БиблиотекаНовостиРазноеЯк падлічыць балы на ЦТ?

Як падлічыць балы на ЦТ?

Арганізатары ўступных экзаменаў паспрабавалі расставіць кропкі над «і».

Да старту новай прыёмнай кампаніі яшчэ каля васьмі месяцаў, але вакол яе ўжо разгарэліся гарачыя дэбаты. Прычына — увядзенне новай методыкі падліку балаў на ЦТ. Нельга сказаць, што жаданне Міністэрства адукацыі адмовіцца ад рэйтынгавай шкалы, якая прымянялася 12 гадоў для абітурыенцкага тэсціравання, стала нечаканасцю. Больш за тое, гэтым летам прайшла мадэльная апрабацыя новай сістэмы, гэта значыць, што вынікі ўдзельнікаў ЦТ 2018 года ацэньваліся як па ранейшай, так і па новай методыцы. Але балы, якія абітурыенты ўбачылі ў сваіх сертыфікатах, разлічваліся яшчэ па старой методыцы. Відаць па ўсім, новая апраўдала ўскладзеныя на яе надзеі, і два тыдні таму стала вядома, што тэставыя балы і на рэпетыцыйным, і на цэнтралізаваным тэсціраванні цяпер будуць разлічвацца па-новаму. Вось толькі атрыманыя падчас першага раўнда рэпетыцыйнага тэсціравання вынікі адразу выклікалі шмат пытанняў у абітурыентаў, педагогаў і рэпетытараў. Апошнія нават падрыхтавалі зварот да Міністэрства адукацыі, у якім яны агучылі свае асцярогі, падзяліліся бачаннем сітуацыі і прапанавалі... ад новай сістэмы адмовіцца. Міністэрства адукацыі вырашыла агучыць сваю пазіцыю і запрасіла журналістаў на прэс-канферэнцыю.


ЦТ

Я пастараюся максімальна даступна выкласці сутнасць новай методыкі і адказаць на пытанні, якія ўжо ўзніклі, — паабяцаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. Усё, што мы робім, накіравана на тое, каб цэнтралізаванае тэсціраванне стала яшчэ больш аб'ектыўным і яшчэ больш празрыстым. Мы адначасова вырашалі дзве праблемы. Першая — укараненне методыкі, якая давала б ацэнку ведаў у абсалютнай велічыні, гэта значыць, стала б больш аб'ектыўнай. Ранейшая рэйтынгавая методыка не дазваляла супаставіць узровень ведаў, прадэманстраваных абітурыентам на ЦТ, з яго школьнымі ведамі. Новая методыка дазваляе зняць псіхалагічны бар'ер, які ўзнікаў у абітурыентаў пасля атрымання нізкіх балаў. Напрыклад, 12 балаў на ЦТ — гэта не рэальны ўзровень ведаў абітурыента, а яго рэйтынгавая ацэнка за выкананне канкрэтнага тэста.

Раней, чым больш абітурыентаў ведалі нейкі раздзел вучэбнай праграмы і, адпаведна, рашалі задачу з гэтага раздзела, тым меншы ўклад у агульны тэставы бал уносіла такая задача, а каштоўнасць заданняў, з якімі спраўляліся ўсе, набліжалася да нуля, і фактычна гэтыя веды не ацэньваліся і не ўлічваліся.

Цяпер кожнаму заданню прысвойваецца першасны бал. Першасныя балы будуць вядомыя яшчэ да пачатку экзамену. А вось далей пачынаюцца самыя складаныя і незразумелыя для большасці матэматычныя падлікі. Па выніках статыстычнай апрацоўкі работ усіх удзельнікаў, першаснаму балу будзе прысвойвацца каэфіцыент, а далей вылічвацца адпаведныя тэставыя балы. На жаль, журналістам разабрацца з гэтымі падлікамі не ўдалося. Як разлічваецца згаданы каэфіцыент? Чаму да заданняў з аднолькавымі першаснымі баламі прымяняюцца розныя каэфіцыенты? Як абітурыент, які выконвае толькі трэцюю частку тэста, набірае балы ў дыяпазоне 50—60? І ў чым увогуле заключаецца празрыстасць новай сістэмы? Зараз з боку педагогаў гучаць прапановы ўвогуле адмовіцца ад ранжыравання і выкарыстоўваць толькі першасныя балы, якія ў суме будуць даваць 100.

Не трэба вынаходзіць веласіпед, калі ўжо ёсць аўто, — парыруе Юрый Міксюк. — Для тых, хто сур'ёзна цікавіцца гэтым пытаннем, трэба глыбей пагрузіцца ў тэму. Вымярэнне ведаў — працэс, якім спецыялісты займаюцца ўжо даўно, і тое, што мы прапануем, гэта не наша ноу-хау, а дзесяцігоддзямі адпрацаваная методыка, якая прымяняецца ў шэрагу краін: у ЗША, Германіі, Аўстраліі, Швецыі, Швейцарыі, Канадзе, Фінляндыі і іншых. Нельга спыняцца на першасных балах, трэба праводзіць іх нармалізацыю. Гэта вядомы ў свеце факт. Якой бы прывабнай ні была простая методыка, калі мы вымяраем веды толькі першасным балам, гэта лічба не адлюстроўвае рэальныя веды... Я вас запэўніваю, што ад новай методыкі ўсе толькі выйграюць, ніхто не прайграе.

Для таго, хто прэтэндуе на максімальны тэставы бал, запэўніваюць арганізатары ЦТ, нічога не зменіцца. Ім па-ранейшаму трэба будзе даць правільныя адказы на ўсе заданні. Пасля 70—75 балаў, што ранейшая, што новая методыка даюць аднолькавы вынік. Тыя, хто паказваў найлепшыя веды, будуць мець і больш высокія балы. А вось сітуацыя ў вобласці нізкіх і сярэдніх балаў зменіцца. Там тэставыя балы павысяцца. Але не трэба баяцца, што абітурыенты з горшымі ведамі будуць наступаць ім на пяткі... Як запэўнівае Юрый Міксюк, 50 балаў па новай методыцы — гэта няшмат, і прапануе падзяліць гэту лічбу на 10, каб супаставіць вынік ЦТ са школьнай адзнакай. Але калі прымяняць такія падлікі, то атрымліваецца, што ўсе школьныя выдатнікі, каб пацвердзіць свае школьныя адзнакі, цяпер павінны набіраць на ЦТ ад 80 да 100 балаў? Ці магчыма такое?

Не зменіцца і сітуацыя з прахаднымі баламі на самых прэстыжных спецыяльнасцях, дзе яны ўжо наблізіліся да максімальнай планкі ў 400 балаў. А вось на спецыяльнасцях, дзе прахадныя балы былі ў дыяпазоне ад 100 да 200, прахадная планка, канешне, павысіцца. Затое «вага» атэстата ў агульнай суме балаў (тры сертыфікаты плюс атэстат) цяпер змяншаецца...

Новая методыка — гэта класічны навуковы падыход, — сцвярджае Юрый Міксюк. — Мы павінны пераканаць усіх у тым, што гэта надзейны, аб'ектыўны і сумленны спосаб ацэнкі ведаў. Значыць, будзем працаваць са спецыялістамі, якія займаюцца тэсталогіяй, каб яны знайшлі дадатковыя аргументы...

Абітурыентам 2019 года трэба рыхтавацца да павышэння мінімальнага парога. Які ён будзе, Юрый Міксюк пакуль сказаць не змог. Можа быць, 20, 30 ці 40 балаў? Гэта рашэнне будзе прымацца пазней. Але тым, у каго летась былі нізкія балы, неабходна пра гэта памятаць. Хутчэй за ўсё, леташнія сертыфікаты ўжо нікому не спатрэбяцца, таму што ў абітурыентаў 2019 года будуць значна больш высокія балы... Галоўнае — каб не засталося сумненняў, але наперадзе яшчэ два этапы рэпетыцыйнага тэсціравання. Між іншым, на бясплатным дыстанцыйным тэсціраванні пакуль заданні не абнаўляліся. Гэта абяцаюць зрабіць бліжэй да новага года, і толькі пасля іх абнаўлення там пачне прымяняцца новая сістэма падліку балаў.

Надзея Нікалаева, «Звязда», фота газеты «Звязда»

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.