БиблиотекаНовостиВажные событияРаспрацоўваецца законапраект, які палепшыць жыццё сем'яў з дзецьмі

Распрацоўваецца законапраект, які палепшыць жыццё сем'яў з дзецьмі

Законапраект таксама арыентаваны на падтрымку маладых маці, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах, і сем'яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, што выхоўваюць дзяцей» паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў верасні бягучага года. Учора адбылося пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, дзе парламентарыі, прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў абмеркавалі нюансы будучага прымянення дакумента.

Новаўвядзенні, якія ёсць у гэтым дакуменце, даюць права сем'ям, дзе бацькі з'яўляюцца інвалідамі першай або другой групы (або адзін з бацькоў мае такую інваліднасць, а другі — здзяйсняе за ім догляд), атрымліваць дапамогу на дзяцей, узрост якіх перавышае тры гады. Грашовыя субсідыі такія сем'і змогуць атрымліваць да дасягнення дзецьмі 18-гадовага ўзросту.

— Пры гэтым не ўлічваецца той факт, што дзеці навучаюцца ў навучальных установах на бясплатнай аснове, — падкрэсліла намеснік старшыні профільнай камісіі Валянціна Курсевіч. — Раней заканадаўства вызначала, што ў такіх сем'ях, калі дзіця паступае ў прафесійна-тэхнічную, сярэдне-спецыяльную або вышэйшую навучальную ўстанову на бясплатную форму навучання, права на атрыманне дапамогі знікае. Тое ж самае адбываецца, калі дзеці дасягаюць 16-гадовага ўзросту.

Другое новаўвядзенне заключаецца ў тым, што маці, мачаха, бацька, айчым, усынавіцель, апякун, папячыцель, якія даглядаюць за дзецьмі-інвалідамі, атрымліваюць права працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці. Паралельна яны змогуць атрымліваць дапамогу па доглядзе за дзіцем-інвалідам.

— Акрамя таго, гэта права будзе захоўвацца ў выпадку атрымання бацькамі пенсіі або штомесячнай страхавой выплаты, — дадала парламентарый. — Зараз такога няма.

Яшчэ адна навацыя — дыферэнцыраваны падыход да налічэння пенсій і дапамог па доглядзе за дзіцем-інвалідам да дасягнення ім 18-гадовага ўзросту. Грошы налічваюцца ў залежнасці ад ступені страты здароўя дзіцяці.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда»
Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.


RATING ALL.BY