БиблиотекаНовостиРазноеЯк паклапаціцца пра бяспеку дзяцей у інтэрнэце?

Як паклапаціцца пра бяспеку дзяцей у інтэрнэце?

Дапамагала неяк свайму сыну-другакласніку падрыхтаваць даклад пра беларускія святы. Адкрываю інтэрнэт, малы круціцца побач, і калі бачыць, як на старонцы загружаецца нейкая рэклама, выдае: «Тут, напэўна, пра секс будзе...». У паніцы спрабую высветліць, што маё сямігадовае дзіця паспела ўжо «нарыць» у сеціве і наколькі «адукавалася», прашу патлумачыць мне, адсталай, што такое секс. Здзіўленае дзіця вучыць: «Ну, гэта калі голыя цёткі танцуюць»...

Интернет

– А калі голыя мужчыны танцуюць, гэта секс?

– Не, гэта, напэўна, не секс, – заключае малы.

На гэты раз я расслаблена выдыхаю – нічога дрэннага яшчэ не здарылася, малога проста крыху «адукавалі» ў далікатнай тэме больш «прасунутыя» аднакласнікі. Да парнасайтаў ён яшчэ не дабраўся. Але адчуваю, што вольны доступ да інтэрнэту – не такая ўжо бяскрыўдная рэч, і пачынаць клапаціцца пра бяспеку дзяцей у сеціве трэба было адразу пасля таго, як малое атрымала доступ да гаджэтаў.

Шкодны кантэнт

Псіхолагі і медыкі шмат гавораць пра тое, што дзеці, якія гадзінамі завісаюць у інтэрнэце, атрымліваюць праблемы са зрокам і пазваночнікам, страчваюць схільнасць да жывых зносін, становяцца замкнёныя, агрэсіўныя, няздольныя прымаць паражэнні (у камп'ютарных гульнях пры няўдачах заўсёды можна перазагрузіцца). Сапраўды, інтэрнэт ужо сам па сабе тоіць пагрозу, уплывае на тое, як дзіця ўспрымае свет. Насцярожвае нават, калі малыя пільна сочаць за фоткамі равеснікаў ці моладзі. Дзіця настройваецца на тое, што галоўнае ў жыцці – добра выглядаць. А як жа матывацыя на вучобу, памкненні чаго-небудзь дасягнуць, дапамагчы іншым? Можа, лепш усё ж «сядзець» з дзецьмі ў інтэрнэце разам, вучыць, як карыстацца гэтым рэсурсам, дзяліцца адно з адным цікавымі звесткамі, шукаць адказы на пытанні? Уласна, такія прапановы для бацькоў я чула на майстар-класах па інтэрнэт-бяспецы. Менавіта так ствараюцца даверлівыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, выпрацоўваецца культура работы з сецівам, а мамы і таты да таго ж паказваюць такім чынам, што яны не імкнуцца да кантролю дзіцяці, а проста хочуць засцерагчы яго ад небяспекі. Каб абараніць дзіця ад непажаданага кантэнту (напрыклад, у ім могуць быць страшныя малюнкі, катастрофы, паказаныя буйным планам, жорсткія сцэны, гвалт), такая прадукцыя пазначаецца асаблівымі значкамі накшталт 12+, 18+. І тут ужо адказнасць за прагляд гэтых фільмаў і перадач ускладаецца на бацькоў. Менавіта яны вырашаюць, ці дазволіць сваім малым праглядаць падобнае.

Хто вінаваты?

Вывучаць інфарматыку школьнікі пачынаюць толькі ў шостых класах. А вось лазіць па сеціве многія дзеці прыахвочваюцца ўжо з дашкольнага ўзросту. Гэта ж колькі бед можна нарабіць! Нават нявінны жарт (а не ўсе дзеці здольныя вызначыць меры дазволенага) можа стаць падставай для таго, каб юны хакер патрапіў на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Дзеці могуць выкласці ў інтэрнэт непрыстойныя здымкі, нанесці крыўду сваім знаёмым. Нават «фотажаба», калі твар канкрэтнага дзіцяці спалучаецца з «цікавым» малюнкам з сеціва, ужо можа стаць падставай для пастаноўкі на ўлік... Так было ў класе майго сына – бацькі пакрыўджанага хлопчыка напісалі скаргу ў міліцыю...

Хакерства маладзее. У сярэднім штогод каля 30 непаўналетніх прыцягваецца да адказнасці па адпаведных крымінальных артыкулах. І не трэба думаць, што ў сеціве лёгка «згубіцца». Напрыклад, праваахоўным органам удалося знайсці падлетка, які з дапамогай камп'ютарных тэхналогій здымаў грошы з банкаўскіх картак уладальнікаў, што пражывалі на тэрыторыі Італіі і ЗША.

Падлеткаў могуць уцягнуць у групы, звязаныя з распаўсюджваннем наркотыкаў ці парнаграфічнай прадукцыі. Дзеці не ведаюць, што нават ставіць лайкі, рабіць каментарыі ці рэпосты на сайтах з непрыстойнай ці шкоднай інфармацыяй небяспечна. Калі, напрыклад, падлетак скапіруе відэаролік ці фатаграфію парнаграфічнага характару, размесціць яе на сваёй старонцы ці проста перашле сябрам, ён ужо здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні. І нават калі дзіця яшчэ не дасягнула ўзросту, у якім яно можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасці, без праблем не абысціся. Юнага парушальніка могуць паставіць на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.

Існуе адказнасць і за ўзлом старонак іншых карыстальнікаў і далейшае распаўсюджванне іх інфармацыі ў непрыстойным выглядзе. З кібербулінгам – здзекамі і распаўсюджваннем ганебных чутак пра дзіця – можна і трэба змагацца. Найперш ахвярам ці іх бацькам важна захаваць такія матэрыялы, зрабіць скрыншот, раздрукаваць, звярнуцца ў міліцыю ці да адміністратара інтэрнэт-рэсурса з просьбай заблакаваць гэтыя матэрыялы, але не выдаляць, каб пасля іх можна было выкарыстоўваць у якасці доказу. Калі здзекі ці пагрозы (што прыходзяць дзіцяці на тэлефон ці ў месенджары) носяць рэгулярны характар, можна звярнуцца ў праваахоўныя органы, да псіхолага, сацыяльнага педагога, класнага кіраўніка і нават да бацькоў крыўдзіцеляў. Часам агрэсары пачынаюць ставіць перад ахвярай умовы. Маўляў, калі не прынясеш грошай ці не здзейсніш пэўных дзеянняў, у сеціве будуць з'яўляцца новыя фота і відэаролікі пра цябе.

Кантактнае ўздзеянне

Вельмі складана адсачыць, хто з інтэрнэту набіваецца ў сябры да вашых дзяцей. Варта паспрабаваць навучыць сваіх малых, як адрозніваць фэйкавыя акаўнты. Такую інфармацыю можна атрымаць на занятках ці адкрытых уроках, майстар-класах у ІТ-школах, часам грамадскія арганізацыі выступаюць з ініцыятывамі па навучанні дзяцей такім ведам. У сваю чаргу, у далейшым самі дзеці праводзяць гутаркі па інтэрнэт-бяспецы сярод равеснікаў.

Папярэдзьце дзяцей, што нельга выкладваць у інтэрнэце ўсю інфармацыю пра сябе. Зламыснік без праблем можа сабраць дасье на патэнцыйную ахвяру, праз дзіцячыя старонкі ён даведаецца, дзе вучыцца дзіця, у якія гурткі і нават у які час ходзіць, калі сям'я з’язджае і кватэра застаецца без нагляду, а па фатаграфіях нават зробіць уяўленне пра ўбранне пакояў і заробкі бацькоў. Зладзеі могуць выкарыстоўваць усю гэту інфармацыю і для шантажу ахвяры.

Часам падлеткі рассылаюць адно аднаму інтымныя фота (сэксцінг), чаго ні ў якім разе рабіць нельга. Немагчыма прадугледзець, каму пасля трапіць падобнае фота. Дарэчы, у шэрагу замежных краін здымкі і распаўсюджванне падобных карцінак з'яўляюцца крымінальным злачынствам.

Яшчэ горш, калі падобнымі фатаграфіямі дзеці абменьваюцца з «інтэрнэт-знаёмымі» – грумінг (распусныя дзеянні, схіленне непаўналетніх да сексуальных дзеянняў пры дапамозе сеціва). Тут ахвяр доўгі час могуць абходжваць, а калі ўзнікаюць сяброўскія адносіны ці закаханасць, зламысніку лёгка кіраваць падлеткамі. Пры гэтым ахвяры нават не адчуваюць уздзеяння, не разумеюць, што імі маніпулююць. Быццам усё адбываецца без прымусу. Маладзенькія дзяўчаткі самі могуць дасылаць сваім інтэрнэт-бойфрэндам інтымныя здымкі, ісці на спатканні...

Часам да дзіцяці можа «пастукацца» ў сацыяльныя сеткі (напісаць у месенджар, звярнуцца ў чаце, у анлайн-гульнях) «равеснік». Зламыснік можа выкарыстаць як падставу для знаёмства з дзяўчынкай, напрыклад, той «факт», што ў яго такое ж імя і прозвішча. Далей дзеянні могуць разгортвацца вельмі хутка. Новая «сяброўка» можа даслаць свае фрывольныя здымкі, прапанаваць пасваволіць – паздымацца голымі. Часта злодзей «апрацоўвае» дзяцей, якія аб'яднаны ў адной інтэрнэт-групе. Як толькі злачынец атрымлівае кампраметуючы матэрыял, ён пачынае шантажаваць ахвяру, запужваць, патрабаваць новых фота і відэа, схіляць да сексуальнага кантакту. Калі дзіця трапіла ў падобную бяду, абавязкова звяртайцеся ў праваахоўныя органы. Так вы не толькі абароніце сваіх дачок і сыноў, але і не дасце злачынцу распаўсюдзіць падобную інфармацыю і прынесці шкоду іншым сем»ям. Варта патэлефанаваць бацькам дзяцей, з якімі ваша дзіця сябруе ў сацыяльных сетках, каб прадухіліць небяспеку.

Простыя правілы

Кіберзлачынцы не прапусцяць і магчымасці абрабаваць дзяцей, асабліва калі ў тых ёсць персанальныя карткі. Малым, калі яны карыстаюцца гаджэтамі, могуць прыйсці паведамленні, што яны атрымаюць выйгрыш, ці прапановы паўдзельнічаць у розыгрышах, але для гэтага спачатку трэба пералічыць пэўную суму. Часам дзеці падпісваюцца на платныя рэсурсы, адпраўляюць платныя СМС. Дамоўцеся з малымі, што яны без вашага ведама не будуць нікому пераводзіць грошы, здзяйсняць інтэрнэт-куплю і ўдзельнічаць у сумнеўных латарэях і аўкцыёнах, выкарыстоўваць платныя рэсурсы для накруткі лайкаў. Бацькам трэба паклапаціцца і пра бяспечны доступ у інтэрнэт: устанавіць антывіруснае праграмнае забеспячэнне, блакіроўшчыкі рэкламы, бяспечныя браўзеры, не забывацца на абнаўленне праграмнага забеспячэння. Усё больш татаў і мам схіляюцца да неабходнасці ўстаноўкі «бацькоўскага кантролю» – спецыяльных праграм, якія фільтруюць небяспечную, шкодную «дарослую» інфармацыю. Нядрэнна будзе, калі вы дапаможаце дзіцяці стварыць бяспечны акаўнт. Так, пароль павінен утрымліваць 8-12 сімвалаў. Пажадана, каб у ім былі лічбы і літары рознага памеру, сімвалы накшталт зорачкі або рашоткі. Пароль не павінен складацца з сімвалаў ці літар, якія размяшчаюцца на клавіятуры ў радок ці слупок, дрэнным будзе пароль са слова, імя, прозвішча, даты нараджэння. Ды і сакрэтнае пытанне, якое вы выкарыстоўваеце пры ўстаноўцы пароля, нідзе не павінна быць «засвечана» дзіцем на яго прыватных старонках.

Важна ведаць і пра тое, як злачынцы ўзломваюць акаўнты. Напрыклад, яны могуць гэта зрабіць, калі чалавек карыстаецца бясплатным Wі-Fі. А ці ведае ваша дзіця пра фішынг? Трэба быць уважлівым, каб не натрапіць на сайты, якія капіруюць старонкі папулярных рэсурсаў – адрознівацца яны могуць усяго адной літаркай у назве сайта (напрыклад, замест раскручанага рэсурсу «УКантакце» вы можаце выйсці на яго двайнік vkk.соm). І самае галоўнае, набываючы гаджэт, не забудзьце сказаць дзіцяці, каб яно ніколі не саромелася папрасіць аб дапамозе, калі нешта пойдзе не так.

Ганна Трошына, «Звязда», 29 жніўня 2019 г.


Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.