БиблиотекаНовостиРазноеЗ'явілася інтэрактыўная карта Мінска для дзяцей

З'явілася інтэрактыўная карта Мінска для дзяцей

У інтэрнэце з'явілася бясплатная інтэрактыўная карта Мінска для дзяцей.

Карта Минска

Пачынаецца лета, а разам з ім вакацыі. Далёка не ўсе мінчане пакінуць родны горад. Перад бацькамі паўстане заканамернае пытанне: чым заняць сваё дзіця? Мы ведаем адказ. Мэта інтэрактыўнага партала «Адкрый Мінск» зрабіць жыццё жыхароў і гасцей сталіцы больш насычаным і цікавым, – расказала Ірына Шлык, дырэктар прадпрыемства «Белкартаграфія», якое займалася стварэннем вэб-платформы.

У аснову прадукту легла папяровая карта Мінска. На яе нанеслі інфармацыю пра дзве сотні аб'ектаў і дапоўнілі маляўнічым анімаваным інтэрфейсам.

Для зручнасці аб'екты падзеленыя на катэгорыі: славутасці, спартыўныя пляцоўкі, культура і дадатковая адукацыя, адпачынак і забавы. Пад кожным картка з апісаннем, фотаздымкамі і кантактамі. Пасля агульных звестак ідуць падрабязнасці аб перавагах і ўмовах аб'екта: ці можна тут зарадзіць тэлефон, ці маецца пандус, паркоўка, наколькі далёка ад метро і г. д., – адзначыла рэдактар Белкартаграфіі Людміла Салдак. – У дзясяткаў самых папулярных месцаў ёсць дадатковая інфармацыя. Напрыклад, дзіцячая чыгунка мае віртуальны тур і аўдыягід, а для Мінскага заапарка распрацаваная падрабязная карта-схема з месцазнаходжаннем усіх жывёл.

Паколькі мэтавыя карыстальнікі – дзеці, ухіл быў зроблены на лёгкі пошук аб'ектаў і яснасць падачы матэрыялу. Адрозненне інтэрактыўнай карты ад такіх платформ, як Яндэкс.Карты ці Gооglе.Mарs, – магчымасць дэталёва разгледзець асаблівасці Мінска. Дарэчы, падчас работы над праектам выявіліся цікавыя факты пра нашу сталіцу. Так, амаль усе мінскія тэатры знаходзяцца ў цэнтры, а ў паўночнай частцы горада няма ніводнага басейна.

Пакуль партал даступны ў бэта-версіі па адрасе MарMіnsk.bу. Зараз мы адкрытыя да цеснага супрацоўніцтва з дзеткамі, якія жадаюць дапамагчы праекту і гатовыя выказаць прапановы і заўвагі на сайце або падчас адкрытага вэбінара 13 чэрвеня, – адзначыў дырэктар кампаніі, што займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння карты, Канстанцін Пятрашка. Наступны крок запуск бясплатнай паўнавартаснай мабільнай праграмы, даступнай у GооglеРlау і АррStоrе. Яна мае модулі віртуальнай рэальнасці, таму «прайсціся» па Мінску можна будзе, знаходзячыся ў любым пункце свету. Акрамя таго, праграма «ажыўляе» і звычайныя папяровыя карты «Белкартаграфіі». Наводзіш смартфон на які-небудзь рэгіён у заалагічным атласе а там з'яўляецца 3D-слон ці 3D-бусел. Спадзяёмся, што навінку ацэняць не толькі дзеці, але і іх школьныя настаўнікі.

Бліжэй да восені плануецца прэзентацыя яшчэ адной інтэрактыўнай карты – «Мая радзіма – Беларусь».

Матэрыялы ўжо сабраныя. Гэта будзе вэб-рэсурс адукацыйнага кірунку: дзеці пазнаёміцца і з архітэктурнай спадчынай краіны, і з народнымі промысламі, і з нацыянальнымі паркамі і запаведнікамі, – расказала намеснік дырэктара па вытворчасці «Белкартаграфіі» Ала Бенедзіктовіч. Новы прадукт стане не проста падрабязнай картай, якая раскрывае гісторыка-культурныя аб'екты. Можна будзе паглядзець тэматычныя відэаролікі пра тое, як ствараюцца валёнкі ці саламяныя капелюшы. На карту нанясуць нават народныя строі, характэрныя для розных рэгіёнаў, а таксама геральдычныя знакі гарадоў і вёсак.

Ганна КУРАК, «Звязда»

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.