БиблиотекаНовостиРазноеУ Беларусі студэнт – кожны сёмы малады чалавек

У Беларусі студэнт – кожны сёмы малады чалавек

Па колькасці студэнтаў на 10 тысяч чалавек Беларусь займае другое месца сярод краін СНД. Такая інфармацыя прыводзіцца ў статыстычным аглядзе да Міжнароднага дня студэнтаў (17 лістапада), апублікаваным на сайце Белстата.

Студэнты

Кожны сёмы малады чалавек у Беларусі – студэнт. У 2018/2019 навучальным годзе ў у краіне на 10 тысяч насельніцтва прыпадала 298 студэнтаў. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СНД. У топ-5 краін з найбольшай колькасцю студэнтаў у ВНУ Беларусь займае другі радок. На першым Украіна з паказчыкам 314 на 10 тысяч насельніцтва, на трэцім Казахстан – 295, затым ідуць Расія – 284 і Арменія – 271.

У мінулым навучальным годзе ў 51 ВНУ навучаліся 268,1 тысяча хлопцаў і дзяўчат. Цікава, што апошнія ў студэнцкім асяроддзі пераважаюць (113 да 100). Самыя буйныя ВНУ ў нашай краіне – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе навучаюцца 22,4 тысячы студэнтаў, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (21,9 тысячы), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (15 тысяч), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (12,3 тысячы). А замыкае пяцёрку Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, дзе вышэйшую адукацыю атрымліваюць 11,2 тысячы студэнтаў.

Падрыхтоўка спецыялістаў у ВНУ вядзецца па 15 профілях, якія ўключаюць больш як 400 спецыяльнасцей і напрамкаў спецыяльнасцей. Амаль 31 % ад агульнай колькасці студэнтаў навучаюцца па профілю «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці». 25,7 працэнта – па профілю «Тэхніка і тэхналогіі. Архітэктура і будаўніцтва». 10,9 працэнта – па профілю «Ахова здароўя. Сацыяльная абарона. Фізічная культура.Турызм і гасціннасць». А педагогіку вывучаюць 9,4 працэнта ад агульнай колькасці студэнцкай моладзі.

Кожныя дзевяць з дзесяці студэнтаў навучаюцца ў дзяржаўных ВНУ.

Стыпендыю на дзённай форме навучання атрымлівалі 82,9 тысячы студэнтаў. У  інтэрнатах ВНУ пражывалі 78,9 тысячы, або 83,6 працэнта ад колькасці тых, хто мае ў іх патрэбу.

У 2018/2019 навучальным годзе ў беларускіх ВНУ навучаліся 15,5 тысячы іншаземцаў (5,8 працэнта ад агульнай колькасці студэнтаў), амаль 68 працэнтаў з іх – грамадзяне  краін СНД.

Штогод усё больш маладых людзей вырашаюць працягваць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі - у магістратуры. За апошнія дзесяць гадоў колькасць магістрантаў вырасла ў 3,4 разы і ў 2018/2019 навучальным годзе дасягнула 14,7 тысячы чалавек.

Надзея Нікалаева, «Звязда», 16 лістапада 2019 г.
(інфагрфіка Юліі Адамовіч)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.