БиблиотекаНовостиРазноеЦі псуецца зрок праз гаджэты?

Ці псуецца зрок праз гаджэты?

Праблемы са зрокам з'яўляюцца ў чалавека ўжо ў дзяцінстве. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння ў свеце больш за 1,5 мільёна невідушчых дзяцей. Аднак амаль што ў 40 % выпадкаў страту зроку ў раннім узросце можна прадухіліць. Як гэта зрабіць?

Гаджеты

– Асноўная прычына паніжэння зроку – гэта анамаліі рэфракцыі, – расказвае галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА. Яны ёсць у кожнага пятага, а пазней і кожнага трэцяга дзіцяці ў школьным узросце.

Да анамалій рэфракцыі належаць міяпія (блізарукасць), гіперметрапія (дальназоркасць) і астыгматызм. Самай распаўсюджанай з іх з'яўляецца міяпія. Нягледзячы на тое, што ўскладненні ў раннім узросце бываюць рэдка, пасля праблема можа пагоршыцца, і справіцца з ёй урачам будзе ўжо нашмат цяжэй. Міяпія не з'яўляецца спадчынным захворваннем, але схільнасць да яе перадаецца на генетычным узроўні. Да таго ж на яе з'яўленне ўплываюць дрэнныя ўмовы знешняга асяроддзя, праца з мелкімі дэталямі і частае выкарыстоўванне гаджэтаў.

Таксама часта сустракаецца ў дзяцей і касавокасць. Асаблівую заклапочанасць у спецыялістаў выклікае колькасць выпадкаў, калі гэтае захворванне развіваецца ў дзяцей больш старэйшага ўзросту.

Тэрміны ўзнікнення гэтай паталогіі адсоўваюцца. Раней мы бачылі 3–5-гадовых дзяцей з ёй, і да таго часу, калі яны павінны былі ісці ў школу, гэтую паталогію трэба было нівеліраваць тэрапеўтычнымі або хірургічнымі метадамі. На сёння касавокасць пачынае развівацца ў дзяцей у 6–8 гадовым узросце. Прычына – неабмежаванае выкарыстанне гаджэтаў. Мы можам бачыць дзіця ў год, якое абедае перад планшэтам або, што яшчэ горш, перад мабільным тэлефонам, – кажа Вікторыя Красільнікава.

Такія распаўсюджаныя захворванні часцей за ўсё з'яўляюцца набытымі. Гэты факт падкрэслівае статыстыка: прыроджаная блізарукасць бывае толькі ў 5 % выпадкаў. Гэта значыць, што праблемы можна і трэба прадухіліць.

– Прафілактыка блізарукасці павінна пачынацца менавіта з дашкольнага ўзросту. Калі дзіця ідзе ў школу – ужо позна праводзіць нейкія маніпуляцыі, – упэўнена галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства.

Правілы прафілактыкі вельмі простыя. Нельга забаўляць малое гаджэтамі ў час паездкі ці дазваляць чытаць у транспарце. Таксама трэба кантраляваць, каб тэлевізар знаходзіўся на адлегласці не менш трох метраў. Бацькі павінны назіраць і за тым, каб дзіця чаргавала паўгадзіны працы з паўгадзінай адпачынку. Напрыклад, пасля вучобы можна пашпацыраваць па вуліцы ці дапамагчы маці па гаспадарцы.

Што рабіць, калі зрок усё ж такі сапсаваўся?

Усё можна выправіць, упэўнены спецыялісты. Напрыклад, пры дапамозе акуляраў, кантактных лінзаў, хірургічна ці з дапамогай лазернай карэкцыі. Пры гэтым прафесіяналы сцвярджаюць, што спецыфічных супрацьпаказанняў у дзяцей няма:

Яны такія ж, як і ў дарослых: запаленчыя захворванні, дэфармацыя рагавіцы і гэтак далей. Пры гэтым у кантактных лінзаў ёсць перавага: яны не змяняюць памер выявы.

Таксама вельмі карысна ўплываюць на якасць зроку некаторыя віды спорту.

– Часцей за ўсё мы сутыкаліся з такім меркаваннем, што калі ў дзіцяці блізарукасць, яно адразу ж трапляе ў абмежаваную групу па занятках фізічнай культурай. На самай справе бег, плаванне, хада на лыжах добра ўплываюць на зрок дзіцяці, развеяла міф эксперт.

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ, студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі БДУ, «Звязда», 27 ліпеня 2019 г.
(фота газеты «Звязда»)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.