як ім дапамагчы? Твой медыяпраект, магчыма, дапаможа тым, хто некрытычна ўспрымае ўсё, што кажуць з экрана; не ўмее адрозніць факты ад меркаванняў; трапляе пад уплыў рэкламных хітрыкаў; не разумее, што трэба абараняць свае персанальныя даныя; не можа даць рады інтэрнэт-тролям ці тым, хто ў сацыяльных сетках здзекуецца з іншых...

Прапануем табе паспрабаваць свае сілы ў ролі медыямэйкера і мэдыяэксперта! Выкажы сваё меркаванне ў любым медыйным жанры на тэму «Быць медыяпісьменным гэта проста!»

Раскажы аб праблеме, з якой сутыкаюцца твае сябры, аднакласнікі, настаўнікі, бацькі, бабулі-дзядулі ці суседзі, калі глядзяць тэлепраграмы, фільмы, серыялы, чытаюць вэб-сайты ці «сядзяць» у сацыяльных сетках. Пакажы, як гэтую праблему можна было б вырашыць.

Конкурс прадугледжвае наступныя намінацыі:

  • мультымедыя – аўдыё ці відэа: кліп, міні-фільм (не даўжэйшы за сем хвілін), анімацыя, навучальны відэаролік, падкаст, тэле- ці радыёперадача для школьнага тэлебачання і г.д.;
  • графічныя і інтэрактыўныя медыя: інфаграфіка, фота і фотарэпартаж, плакат, комікс, гульня, квіз і г.д.;
  • тэкставыя медыя: лонгрыд, блог, пост (група ці старонка) у сацыяльнай сетцы, артыкул у школьнай прэсе, журналісцкае расследаванне, рэпартаж і г.д.

Падрабязную інфармацыю аб крытэрыях ацэньвання можна знайсці на партале.

Прыняць удзел у конкурсе вельмі проста. Падумай, якія, на твой погляд, ёсць праблемы ў карыстанні прадукцыяй масмедыя. Выберы адну з іх і прапануй, як можна яе вырашыць. Але інфармацыя для тваёй бабулі і для твайго сябра павінна быць пададзена па-рознаму. Пры стварэнні свайго медыяпраекта прытрымлівайся журналісцкай этыкі і стандартаў, паважай аўтарскія правы. Дашлі свой праект ці спасылку на яго на адрас mеdіаkоnkurs2019@gmаіl.соm з тваім прозвішчам у тэме ліста і намінацыяй (напрыклад: Саша Кавалевіч_ Мультымедыя).

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца падлеткі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Работы прымаюцца да 15 красавіка. Пажадана выканаць іх на беларускай мове. Ацэньваць праекты і вызначаць пераможцаў будзе прафесійнае журы: вядомыя журналісты, рэжысёры, акцёры, педагогі-медыяэксперты, прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый гэтага праекта.

Даведка

Фэйк – слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць кранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі, і ён верыць у самую неверагодную інфармацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.