БиблиотекаНовостиРазноеЯк за 11 гадоў вучобы не страціць здароўе?

Як за 11 гадоў вучобы не страціць здароўе?

Выкананне хатніх заданняў не павінна займаць у старшакласнікаў больш як 3 гадзіны, у вучняў сярэдніх класаў — 2—2,5 гадзіны, у трэцім і чацвёртым класах — 1,5 гадзіны, а ў другім класе — 1,2 гадзіны. Гэта максімальна дапушчальныя нагрузкі, устаноўленыя санітарнай службай. Менш — можна, а вось больш (без шкоды для здароўя) нельга.

А цяпер давайце зоймемся простай арыфметыкай: у старшых класах у вучняў не менш як шэсць урокаў штодня. І калі па кожным прадмеце настаўнік задае хатняе заданне, то тэарэтычна на кожную дысцыпліну падлетак павінен выдаткаваць не больш як 30 хвілін, каб падрыхтавацца да наступнага ўрока. Але ж ці такое магчыма? А што рабіць, калі дзіця вымушана дадаткова займацца яшчэ і з рэпетытарамі?

Па расійскай статыстыцы, вучні малодшых класаў выдаткоўваюць на вучобу ў школе і падрыхтоўку хатніх заданняў 9—10 гадзін штодня, а ў сярэдняй школе — ужо 13—15 гадзін. У нашай краіне даследаванні, як распараджаюцца сваім часам школьнікі па-за ўрокамі, не праводзіліся. Але вядома, што 20% дзяцей 10—12 гадоў спяць менш як 8 гадзін у суткі і кожнае пятае дзіця ў такім узросце ў выхадныя дні праводзіць на вуліцы менш як дзве гадзіны. Наколькі вялікі ўплыў аказвае на здароўе дзяцей унутрышкольнае асяроддзе, абмяркоўвалі падчас «круглага стала» прадстаўнікі сістэмы адукацыі і аховы здароўя.


Больш — не заўсёды лепш

— Негатыўная гнятлівая атмасфера ў школе мае для псіхічнага і псіхалагічнага здароўя дзіцяці вырашальнае значэнне, — падкрэслівае намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ Сяргей ЖАРАБЦОЎ. — Значэнне для эмацыянальнага стану мае ўсё: як дзіця адчувае сябе ў дзіцячым калектыве, як складваюцца яго стасункі з педагогамі, як ён успрымае вучэбны матэрыял, наколькі ўпэўнена сябе адчувае, баіцца ці не баіцца памыліцца? На жаль, але тое, што адбываецца ў класе, вызначаецца, найперш, псіхалагічным станам настаўніка. І калі кіраўніцтва школы падтрымлівае аптымізм, азарт педагога, яго нестандартныя формы работы — гэта адно, а калі ў рабоце дамінуюць нейкія фармальныя аспекты — гэта ўжо зусім іншае. Вымушаны канстатаваць, што ў сучасных школах стала зашмат фармалізму, з-за якога настаўніку няма калі думаць пра псіхалагічны стан дзяцей ці пра тое, як цікава правесці ўрок. Галоўнае — запоўніць паперкі, каб не атрымаць наганяй! Увогуле прынцып «больш — заўсёды лепш» у педагогіцы не працуе. Фактычна ў сярэдняй і старшай школе мы назіраем, як настаўнікі вядуць барацьбу за свой прадмет. Прычым кожны лічыць сваю дысцыпліну галоўнай. І разважаюць прыкладна так: чым больш я задаю на дом, тым больш дзеці будуць ведаць, а значыць, і паспяховасць у іх будзе лепшая. Гэта вялікая памылка!

Вельмі шмат залежыць і ад асобы настаўніка. Страх перад педагогам — стрэс, які губіць дзіця. Прырода стрэсу можа быць рознай. Калі дзіця чымсьці захоплена, нават той жа матэматыкай, то гэта пазітыўны стрэс. А калі школьнік да ночы завісае над хатнім заданнем па адным прадмеце, то гэты стрэс для яго разбуральны. Трэба ўводзіць хранаметраж хатніх заданняў, якія задаюцца вучням у сярэдняй і старшай школе. І прыводзіць іх аб'ёмы ў адпаведнасць з узроставымі і фізіялагічнымі магчымасцямі дзіцяці.

Але, як высвятляецца, аб'ёмы хатніх заданняў знаходзяцца цалкам на сумленні настаўнікаў. Колькі задач, параграфаў, практыкаванняў павінен зрабіць школьнік — вырашае толькі педагог. Напрыклад, адзін настаўнік можа даць заданне — падрыхтаваць прэзентацыю, другі — прачытаць вялікі тэкст па літаратуры ці вывучыць верш, трэці — самастойна праштудзіраваць матэрыял, які не паспелі разам прайсці на ўроку. І ўсё гэта падае на галаву аднаго дзіцяці. А калі наперадзе выхадныя, то і аб'ёмы заданняў таксама павялічваюцца. І гэта пры тым, што ў многіх еўрапейскіх краінах хатнія заданні на суботу-нядзелю ніколі не задаюць.

Вуснае ацэньванне або адзнакі?

Начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення Нацыянальнага інстытута адукацыі Лілія КУЗНЯЦОВА лічыць бясспрэчным дасягненнем нашай сістэмы адукацыі ўвядзенне ў пачатковай школе безадзнакавага навучання. На дадзены момант увогуле без адзнак навучаюцца вучні першых і другіх класаў. А ў трэціх і чацвёртых — не выстаўляюцца адзнакі па «выяўленчым мастацтве», «працоўным навучанні», «музыцы» і «фізічнай культуры». У сярэдніх класах таксама не выстаўляюцца адзнакі па прадметах «Айчынная і сусветная мастацкая культура» і «Асновы бяспекі жыццядзейнасці».

Трэба патлумачыць, што пры безадзнакавым навучанні ў пачатковай школе праца дзіцяці ацэньваецца не ў балах, а ў выглядзе разгорнутага ацэначнага суджэння, якое дае педагог. Таму гуманістычны патэнцыял такой ацэнкі намнога вышэйшы. Да таго ж безадзнакавае навучанне дазваляе дзецям не бачыць адзін у адным «выдатнікаў» і «двоечнікаў», «сераднячкоў» і «харашыстаў». Пасля завяршэння эксперымента па апрабацыі безадзнакавага навучання вучняў трэціх і чацвёртых класаў, які праводзіўся ў 2008—2012 гадах, была зроблена выснова, што навучэнцы якасна засвойваюць змест урокаў, у іх паніжаны ўзровень трывожнасці, яны не баяцца памыліцца, і, самае галоўнае, у гэтых навучэнцаў сфарміраваліся ўнутраныя матывы да вучэбнай дзейнасці.

«У некаторых еўрапейскіх краінах безадзнакавае навучанне практыкуецца да сёмага класа, і калі б вырашэнне гэтага пытання залежала ад мяне, я таксама распаўсюдзіла б яго і на старэйшыя класы, — канстатуе Лілія Кузняцова. — Але за выстаўленне адзнак сваім дзецям выступаюць бацькі, прычым многія жадаюць, каб зразумелыя ім адзнакі пачалі выстаўляць ужо ў першым класе».

Загадчыца лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ паведаміла, што медыкі часта сутыкаюцца з дзецьмі, якія ў сям'і атрымліваюць моцную ўстаноўку на лідарства. Гэта адбываецца яшчэ да пачатку школьнага жыцця, але ў кожнага — свае інтэлектуальныя і эмацыянальныя магчымасці і здольнасці, і калі раптам высвятляецца, што дзіця ў вучобе не адпавядае чаканням бацькоў, у яго адбываецца неўратызацыя. Такія дзеці бясконца вучацца, нават па начах, моцна перажываюць, калі атрымліваюць «дзявятку». Ёсць дзеці, якія вучацца толькі для таго, каб парадаваць сваіх бацькоў, яны баяцца сустрэць неадабрэнне з боку маці ці бацькі, баяцца быць «адбракаванымі». Даволі істотная колькасць зваротаў да школьнага псіхолага звязана менавіта з ацэначна-адзнакавай дзейнасцю.

— Трэба слухаць і чуць сваіх дзяцей. І калі дзіця ўжо на трэці дзень вучобы ў першым класе кажа, што не хоча ісці ў школу, трэба сесці з ім і паразмаўляць, даведацца пра прычыны, знайсці матывы, — папярэджвае Лілія Кузняцова. — Інакш усе адзінаццаць гадоў вучобы могуць ператварыцца для яго ў пакуты. Бацькам трэба рабіць выбар паміж здароўем дзяцей і імкненнем даць ім адукацыю любой цаной. Яны не павінны прад'яўляць да свайго дзіцяці завышаныя патрабаванні. Трэба адэкватна ацэньваць яго магчымасці.

Школьная дыета — супраць сямейных традыцый

Трэба мець на ўвазе, што нават той жа гастрыт часта мае псіхасаматычную прыроду. Але медыкі катэгарычна нязгодныя са сцвярджэннем, што дзеці «зарабляюць» гастрыт у школе. І прыводзяць у якасці доказу наступныя аргументы: калі ў 2006 годзе захворванні страўнікава-кішачнага тракту займалі ў структуры дзіцячай захваральнасці другое месца, то сёння яны перамясціліся на пятае-шостае месца ва ўсіх узроставых групах дзіцячага насельніцтва. Маргарыта Дзевялтоўская лічыць, што гэта заслуга, найперш, школьнага харчавання, таму што мадэль сямейнага харчавання вельмі часта «кульгае» — менавіта па прычыне нездаровых традыцый у харчаванні, якія ўласцівыя многім сем'ям, усё часцей у дзяцей і падлеткаў дыягнастуецца метабалічны сіндром. Павышэнне артэрыяльнага ціску і ўзроўню глюкозы ў крыві, залішняя вага цела — найвастрэйшыя праблемы для падрастаючага пакалення.

— Перавага школьных абедаў — у іх дыетычным характары: адсутнасці камбітлушчоў (усё для дзяцей гатуецца толькі на сметанковым масле), вырабаў у фрыцюры, касцяных булёнаў, вострых прыправаў (такіх, як перац і хрэн), а таксама воцату і прадуктаў з яго выкарыстаннем, тлустых гатункаў мяса, — падкрэслівае загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА. — Да таго ж у дзіцячым харчаванні выкарыстоўваюцца зберагальныя метады апрацоўкі ежы — тушэнне, варэнне, гатаванне на пару. Акрамя таго, забаронена выкарыстанне шкодных для здароўя прадуктаў — чыпсаў, салодкіх газаваных напояў, закусачных агароднінных і рыбных кансерваў. Харчавацца дзецям трэба 4—5 разоў на дзень. Ці многія з бацькоў забяспечваюць сваім дзецям рэгулярнае і рацыянальнае харчаванне?

Марш за канторку!

Сур'ёзнай праблемай для падрастаючага пакалення з'яўляецца і гіпадынамія. Недастатковая рухальная актыўнасць не задавальняе біялагічныя патрэбы дзіцяці, якое расце, і, як вынік, яго арганізм не насычаецца як след кіслародам. Праблему дэфіцыту рухальнай актыўнасці дзяцей не могуць вырашыць і школьныя ўрокі фізкультуры, паколькі адзін урок задавальняе патрэбу дзіцяці ў рухальнай актыўнасці толькі на 11%.

Сур'ёзна церпіць за гады навучання ў школьнікаў і зрок: калі ў 2006 годзе праблемы з ім назіраліся ў 9 працэнтаў школьнікаў, то ў 2015 годзе іх доля дасягнула ўжо 14 працэнтаў. А вось з паставай сітуацыя палепшылася: у апошнія гады доля дзяцей з адхіленнямі ў развіцці пазваночніка трымалася на ўзроўні 8% (у 2006 годзе было 9%). Галоўную ролю ў гэтым адыграла змена мэблі ў школах: замест сталоў у пачатковых класах цяпер выкарыстоўваюцца парты. Гэта больш «здаровая» мэбля, якая рэгулюецца і дапамагае правільна вытрымліваць адлегласць паміж сталом і вучнем падчас работы. Плюс у пачатковай школе ў класных пакоях з'явіліся канторкі, якія вонкава нагадваюць кафедру. Яны дазваляюць дзецям падчас навучальнага працэсу займацца стоячы і знімаць статычнае напружанне. Гэта важна для прафілактыкі парушэнняў у касцёва-мышачнай сістэме, пры ўзнікненні скаліёзу і парушэнняў паставы. Выкарыстанне канторак станоўча адбіваецца і на зроку, таму што дзіця, карыстаючыся такой мэбляй, глядзіць на напісанае на дошцы, але з іншай адлегласці, паколькі яны размяшчаюцца ў класе або недзе ззаду, або збоку, але такім чынам, каб не перашкаджаць іншым вучням. Знаходзіцца за канторкай можна пры жаданні ад пяці да пятнаццаці хвілін. Патрапіць туды можна як па ўласным жаданні, так і па запрашэнні настаўніка. Вось толькі медыкі заўважаюць, што ў некаторых школах настаўнікі выкарыстоўваюць канторкі як падстаўкі для кветак. Мякка кажучы, не зусім па іх прызначэнні...

Ёсць у медыкаў і прэтэнзіі да падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. Яны лічаць, што маладыя педагогі маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра тое, як граматна ў класе рассаджваць дзяцей, пра многія псіхалагічныя аспекты, у тым ліку і пра аб'ёмы хатніх заданняў, якія павінны адпавядаць фізіялагічным магчымасцям іх вучняў.

Будзь у курсе!

Даследаванні, праведзеныя ў Вялікабрытаніі, даказваюць, што для лепшай разумовай актыўнасці ў школу трэба хадзіць пешшу. А транспартная апека бацькоў дрэнна адбіваецца на вучобе дзяцей.

Таксама брытанскія навукоўцы сцвярджаюць, што некалькі глыткоў вады, зробленых падчас разумовага напружання, здымаюць стомленасць і дапамагаюць пры галаўным болі. Таму ў школах Вялікабрытаніі дзеці кожны дзень атрымліваюць бутэлькі з пітной вадой і ім дазволена піць яе на ўроках.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.