БиблиотекаНовостиРазноеЯк даведацца, цi ёсць у вас камп'ютарная залежнасць, i пазбавiцца ад яе?

Як даведацца, цi ёсць у вас камп'ютарная залежнасць, i пазбавiцца ад яе?

Вучоныя прыйшлi да высновы, што iнтэрнэт-залежнасць распаўсюджана значна больш, чым меркавалася раней. Па афiцыйных звестках, да яе схiльныя прыкладна 10 % карыстальнiкаў. На жаль, такое распаўсюджанне iнтэрнэт-залежнасцi мало каго непакоiць. Яе прынята лiчыць «несур'ёзным захворваннем», хоць «лёгкай залежнасцi», як i «лёгкiх наркотыкаў», не бывае. Ужо вядома, што ў людзей, залежных ад iнтэрнэту, часцей развiваюцца i iншыя псiхiчныя расстройствы, у прыватнасцi, дэпрэсiя. Асаблiва безабаронныя перад iнтэрнэтам дзецi. Вядома, што чым меншае дзiця, тым хутчэй у яго фармiруецца залежнасць. А карэктуецца з вялiкай цяжкасцю i патрабуе вялiкiх намаганняў псiхатэрапеўтаў. Як не патрапiць у залежнасць ад камп'ютарных гульняў, сацсетак, кантактавання ў месенджарах, расказала ўрач-псiхатэрапеўт Мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Вольга Тарыкава.

Подросток и интернет

– Вольга Iванаўна, для якога ўзросту характэрна камп'ютарная залежнасць? Ад яе пакутуюць толькi падлеткi i маладыя людзi?

– Для людзей сярэдняга ўзросту яна таксама характэрна. Але калi ўлiчыць, як развiваюцца сучасныя камп'ютарныя тэхналогii i гаджэты, то вiдавочна, што больш да яе схiльныя дзецi i падлеткi, а таксама маладыя людзi 20–25 гадоў. Бо i школа, i ўсё наша жыццё камп'ютарызуецца, планшэты замяняюць падручнiкi, а многiя рэчы з'яўляюцца ў электронным выглядзе.

– Ад чаго часцей узнiкае камп'ютарная залежнасць? Ад камп'ютарных гульняў?

– Ад гульняў, а таксама ад кантактавання ў сацсетках. Туды сыходзяць многiя, бо не хапае эмацыянальнага i сацыяльнага кантактавання ў жыццi. I сённяшнiя дзецi, на жаль, гэтаму не вучацца. Куды прасцей выказваць сваё меркаванне, калi цябе не бачаць. Калi ўступiць у кантакт у сацсетках, не варта прыкладаць намаганнi, каб бачыць эмоцыi iншага чалавека, разумець, што ён адчувае, як рэагуе, i адаптавацца. Гульнi – гэта, хутчэй, спосаб пазбегнуць рэалiй i нечаканых сiтуацый, дзе не вельмi прыемна знаходзiцца i цяжка прымаць рашэннi. Прасцей сысцi ў нерэальны свет, там праводзiць час i часткова пражываць сваё жыццё такiм iлюзорным спосабам.

– Цi можа быць камп'ютарная залежнасць ад чытання навiн, або гэта проста спосаб адкладваць работу цi справы?

– Акрамя чытання навiн, магчымы яшчэ i сёрфiнг, калi чалавек пастаянна пераходзiць па спасылках, перамяшчаючы сваю цiкавасць з аднаго прачытанага тэксту цi артыкула на наступны. Часткова гэта праява пракрастынацыi (схiльнасць да пастаяннага адкладвання важных i тэрмiновых спраў. – «Зв.») – ад таго, што я не хачу штосьцi рабiць цi эмацыянальна не магу. I тады гэтыя адчуваннi такiм чынам замяшчаюцца. Яшчэ гэта можа быць прыкметай абсэсiўна-кампульсiўных расстройстваў, калi трэба зрабiць шмат нейкiх дзеянняў, каб пазбавiцца ад трывогi.

– Цi можа быць залежнасць ад розных месенджараў – «Вайбера», «Тэлеграма» i iншых?

– Так – ад чытання розных праграм, паведамленняў, якiя ў месенджарах прыходзяць. Як правiла, тут надыходзiць залежнасць, бо ў кожнага чалавека ёсць патрэба ў адабрэннi, прыняццi, важна адчуваць сябе для некага значным. I такiя адчуваннi часткова з'яўляюцца, калi нам прыходзяць паведамленнi – як быццам ты камусьцi патрэбны. I калi чалавек не можа атрымаць гэтыя адчуваннi ў рэальным свеце, ён будзе iх атрымлiваць такiм спосабам. Тэлефон увесь час з намi, паведамленнi мы чытаем пастаянна, хвалюемся, калi iх доўга няма, калi забылi тэлефон дома. Такая залежнасць у той цi iншай ступенi iснуе цяпер, напэўна, ва ўсiх нас. I справа ў тым, наколькi яна нас абмяжоўвае i перашкаджае.

– Як уплывае на нас пастаяннае знаходжанне на сувязi дзякуючы месенджарам, у тым лiку i па рабочых пытаннях?

– З аднаго боку, у гэтым ёсць пэўнага кшталту спрашчэнне: раней, каб камусьцi нешта перадаць, трэба было патэлефанаваць цi прыйсцi асабiста. Гэта развiвала камунiкатыўныя навыкi, але патрабавала больш часу. Цяпер усё прасцей: адправiў паведамленне i ўсё. З другога боку, ад гэтага людзi пэўныя рэчы страчваюць, у прыватнасцi, жывога кантактавання стала менш.

Сапраўды, ёсць людзi, якiя не могуць адключыцца нi ў рабочы, нi ў выхадны дзень. Але гэта асабiсты выбар кожнага. Калi чалавек псiхалагiчна ўстойлівы i здольны спраўляцца з такiмi сiтуацыямi, ён можа прыняць рашэнне: у мяне цяпер выхадны, гэта мой вольны час, не прызначаны для работы, – i пакiнуць на гэты момант толькi кантакты з тымi людзьмi, з якiмi хочацца камунiкаваць.

– Як правiльна ў гэтай сiтуацыi расставiць прыярытэты?

– Зразумела, што цалкам адасобiцца ад рабочых паведамленняў нельга, бо, як бы там нi было, нам хочацца быць у курсе таго, што адбываецца. Але межы памiж работай, асабiстым жыццём, адпачынкам усё ж трэба ўсталёўваць. Бо ў адваротным выпадку гэта прывядзе да эмацыянальнага спусташэння i прафесiйнага выгарання. Так, ёсць тыя, хто нават у адпачынку не можа адключыцца ад рабочага кантактавання. Ёсць арганiзацыi, якiя патрабуюць пастаяннага знаходжання чалавека на сувязi. Але тут трэба вызначыцца: наколькi я гатовы жыць у такiм рэжыме, навошта мне гэта трэба i чаму я выбраў такую работу. Агульныя рэкамендацыi такiя: межы павiнны быць. Ёсць работа, а ёсць асабiстае жыццё. I ёсць месцы, дзе яны не перакрыжоўваюцца.

– Якiя людзi схiльныя да залежнасцi?

– Часта гэта тыя, хто вырас у неўладкаваных сем'ях, дзе не было нармальнага кантакту, дзе былi вельмi цяжкiя пачуццi: бацькi сварылiся, i дзiця не магло ў такой абстаноўцы знаходзiцца, яму даводзiлася кудысьцi збягаць. Таксама гэта людзi з пэўнымi асабiстымi рысамi, у прыватнасцi, тыя, хто не ўмее спраўляцца з эмоцыямi, не ведае, як правiльна iх пражываць. Тады яны анестэзiруюцца ў сваёй залежнасцi, змяншаюць iнтэнсiўнасць эмоцый такiм чынам. Альбо людзi, якiм складана будаваць кантакты, iнтраверты, паглыбленыя ва ўнутраныя працэсы, тыя, у каго не складваюцца адносiны з равеснiкамi, хто не навучыўся ўсталёўваць кантакты. Акрамя гэтага, людзi недастаткова мэтанакiраваныя, якiя штосьцi спрабуюць i кiдаюць, калi не атрымлiваецца.

– Як вызначыць залежнасць ад гаджэтаў?

– На познiх стадыях гэта вельмi прыкметна: чалавек перастае сачыць за сном, ахвяруе харчаваннем, бо перавага аддаецца хуткiм перакусам, забываецца на гiгiенiчныя працэдуры, на кантактаванне з блiзкiмi i сябрамi. А пачатковая – гэта калi нельга выйсцi з дому без тэлефона. Калi так здарылася, то чалавек моцна трывожыцца. Гэта першыя прыкметы.

– Цi можна з гэтым справiцца самастойна?

– З тымi фiнальнымi сiмптомамi, якiя я назвала, наўрад цi чалавек звернецца да ўрача сам. Пры любой спробе выцягнуць яго з гаджэтаў ён раздражняецца i злуецца. Часам, калi да яго звяртаюцца, ён настолькi паглыблены, што нават не чуе. У такiх выпадках трэба iсцi да спецыялiста. Ёсць розныя прычыны, чаму чалавек паглыбляецца ў гаджэты. Некаторыя iх выкарыстоўваюць, калi самi не могуць арганiзаваць свой вольны час i напоўнiць жыццё цiкавымi заняткамi. Тады гэты час «забiваюць» тым, што трапiцца пад руку: гартаюць стужку навiн, дзе праз пяць хвiлiн не памятаюць, пра што чыталi, размалёўваюць карцiнкi i iншае. Тут важна разабрацца: якiя ўнутраныя прычыны прывялi да таго, што я запаўняю сваё жыццё менавiта такiм чынам? Альбо: як так адбылося, што я настолькi трывожуся, што не магу не адказваць на званкi i паведамленнi? Заўсёды гэта можна зразумець самастойна. Але куды больш якасна i хутка – пры дапамозе спецыялiста.

– Самае важнае – зразумець, што ёсць залежнасць, i мець жаданне з ёй справiцца?

– Так. Калi я не прызнаю, што ў мяне ёсць залежнасць, то i не разумею, навошта мне iсцi да псiхатэрапеўта. А калi я прызнаю, што я алкаголiк або залежу ад камп'ютарных гульняў, ад тэлефона, i мне не ўсё роўна, бо ад гэтага расстройваюцца адносiны, не атрымлiваецца з работай цi вучобай, тады я буду звяртацца па дапамогу. Важна гэта асэнсаваць, каб з'явiлася матывацыя.

– Але калi чалавеку камфортна ў вiртуальнай рэальнасцi, цi трэба яго адтуль вызваляць? Як увогуле гэта зрабiць – прыбраць усе гаджэты?

– Адразу прыбраць усе гаджэты з жыцця не атрымаецца. Вызначаецца дапушчальны час, якi можна на iх патрацiць. Важна знайсцi вiды дзейнасцi, якiя будуць не менш цiкавыя, чым сядзенне за камп'ютарам. У дачыненнi да дзяцей i падлеткаў гэта задача бацькоў – дапамагчы арганiзаваць час, навучыць атрымлiваць задавальненне ад рэальнага жыцця. Зразумела, што ад рэальнага жыцця складаней атрымаць эмоцыi, дасягаць нейкiх мэт, бо трэба прыкласцi намаганнi, у адрозненне ад гульняў. З дзiцем цi падлеткам гэта зона бацькоўскай адказнасцi. З дарослым таксама важна прапаноўваць дапамогу i паказваць, што жыццё можа быць рэальным, але тут выбар застаецца за самiм чалавекам.

Алена Кравец, «Звязда», 16 сакавіка 2020 г.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.