БиблиотекаНовостиРазноеЯк ратавальнікі тлумачаць правілы бяспекі?

Як ратавальнікі тлумачаць правілы бяспекі?

Гэтымі днямі ў краіне праходзіць акцыя «За бяспеку разам». Ратавальнікі і прадстаўнікі іншых зацікаўленых ведамстваў і арганізацый абыходзяць дамы шматдзетных сем'яў, адзінокіх старых... Час, калі пакуль яшчэ трымаецца цёплае надвор'е і няма патрэбы вельмі часта карыстацца тымі ж печкамі або электрапрыборамі, – ідэальны для такога абыходу.

МЧС

Мы пастараемся наведаць як мага больш людзей, якія адносяцца да сацыяльна ўразлівых катэгорый, – кажа начальнік Смалявіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Навумік. – Гэта шматдзетныя сем'і, адзінокія, інваліды, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны – усе тыя, хто мае патрэбу ў дадатковай увазе не толькі з нашага боку, але і з боку іншых службаў.

Гэтым разам мы заедзем у тры дамы. Акрамя намесніка начальніка Смалявіцкага РАНС Рамана Шчура, з намі па адрасах скіруюцца начальнік Смалявіцкай раённай энергагазінспекцыі Вячаслаў Бараноўскі, прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.

У нас да кожнага падыход індывідуальны. Напрыклад, у пенсіянераў, якія жывуць адны, нярэдка назіраюцца праблемы з печкай і электраправодкай. Спачатку мы высвятляем, ці ёсць у іх дзеці. Калі атрымліваецца, што сын або дачка жывуць асобна, то мы ім пішам спецыяльны ліст, дзе нагадваем пра тое, што дзеці мусяць даглядаць сваіх бацькоў і дапамагаць ім адрамантаваць праблемны ўчастак. Як правіла, яны адгукаюцца. Калі ж нашчадкаў не засталося, то ўсе неабходныя работы будуць выкананы пры дапамозе дзяржавы, але гэта, натуральна, зойме некаторы час. У любым выпадку мы праверым, ці ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, і калі яго з нейкай прычыны ў доме няма, то паставім.

Сёлета па Мінскай вобласці на рахунку гэтых невялікіх прыбораў – восем выратаваных жыццяў. Апавяшчальнік не патрабуе ніякага абслугоўвання, за выключэннем аднаго «але» – перыядычнай замены батарэйкі.

Калі элемент сілкавання трэба замяніць, прыбор пачынае перыядычна «пішчаць». Мы пра гэта пастаянна нагадваем, але чамусьці людзі часам на гэтую акалічнасць забываюцца. І выбіраюць, здавалася б, самы просты спосаб нейкім цудам зняць апавяшчальнік са столі і закінуць яго як мага далей, каб ён не надакучваў сваім гукам. Тым самым ставяць пад пагрозу сваё ж жыццё. Калі пачнецца пажар, пра гэта ўжо нішто не зможа паведаміць. Пры гэтым кошт той батарэйкі меншы за два рублі, а паставіць яе вельмі проста нават неспрактыкаванаму чалавеку. Хоць мы нярэдка адзначалі і прыемныя выпадкі калі старыя самі куплялі батарэйкі і прасілі нас зрабіць замену. Натуральна, у гэтай просьбе мы не адмовім нікому.

* * *

Першы дом, куды мы кіруемся, знаходзіцца на самай ускраіне Смалявіч у новым раёне. Там жыве шматдзетная сям'я. Дома застаём гаспадыню Алену Мякіннік. Летась яна была ўзнагароджана Ордэнам маці.

Пакуль спецыялісты аглядаюць печку, з другога паверха да нас спускаецца цэлая дзіцячая дэлегацыя на чале з сынам Маркам.

Гуляць любіце? – пытаецца Раман Шчур.

– Так.

Мяне завуць Раман Анатолевіч. Я адказваю за бяспеку ў раёне. Давайце пагуляем. Сутнасць дастаткова простая: я задам некалькі пытанняў, а вы на іх адкажаце. У якасці прыза будзе чароўны пазл і размалёўка. Згодны?

Пакуль у вялікім пакоі адбываецца віктарына, Алена Мякіннік высвятляе пытанне, якое датычыцца газавага аналізатара. Прыбор, набыты мінулай зімой, нечакана зламаўся. І што з ім рабіць?

Звяртайцеся ў краму, дзе яго набывалі, – кажа Вячаслаў Бараноўскі. Вам яго або адрамантуюць, або заменяць. Галоўнае, каб у вас быў пры сабе гарантыйны талон.

На другім паверсе ўвагу Рамана Шчура прыцягвае печка. Дзверцы тут знаходзяцца даволі нізка ад падлогі.

Часта яе паліце?

– Толькі на першым паверсе. У нас жа яна скразная.

Тэсціруем пажарныя апавяшчальнікі пры дапамозе звычайнага стрыжня ад шарыкавай ручкі. Усе прыборы рэагуюць на гэта гучным піскам. Значыць, яны спраўныя. На заканчэнне Вячаслаў Бараноўскі пакідае прыгожую размалёўку і дзіцячыя плакаты на тэму энергабяспекі.

* * *

Другая шматдзетная сям'я, да якой мы кіруемся, жыве ў здымнай трохпакаёвай кватэры. Такое жытло аглядаць прасцей, чым прыватны дом, – не ў апошнюю чаргу дзякуючы адсутнасці пячнога ацяплення. У адным з пакояў стаіць уключаны абагравальнік – раніца выдалася прахалодная. Але да фіранак далёка і на электрапрыборы нічога не ляжыць, таму заўваг у ратавальніка да гаспадыні Марыі Рыбак няма. Як, зрэшты, і ў іншых членаў камісіі.

Я вам падару невялікі буклет. Тут намалявана ікона «Неапалімая купіна». Унутры надрукаваны правілы пажарнай бяспекі. Трымай маляванку, – звяртаецца Раман Шчур да маленькай Евы. Калі будзеш расфарбоўваць, звяртай увагу, што робяць персанажы.

Аднак у адным з пакояў, дзе спяць дзеці, няма аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Вырашаем, што яго ўстановіць гаспадар кватэры. А пакуль ён не прыедзе, апарат часова паляжыць на халадзільніку.

Акрамя таго, мы пакінулі камп'ютарную інтэрактыўную гульню, – кажа Раман Шчур. Сутнасць яе ў тым, каб малы справіўся пры любых абставінах з надзвычайнай сітуацыяй. Гэта значыць, напрыклад, калі нешта ў пакоі загарэлася, каб ён выйшаў і тут жа паведаміў дарослым. Сакрэт усіх заданняў, зрэшты, раскрываць не будзем.

* * *

Трэцім чалавекам, якога мы наведваем, становіцца пенсіянерка Нона Вікенцьеўна. Доўга ў яе доме мы не затрымліваемся. Бабуля з гонарам дэманструе пажарны апавяшчальнік. Кажа, батарэйку папрасіла памяняць суседа. А вось пэўны рамонт печцы ўсё ж патрэбны. Ды і праводка пракладзена даволі даўно.

Праблем, з якімі мы сутыкаемся, можна назваць некалькі, – кажа Вячаслаў Бараноўскі. – Там, дзе ёсць дзеці, небяспеку ўяўляюць падаўжальнікі. У такім разе на ўсе разеткі, якія не выкарыстоўваюцца, павінны быць устаноўлены заглушкі. Звяртаем увагу на разводку праводкі, каб не было скрутак, паламаных разетак. Што да электрапрыбораў, то нярэдка знаходзім пашкоджаныя кабелі. Вось, скажам, вы выпадкова наступілі на той жа дрот ад праса і пашкодзілі ізаляцыю. Калі яго нехта возьме ў рукі – да бяды застаецца паўкрока. А што да замены праводкі, то на работы ў дамах тых, хто жыве адзінока, сацыяльныя службы выдзяляюць пэўныя сродкі. Мы за год дапамагаем прыкладна 40 чалавекам.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», 30 каcтрычніка 2019 г.
(фота Ганны Занкавіч)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.