БиблиотекаНовостиРазноеУ Віцебску адбыўся першы абласны форум замяшчальных сямей

У Віцебску адбыўся першы абласны форум замяшчальных сямей

Падтрымка ўладай замяшчальных сямей спрыяе эфектыўнаму выхаванню юных грамадзян з нялёгкім лёсам. Безумоўна, як бы ні было добра пад дахам дома сацыяльнага прызначэння, клопат, няхай і не родных, але бацькоў – найлепшы спосаб вырасціць грамадзян, у якіх не будзе асаблівых праблем з інтэграцыяй у дарослым жыцці ў грамадства. Гэтыя думкі былі агучаны на першым абласным форуме замяшчальных сямей, які днямі адбыўся ў Віцебску.

Уладзімір Цярэнцьеў

Дзяржава будзе аказваць яшчэ большую падтрымку замяшчальным сем'ям. Абарона правоў і інтарэсаў дзяцей – вельмі сур'ёзная і ў найвышэйшай ступені адказная задача, якая ўвесь час знаходзіцца ў полі зроку мясцовай улады. І паўнавартасная рэабілітацыя, сацыялізацыя і інтэграцыя ў грамадства з'яўляецца адным з найважнейшых кірункаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, падкрэсліў адзін з удзельнікаў форуму старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Народны выбраннік выказаў упэўненасць, што мерапрыемства стане традыцыйным, і шчыра падзякаваў тым, хто абраў для сябе вельмі няпростую ношу: практычна кругласутачна і без выхадных дзён «працаваць мамамі і татамі».

Адна з мэт форуму – прыцягненне яшчэ большай увагі да тэмы і абмен вопытам з прадстаўнікамі розных зацікаўленых структур.

Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, сёння на сямейных формах выхавання знаходзіцца каля 76 % дзяцей, якія маюць патрэбу ў клопаце з боку дзяржавы. Калі ў 2001-м было ўсяго 45 замяшчальных сямей, дык цяпер – больш за 500.

Акрамя таго, у вобласці дзейнічае 31 дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 222 дзіцяці. Расце колькасць усыноўленых дзяцей: у сем'ях усынавіцеляў жывуць 732 хлопчыкі і дзяўчынкі.

Такая практыка спрыяе эканоміі бюджэтных сродкаў на ўтрыманне ўстаноў сацыяльнага прызначэння.

На Віцебшчыне ў дзвюх школах-інтэрнатах і двух дзіцячых дамах выхоўваецца ўсяго каля 330 дзяцей. Для параўнання, у 2007-м было больш за 1560.

На форуме шмат разоў згадвалі Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем'ях», які паспрыяў таму, каб у краіне стала больш шчаслівых дзяцей. За гады дзеяння Дэкрэта стала прыблізна ўдвая меней тых, каго пазбавілі бацькоўскіх правоў. Калі ў 2007-м такіх грамадзян было 587, дык летась – каля 250.

За час дзеяння дакумента 580 непаўналетніх вярнуліся ў родныя сем'і – на падставе рашэння судоў аб аднаўленні бацькоў у адпаведных правах. Толькі летась і сёлета такім чынам свой статус памянялі 33 бацькі і маці.

Форум быў вельмі карысны і для саміх бацькоў. Ім дадаткова растлумачылі нюансы дзяржаўнага фінансавання, пытанні афармлення працоўных дагавораў, водпускаў і іншыя моманты.

Акрамя таго адбылася коўч-сесія. На ёй далі карысныя парады прадстаўнікі ўпраўленняў аховы здароўя аблвыканкама, ЖКГ, МЧС, МУС, іншых ведамстваў.

Між іншым, у суседняй з Віцебскай вобласцю Расіі праяўляюць вялікі інтарэс да беларускага вопыту. І ўжо сталі традыцыйнымі візіты расійскіх калег для яго пераймання.

Аляксандр Пукшанскі, «Звязда», 25 кастрычніка 2019 г.
(
фота аўтара)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.