БиблиотекаНовостиРазноеЯк школьнікаў вучаць правілам паводзін на дарозе

Як школьнікаў вучаць правілам паводзін на дарозе

Некалькі дзён таму інтэрнэт ускалыхнула навіна, што сярод дзяцей і падлеткаў стала папулярнай гульня «Бяжы або памры», сутнасць якой у тым, каб максімальна блізка прабегчы перад машынай, якая рухаецца. Нібыта забаўка ўжо захапіла Расію, Украіну і Казахстан і вось дайшла да Беларусі. На самай справе гэтая інфармацыя аказалася лжывай, а вось паніка сярод бацькоў сапраўднай. І нездарма, бо дарога — адна з найбольш яўных «пагроз», з якой дзецям штодзённа прыходзіцца сутыкацца з самага ранняга ўзросту.

Менавіта таму бяспецы дарожнага руху надаецца асаблівая ўвага ў рабоце са школьнікамі і нават дашкольнікамі як педагогамі, так і супрацоўнікамі ДАІ. Прыкладам іх узаемадзеяння паслужыла адкрыццё ў Фрунзенскім раёне сталіцы інтэрактыўнай пляцоўкі «Горад бяспечнага дзяцінства» на базе гімназіі №37. Пляцоўка ўключае ў сябе магнітную насценную гульню па правілах дарожнага руху, а таксама вялізны 3D-макет. Ён у зменшаным памеры ўяўляе сабой рэальную вулічна-дарожную сетку, якая прылягае да тэрыторыі гімназіі. У гэтым заключаецца яго галоўная каштоўнасць: дзеці разам з настаўнікам разбіраюць найбольш складаныя ўчасткі дарогі, а таксама прадумваюць аптымальны маршрут да школы для кожнага. Для нагляднасці навучэнцам прапануецца выкарыстоўваць мадэлі будынкаў, дарожных знакаў, святлафораў.

Па статыстыцы, часцей за ўсё сярод непаўналетніх удзельнікамі дарожна-транспартных здарэнняў становяцца дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў, таму макет разлічаны на гэты ўзрост. У аснове распрацоўкі — псіхалагічны аспект: сур'ёзныя веды падаюцца ў гульнявой форме. Напрыклад, аб дарожных знаках расказваецца ў вершах, прычым у працэсе задзейнічаны казачныя лега-паліцэйскія.

Яшчэ адзін эфектыўны спосаб вывучэння правілаў дарожнага руху — творчасць. Нядаўна завяршыўся гарадскі этап маштабнага конкурсу «Выконваем законы дарог», які праводзіцца ў рамках праекта «Дарожная бяспека» для дзяцей і моладзі 6—18 гадоў Дзяржаўтаінспекцыяй г. Мінска і цэнтрам «Бяспечнае дзяцінства» мінскага Палаца дзяцей і моладзі.

Больш за два тыдні праходзіла выстава, падчас якой журы ўважліва вывучала і ацэньвала прадстаўленыя работы, якіх было больш за 150 у 15 розных намінацыях: «Лепка», «Плакат», «Мяккая цацка» і іншыя. «Прыз глядацкіх сімпатый» дастаўся Аль-Хайкі Айману, вучню 2 класа гімназіі №75 за работу пад назвай, якая адсылае нас да знакамітай фразы з «Ералаша»: «Бацькі! Навушнікі зняць ці не хочаце?» Конкурс праводзіцца ўжо 13-ы год, у агульным заліку перамогу зноў, ужо дзясяты раз, атрымала каманда вучняў і педагогаў з Кастрычніцкага раёна сталіцы. Работы пераможцаў прадставяць г. Мінск на рэспубліканскім этапе конкурсу, які адбудзецца ў чэрвені на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце, на шчасце, за апошнія некалькі гадоў аварыйнасць на дарогах сталіцы з удзелам дзяцей значна знізілася. Аднак на дасягнутым ніхто спыняцца не збіраецца: падобныя вучэбна-гульнявыя комплексы ў перспектыве павінны з'явіцца ў многіх навучальных установах, а сама тэма — увесь час заставацца на слыху.

Дар'я КАСКО, «Звязда»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.