БиблиотекаНовостиРазноеЯк уменне ўвасабляць ідэі ў дзеянні можа падрыхтаваць да дарослага жыцця

Як уменне ўвасабляць ідэі ў дзеянні можа падрыхтаваць да дарослага жыцця

Кот Матроскін з дзіцячага мультфільма (прыклад эканомнага і ашчаднага гаспадара) персанаж, які палюбіўся многім. Ну хто не памятае легендарных фраз гэтага героя: «Я са сваёй Муркай ні за што не расстануся. Я і так быў шчаслівы, а цяпер удвая шчаслівейшым стану, таму што ў мяне цяпер дзве каровы ёсць», «Шарык, па квітанцыі карова рудая адна... Бралі мы яе адну па квітанцыі. Значыць, і здаваць будзем адну, каб не парушаць справаздачнасці», «А я нічога не буду. Я эканоміць буду». Можна прыгадаць яшчэ аднаго мульцяшнага героя Скруджа МакДака, які пастаянна выкладаў азы бізнесу сваім пляменнікам. Цікава, а наколькі рэальна выхаваць будучага бізнесмена яшчэ за школьнай партай? Аўтары праекта «Развіццё прадпрымальнасці як адной з ключавых кампетэнцый на этапе дапрофільнай падрыхтоўкі» ўпэўнены, што закласці адпаведны падмурак цалкам магчыма. У рамках рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла ў сценах Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (МГІРА), абмеркавалі інавацыйныя падыходы па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый у маладзёжным асяродку.

Развіццё прадпрымальнасці

Зламаць шаблоны

Сучаснае грамадства дыктуе свае правілы: сёння найбольш канкурэнтаздольны і паспяховы той, хто валодае прадпрымальнасцю і высокімі камунікатыўнымі навыкамі, – дзеліцца сваімі думкамі адзін з аўтараў праекта, начальнік упраўлення каардынацыі стажыровак і міжнароднага супрацоўніцтва МГІРА Тэрэса МЯТЛІЦКАЯ. Школа павінна выхоўваць у вучнях такія якасці, як уменне быць мабільным у эканамічным асяроддзі, гатоўнасць да рызыкі, змены прафесіі, прадпрымальнасць. Карысная актыўнасць навучэнца – галоўны крытэрый ацэнкі яго паспяховасці. Працэс фарміравання эканамічнай адукаванасці і прадпрымальнасці будзе праходзіць больш поўна, калі знойдзе сваё адлюстраванне ў агульнаадукацыйным працэсе. А бессістэмны, эпізадычны, кропкавы характар атрымання эканамічных ведаў карысці не прынясе. Наш праект можна разглядаць як інавацыю, выкліканую патрэбамі рынку. Яго мэта – развіццё прадпрымальнасці ў навучэнцаў і педагагічных работнікаў сталічных устаноў адукацыі. Дарэчы, навуковым кансультантам праекта выступіў старшыня Прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

Прадпрымальніцтва і адукацыйны працэс: да апошняга часу гэтыя паняцці падаваліся ўзаемавыключальнымі, – разважае навуковы кіраўнік праекта, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры агульнай і прафесійнай педагогікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Віктар НАВУМЧЫК. – З часоў Яна Каменскага школа працуе як гадзіннік, у ёй усё прадказана і прадвызначана на гады наперад. І калі сказана адступіць дзве клетачкі, гэта значыць, што толькі дзве. А ў рэчаіснасці жыццё напоўнена сітуацыямі нявызначанасці, якія прадугледжваюць самастойны адказны выбар. Прадпрымальнасць выходзіць за межы дзвюх клетачак. Яна разбурае стэрэатыпы... «Прадпрымальніцтва ёсць стваральнае разбурэнне», – казаў вядомы эканаміст, палітолаг, сацыёлаг і гісторык эканамічнай думкі Іозеф Шумпетэр. Інавацыі – крыніца прагрэсу – заўсёды прыводзяць да адмірання старога. Таму, калі мы ўносім у нашы школы дух прадпрымальніцтва, мы ўносім туды стваральнае разбурэнне.

Прадпрымальніцтва і адукацыйны працэс

«Прадпрымальніцтва – гэта пошук магчымасцяў за межамі рэсурсаў, што маюцца на сённяшні дзень», – казаў заслужаны прафесар Гарвардскага ўніверсітэта, «леў» Гарвардскай бізнес-школы Говард Стывенсан. І з яго думкай цяжка не пагадзіцца. Наша школа навучае ўсяму, толькі не вучыць вучыцца. Дзеці не любяць вучыцца, і супрацьстаянне «вучань – настаўнік» трансфармуецца ў ВНУ у супрацьстаянне «выкладчык – студэнт». Маладыя людзі, якія маюць падпрацоўку, аддаюць перавагу зараблянню грошай, а не наведванню лекцый. Яны ведаюць, што сталі ў чаргу па дыплом. Але ці стануць яны разбуральнікамі стэрэатыпаў? Думаю, што ніколі... Будуць звычайнымі чыноўнікамі ці офісным планктонам і будуць скардзіцца на жыццё, маўляў, заробак іх не задавальняе. А ці навучыліся вы працаваць над сабой? Ці навучыліся думаць так, як думаюць прадпрымальнікі? Ці шукалі вы сваю нішу? Прычым гэта ніша павінна быць карыснай не толькі для цябе аднаго, а сацыяльна карыснай... Зараз мы спрабуем укараніць у школу азы эканомікі, але ці добра гэта? Прафесіянал ведае, а дылетант – шукае і сам стварае... Калі ў Эйнштэйна пацікавіліся, як ён адкрыў сваю тэорыю адноснасці, той шчыра адказаў, што проста не ведаў, што гэта немагчыма...

На думку Віктара Навумчыка, дзеці – найлепшыя дылетанты, таму што, не маючы патрэбных ведаў, яны нярэдка робяць адкрыцці, якія здзіўляюць прафесіяналаў. Не ўсе ведаюць, што важныя адкрыцці ў многіх навуках робяць не толькі прафесіяналы, але і дылетанты.

– Памылкі робяць усе. А вось уменне і выпраўляць свае памылкі – якасць, уласцівая прадпрымальнікам, – падкрэслівае прафесар. Жыццё вакол нас шматбаковае і непрадказальнае, а школа хоча ўсё раскласці па палічках, усё растлумачыць. Мы ўвогуле ўваходзім у свет татальнай непрадказальнасці, дзе будуць запатрабаваныя такія прафесійныя прадпрымальніцкія якасці, як уменне лавіраваць, прычым не проста лавіраваць, а выжываць і цягнуць за сабой усю цывілізацыю, выводзіць яе на новы ўзровень. Калі ёсць мара, ёсць і рух наперад. Навошта вам грошы, калі ў вас няма мары?

Увогуле прадпрымальніцтва не з'яўляецца прафесіяй, яно можа праявіцца ў рамках любой з іх. Занятак навукай – гэта інтэлектуальнае прадпрымальніцтва: яму ўласцівыя інтэлектуальная бясстрашнасць, інфармацыйная адукаванасць, якая праяўляецца ў здольнасці хутка знаходзіць і апрацоўваць інфармацыю, цярплівасць да інфармацыйнага лішку і матывацыя да вытворчасці новых ведаў. Любы навуковец ёсць прадпрымальнік, паколькі ён шукае інтэлектуальныя рашэнні, якія выходзяць за рамкі ўяўленняў, нормаў і правілаў, што склаліся ў грамадстве.

Прадпрымальніцтва

Ведаеш сам – падзяліся!

– Няма ніякіх сумненняў, што падтрымка вучнёўскіх бізнес-кампаній – найлепшы спосаб выхаваць пакаленне, якое будзе валодаць ключавымі сацыяльна-эканамічнымі кампетэнцыямі і псіхалагічнай гатоўнасцю для пошуку свайго месца на рынку працы. Але практыка паказвае, што работа над бізнес-праектам патрабуе не толькі сацыяльнай ініцыятывы, але таксама і прафесійных ведаў для распрацоўкі праекта. На жаль, існуе мала літаратуры, якая дапамагла б педагагічным калектывам і ўдзельнікам вучнёўскіх бізнес-кампаній правільна распрацаваць праект, – канстатуе дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ, кандыдат сацыялагічных навук Галіна БЯДУЛІНА. У БДЭУ пры падтрымцы кансалтынгавай установы «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» быў створаны дапаможнік «Студэнцкае бізнес-цьютарства для развіцця прадпрымальнасці і навучання школьнікаў асновам прадпрымальніцтва». Ён разлічаны на выкладчыкаў і студэнтаў эканамічных ВНУ, якія падтрымліваюць удзельнікаў вучнёўскіх бізнес-кампаній, і не толькі на іх. У рамках міжнароднага праекта ў БДЭУ быў створаны валанцёрскі клуб студэнтаў-настаўнікаў «Бізнес-цьютар». Цьютары – гэта студэнты старшых курсаў, якія выязджаюць у розныя рэгіёны, каб падзяліцца сваімі ведамі... Але і для іх гэта таксама ўнікальны досвед развіцця як прафесійных кампетэнцый, так і міжасабовага ўзаемадзеяння.

Восенню мінулага года адбыўся злёт маладых сацыяльных наватараў «Праектны марафон», падчас якога прайшоў конкурс стартапаў школьных бізнес-кампаній. Дарэчы, заўважана, што найбольш паспяхова працуюць вучнёўскія бізнес-кампаніі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці...

Цікава, што ў большасці педагогаў прадпрымальніцтва асацыюецца з ідэяй, уласнай справай (70 %) і прыбыткам, грашыма (55 %). Апытаныя ўпэўненыя, што прадпрымальнасць можна развіць, але павінны быць задаткі (80 %), і толькі некаторыя лічаць яе прыроджанай якасцю (10 %). Столькі ж рэспандэнтаў аптымістычна сцвярджаюць, што, узброіўшыся патрэбнымі ведамі, можна развіць прадпрымальнасць у кожнага чалавека. Пры гэтым 80 % педагогаў перакананыя ў неабходнасці навучання дзяцей і падлеткаў асновам прадпрымальніцтва.

Псіхалагічны партрэт прадпрымальніка ўжо даўно з'яўляецца адной з самых папулярных тэм. Часта ўчынкі не па шаблоне дазваляюць атрымаць канкурэнтную перавагу. Некаторыя вялікія прадпрымальнікі, якія пакінулі свой след у гісторыі, вызначылі сваю ідэю інтуітыўна. Яны змаглі прадбачыць, што менавіта патрабуецца людзям сёння ці што спатрэбіцца ім у найбліжэйшай будучыні.

Трэба мець смеласць для таго, каб думаць па-новаму, а таксама мужнасць, каб быць гатовым да выклікаў і ўмець да іх адаптавацца. Уменне пераўтвараць ідэі ў дзеянні ключавая кампетэнцыя прадпрымальнасці. Канцэнтрацыя ўвагі на вырашэнні праблемы, а не на пошуку віноўнікаў таксама з'яўляецца немалаважнай якасцю добрага прадпрымальніка. Да характарыстык, якія дапамагаюць дасягнуць поспеху, псіхолагі адносяць лідарства, гатоўнасць рызыкаваць, уменне камунікаваць, схільнасць дамаўляцца, упэўненасць у сабе, энтузіязм, практычнасць, крэатыўнасць, авантурызм, гатоўнасць дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці, мэтанакіраванасць, аналітычны склад розуму, здаровы недавер, здольнасць да стратэгічнага планавання, імкненне да саманавучання і іншыя.

Свая справа

Стварыць сваю справу

Праект па развіцці ў навучэнцаў прадпрымальнасці, які стартаваў летась, разлічаны да 2020 года. У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі ўжо распрацаваны праект праграмы факультатыўных заняткаў па фарміраванні ў школьнікаў асноў дзелавой культуры – для вучняў з першага па адзінаццаты класы: для пачатковай школы – больш азнаямленчы вучэбны матэрыял, а для старэйшых – з глыбокім практычным аспектам.

– У выніку вывучэння дысцыпліны школьнікі атрымаюць практычныя навыкі па адкрыцці ўласнай справы, рашэнні задач у бягучай прадпрымальніцкай дзейнасці, пошуку новых ідэй і рэсурсаў для развіцця бізнесу, – тлумачыць аўтар праграмы Тэрэса Мятліцкая. – Факультатыўны курс разлічаны на 36 гадзін у 1–9 класах і на 72 гадзіны – у 10–11 класах і скіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў прадпрымальніцкай кампетэнтнасці – пад гэтым словазлучэннем разумеюць мадэль паводзін, якая дапамагае паспяхова вырашаць пэўную бізнес-задачу і пры гэтым дасягаць значных вынікаў.

Плануецца ў рамках праекта стварыць ва ўстановах адукацыі клубы юных прадпрымальнікаў і арганізаваць іх сеткавае ўзаемадзеянне з Беларускай канфедэрацыяй прадпрымальнікаў. Адна з устаноў адукацыі – удзельнікаў праекта, якая валодае сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай і інтэлектуальнай базай, назапашаным вопытам у рамках праектнай дзейнасці, стане гарадскім рэсурсным цэнтрам па фарміраванні прадпрымальнасці і арыентацыі выпускнікоў на развіццё згаданай кампетэнцыі. Будуць распрацоўвацца і праводзіцца дзелавыя гульні, сацыяльныя практыкі, прафесійныя пробы, рознага ўзроўню чэмпіянаты па гульні «Бізнесбол».

Прадпрымальнасць – не перадумова для фарміравання арміі прадпрымальнікаў. Але вывучэнне прадпрымальніцтва ў школе выдатная прафарыентацыя, паколькі гэты вопыт можа стаць стартавай пляцоўкай для далейшага прафесійнага развіцця яе выпускніка.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
(фота БЕЛТА)

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.