Знакамітыя асобы

Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі... Імёны гэтых людзей знаёмыя кожнаму беларусу, але ці ўсе мы ведаем пра іх жыццё і дасягненні? У кожнай біяграфіі ёсць цікавыя і малавядомыя факты, якія нельга прапусціць. Прыйшоў час праверыць, што хавае заслона таямніцы! Зазірніце сюды – не пашкадуеце.

Размешчаная ў цэнтры Еўропы, Беларусь апынулася на мяжы судакранання дзвюх цывілізацый, паміж двума напрамкамі развіцця еўрапейскай культуры – заходнім і ўсходнім. Самабытнасць беларускага народа ў тым, што ён адхіляе крайнасці палярных цывілізацыйных тыпаў і ў той жа час імкнецца сінтэзаваць іх дасягненні на аснове ўласнай славянскай традыцыі. Тыповай праявай гэтай сутнасці народа з'яўляецца духоўная форма аднаго з найвыбітнейшых яго прадстаўнікоў, асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Ён наведаў многія еўрапейскія краіны, вывучаў іх культуру і мовы. Паўсюдна Скарына ўзнімаў прэстыж сваёй Радзімы, свайго народа і адначасова садзейнічаў фарміраванню грамадскай думкі Беларусі ў рамках агульнаеўрапейскай культуры.

Еўфрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава; каля 1101–1173) – полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку. Дасягнуўшы паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр.

Першая жанчына, прылічаная рускай праваслаўнай царквой да ліку святых. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала жаночы і мужчынскі манастыры. Увайшла ў гісторыю як выбітная асветніца.

У канцы жыцця ажыццявіла паломніцтва ў Іерусалім. Захаваліся царкоўныя спевы аб Еўфрасінні Полацкай. Адзіная крыніца біяграфічных звестак пра яе – Жыццё Ефрасінні Полацкай, у якім услаўляецца яе імкненне да ведаў.

Сваю асветніцкую дзейнасць Еўфрасіння Полацкая пачала яшчэ ў раннія гады як перапісчык кніг. Для арганізацыі гэтай справы ў Полацку меліся неабходныя перадумовы – бібліятэка Сафійскага сабора была адной з найбагацейшых на Русі. Частка перапісаных Еўфрасінняй і яе паплечнікамі кніг пасля склала аснову бібліятэкі створанага ёю кляштара. У той жа час яна пачынае займацца і напісаннем уласных літаратурных твораў.

У наступныя перыяды жыцця Ефрасінні Полацкай яе асветніцкая дзейнасць атрымлівае новы змест. Яна фактычна паклала пачатак ажыццяўленню шырокай адукацыі народа, з яе імем звязана ўзнікненне на беларускай зямлі першых школ і вучылішчаў. Стварыўшы недалёка ад Полацка ў вёсцы Сяльцо жаночы манастыр, яна не толькі вылучыла ідэю ўсеагульнай адукацыі жанчын, але і распачала практычныя дзеянні па яе рэалізацыі – зрабіла навучанне грамаце адной з галоўных абавязкаў манашак. У манастырах, заснаваных Еўфрасінняй Полацкай, дзейнічалі бібліятэкі, вучылішчы, скрыпторыі, а таксама гасцініцы і дзівапрыёмніцы. Грамаце навучалі не толькі манашак, але і ўсіх жадаючых вучыцца свецкіх жанчын.

Палачанка заклікала людзей да міру і згоды, палымяна пратэставала супраць братазабойчых усобіц, адстойвала неабходнасць яднання ўсходнеславянскіх земляў перад знешняй пагрозай.

Сваёй асветніцкай дзейнасцю Еўфрасіння спрыяла выхаванню ў насельніцтва патрыятычных пачуццяў, развіццю дзяржаўнасці ў жыцці славянскіх плямён.

Кірыла Тураўскі (каля 1113–1190) – царкоўны дзеяч, пісьменнік, прапаведнік. Нарадзіўся і выхоўваўся ў горадзе Тураве ў багатай сям'і, атрымаў выдатную па тым часе адукацыю.

У 1161 годзе стаў біскупам тураўскім. Тут жа працякала і яго выключна плённая дзейнасць. Прылічаны царквой да ліку святых. Набыў сабе славу як бліскучы стыліст і аратар, па праве лічыцца найлепшым мысляром і аратарам Кіеўскай Русі.

Ні па аб'ёме пакінутай літаратурнай спадчыны, ні па папулярнасці і аўтарытэце яму не было роўных сярод сучаснікаў. На працягу многіх стагоддзяў творы Кірылы Тураўскага карысталіся вялікай папулярнасцю на ўсходнеславянскіх землях. Яны з'яўляюцца гонарам і здабыткам не толькі беларускай і ўсходнеславянскай, але і ўсёй славянскай культуры.

Асноўная тэма літаратурнай спадчыны Кірылы Тураўскага – чалавек. Паводле яго ўяўленняў чалавек ёсць цэнтр светабудовы, вянок усяго тварэння. Дзеля чалавека стварыў Бог неба і зямлю, сонца і месяц, рэкі і пустыні з усімі іх насельнікамі. Аднак сам чалавек з прычыны сваёй цялеснасці і самаўладнасці асуджаны на грахоўнасць. Кірыла Тураўскі заклікае людзей устаць на шлях ачышчэння.

Сам Кірыла Тураўскі паўстае як чалавек высокай маральнасці, абаронца пакутнікаў, слабых і бяздольных, што імпанавала простаму люду. Мысляр займае актыўную грамадскую пазіцыю. Ён асуджае паклёп, крыўду, ганарыстасць, зайздрасць, гнеў, гвалт, скупасць, хабарніцтва, брыдкаслоўе, злапамятнасць і многія іншыя чалавечыя заганы.


Клімент Смаляціч (? – пасля 1164) – царкоўна-палітычны дзеяч, мысляр і асветнік. На жаль, звестак аб яго жыцці захавалася вельмі мала. Да сярэдзіны ХІІ стагоддзя атрымаў вядомасць сваімі глыбокімі ведамі, шырокай эрудыцыяй, літаратурным майстэрствам. У Іпацьеўскім летапісе пад 1147 годам пра яго паведамлялася:

«...І быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала». Ніхто з мысляроў Кіеўскай Русі не адзначаўся такой высокай адзнакай летапісца. Смаляціч увайшоў у гісторыю як актыўны царкоўны і палітычны дзеяч.

З шырокай літаратурнай спадчыны Клімента Смаляціча да нас дайшоў толькі адзін яго невялікі твор – «Пасланне прэзбітэру Фаме». У меркаваннях Клімента можна вылучыць два аспекты: працяг традыцыі ў разуменні сутнасці і прызначэнні чалавека і ўпершыню сфармуляваная ім ідэя непакорлівасці як ладу жыцця. Клімент вызнае прыярытэт у жыцці чалавека духоўнага, вечнага над матэрыяльным, імгненным. Такая жыццёвая пазіцыя і сёння блізкая шматлікім людзям славянскай цывілізацыі.

Заклік Клімента Смаляціча да духоўнасці, да вышэйшых каштоўнасцяў быцця гучыць вельмі сучасна і актуальна таксама для людзей іншых цывілізацый.

Амаль шэсць стагоддзяў аддзяляе нас ад часу, якому належаў вялікі князь Вітаўт. Аднак паглыбіцца ў падзеі тых гадоў не так ужо і складана: да нашых дзён захавалася нямала старажытных пісьмовых крыніц – асабістыя граматы, перапіска, сведчанні сучаснікаў, аповеды ў летапісах і хроніках. Нават вусныя паданні пра князя Вітаўта дайшлі да нас.

Мы можам уявіць магутныя вежы старажытнага Трокскага замка, у якім у 1350 годзе нарадзіўся сын князя Кейстута Вітаўт. Імя яму далі, відаць, у гонар язычніцкага бога Святавіта, якога шанавалі славяне. А можна дапусціць, што азначала яно, як і імя Віт, Віцень, «жаданы», а яшчэ «гаспадар». Імя Віт прыняло форму Вітаўт на жамойцкі лад, бо маці Вітаўта была жамойткай. Яе, прыгажуню Біруту, Кейстут выкраў са свяцілішча язычніцкай багіні Праўрмі, жрыцай якой яна была, а таму не магла па закону мець мужа.

Размаўляў Вітаўт на жамойцкай мове, як і яго маці. У штодзённым жыцці карыстаўся і старабеларускай, бо двор Кейстута ў сваёй большасці складалі ліцвіны. Нехта з адукаваных ліцвінаў навучыў княжыча і славянскай грамаце. Адзін з настаўнікаў Вітаўта, збеглы ордэнскі рыцар Гано фон Віндэнгейм, вучыў хлопчыка нямецкай мове, а таксама даваў урокі вайсковай навукі. Спасцігаць яе законы давялося Кейстутавічу ўсё жыццё. «Паходня вайны» – так ахрысцілі яго сучаснікі. I сапраўды, паходня вайны не згасала ў руках Вітаўта. Вось як пра гэта піша ў сваёй знакамітай паэме Мікола Гусоўскі:

Факельшчык войнаў са слабым,
А з дужым анёл-міратворац
Ставіў аголены меч свой,
Як слуп пагранічны,
Перад нашэсцем ворагаў з поўдня і ўсходу.

Сваё першае княства Вітаўт атрымаў у 26 гадоў, калі Кейстут накіраваў яго ў Гародню. Пачалося дарослае жыццё – барацьба за ўладу, у якой добрымі лічыліся ўсе сродкі. Вітаўт быў сын свайго часу – жорсткага і крывавага. Аб`яднанне з былымі ворагамі, саюз з забойцам бацькі, гандаль землямі і народамі, зневажанне ўласнай веры, ахвяраванне сваімі дзецьмі – усё гэта было ў жыцці Вітаўта. I ўвесь час войны – шматлікія, знясільваючыя, вынішчальныя.

Пры Вітаўце Вялікае княства Літоўскае дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Ад Падляшша на захадзе да ракі Угры на ўсходзе, ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні пралягалі межы Вітаўтавай дзяржавы.

Талент палітычнага і ваеннага дзеяча Вітаўт пацвердзіў і падчас найбуйнейшай бітвы Сярэднявечча – Грунвальдскай. Вынікі яе паўплывалі на гістарычны лёс многіх народаў Пасля Грунвальда Вялікае княства стала вялікім не толькі паводле сваёй тэрыторыі, але і паводле той ролі, якую яно адыгрывала ў палітычным жыцці тагачаснай Еўропы. Дзяржава мела трывалыя дыпламатычныя зносіны з усімі заходнееўрапейскімі краінамі, а таксама з Асманскай Турцыяй, Крымскім ханствам і Маскоўшчынай.

Па падтрымку да Вітаўта ехалі шматлікія паслы. Захавалася апісанне публічнай аўдыенцыі вялікага князя, а таксама знешняга выгляду Вітаўта, убачанага «чужым» вокам: «Ягоны капялюш быў падобны на іспанскае самбрэра. Іншая вопратка складалася з жоўтага шаўковага камзола, зашпіленага да самага горла залатымі гузікамі на залатых пятліцах, ніжняя сукня – ружовая, з татарскай тканіны і чырвоныя скураныя боты з залатымі астрогамі. Пасам служыла нешырокая лента, шытая золатам і зашпіленая багатаю спражкаю, на ёй віселі кручкі для прышпільвання шаблі; зверху накінуты каптан гранатавага колеру, пашыты па літвінску, толькі каротка падрэзаны; з-за паса выглядала ручка штылета, асыпанага карункамі... Твар вялікага князя малажавы, вясёлы і сракойны. Позірк ягоны зачароўвае, што вабіць да яго сэрца кожнага... Пагрозлівы ён толькі ў вайсковы час, але ўвогуле поўны дабраты і справядлівасці, умее караць і мілаваць...» Апісанне, годнае караля.
Адпавядаць гэтаму вобразу Вітаўт імкнуўся ўсёй душой. Змяніць велікакняжацкі вянец на каралеўскую карону было яго запаветнай марай. Уласныя амбіцыі спалучаліся з дзяржаўнымі інтарэсамі. Увянчанне ВКЛ Каронай рабіла б княства незалежным і роўнавялікім Кароне Польскай. I абставіны складваліся на карысць Вітаўта. Германскі імператар Сігізмунд I і сам Папа Рымскі Марцін V, шукаючы Вітаўтавай падтрымкі ў змаганні з гусіцкай Чэхіяй, прапанавалі яму каралеўскую карону. Аднак узмацненне ВКЛ было непрымальным для польскіх магнатаў і біскупаў. Яны зрабілі ўсё магчымае, каб карона, якую паслы везлі праз Польшчу не трапіла ў Вільню да дня каранацыі, назначанага на 8 верасня 1430 года. Цырымонія сарвалася.

Вітаўт, якому было ўжо 80 гадоў, упаў духам. Удар аказаўся для яго вельмі моцным. 3 кожным днём вялікі князь страчваў сілы. Час ужо быў супраць яго. I 27 лістапада ў родных Троках Вітаўт памёр, так і не ажыццявіўшы сваёй мары. Супярэчлівая асоба Вітаўта Вялікага, дзіўныя спляценні яго лёсу і сёння цікавяць яго нашчадкаў, якія жывуць у пяці розных краінах: Беларусі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Вобраз Вітаўта ажывае на палотнах знакамітых мастакоў, уражвае сваёй веліччу на старонках шматлікіх літаратурных твораў. Памяць аб ім захоўваюць старажытныя сцены Трокскага (зараз Тракайскага), Гродзенскага, Крэўскага, Віленскага замкаў, а прах – Віленскі кафедральны сабор. 

Падрыхтавала Н.Янушэвіч

Найважнейшыя дасягненні ў развіцці беларускай культуры адзначаны ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага. У прыватнасці, гэта адносіцца да фарміравання гуманістычнага і дэмакратычнага ідэалаў грамадскага жыцця.

Мікалай Гусоўскі (каля 1470 – пасля 1533) – паэт-гуманіст, прадстаўнік паэзіі эпохі Адраджэння. Нарадзіўся ў Гусаве – адным з беларускіх паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага. Мяркуюць, што бацька ягоны быў паляўнічым. Адукацыю атрымаў у адной з мясцовых кафедральных або царкоўнапрыходскіх школ, а паглыбляў веды ў Вільні, Польшчы і Італіі. Як чалавек высокай культуры паэт атрымаў доступ да двара вялікага князя. Пасля яго сталі прыцягваць для выканання важных дзяржаўных даручэнняў у складзе пасольскіх місій. Так паэт аказаўся ў Італіі, дзе вывучаў краіну, яе мову, культуру. Такім чынам, у цэнтры самай высокай і перадавой на той час культуры канчаткова фарміруюцца светапогляд і творчая індывідуальнасць Гусоўскага. У Рыме ён піша на лацінскай мове свой геніяльны твор «Песня пра зубра».

Гуманістычны ідэал найбольш поўна адбіў у сваёй творчасці Мікалай Гусоўскі. Змест яго твора «Песня пра зубра» адрозніваецца глыбокім філасофскім і сацыяльным гучаннем, у ім выразна праяўляецца вера ў дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага чалавека.

Мікалай Гусоўскі блізкі сучаснаму чытачу сваёй гарачай прыхільнасцю да ідэй міру, сяброўства і яднання народаў. Ён прызнаваў высакароднымі і законнымі абарончыя войны, але лічыў злачыннай і пагарджанай справай вайны захопніцкія і міжусобныя.

Дэмакратызм, прыхільнасць да ідэі народаўладдзя, імкненне сцвярджаць прававыя формы грамадскага жыцця беларусы праяўляюць ва ўсе перыяды сваёй гісторыі. Гэтая традыцыя была закладзена яшчэ старажытнымі продкамі. Сваё далейшае развіццё яна атрымала ў сацыяльна-палітычнай думцы і дзяржаўна-прававых інстытутах Вялікага Княства Літоўскага. Яркай спадчынай з'яўляюцца тры эпахальныя творы таго часу – прадмова Францыска Скарыны да Бібліі (1517–1522), Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588), асабліва трэцяя рэдакцыя з геніяльнымі прадмовамі Льва Сапегі, і трактат Андрэя Валана «Аб палітычнай, або грамадзянскай, свабодзе» (1572).

У прадмовах да выдадзеных Скарынам кніг ярка раскрыўся яго талент пісьменніка, філосафа і вучонага. Галоўны ўклад Скарыны ў фармаванне гуманістычнага і дэмакратычнага ідэалаў грамадскага жыцця беларусаў у тым, што ён упершыню ва ўсходнеславянскай культурнай традыцыі пазнаёміў сваіх суайчыннікаў на іх роднай мове з выдатным помнікам сусветнай культуры – Бібліяй. Як і іншыя мысліцелі Адраджэння, ён бачыў у біблейскіх кнігах творы чалавечага розуму і лічыў сваім абавязкам зрабіць іх даступнымі чалавеку для самастойнага вывучэння.

Выданне Бібліі на мове народа само па сабе станавілася магутным фактарам разняволення яго свядомасці і дэмакратызацыі грамадскага жыцця. Рэалізаваўшы дадзеную задачу, Скарына стаў самым яскравым прадстаўніком гуманістычнага і дэмакратычнага кірунку ў айчыннай, ды і ўсходнеславянскай у цэлым, грамадскай думкі. Яго літаратурная спадчына і дагэтуль з'яўляецца адной з найважнейшых крыніц фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў, а значыць, і беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі.

Ідэі Скарыны атрымалі сваё далейшае развіццё ў тэарэтычнай і практычнай дзейнасці такіх айчынных мысляроў, як Леў Сапега і Андрэй Волан.

Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551) – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, вучоны-медык. Нарадзіўся ў Полацку ў сям'і купца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Тут і ў Вільні, сталіцы ВКЛ, працягнуў навучанне, авалодаў латынню. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі. У Падуанскім універсітэце (Італія) атрымаў ступень доктара медыцыны. Падарожнічаў па краінах Еўропы, набыў агульнаеўрапейскую вядомасць. У Празе стварыў першае ў гісторыі беларускае выдавецтва. Там жа выдаў 23 кнігі Бібліі на роднай мове. У Вільні стварыў новае выдавецтва. Апошняя выдадзеная ім кніга – «Апостал».

Андрэй Волан (1530–1610) – палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, адзін з заснавальнікаў свецкага кірунку ў айчыннай сацыяльна-палітычнай думцы, ідэолаг руху Рэфармацыі ў Літве і Беларусі. Адукацыю атрымаў ва ўніверсітэтах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Выбіраўся ў сойм Рэчы Паспалітай, быў сакратаром у вялікага князя літоўскага і караля Польшчы. Унёс значны ўклад у развіццё айчыннай сацыяльна-палітычнай і прававой думкі. Аўтар каля 30 прац, у тым ліку «Аб палітычнай, або грамадзянскай, свабодзе», «Аб шчаслівым жыцці, або найвышэйшым чалавечым даброце», «Аб гасудары і ўласцівых яму дабрадзейнасцях».

Ён аналізаваў натуральныя правы людзей, праблемы свабоды, роўнасці і справядлівасці. Найважнейшым прыроджаным уласцівасцю чалавека Андрэй Волан лічыў імкненне да свабоды.

Леў Сапега (1557–1633) – палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Прадстаўнік старажытнага роду. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Выхоўваўся пры Нясвіжскім двары Мікалая Радзівіла Чорнага. Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. На працягу свайго жыцця займаў буйныя і самыя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: пісар пры княскім двары, падканцлер, канцлер, віленскі ваявода, гетман ВКЛ, кіраўнік пасольства Рэчы Паспалітай. З яго імем звязана падрыхтоўка і выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, да якога ён напісаў знакамітыя прадмовы.

З імем Льва Сапегі па праве звязваецца зацвярджэнне ў айчыннай палітычнай думцы і практыцы ідэі прававой дзяржавы, вяршэнства закона. Лёс народа, грамадства, на яго думку, павінен залежаць не ад асабістай волі кіраўніка дзяржавы, князя, караля, а ад сістэмы ўлады, заснаванай на падпарадкаванні ўсіх і ўся закону. У законе ён бачыў галоўны і асноўны сродак рэгулявання адносін паміж усімі членамі і пластамі грамадства, паміж інстытутамі дзяржавы і паміж уладай і народам. Закон закліканы вызначаць для ўсякага прадстаўніка ўлады рамкі ягоных дзеянняў, за якія ён не мае права выходзіць. Фундаментальна таксама ў палітыка-прававой тэорыі Сапегі паняцце «свабода». Сутнасць свабоды ён бачыў у неадчужальных правах чалавека на асабістую годнасць, здароўе, уласнасць, бяспеку, свабодны рэлігійны і палітычны выбар і інш. Гэтыя правы, па сцвярджэнні мысляра, павінны быць замацаваны законам. Асноўная ж задача любой дзяржаўнай структуры – забеспячэнне чалавеку гарантый яго правоў, а значыць, і свабоды. Шчаслівае грамадства – гэта такое грамадства, у якім пануюць і ўладай абаронены свабода чалавека, яго неад'емныя правы.