БиблиотекаПутешествие в прошлоеГiсторыя нашых продкаў

Гiсторыя нашых продкаў

Зараджэнне дзяржавы i права на сучасных землях Беларусi

У старажытныя часы на Беларусі жылі асобныя плямёны. З цягам часу дзеля сумеснага вядзення спраў, абароны, а таксама з  прычыны расслаення нашым продкам спатрэбілася арганізацыя адпаведных інстытутаў. Людзі аддалі частку сваёй натуральнай свабоды палітычнаму арганізму – дзяржаве, бо разумелі, што свабода кожнага з іх заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага.

У адпаведнасці з сучаснымі даследаваннямі на тэрыторыі, дзе мы цяпер з вамі жывём, – сучаснай Рэспублікі Беларусь – першая дзяржава ўзнікла яшчэ ў VI стагоддзі. Дзяржава прадугледжвала наяўнасць пэўнага парадку, а такі парадак магчыма было мець толькі пры наяўнасці абавязковых для ўсіх правілаў паводзін у грамадстве. Таму можна лічыць, што разам з дзяржавай пачало стварацца і права.

У старажытнасці існавала значная колькасць дзяржаў і княстваў на тэрыторыі Беларусі. Паміж імі часам адбываліся войны, часам яны сябравалі, князі шлюбавалі сваіх дачок і сыноў. Вынікам і войнаў, і сяброўства, і шлюбаў з’яўлялася аб’яднанне княстваў, якія потым маглі зноў драбіцца. Княствам кіраваў князь, якому ў кіраванні дапамагалі буйныя феадалы (савет пры князю, альбо рада). У многіх княствах народ мог кіраваць дзяржаўнымі справамі праз веча (“копа”, “сойм”). Часам веча магло выбраць ці выгнаць князя.

У старажытнасці права на Беларусі было звычаёвым, гэта значыць складалася з няпісаных правілаў паводзін, якія грунтаваліся на агульнапрынятасці і даўніне. Нормы звычаёвага права перадаваліся старэйшымі людзьмі і цяжка паддаваліся зменам. Таму пазней узнік зварот да ўлады: “не рухаць даўніну”. У розных мясцовасцях старажытнай Беларусі дзейнічала сваё звычаёвае права. Нават калі пазней з’яўляецца пісанае права, яно абапіраецца на звычаёвае права. Напрыклад, у законе 1387 года было запісана, што “на вайну ідуць усе мужчыны, здольныя насіць зброю... адпаведна старадаўняму звычаю”.

Утварэнне Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага - дзяржавы беларусаў

З цягам часу ішло развіццё гандлёвых адносін паміж беларускімі княствамі. Пашыралася практыка аб’яднання на падставе шлюбу. Адначасова з’явіліся знешнія падставы для ўтварэння адзінай магутнай дзяржавы: неабходнасць супрацьстаяць нападам крыжакоў і татара-манголаў. Пачатак стварэнню новай магутнай дзяржавы паклалі заходнія беларускія землі (Навагародская зямля). Спачатку гэта і было Навагародскае княства, якое пазней атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (далей - ВКЛ), ці скарочана Літва.

Сучасныя гісторыкі лічаць, што слова “Літоўскае” азначала спрадвечную тэрыторыю ад Навагародка да Менску і ад Слоніма да Маладзечна, “Рускае” – Полацкія землі, “Жамойцкае” – паўночна-заходнюю частку тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі. У перыяд свайго росквіту ВКЛ займала тэрыторыю каля 900 тысяч квадратных кіламетраў. Першапачатковай сталіцай быў Навагародак, а пазней - Вільня.

ВКЛ з’яўлялася шматнацыянальнай дзяржавай, але ў большасці сваёй гэта была беларуская дзяржаўнасць. Чаму? А таму, што палітычна-эканамічным цэнтрам яе былі беларускія землі, афіцыйнай мовай была мова нашых продкаў – старажытнабеларуская мова  і большасць валасцей былі беларускімі.

Дзяржаўны лад, судовая сiстэма i права феадальнай Беларусi

ВКЛ было феадальнай дзяржавай, першапачаткова ў форме раннефеадальнай манархіі, а пазней – прадстаўнічай манархіі.

У галаве дзяржавы стаяў вялікі князь (гаспадар), якому падпарадкоўваліся князі і іншыя феадалы, якія кіравалі асобнымі землямі. Як правіла, вялікі князь выбіраўся феадаламі з сыноў ці блізкіх родзічаў папярэдняга князя. Вялікі князь распараджаўся маёмасцю дзяржавы, ведаў міжнароднымі справамі, распараджаўся ўзброенымі сіламі дзяржавы, дараваў тытулы феадалам, быў заканадаўцам і суддзёй з асабістым правам памілавання. Паступова законы ВКЛ пачынаюць рэгламентаваць правы і абавязкі вялікага князя як вышэйшай службовай асобы. Калі вялікія князі пазней яшчэ былі і каралямі Польшчы і каралямі Рэчы Паспалітай, шляхта ВКЛ абавязвала іх не рабіць нічога кепскага супраць сваёй дзяржавы.

Рада ВКЛ (“паны-рада”) стварылася разам з утварэннем ВКЛ, а колькасць (20 - 60 чалавек) і назва “паноў-радных” у розныя часы была рознай. Гэты орган чымсьці нагадвае сучасны ўрад. Першым пасля вялікага князя ў дакументах упамінаўся галоўны епіскап дзяржавы – біскуп віленскі. Затым ішлі ваявода віленскі, маршалак земскі (спалучаў у сабе функцыі міністраў унутраных і замежных спраў, а таксама старшынстваваў на пасяджэннях рады і сейма), канцлер ВКЛ (начальнік канцылярыі дзяржавы, рыхтаваў усе дакументы, архіў і займаўся іншаземнымі справамі, быў галоўным рэдактарам заканадаўчых актаў), падскарбій (ведаў фінансамі), гетманы (выконвалі функцыі міністра абароны), прыдворныя чыны (мечнік, чашнік, лоўчы і іншыя), некаторыя ваяводы і старасты, асобы старажытназнатнага паходжання (Рурыкавічы, Гедымінычы). Слуцкі князь заўсёды меў права засядаць у Радзе. Паўнамоцтвы Рады былі падобнымі да паўнамоцтваў вялікага князя.

Сойм ВКЛ узнік са старажытных вечавых сходаў і паступова ўспрыняў іх кампетэнцыю (выбары князя, пытанні вайны і міру, падаткаў і іншыя). Сойм з цягам часу (да XVI стагоддзя) пераўтварыўся ў сапраўдны парламент (саслоўна-прадстаўнічы орган шляхты), што надало тагачаснай беларускай дзяржаве рысы дэмакратычнай дзяржавы. Шляхта на сваіх павятовых сходах выбірала па 2 дэлегаты на сойм. Галоўная функцыя сойма – заканадаўчая.

Пасля адміністрацыйных рэформ XVI стагоддзя на тэрыторыі ваяводстваў, паветаў і валасцей стварыліся прыкладна аднолькавыя органы кіравання. Галоўнай асобай ваяводства стаў ваявода, які прызначаўся пажыццёва з ліку буйных феадалаў. Галоўнымі службовымі асобамі ў паветах былі павятовыя старасты. У валасцях кіраванне адрознівалася. У валасцях з дзяржаўнымі маёнткамі вышэйшай службовай асобай быў дзяржаўца. У некаторых валасцях з ліку сялян прызначаліся сельскія войты. Некаторым валасцям па старажытным праве захавалі самакіраванне, якое гарантавалася граматамі вялікага князя.

Кіраванне гарадамі вялося па-рознаму, бо мноства гарадоў былі прыватнаўласніцкімі. З канца XIV стагоддзя на Беларусі пачало распаўсюджвацца самакіраванне гарадоў на ўзор нямецкага горада Магдэбург (магдэбургскае права). Першым такое права атрымала сталіца – Вільня (1387 год), потым Бярэсце (1390 год), Гародня (1391 год), Слуцк (1441 год), Полацк (1498 год), Менск (1499 год), Навагародак (1511 год), Магілёў (1577 год) Пінск (1581 год) і інш. У такіх гарадах маглі стварацца магістрат, ратушы. Галоўным органам самакіравання была рада на чале з войтам. Менавіта рада вызначала асноўныя накірункі развіцця горада. На жаль, самакіраванне ў беларускіх гарадах было скасавана з далучэннем іх да Расійскай імперыі.
У перыяд фарміравання дзяржавы ў ВКЛ судовыя функцыі выконвалі князь і яго службовыя асобы, а ў адносінах да простага насельніцтва – феадалы. У XVI стагоддзі была праведзена судовая рэформа, якая спрыяла частковаму аддзяленню суда ад адміністрацыі.

У XVI стагоддзі суды падзяляліся на цэнтральныя (вышэйшыя) суды дзяржавы і мясцовыя суды. Сістэма цэнтральных судоў будавалася наступным чынам: велікакняскі (гаспадарскі) суд, суд паноў-рады, камісарскі суд, соймавы суд, Галоўны Літоўскі трыбунал (паўгода засядаў у Вільні, паўгода у Навагародку ці Менску).

Мясцовыя суды падзяляліся паводле саслоўнага прынцыпу. Для шляхты дзейнічалі гродскі (замкавы) суд, земскі суд, падкаморскі суд (па зямельных спрэчках), каптуровы суд. Для сялян: суд уладальніка (вотчынны), копны суд. Гараджане судзіліся з уладальнікамі, князем, мясцовай адміністрацыяй, а з атрыманнем магдэбургскага права ствараліся войтаўска-лаўніцкі, бурмістарска-радзецкі, бурмістарскі суды. Дарэчы, лаўнікі былі прататыпам сучасных прысяжных засядацеляў у замежных краінах.

Права ВКЛ развівалася ў даволі прагрэсіўным накірунку, выкарыстоўваючы ўласныя дасягненні прававой думкі і сусветныя дасягненні таго часу. У аснову было пакладзена класічнае рымскае права. Выкарыстоўвалася і нямецкае права. Але галоўнай крыніцай для заканадаўцы было ўласнае звычаёвае, а потым і пісанае права.

Першыя пісаныя крыніцы права ВКЛ называліся граматамі, уставамі, ухваламі, лістамі, а пісаныя на латыні – прывілеямі. Самымі значнымі ў гісторыі развіцця беларускага права былі:

прывілеі вялікага князя Ягайлы 1387 года, фактычна накіраваныя на рэалізацыю палажэнняў Крэўскай уніі. Гэтыя граматы замацоўвалі прымус пераходу ў каталіцтва, бо гаварылася, што валодаць землямі і сялянамі ў ВКЛ змогуць толькі каталікі, забараняліся шлюбы паміж праваслаўнымі і каталікамі;

Гарадзельскія граматы 1413 года замацоўвалі палажэнні Гарадзельскай уніі;

Гродзенскія граматы 1432-1434 гадоў скасоўвалі дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскай уніі адносна праваслаўных феадалаў. Гаварылася, што з гэтага часу ўсе феадалы незалежна ад веравызнання будуць мець аднолькавыя правы ў дзяржаве;

грамата Казіміра 1447 года пацвярджала тэрытарыяльную цэласнасць ВКЛ. Гаварылася, што чужаземцы не маглі мець пасады і землі ў ВКЛ. Давалася права феадалам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, і яны вызваляліся ад шэрагу абавязкаў і падаткаў. Упершыню ўзаконьвалася судовая ўлада феадала ў адносінах да залежных людзей і рабіўся значны крок у запрыгоньванні сялян (забаранялася прымаць на свае землі велікакняскіх сялян, і наадварот). Утрымліваліся нормы аб эканамічных правах феадалаў (права валодання зямлёй і права распараджацца ёю з дазволу вялікага князя), аб праве жанчыны свабодна выходзіць замуж;

Судзебнік 1468 года ў асноўным змяшчаў нормы крымінальнага і працэсуальнага права. Гэта была першая спроба кадыфікацыі заканадаўства ВКЛ. У Судзебніку можна знайсці паняцце злачынства, нормы аб абмежаванні крымінальнай адказнасці непаўналетніх, спіс некаторых злачынстваў і пакарання за іх здзяйсненне. Мэтай пакарання было перш за ўсё запужванне;

прывілей Аляксандра 1492 года меў шмат нормаў канстытуцыйнага права. Было замацавана вяршэнства Рады пры вырашэнні дзяржаўных пытанняў. Гаварылася, што дзяржава ахоўвае ўсе прывілеі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, што ніводны чалавек не мог падвергнуцца пакаранню па завочным абвінавачванні ці па даносе, а толькі пры судовым разглядзе адпаведна закону і кожны адказвае за сябе. Міралюбівы характар палітыкі дзяржавы заключаўся ў норме, якая казала аб міралюбівым суіснаванні з суседзямі. Упершыню дзяржаўны скарб аддзяляўся ад велікакняскага. Вялікаму князю забаранялася ўзвышаць простых людзей над шляхтай;

Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў.

Для рэгламентацыі праваадносін цэнтра з пэўнай тэрыторыяй выдаваліся абласныя граматы. Напрыклад, Полацкая грамата 1511 года надавала гэтай зямлі наступныя правы: неўмяшанне князя ў царкоўныя справы палачан, князь абяцаў нікога не судзіць па завочным абвінавачванні, права ўласнага суда, права выбіраць свайго ваяводу, права гандлю па ўсёй дзяржаве, права выезду за межы дзяржавы, права распараджацца ўласнай маёмасцю з дазволу вялікага князя і г.д.

Сялянам даваліся валасныя граматы, якія рэгулявалі іх абавязкі, правы і падаткі (права на самакіраванне, на копны суд, сервітутныя правы). Гарадам на самакіраванне выдаваліся гарадскія граматы.

Статуты ВКЛ 1529,1566, 1588 гадоў - выдатныя помнiкi беларускага права ў Еўропе

С пачатку XVI стагоддзя пачалася праца над першым агульным зборам законаў дзяржавы. У 1529 годзе быў ухвалены Статут ВКЛ 1529 года. Лічыцца, што ў яго стварэнні ўдзельнічаў Францішак Скарына. У адрозненне ад папярэдняга заканадаўства тэкст Статута быў падзелены на раздзелы, артыкулы і напісаны на беларускай мове. Нормы дзяліліся па галінах права, і вучоныя лічаць Статут ВКЛ 1529 года першым кадыфікаваным законам такога ўзроўню ў Еўропе. Першыя тры яго раздзелы прысвечаны канстытуцыйнаму праву, што было вельмі прагрэсіўным для таго часу.

Пасля прыняцця Статута ВКЛ 1529 года шляхта патрабавала павелічэння сваіх правоў. У сувязі з гэтым у 1566 годзе быў прыняты новы Статут. Статут змяшчаў нормы аб абмежаванасці ўлады вялікага князя соймам. Упершыню ўсім феадалам дазвалялася распараджацца зямлёй. Шмат нормаў было прысвечана абавязацельнаму праву (дагаворы куплі-продажу, мены, дарэння і іншыя). Здзелкі больш за 10 капоў грошаў павінны былі заключацца ў пісьмовай форме, а здзелкі з нерухомасцю – фактычна ў натарыяльнай форме (у судовых кнігах земскіх судоў). У Статуце была зроблена спроба сфармуляваць прэзумпцыю невінаватасці і ўстаноўлена крымінальная адказнасць з 14 гадоў.

Рэформы, якія праводзіліся ў дзяржаве, запатрабавалі прыняцця новага статута. І адпаведная камісія была створана ўжо на Люблінскім сойме. Узначалілі камісію канцлер ВКЛ Яўстафій Валовіч і падканцлер ВКЛ Леў Сапега. Прывілеем Жыгімонта III 28 студзеня 1588 года Статут быў уведзены ў сілу і дзейнічаў на большай частцы тэрыторыі Беларусі амаль да сярэдзіны XIX стагоддзя. Некаторыя вучоныя лічаць Статут 1588 года сапраўднай Канстытуцыяй ВКЛ, ён увасобіў у сабе самыя прагрэсіўныя нормы тагачаснага права ў Еўропе. Статут быў прасякнуты ідэяй прававой дзяржавы. Па Статуце 1588 года бачны падзел улады на тры галіны: заканадаўчую – сойм, выканаўчую – вялікі князь і Рада, судовую – новая сістэма судоў (для шляхты). Замацоўваліся прынцыпы абмежаванасці ўлады гаспадара, адзінства права, вяршэнства закону, прыярытэту пісанага закону. Фактычна замацоўваўся суверэнітэт ВКЛ насуперак Люблінскай уніі. У Статуце ВКЛ 1588 года знайшлі адлюстраванне ідэі Рэфармацыі і рэнесанснага гуманізму. Заканадаўча была аформлена ідэя верацярпімасці і свабода веравызнання хрысціянскай рэлігіі. Абвяшчалася свабода перамяшчэння і выезду за мяжу, свабода выхаду замуж. За злачынствы супраць жанчыны прызначалася двайное пакаранне, а жанчыну нельга было караць смерцю. Упершыню на тэрыторыі Беларусі Статут ВКЛ 1588 года ўстанавіў узрост крымінальнай адказнасці - 16 гадоў. Упершыню за забойства простага чалавека шляхціч мог быць пакараны смерцю. Абмяжоўваўся тэрмін турэмнага зняволення. Працэсуальнае права набывае прагрэсіўныя рысы сучаснага, такія як вуснасць, галоснасць, спаборнасць працэсу з удзелам адваката, прэзумпцыя невінаватасці. Суддзі абавязкова павінны былі ведаць беларускую мову, інакш не выбіраліся шляхтай на пасаду.

Нягледзячы на прагрэсіўнасць статутаў, яны ўсё ж такі былі тыповымі феадальнымі законамі і былі скіраваны, перш за ўсё, на абарону правоў феадалаў і шляхты. Але гэтыя помнікі беларускага права ў мэтах запазычання асобных нормаў перакладаліся з беларускай мовы на польскую, нямецкую, украінскую і рускую (пры падрыхтоўцы Саборнага Улажэння).

Саюзныя адносiны з Польшчай

Беларусь заўжды была цэнтрам на шляху зносін у Еўропе. Таму наша дзяржава заўжды жадае мець сяброўскія адносіны з суседзямі. У феадальныя і новыя часы (з XIV стагоддзя) Беларусь мела вельмі шчыльныя сувязі з Польшчай. Дагэтуль, як гэта нярэдка бывае з братамі, ВКЛ часта ваявала з Польшчай. Але войны вяліся і з Тэўтонскім ордэнам, і з Масковіяй. Уній (саюзаў) было некалькі, але самымі значнымі з іх можна назваць Крэўскую унію 1385 года (падпісана ў мястэчку Крэва – цяпер вёска ў Смаргонскім раёне Беларусі), Гарадзельская унія 1413 года (падпісана ў замку Гарадло на рацэ Заходні Буг), Люблінская унія 1569 года (падпісана ў горадзе Любліне ў Польшчы), Берасцейская унія 1596 года (падпісана ў Берасці).

Крэўская унія была падпісана па прапанове польскага боку. Польскія паслы прыехалі ў радавы замак вялікага князя Ягайлы Крэва. Гэтая унія грунтавалася на шлюбе Ягайлы з каралевай Польшчы Ядвігай. Ягайла стаў каталіком Уладзіславам II – каралём Польшчы і пачаў акаталічванне ВКЛ. Такая палітыка прывяла да барацьбы, у выніку якой перамог новы вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Час праўлення Вітаўта лічыцца “залатым стагоддзем” у гісторыі беларускай дзяржавы. Разам польскія, беларускія і літоўскія харугвы 15 ліпеня 1410 года разбілі крыжакоў пад Грунвальдам, і з таго часу ваяўнічая нага немца не ступала на беларускую зямлю да 1914 года.

У 1413 годзе феадалы Польшчы і ВКЛ падпісалі новую унію, якая ўтрымлівала некаторыя адмоўныя для ВКЛ моманты: змяшчала палажэнні аб тым, што ВКЛ далучаецца да Польшчы, што толькі феадалы-каталікі маглі займаць пэўныя пасады, а таксама мець іншыя прывілеі ў ВКЛ. З’явілася норма аб тым, што новы вялікі князь выбіраўся са згоды польскіх феадалаў, а польскі кароль – са згоды феадалаў ВКЛ. Гэтая унія была скіравана супраць праваслаўнай часткі насельніцтва, але неўзабаве пры вялікім князі Свідрыгайле дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскай уніі былі скасаваны.

Калі жонкай польскага караля і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста была беларуска Барбара Радзівіл, дзяржава развівалася, але пасля яе нечаканай смерці для ВКЛ прыйшлі цяжкія гадзіны. У цяжкіх умовах ваенных дзеянняў супраць Расіі праходзіў сойм у Любліне. З-за нежадання феадалаў ВКЛ страціць незалежнасць сваёй радзімы Жыгімонт II Аўгуст ідзе на акт дзяржаўнай здрады. На працягу паўгоддзя ён далучае спрадвечна беларускія і ўкраінскія землі (Падляшша, Валыні, Падолля, Кіеўшчыны) да Польшчы. Феадалы ВКЛ вымушаны былі 1 ліпеня 1569 года падпісаць акт уніі. У выніку была створана адзіная дзяржава Рэч Паспалітая з адзінай грашовай сістэмай, заканадаўствам і арміяй. Але паступова дзяржава атрымоўвае рысы канфедэрацыі з асобнымі Польшчай і ВКЛ. Падкрэслівалася самастойнасць ВКЛ прыняццем Статута 1588 года.

Берасцейская унія была накіравана на аб’яднанне дзвюх галін хрысціянства: праваслаўя і каталіцтва. У яе выніку на тэрыторыі Беларусі і Украіны была ўтворана уніяцкая царква. Прызнаваліся догмы і агульнае кіраўніцтва каталіцтва, а богаслужэнне заставалася некаталіцкім. Многія мясцовыя праваслаўныя прыходы не прынялі Берасцейскую унію. Вядома паўстанне 1623 года ў Віцебску, у выніку якога быў забіты уніяцкі святар Іасафат Кунцэвіч. Пасля паўстання была прызнана наяўнасць трох галін хрысціянства ў ВКЛ: праваслаўе, каталіцтва і уніяцтва.

Зараджэнне юрыдычнай адукацыi на Беларусi

Жыццёвая неабходнасць эфектыўнага функцыянавання дзяржавы і грамадства, патрэбы законатворчай і правапрымяняльнай дзейнасці заўсёды стымулявалі навуковую дзейнасць у галіне права. Вытокі беларускай юрыдычнай навукі знаходзяцца ў далёкай старажытнасці. З узнікненнем дзяржаў і пісьменства на тэрыторыі Беларусі з’явілася і патрэба ў асаблівай групе людзей – тлумачальнікаў звычаяў і адначасова распрацоўшчыкаў новых нормаў. Пазней, калі старажытныя беларускія землі сталі палітыка-эканамічным цэнтрам буйной феадальнай дзяржавы – ВКЛ, узнікла і рэалізавалася неабходнасць у прафесійных юрыстах – суддзях, адвакатах і г.д. Асабліва гэта праявілася ў ХVI стагоддзі, калі ў дзяржаве прайшоў шэраг рэформ – зямельная, адміністрацыйна-тэрытарыяльная, судовая, адукацыйная і інш. Гэтаму працэсу асабліва садзейнічала і развіццё палітыка-прававой думкі, якая паслужыла тэарэтыка-ідэалагічнай падставай узнікнення новай, больш прагрэсіўнай грамадскай правасвядомасці. У ХVI стагоддзі шэраг знакамітых юрыстаў (Францішак Скарына, Міхалон Літвін, Сымон Будны, Андрэй Волан, Мікалай Радзівіл Чорны, Васіль Цяпінскі, Астафій Валовіч, Леў Сапега і іншыя) на падставе папярэдніх навуковых напрацовак даследавалі праблемы дзяржавы і права, выносілі прапановы па іх удасканаленні. Актывізацыя навуковай дзейнасці была выклікана практычнымі патрэбамі законатворчасці, што і знайшло адлюстраванне ў правядзенні на працягу ХVI стагоддзя некалькіх агульных кадыфікацый заканадаўства.

У ХVI стагоддзі на Беларусі сфарміравалася кола дзеячаў, якія імкнуліся аб’яднаць тэорыю юрыдычнай навукі з практыкай. Важным накірункам іх дзейнасці стала падрыхтоўка асобных нарматыўных актаў і кадыфікаванага заканадаўства. У гэтым плане асаблівае (у тым ліку і агульнаеўрапейскае) значэнне мела тэарэтычная і практычная дзейнасць Мікалая Радзівіла Чорнага і Астафія Валовіча па падрыхтоўцы і рэдагаванні Статута 1566 года, а таксама Астафія Валовіча і Льва Сапегі па падрыхтоўцы Статута 1588 года. Л. Сапега выступаў за юрыдычную адукацыю народа і менавіта з гэтай мэтай на свае сродкі выдаў Статут 1588 года друкаваным спосабам. Пашырэнне ў ХVI стагоддзі сферы прававога рэгулявання, а таксама рэформа судовай сістэмы, у выніку якой былі створаны выбарныя, аддзеленыя ад выканаўчай улады суды для шляхецкага саслоўя (узнік інстытут прафесійных суддзяў), павялічвалі патрэбу ў прафесійных юрыстах. Тым больш, што пачаў фарміравацца і інстытут прафесійнай адвакатуры.

Падрыхтоўка юрыдычных кадраў ішла рознымі шляхамі. Частку юрыстаў рыхтавалі заходнееўрапейскія (Балонскі, Вітэнбергскі, Кракаўскі, Падуанскі, Пражскі) універсітэты, дзе з сярэдзіны ХV стагоддзя павялічылася колькасць кафедраў рымскага права. З вяртаннем дыпламаваных спецыялістаў у ВКЛ прыўносіліся перадавыя прававыя ідэі.

Першай спецыяльнай юрыдычнай навучальнай установай у ВКЛ стала Святаянская школа цывільнага права, створаная ў Вільні ў 1566 годзе. Веды ў галіне права можна было атрымаць таксама ў кальвінісцкіх і арыянскіх школах, якія існавалі на Беларусі ў перыяд Рэфармацыі. У прыватнасці, права выкладалі ў Слуцкім кальвінісцкім вучылішчы, у арыянскіх школах у Іўі, Клецку, Койданаве, Любчы, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і іншых. Аднак гэтыя цэнтры падрыхтоўкі юрыстаў не маглі поўнасцю задаволіць патрэбу ў кадрах і таму апошнія рыхтаваліся ў прыватных школах (палестрах), гэта значыць праходзілі тэарэтыка-практычную падрыхтоўку ў вопытных юрыстаў-практыкаў.

Дзякуючы каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Баторыю на беларускіх землях у 1579 годзе была створана першая ўстанова вышэйшай адукацыі – Віленская езуіцкая акадэмія (вядомы як калегіум з 1570 года),  у якой вывучалася ў тым ліку і кананічнае права. Прывілей Стэфана Баторыя (зацверджаны 30 кастрычніка 1579 года булай папы Грыгорыя ХIII), якім калегіум быў ператвораны ў акадэмію, даў магчымасць прысвойваць вучоныя ступені, мець выбарную адміністрацыю, правы ўласнай юрысдыкцыі. Першым рэктарам акадэміі стаў ідэолаг Контррэфармацыі, знакаміты мысліцель Пётр Скарга. Акадэмія мела філасофскі і тэалагічны факультэты. На першым выкладаліся ўсе гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі таго часу: фізіка, метафізіка, матэматыка, логіка, рыторыка, паэтыка, геаграфія, старажытныя і новыя мовы; на другім – Свяшчэннае пісанне, тэалогія, казуістыка і кананічнае права. Вывучалася таксама беларуская мова. З 1641 года ў складзе акадэміі дзейнічаў юрыдычны факультэт. Яго заснавальнікам быў сын Льва Сапегі – Казімір Леў Сапега, падканцлер ВКЛ. Матэрыяльную падтрымку акадэміі аказвалі каталіцкая царква і мясцовыя феадалы.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза ў сваім прывілеі пацвердзіў усе правы, дадзеныя раней акадэміі, а таксама пажадаў, каб у ёй “публічна выкладаліся курсы кананічнага і цывільнага права і каб тым, хто праявіць сябе належным чынам падрыхтаваным па гэтых навуках, прысуджаліся ўсе навуковыя ступені, якія прысуджаюцца ў другіх акадэміях і універсітэтах”. Сярод найбольш вядомых выпускнікоў акадэміі – Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Мацей Сарбеўскі, Альберт Каяловіч, Аарон Алізароўскі.

У 1677 годзе заснавана кафедра палітыкі. Адкрыццё і дзейнасць юрыдычнага факультэта ў Віленскай езуіцкай акадэміі садзейнічала эфектыўнаму прававому рэгуляванню грамадскіх адносін у ВКЛ, стымулявала развіццё палітыка-прававой думкі.

З роспускам ордэна езуітаў Віленская езуіцкая акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі і ў 1781 годзе была пераўтворана ў Галоўную школу ВКЛ, пасля падзелу Рэчы Паспалітай – Галоўную Віленскую школу, а ў 1803 годзе – Віленскі ўніверсітэт. Ва ўніверсітэце дзейнічала чатыры факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурных і вольных мастацтваў. З яго сцен выйшлі такія вядомыя вучоныя, грамадскія дзеячы і пісьменнікі, як А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, Ю. Крашэўскі, І. Даніловіч, І. Дамейка, Т. Зан, Я. Чачот і інш. Ва ўніверсітэце ўзніклі тайныя таварыствы, ён стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстання  1830–1831 гадоў, у сувязі з чым у 1832 годзе па загаддзе расійскага імператара Мікалая I быў закрыты. Тым самым навуковыя даследаванні права на Беларусі часова былі прыпынены.

29 мая (10 чэрвеня) 1812 года у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума (сярэдняй навучальнай установы; існавала з 1580 года) была адкрыта Полацкая езуіцкая акадэмія – вышэйшая навучальная ўстанова, надзеленая правамі ўніверсітэта. Яна мела тры факультэты: філасофскі, тэалагічны, вольных навук, старажытных і сучасных моў. У 1820 годзе акадэмія была закрыта, частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ўніверсітэт.

Шмат зрабіла ў галіне адукацыі і навукі заснаваная ў 1770-я гады Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай – першае ў Еўропе міністэрства адукацыі. У склад яе ўваходзілі такія знакамітыя вучоныя і палітычныя дзеячы, як І. Храптовіч, Т. Патоцкі, М. Пачобут, Г. Калантай, Я. Снядэцкі. Заслугай яе з’яўляецца ў тым ліку і выданне васьмі тамоў «Валюміна легум» – храналагічнага збору законаў, соймавых пастаноў і іншых нарматыўных актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793–1795 гадоў. Вынікам узаемадзеяння навукі і практыкі стала прыняцце соймам Рэчы  Паспалітай у 1791 годзе «Закона аб урадзе», вядомага  як  Канстытуцыя  3 мая, якая з’яўлялася фактычна адной з першых канстытуцый у гісторыі чалавецтва.

Юрыдычныя праблемы, у тым ліку датычныя прававой гісторыі Беларусі, з часу закрыцця Віленскага ўніверсітэта даследаваліся ва ўніверсітэтах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы. Многія беларусы пакідалі Айчыну: выехалі ў заходнееўрапейскія краіны, у Расію, дзе атрымлівалі вышэйшую адукацыю і аддана служылі новай радзіме. Некаторыя з іх унеслі значны ўклад у развіццё расійскай прававой навукі (напрыклад, шырокавядомыя вучоныя У. Спасовіч і Л. Петражыцкі), іншыя ж пайшлі па шляху змагання супраць самаўладдзя. Так, адзін з прыхільнікаў рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй Кастусь Каліноўскі, які скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта і атрымаў ступень кандыдата права, стаў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1864 года ў Беларусі і  Літве.

Падзелы Рэчы Паспалiтай i далучэнне Беларусi да Расii

У XVI стагоддзі Рэч Паспалітая перажыла шэраг крызісаў, выкліканых войнамі, эпідэміяй, неўраджаямі. У XVIII стагоддзі дзяржава пачала паступова выбірацца з крызісу, але ў ёй узнікла палітычная нестабільнасць: адбываліся крывавыя сутычкі паміж буйнымі феадаламі, бунтавала сялянства, шляхта падзялілася па рэлігійнай прымеце. Нягледзячы на нормы статутаў, у Рэчы Паспалітай перавагу мела каталіцкая і уніяцкая цэрквы. Кароль Рэчы Паспалітай фактычна быў пазбаўлены ўлады: у Польшчы і ВКЛ дзейнічалі свае органы выканаўчай улады, сойм абмяжоўваў заканадаўчую ўладу караля. Ды і сам сойм не мог паспяхова працаваць з-за наяўнасці так званай liberum veto (“свабодная забарона”). Вета на законапраект мог накласці любы дэпутат.

Рэфармаванне ўлады пачаў кароль Станіслаў Панятоўскі. З 1764 года liberum veto не магло выкарыстоўвацца па пытаннях, якія тычыліся эканомікі дзяржавы, былі скасаваны наказы дэпутатам. Але рэфармаванне і далейшае развіццё Рэчы Паспалітай не ўваходзілі ў планы суседзяў, асабліва абсалютных манархій. З дапамогай Расійскай імперыі ў сойме ўздымаецца пытанне аб ураўненні ў правах з каталікамі прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. Сойм не прымае такі закон. Незадаволеныя прадстаўнікі адпаведных канфесій збіраюць сходы (канфедэрацыі): праваслаўныя – у Слуцку, пратэстанты – у Таруні. Пад іх націскам у 1768 годзе сойм прымае закон, але цяпер незадаволенымі былі каталікі, якія склікаюць сваю канфедэрацыю ў Бары, якая звяртаецца па дапамогу да Турцыі. Кароль вымушаны быў звярнуцца да Расіі, якая таго толькі і чакала. Расійскія войскі былі ўведзены на тэрыторыю Беларусі. Аўстрыя пад выглядам санітарнага кардону ўводзіць войскі на тэрыторыю Польшчы. Ёй дапамагае Прусія. Фактычна суседзі пачынаюць дзяліць краіну. У 1772 годзе Барская канфедэрацыя была разбіта, і Прусія, якая баялася, што ўсе землі адойдуць да Расіі, прапанавала план падзелу Рэчы Паспалітай паміж трыма дзяржавамі. 5 жніўня 1772 года ў Пецярбургу была падпісана Канвенцыя аб падзеле земляў Рэчы Паспалітай. Згодна з ёй паўночна-ўсходнія беларускія землі (Полацк, Магілёў і іншыя) былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. Насельніцтва павінна было прысягаць расійскай імператрыцы. На гэтых землях утвараліся Пскоўская і Магілёўская губерні, якія ўключаліся ў Беларускае генерал-губернатарства. У 1776 годзе з Пскоўскай была вылучана Полацкая губерня. Каталіцкай царкве даецца грамата на заснаванне беларускай каталіцкай епархіі з умовай не звяртаць у сваю веру праваслаўных. З гэтага часу пачынаецца добраахвотнае і прымусовае вяртанне насельніцтва ў праваслаўе.

Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай спрабуе спыніць паглынанне дзяржавы. Найбольш важныя рашэнні прымае “чатырохгадовы сойм” Рэчы Паспалітай (1788 - 1792 гады): дэклараванне суверэнітэту Рэчы Паспалітай і адхіленне “чужаземных гарантый” (расійскай “дапамогі”), Закон “Аб сейміках”,”Аб гарадах”.

Але вяршыняй заканадаўчай дзейнасці становіцца прыняцце 3 мая 1791 года Канстытуцыі. Канстытуцыя 3 мая, якая дзейнічала на большай частцы беларускіх зямель, была першай канстытуцыяй у Еўропе. Яна прызнавала непарушальнымі ўсе законы, прынятыя ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і Статуты ВКЛ. Пануючай абвяшчалася каталіцкая рэлігія. Гаварылася аб стварэнні адзінай унітарнай дзяржавы -  Рэчы Паспалітай. Каралеўская ўлада станавілася спадчыннай з выбарам караля соймам. Сойм складаўся з дзвюх палат: Палаты сенатараў (старшынствуе кароль) і Палаты паслоў. Рашэнні ў ім павінны былі прымацца большасцю галасоў (скасоўвалася liberum veto). Сойм ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю выканаўчай улады і мог выказваць вотум недаверу міністрам. Ствараўся вышэйшы выканаўчы орган – ахова правоў. Такая прагрэсіўная Канстытуцыя не прыйшлася да спадобы суседзям. Расія ўжо не шукала падстаў. Яна склікае Таргавіцкую канфедэрацыю і ўводзіць войскі на тэрыторыю незалежнай дзяржавы. У 1793 годзе ў Горадні склікаецца сойм, які пад прымусам расійскіх салдат адмяняе пастановы “чатырохгадовага сойму” і зацвярджае другі падзел Рэчы Паспалітай. Пад уладу Расійскай імперыі патрапіў цэнтр Беларусі (Менск, Бабруйск, Мазыр, Слуцк). На далучаных землях утвараецца Мінская губерня. У 1794 годзе ўводзіцца мяжа яўрэйскай аседласці.

Патрыятычныя колы шляхты і гараджан паўстаюць. На чале паўстання стаяў знакаміты сын беларускай зямлі Тадэвуш Бенавентура Касцюшка. Але паўстанне было задушана рускімі войскамі пад кіраўніцтвам Суворава. З падаўленнем паўстання ў 1795 годзе адбываецца апошні падзел Рэчы Паспалітай. У выніку ўсе беларускія землі (акрамя Беласточчыны, якую акупавала Прусія і якая вярнулася да сваіх братоў па Тэльзіцкім міры 1807 года) апынуліся ў Расійскай імперыі. Ствараюцца Віленская і Слонімская губерні.
Палітыка паланізацыі змянілася палітыкай русіфікацыі.

Беларусь у складзе Расiйскай iмперыi

У 1796 годзе расійскі імператар Павел I аб’яднаў Полацкую і Магілёўскую губерні ў Беларускую (цэнтр – Віцебск), а Слонімскую і Віленскую – у Літоўскую (цэнтр – Вільня). Але ў пачатку XIX стагоддзя яны зноў былі падзелены на Магілёўскую, Віцебскую і Віленскую, Гродзенскую адпаведна. Увесь гэты час захоўвалася Мінская губерня. На Беларусі было тры генерал-губернатарствы (Літоўскае, Мінскае, Беларускае). Іх узначальваў намеснік цара – генерал-губернатар, які наглядаў за парадкам. Галоўнай службовай асобай губерні быў губернатар, які прызначаўся царом і сенатам, меў шырокія паўнамоцтвы: адміністрацыйныя, судовыя, гаспадарчыя, фінансавыя, паліцэйскія. Пры губернатары дзейнічаў дарадча-выканаўчы орган – “губернское правление”, якое складалася з “общего присутствия” і “канцелярии”. Адным з важных органаў губерні была “казённая палата”, якая займалася гаспадарчай і фінансавай дзейнасцю, наглядала за своечасовым паступленнем падаткаў. Існавалі таксама “приказ общественного призрения”, “рекрутская управа”, “межевые конторы” і іншыя.

У паветах, якія называліся “уездами”, галоўнай адміністрацыйна-паліцэйскай установай быў ніжні земскі суд на чале з капітанам-іспраўнікам. У гарадах адміністрацыйныя функцыі выконваў гараднічы з іншымі службовымі асобамі.

Цэнтральныя суды ВКЛ былі ліквідаваны расійскай уладай. Галоўны Літоўскі трыбунал быў рэарганізаваны і дзейнічаў як апеляцыйная інстанцыя ў кожнай губерні. Абскардзіць яго рашэнні можна было ў Сенат Расійскай імперыі. У кожнай губерні існавалі маршалаўскія камісарскія суды, якія разглядалі скаргі на рашэнні падкаморскіх судоў. Мясцовыя суды былі трохі рэарганізаваны. Асноўным быў земскі павятовы суд, які разглядаў крымінальныя і некаторыя грамадзянскія справы. Зямельныя спрэчкі працягваў разглядаць падкаморскі суд. Дзейнічалі і гродскія суды. Для сялян існавалі верхняя і ніжняя расправы. Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830-1831 гадоў была ўстаноўлена расійская сістэма судоў з судаводствам на рускай мове.

Расійская ўлада прызнала правадзейнасць Статута ВКЛ 1588 года. Яго дзейнасць была скасавана толькі пры Мікалаі I у 1840 годзе. Дзейнічалі і некаторыя іншыя заканадаўчыя акты ВКЛ, але паступова ўводзілася заканадаўства Расійскай імперыі. Шляхта пераўтваралася ў дваранства і таму падпарадкоўвалася “Жалобной грамоте дворянству” 1785 года. Адначасова расійскі ўрад імкнуўся абмежаваць удзел беларускага дваранства ў кіраванні. Беларускае духавенства атрымоўвае амаль тыя ж правы, што і дваране. Паступова на беларускіх землях набывае перавагу праваслаўнае духавенства. У 1839 годзе скасоўваецца уніяцкая царква і нават рэгламентуецца крымінальная адказнасць за пераход з праваслаўя ў іншую рэлігію. Для сялян павышаецца памер паншчыны. З 30-х гадоў праводзіцца актыўная палітыка ўвядзення расійскага заканадаўства на Беларусі і гвалтоўная русіфікацыя. Былі прыняты царскі Указ ад 18 снежня 1842 года “О преобразовании Северо-западных губерний” і заканадаўчы акт ад 20 студзеня 1848 года, якім была прыпынена дзейнасць камітэта па справах заходніх губерняў. Забараняецца афіцыйнае ўжыванне назваў “Беларусь” і “Літва”. Гэта ўсё паступова павінна было прывесці да разбурэння беларускай дзяржаўнасці.

На Беларусі былі праведзены наступныя буржуазныя рэформы:

-    сялянская 1861 года (скасаванне прыгоннага права, вызваленне асобы селяніна; рэформа выклікала паўстанне сялянства на чале з Кастусём Каліноўскім у 1863 годзе);

-    земская рэформа на Беларусі адбылася ў 1911 годзе (утвараліся земствы – органы мясцовага самакіравання ў губернях і паветах);

-    гарадская рэформа праводзілася на Беларусі ў 1875 годзе (уводзілася гарадское самакіраванне, якое выбіралася ўсім насельніцтвам горада: гарадская дума; выканаўчым органам была гарадская ўправа);

-    судовая рэформа праводзілася на Беларусі абмежавана (падставай для рэформы сталі чатыры судовыя ўставы; уводзіліся галоснасць працэсу з удзелам адваката, суд прысяжных, у 1872 годзе – міравыя суды, у 1882 годзе – акруговыя суды).

Спробы аднаўлення дзяржаўнасцi на Беларусi

Пачатак XX стагоддзя прынёс рэвалюцыйны ўздым у Расійскай імперыі. Спробы правесці рэформы па дэмакратызацыі дзяржаўных інстытутаў не дапамаглі захаваць уладу цару. У перыяд Лютаўскай рэвалюцыі дзейнічае Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сакавіку 1917 года на з’ездзе беларускіх грамадскіх арганізацый ствараецца Беларускі нацыянальны камітэт з мэтай кансалідацыі нацыянальна-вызваленчага руху. Да верасня 1917 года Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў быў “бальшавізаваны”. Утвараецца Вялікая Беларуская Рада. Уздымаецца пытанне аб самавызначэнні Беларусі ў форме самастойнай дзяржавы. У кастрычніку адбываецца рэвалюцыя ў Петраградзе. У тых падзеях прымаюць удзел і беларусы.  У рабоце II Усерасійскага з’езда Саветаў удзельнічаў 51 беларус (з іх 24 бальшавікі). 25 кастрычніка Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў выдае загад № 1 аб пераходзе ўлады ў яго рукі. На Беларусі была ўсталявана савецкая ўлада, гэта значыць, што кіраўніцтва справамі на тэрыторыі нашай краіны было перададзена Саветам дэпутатаў. У снежні 1917 года адкрываецца I Усебеларускі з’езд (кангрэс), на якім была прадстаўлена большасць насельніцтва і партый Беларусі. З’езд павінен быў вырашыць пытанне аб форме самавызначэння Беларусі і аб тым, каму будзе належыць улада. Але ўначы з 17 на 18 снежня Савет народных камісараў абласнога выканкама Заходняй вобласці і фронту распусціў з’езд.

Увогуле трэба памятаць, што паслякастрычніцкі час быў надвычай складаным для насельніцтва Беларусі. Улада змянялася вельмі часта. Гэтыя падзеі выдатна паказаў Янка Купала ў сваім творы “Тутэйшыя”.

Перад акупацыяй Мінска нямецкімі войскамі ў лютым 1918 года з горада эвакуіраваўся абласны выканкам Заходняй вобласці і фронту. Створаны выканкам Савета Усебеларускага з’езда выдаў указ аб тым, што бярэ ўладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 года, калі немцы і палякі былі ўжо ў Мінску, выканкам звярнуўся да народаў Беларусі са статутнай граматай, у якой гаварылася аб праве Беларусі на самавызначэнне і аб стварэнні часовага ўрада. 9 сакавіка 1918 года выдаецца другая статутная грамата, у якой Беларусь абвяшчаецца Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР), а выканкам пераўтвараецца ў Раду БНР. Выданая 25 сакавіка 1918 трэцяя статутная грамата абвясціла незалежнасць БНР ад Расіі. Незалежнасць Беларусі не адпавядала інтарэсам Расіі, Літвы, Польшчы і Украіны, якія мелі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі. З прыходам Чырвонай арміі Рада БНР ад’язджае ў эміграцыю.

24 снежня 1918 года Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову “Аб абвяшчэнні БССР” і даручыў гэтай працэдурай займацца Паўночна-Заходняму абкаму партыі. 30-31 снежня 1918 г. у Смаленску праходзіць VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая перайменавала сябе ў I з’езд КП(б)Б. З’езд прымае рэзалюцыю “Аб стварэнні БССР”. Асноўным ядром БССР абвяшчаюцца Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Віцебская і Смаленская губерні, а таксама суседнія тэрыторыі, якія былі населены пераважна беларусамі (але не ўсе гэтыя землі перадаюцца ўрадам Р.С.Ф.С.Р.). Быў створаны першы савецкі ўрад БССР – Часовы рабоча-сялянскі ўрад. 1 студзеня 1919 г. урад выдае Маніфест, які абвяшчае аб перадачы ўсёй улады Саветам. Гаварылася пра нацыяналізацыю зямлі, банкаў, прамысловасці, аб 8-гадзінным рабочым дні. Рада БНР абвяшчалася па-за законам.

У сувязі з магчымасцю новай акупацыі Беларусі, а таксама з-за гістарычнай агульнасці двух народаў на I з’ездзе Саветаў БССР 2-3 лютага 1919 г. прымаецца рашэнне аб аб’яднанні БССР і Літоўскай ССР у адзіную рэспубліку ЛітБелССР. У той жа час 3 лютага 1919 г. прымаецца Канстытуцыя БССР, а дзяржава ў ёй называецца Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусія. Зацвярджаюцца яе сцяг і герб. У якасці дэкларацыі да першай беларускай савецкай Канстытуцыі выступала ленінская дэкларацыя працоўнага і эксплуатуемага народа. Канстытуцыя ўтрымлівала нормы аб адмене прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці, аб вышэйшых органах дзяржаўнай улады рэспублікі (з’езд Саветаў С.С.Р.Б., Цэнтральны выканаўчы камітэт – ЦВК, Вялікі Прэзідыум ЦВК, Малы Прэзідыум ЦВК), аб аддзяленні царквы ад дзяржавы, школы ад царквы і іншыя. Абвяшчаўся прынцып: “непрацоўны – не есць”.

Датай утварэння ЛітБел лічыцца 27 лютага 1919 г., калі прайшло сумеснае пасяджэнне ЦВК Літвы і Беларусі. На гэтым пасяджэнні былі створаны на ўзор Р.С.Ф.С.Р. Савет народных камісараў (СНК) і наркаматы. У СНК ЛітБел не было ніводнага беларуса. Новы ўрад выкарыстоўвае заканадаўчыя акты Р.С.Ф.С.Р. і нават выдае свае. Ідзе праца над стварэннем Канстытуцыі ЛітБел. Аб марыянетачным характары новаўтворанай дзяржавы сведчыць тое, што рашэнне аб яе ліквідацыі прымаецца ў Маскве, аб чым у ліпені 1919 года ў Мінску паведамляе І.В. Сталін. Тэрыторыі Беларусі зноў пагражае акупацыя, але ўжо з боку Польшчы, якая жадае аднавіць канфедэрацыю двух народаў у межах Рэчы Паспалітай 1772 года. Мінскі губернскі рэвалюцыйны камітэт абвяшчае сябе адзіным органам улады на неакупаванай тэрыторыі.

11 ліпеня 1920 г. у Мінск зноў увайшлі войскі Чырвонай арміі. Праз дзень у Маскве заключаецца мірны дагавор паміж Р.С.Ф.С.Р. і Літоўскай Рэспублікай (буржуазнай), у выніку якога Літве адыходзяць спрадвечна беларускія землі без згоды на тое саміх беларусаў. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску прымаецца дэкларацыя “Аб абвяшчэнні незалежнасці С.С.Р.Б. (аб узнаўленні БССР)”. У дэкларацыі мяжа БССР на захадзе праходзіла па этнаграфічнай мяжы беларусаў, а на ўсходзе – па дамоўленасці з савецкімі рэспублікамі. Абвяшчаліся дзяржаўнымі 4 мовы (беларуская, польская, руская, яўрэйская). Дзеля ўзнаўлення дзяржавы і парушанай гаспадаркі склікаецца II з’езд Саветаў С.С.Р.Б. Акрамя іншых пытанняў на з’ездзе была дапоўнена Канстытуцыя 1919 года. Больш поўна быў рэгламентаваны прававы статус вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання. Утвараўся ўрад у выглядзе СНК. Узначаліў першы ўрад беларус А.Р. Чарвякоў.

Узаемадзеянне С.С.Р.Б. i Р.С.Ф.С.Р.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусія заставалася ў складзе Р.С.Ф.С.Р. і называлася Паўночна-Заходнім краем, ці Заходняй вобласцю (камунай). Але паступова адносіны змяняюцца.
Пасля заключэння пагаднення паміж Р.С.Ф.С.Р. і Польшчай тэрыторыя С.С.Р.Б. складалася толькі з 6 паветаў: Мінскага, Слуцкага, Барысаўскага, Мазырскага, Бабруйскага, Ігуменскага.

У лістападзе 1920 года на III з’ездзе КП(б)Б у Менску была прынята рэзалюцыя аб узаемаадносінах С.С.Р.Б. і Р.С.Ф.С.Р., дзе гаварылася, што “Белоруссия, являясь Советской Социалистической Республикой, одновременно является составной частью Р.С.Ф.С.Р.” У адной з рэзалюцый X з’езда РКП(б) таго часу гаварылася, што “БССР в Федерации занимает промежуточное положение между Украиной и Туркменией”. Намаганнямі савецкіх рэспублік прымаюцца рабоча-сялянскія дагаворы паміж імі і Расіяй, дзе ўдакладняюцца правамоцтвы рэспублік. З С.С.Р.Б. такі дагавор быў заключаны 16 студзеня 1921 г. У ім гаварылася, што дзве рэспублікі ўступаюць у ваенны і гаспадарчы саюз і з гэтай мэтай аб’ядноўваюцца 7 наркаматаў (ваенных і марскіх спраў, Вышэйшы Савет Народнай гаспадаркі, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошт і тэлеграфаў). Гэтыя наркаматы ўваходзілі ў склад СНК Р.С.Ф.С.Р., а ў С.С.Р.Б. мелі толькі сваіх упаўнаважаных. Дагавор быў падпісаны на дзвюх мовах (беларускай і рускай) і насіў характар міжнароднага, бо падлягаў ратыфікацыі ў кожнай з краін. У 1921 годзе ў Маскве пачало дзейнічаць Паўнамоцнае прадстаўніцтва С.С.Р.Б.

14 снежня 1922 г. IV з’езд Саветаў С.С.Р.Б. прымае рашэнне аб неабходнасці аб’яднання з іншымі савецкімі рэспублікамі. І 30 снежня 1922 г. шляхам падпісання адпаведнага дагавора ўтвараецца Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у склад якога ўваходзіць БССР.

Кіраўніцтва Беларусі ўносіць прапановы па вяртанні страчаных зямель. У 1924 годзе адбываецца першае ўзбуйненне: з Віцебскай губерні вяртаюцца 8 паветаў: Віцебскі, Полацкі, Сенненскі, Суражскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Аршанскі, з Гомельскай – 6 паветаў: Клімавіцкі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Магілёўскі, Чэрыкаўскі, Чавускі, з Смаленскай – 18 валасцей з Горацкага і Мсціслаўскага паветаў. У 1926 годзе па просьбе ўрада БССР былі вернуты Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Тэрыторыя БССР склала 126 000 квадратных кіламетраў.
У 1938 годзе ў БССР быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на вобласці і раёны.

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка - суб’ект міжнароднага права

Са стварэннем у 1944 годзе наркамата замежных спраў БССР змагла выйсці на новы, міжнародны ўзровень. Менавіта наша дзяржава разам з СССР і Украінай стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных нацый у 1945 годзе. Паступова БССР становіцца ўдзельніцай іншых міжнародных арганізацый і міжнародных дагавораў і пагадненняў.

Развіццё права ў Беларусі працягвалася. У сакавіку 1946 года СНК БССР быў пераўтвораны ў Савет Міністраў, а наркаматы – у міністэрствы. Тады ж Вярхоўны Савет БССР прыняў новае Палажэнне аб выбарах у Вярхоўны Савет. Цяпер кандыдат у дэпутаты павінен быў дасягнуць 21 года. У снежні 1951 года быў зменены Дзяржаўны сцяг: даданы зялёны колер.

Неўзабаве было адноўлена права грамадзян на водпуск. Узнавіўся даваенны рэжым рабочага часу. Але толькі ў 1956 годзе было адноўлена права работніка скасаваць працоўны дагавор.

У 1947 годзе быў забаронены шлюб грамадзян СССР з іншаземцамі. У тым жа годзе была адменена смяротная кара. Вышэйшай мерай пакарання было пазбаўленне волі на 25 гадоў. Але ў 1950 годзе смяротнае пакаранне ўзнавілі ў адносінах да здраднікаў Радзімы, а яшчэ праз 4 гады распаўсюдзілі яго на асоб, якія здзейснілі цяжкія наўмысныя злачынствы з абцяжарваючымі абставінамі.

З канца 1950-х гадоў рэспублікі СССР атрымоўваюць права прымаць рэспубліканскія кодэксы на падставе Асноў заканадаўства СССР. Прымаюцца новыя Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Грамадзянскі і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы БССР.

У 1967 годзе рабочыя і служачыя пераводзяцца на пяцідзённы працоўны тыдзень. А ў 1972 годзе прымаецца Кодэкс БССР законаў аб працы. У 1978 годзе на падставе прынятай у 1977 годзе Канстытуцыі СССР прымаецца Канстытуцыя – Асноўны Закон БССР. У ёй захоўваецца кіруючая роля Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, рэгламентуецца прававы статус вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, а таксама права і абавязкі грамадзян. Апошнія збольшага з’яўляюцца дэкларатыўнымі.

Палiтыка беларусiзацыi ў 20-я гады XX стагоддзя

Палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Беларусі атрымала назву палітыкі беларусізацыі. Палітыка праводзілася пад кіраўніцтвам ЦК КПБ. З 1920 года адкрываюцца курсы беларускай мовы і беларусазнаўства. Паступова наркаматы пераходзяць на беларускую мову ў справаводстве (першым – наркамат земляробства, затым асветы і замежных спраў). Вялікі ўклад у справу беларусізацыі зрабіў заснаваны ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1922 годзе ўтвараецца Інстытут беларускай культуры, які пазней пераўтвараецца ў Акадэмію навук БССР.

Асноўны змест палітыкі беларусізацыі - гэта развіццё не толькі беларускай культуры і мовы, але таксама культур і моў нацыянальных меншасцей, забеспячэнне іх правоў. Пікам беларусізацыі стала пастанова ЦВК БССР ад 15 ліпеня 1924 г. “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”. Абвяшчаліся чатыры раўнапраўныя мовы, але перавага належала беларускай мове. Кожнаму грамадзяніну належала права карыстацца сваёй роднай мовай пры зносінах з начальнікамі. Усе ўстановы павінны былі перайсці на беларускую мову ў справаводстве, але даваўся пэўны тэрмін (1-3 гады). Пры гэтым у кожнай такой установе павінны былі быць супрацоўнікі, якія валодалі польскай і яўрэйскай мовамі. Абавязкова вывучалася беларуская мова, геаграфія, гісторыя і эканоміка Беларусі. Палітыка беларусізацыі ўключала і палітыку “каранізацыі” – выхаванне нацыянальных кадраў з карэннага насельніцтва. У 1928 годзе ў БССР 80 % школ былі беларускамоўнымі, 80 % кіраўнікоў перайшло на беларускую мову. Рэспубліканскія нарматыўныя прававыя акты выходзілі на чатырох дзяржаўных мовах.

Але ў канцы 1920-х гадоў пачынаецца адваротная палітыка барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам. Забараняюцца тэрмін “беларусізацыя” і беларуская мова. Толькі ў студзені 1941 года ЦК КПБ прымае пастанову “Аб вывучэнні беларускай мовы ў ВНУ, тэхнікумах і школах”.

Права Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi да вайны

Даваеннае заканадаўства БССР развівалася на падставе тых мэт, якія ставіла савецкая ўлада. Пэўны час на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі заканадаўчыя акты Р.С.Ф.С.Р. Так, пастановамі ЦВК БССР на тэрыторыі БССР былі ўведзены ў сілу Грамадзянскі, Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Р.С.Ф.С.Р. 1923 года, Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны кодэксы Р.С.Ф.С.Р. 1922 года. У некаторых заканадаўчых актах Р.С.Ф.С.Р. (напрыклад, Кодэксе законаў аб працы 1922 года) мелася агаворка аб тым, што яны дзейнічаюць на тэрыторыі ўсіх савецкіх рэспублік. Пасля ўтварэння СССР на тэрыторыі БССР сталі дзейнічаць заканадаўчыя акты новай дзяржавы.

11 красавіка 1927 г. на VIII Усебеларускім з’ездзе Саветаў прымаецца другая Канстытуцыя БССР. Гэта было выклікана прыняццем Канстытуцыі СССР 1924 года, у які ўваходзіла ў той час наша дзяржава. Такі працяглы час прыняцця звязаны з доўгім абмеркаваннем праекта (у ім знаходзілі ідэі нацыянал-дэмакратызму) і ўзбуйненнем тэрыторыі БССР. Новым было абвяшчэнне ўваходжання ў склад СССР (з правам свабоднага выхаду), савецкай федэрацыі, суверэнітэце БССР, суверэнных правах БССР (грамадзянства, тэрыторыя, органы, прыманне сваіх законаў), нормы аб выбарчым праве. Былі замацаваны чатыры дзяржаўныя мовы і сталіца БССР – горад Мінск.

У сувязі з прыняццем новай саюзнай канстытуцыі ў 1936 годзе 15 лютага 1937 г. на XII Усебеларускім з’ездзе Саветаў была ўхвалена трэцяя Канстытуцыя – Асноўны Закон БССР. Адбыліся змены ў органах дзяржаўнага кіравання. Упершыню ідзе гаворка аб Вярхоўным Савеце БССР. Выбарчае права “на паперы” абвяшчалася ўсеагульным, роўным, прамым з тайным галасаваннем. Права выбіраць і права быць абраным належала асобам з 18 гадоў. Саветы перайменаваны ў Саветы працоўных дэпутатаў. У Канстытуцыі ўпершыню замацоўвалася кіруючая роля камуністычнай партыі, гэта значыць складвалася аднапартыйная палітычная сістэма. Абавязак грамадзян працаваць заменены правам на працу. З’яўляюцца права на адукацыю, на матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці. Уводзілася бясплатная адукацыя ў школе на працягу 7 класаў. Недатыкальнасць асобы грамадзяніна стала канстытуцыйнай нормай. Захоўваўся воінскі абавязак. Грамадзяне таксама былі абавязаны захоўваць і ўмацоўваць сацыялістычную ўласнасць, выконваць законы СССР і БССР, сумленна ставіцца да грамадзянскага абавязку і паважаць правілы сацыялістычнага жыцця.

Разгледзім некаторыя тагачасныя нормы грамадзянскага і крымінальнага права. Аб’ектам спадчыны не магла быць капіталістычная ўласнасць, а толькі працоўная ўласнасць да 10 000 тагачасных рублёў. Царкоўны шлюб быў заменены рэгістрацыяй шлюбу ў органах загса. Пазашлюбныя дзеці прыраўноўваліся да тых, якія былі народжаны ў шлюбе.

Самымі цяжкімі злачынствамі лічыліся дзяржаўныя. Ужо тады гаварылася аб смяротным пакаранні як аб надзвычайнай меры пакарання. Неўзабаве забаранілі прымяненне смяротнага пакарання да асоб, якім на момант здзяйснення злачынства не споўнілася 18 гадоў. З 1923 года з’явілася забарона караць смерцю цяжарных жанчын. Для падлеткаў 14-16 гадоў пакаранне памяншалася напалову, для падлеткаў 16-18 гадоў – на трэць. У 1928 годзе ў БССР быў прыняты новы Крымінальны кодэкс. У ім злачынствы падзяляліся на дзве асноўныя групы: злачынствы супраць асноў савецкага ладу і іншыя. У той час мерамі пакарання былі: аб’яўленне ворагам працоўных з пазбаўленнем грамадзянства СССР, БССР і выгнаннем за межы дзяржавы, пазбаўленне волі са строгай ізаляцыяй, без строгай ізаляцыі, прымусовая праца без ізаляцыі, поўнае альбо частковае пазбаўленне правоў, высылка з СССР, ссылка (высылка), грамадзянскае ганьбаванне, канфіскацыя маёмасці, штраф, папярэджанне і іншыя. Вышэйшай мерай пакарання быў расстрэл. Паступова ў Кодэкс уводзіліся артыкулы, якія сведчылі аб узмацненні рэпрэсіўнай палітыкі дзяржавы (адказнасць за невыкананне пастаноў і правіл калектывізацыі сельскай гаспадаркі, за агітацыю і прапаганду супраць калектывізацыі, за дробны крадзеж маёмасці, за здраду Радзіме). У 1935 годзе быў зніжаны ўзрост крымінальнай адказнасці да 12 гадоў за крадзеж, цяжкія пашкоджанні, забойства і да т.п. Была вызначана крымінальная адказнасць не толькі злачынцы, але і членаў яго сям’і. У 1940 годзе ўводзіцца крымінальная адказнасць за парушэнне працоўнай дысцыпліны.

Негатыўныя нормы з’яўляюцца і ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве. Уводзіцца спрошчанае і паскоранае судаводства. Некаторыя справы дазваляецца разглядаць без удзелу пракурора і адваката, ствараюцца спецыяльныя органы для разгляду крымінальных спраў (“двойкі”, “тройкі”), у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі камуністычнай партыі і органаў дзяржаўнай бяспекі, адмяняюцца хадайніцтвы аб памілаванні, рашэнні аб вышэйшай меры пакарання выконваюцца неадкладна. Створаныя яшчэ пасля рэвалюцыі органы надзвычайнай камісіі (“чэкісты”) паступова рэарганізуюцца, і ў 1934 годзе ўтвараецца наркамат унутраных спраў (НКУС). У яго кампетэнцыю ўваходзяць дзяржаўная бяспека, грамадзянскі парадак, пагранічная і ўнутраная ахова. Пазней гэтаму камісарыяту падпарадкоўваецца Галоўнае кіраўніцтва папраўча-працоўных лагераў (ГУЛАГ).

Беларусь у Вялiкай Айчыннай вайне

22 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі вераломна напалі на СССР. У першыя ж дні вайны масіраваныя ўдары былі нанесены па 26 аэрадромах, знішчана больш за 500 самалётаў на зямлі і больш за 200 - у паветры. Да 26 чэрвеня 1941 г. усе тры арміі Заходняга фронту апынуліся ў катле паміж Беластокам і Мінскам. Увечары 28 чэрвеня фашысты ўварваліся на мінскія вуліцы. Пачалася перабудова савецкага дзяржаўнага апарата на ваенны лад.

 30 чэрвеня 1941 г. утвараецца надзвычайны орган на чале з І.В. Сталіным – Дзяржаўны камітэт абароны. Ствараецца кіраўніцтва франтамі і арміямі, а таксама дадатковыя наркаматы: танкавай прамысловасці, боепрыпасаў, мінамётнага ўзбраення і іншыя. Пры СНК СССР ствараецца савет па эвакуацыі, камітэт па размеркаванні рабочай сілы, Савецкае інфармацыйнае бюро. Пазней для кіраўніцтва партызанскім рухам створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху і Штаб партызанскага руху на Беларусі. У гэты час прымаецца шмат заканадаўчых актаў ваеннага часу: “Аб ваенна-мабілізацыйнай рабоце” (і жанчыны, і падлеткі збіраліся на будаўніцтва абарончых збудаванняў), “Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войскаў” (пытанні дыверсіі і разведкі), “Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партарганізацый на Беларусі”. Устанаўліваецца крымінальная адказнасць за пашырэнне лжывых чутак, за адмову выконваць працоўную павіннасць, за адмову здаць радыёпрыёмнік.

Уся тэрыторыя Беларусі апынулася ў акупацыі. У адпаведнасці з планам “Барбароса” тэрыторыя нашай краіны павінна была быць падзелена на некалькі частак: паўднёвыя раёны Гомельскай, Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей уключаліся у Рэйхскамісарыят Украіна, Беластоцкая і частка Баранавіцкай вобласці – у акругу Беласток Усходняй Прусіі, Ашмянскі, Свірскі і Відзаўскі раёны – у Генеральную акругу Літва, тэрыторыя на ўсход ад лініі Полацк - Барысаў - Бярэзіна - возера Чырвонае лічылася вобласцю аховы тылу групы арміі Цэнтр.

Астатняя (трэцяя частка БССР) стала Генеральнай акругай Беларусь. Функцыямі нямецкай адміністрацыі былі эканамічная эксплуатацыя Беларусі і ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. Пад кіраўніцтвам нямецкай цывільнай адміністрацыі ствараліся органы самакіравання, як правіла, з мясцовых жыхароў (гарадскія ўправы, раённыя, павятовыя і валасныя ўправы). У вёсках прызначаліся старасты, у некаторых – солтысы, войты. Ваенна-адміністрацыйнае кіраванне было сканцэнтравана ў руках камандзіра 707-й пяхотнай дывізіі.

Акупацыйны рэжым быў сістэмай палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага ладу, дзяржаўнасці, на рабаванне нацыянальных багаццяў, на зняволенне і знішчэнне людзей. У план “Барбароса” ўваходзіла навядзенне “новага парадку” і знішчэнне пэўнай колькасці насельніцтва (у Беларусі - на 75 % за 30 гадоў). Дзеля гэтага на Беларусі працавалі “лагеры смерці”, турмы, гета, праводзіліся карныя аперацыі.

Немцы спрабавалі стварыць на тэрыторыі Беларусі прафашысцкія нацыянальныя арганізацыі: Беларуская народная самадапамога, Саюз беларускай моладзі, Беларуская рада даверу пры Генеральным камісарыяце Беларусь, Беларуская цэнтральная рада.

Але беларусы не здаваліся. У канцы 1942 года 30 % Беларусі кантралявалі партызаны. З дапамогай Чырвонай арміі і “рэйкавай вайны” сілы фашыстаў саслабелі. 30 верасня 1943 г. Чырвоная армія выйшла да межаў БССР. 26 лістапада 1943 г. быў вызвалены Гомель. Пасля зімовага перапынку 23 чэрвеня 1944 г. пачалася аперацыя “Багратыён”, у выніку якой праз месяц была вызвалена Беларусь (3 ліпеня – Мінск, 28 ліпеня Брэст).

Адразу пасля вызвалення Гомеля туды пераязджае Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР і іншыя дзяржаўныя ўстановы. І ў сакавіку 1944 года адбываецца першая пасляваенная сесія Вярхоўнага Савета БССР. Менавіта на ёй прымаецца рашэнне аб стварэнні саюзна-рэспубліканскіх наркаматаў абароны і замежных спраў. Ішла паступовая адбудова гаспадаркі Беларусі. У заходняй частцы БССР праводзіцца прымусовая калектывізацыя і ідзе высяленне кулакоў.

Вяртанне Заходняй Беларусi

Па Рыжскім мірным дагаворы 1921 года да Польшчы адышла значная частка заходнебеларускіх зямель (Гродзенская губерня, усходнія раёны Віленскай і заходнія раёны Мінскай губерняў), якія атрымалі назву Заходняй Беларусі. У адпаведнасці з дагаворам урад Польшчы павінен быў даць беларускаму і ўкраінскаму насельніцтву “ўсе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў”. Аднак гэтыя абавязацельствы не выконваліся. Польскі ўрад пачаў засяляць гэтыя землі асаднікамі – былымі афіцэрамі і унтэр-афіцэрамі, якім адводзіліся вялікія зямельныя надзелы і даваліся грашовыя сродкі.

Адначасова ажыццяўлялася гвалтоўная паланізацыя беларускага насельніцтва: закрываліся існаваўшыя дагэтуль беларускія школы, гімназіі, настаўніцкія семінарыі, спынялася выданне беларускіх газет і часопісаў, забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання.

На гэтай частцы Беларусі дзейнічала польскае заканадаўства і стваралася адпаведная сістэма мясцовага самакіравання. Дзейнічалі міравыя суды.

На землях Заходняй Беларусі пачаўся рух супраць прыгнёту буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Рух быў як падпольным (камуністычныя сілы), так і легальным (па выніках выбараў 1922 года ў сейме ўтварылася беларуская нацыянальная фракцыя з 11 дэпутатаў). Польскія ўлады жорстка распраўляліся з удзельнікамі партызанскага руху. Дзейнічалі надзвычайныя суды і лютавалі карныя экспедыцыі. Быў створаны канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Насельніцтва БССР было салідарна са сваімі братамі на Захадзе. Па ініцыятыве бальшавікоў многія прадпрыемствы і ўстановы БССР выступалі з патрабаваннямі да польскіх улад спыніць тэрор у Заходняй Беларусі.

23 жніўня 1939 г. СССР і Германія заключаюць Пакт аб ненападзе, больш вядомы як Пакт Молатава - Рыбентропа. Пакт быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, паводле якіх тэрыторыя Польшчы і шэрагу іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь, такім чынам, была аднесена да сферы інтарэсаў СССР.

1 верасня 1939 г. фашысцкая Германія напала на Польшчу, распачаўшы тым самым Другую сусветную вайну. Фашысцкія войскі хутка рухаліся да мяжы з Савецкім Саюзам. Вялікабрытанія і Францыя не прыйшлі на дапамогу Польшчы, з якой мелі адпаведныя дагаворы.

Раніцай 17 верасня 1939 г., калі ўрад Польшчы эміграваў у Румынію, Савецкі ўрад аддаў распараджэнне Чырвонай арміі перайсці савецка-польскую мяжу. Насельніцтва Заходняй Беларусі з радасцю і надзеяй сустракала Чырвоную армію. У гарадах узніклі часовыя ўпраўленні (з прадстаўнікамі Чырвонай арміі), якія бралі ў свае рукі кіраванне ўсім палітычным, гаспадарчым і культурным жыццём. У вёсках з’явіліся сялянскія камітэты, якія займаліся размеркаваннем памешчыцкіх зямель і інвентару сярод сельскага насельніцтва. Да 25 верасня была  занята  ўся  Заходняя  Беларусь (лінія Гродна - Ялаўка - Няміраў - Брэст). Мяжа  была замацавана ў Дагаворы  аб  дружбе  і граніцы  паміж  СССР  і  Германіяй  ад  28 верасня 1939 года.

У хуткім часе Масква перадала беларускі Віленскі край (у якім жыло менш за 5 % літоўцаў) буржуазнай Літве.

Тым часам у Заходняй Беларусі ішла пабудова савецкага ладу. 22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны Сход. Яго пасяджэнне адбылося ў Беластоку. Было вырашана пытанне аб уваходзе Заходняй Беларусі ў склад БССР, што было ўхвалена 2 лістапада 1939 г. на сесіі Вярхоўнага Савета СССР.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей – Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая. Ствараліся адпаведныя органы ўлады. У канцы 1940 года насельніцтва Беларусі склала 10 мільёнаў чалавек.

Выхад з Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і сучасная Рэспубліка Беларусь

27 ліпеня 1990 года на хвалі ўздыму нацыянальнай самасвядомасці ва ўсіх пятнаццаці рэспубліках СССР Вярхоўны Савет БССР ухваляе Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. БССР абвяшчалася суверэннай дзяржавай. Уласнасцю беларускага народа абвяшчаліся зямля, яе нетры, іншыя прыродныя рэсурсы на тэрыторыі Беларусі, паветраная прастора. На тэрыторыі Беларусі ўстанаўлівалася вяршэнства Канстытуцыі БССР (Рэспублікі Беларусь) і яе законаў. Дзяржава абвяшчалася прававой з раздзяленнем улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

У жніўні 1991 года ў Маскве адбываецца путч наменклатуры, які церпіць паражэнне. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надае Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону. З гэтага моманту спыніць працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці стала немагчымым. 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР пераймяноўвае дзяржаву ў Рэспубліку Беларусь (скарочана – Беларусь) і пастанаўляе транслітарыраваць такім чынам назву на ўсе мовы свету. У той жа дзень у якасці Дзяржаўнага сцяга быў абраны старажытны бел-чырвона-белы сцяг, а Дзяржаўнага герба – “Пагоня”.  8 снежня 1991 года у Віскулях (Белавежская пушча) кіраўнікамі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Украіны быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэты дагавор ставіў кропку ў справе аднаўлення незалежнасці. 10 снежня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб дэнансацыі Дагавора 1922 года аб стварэнні СССР.

25 снежня 1991 года Прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў у тэлезвароце аб’явіў аб скасаванні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Была перагорнута новая старонка ў гісторыі дзяржавы і права Беларусі, у якую і сёння ўпісваюцца ўсё новыя і новыя радкі.

У 90-я гады XX стагоддзя дзяржава пачала амаль з нуля развіваць айчыннае заканадаўства. Такое развіццё было накіравана, перш за ўсё, на прывядзенне нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі права. Заключаюцца дагаворы аб добрасуседстве, дагаворы аб міжнароднай прававой дапамозе па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах і шмат іншых міжнародных дагавораў.

Сярод новых заканадаўчых актаў у сферы грамадзянскага права адзначым:

-    Закон “Аб уласнасці” 1990 года (устанавіў кола ўладальнікаў, формы ўласнасці, аб’екты ўласнасці, падставы ўзнікнення права ўласнасці і прынцыпы яго абароны; суб’ектамі абвяшчаліся фізічныя і юрыдычныя асобы, а таксама дзяржава; прызнавалася існаванне ўласнасці замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый; з’явілася прыватная форма ўласнасці);

-    Закон “Аб арэндзе” 1990 года (арэнда дапускаецца ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і ў дачыненні да ўсіх формаў уласнасці);

-    Закон “Аб прадпрыемстве” 1990 года (накіраваны на падтрымку самастойнасці прадпрыемстваў, рэгуляваў адносіны паміж прадпрыемствамі і органамі дзяржаўнага кіравання);

-    Законы “Аб інвестыцыйнай дзейнасці” і “Аб замежных інвестыцыях” 1991 года (рэгулявалі пытанні прыцягнення грашовых сродкаў у эканоміку маладой краіны);

-    Закон “Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю” 1992 года (дазволіў ствараць юрыдычныя асобы ў новых арганізацыйна-прававых формах);

-    Закон “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці” 1993 года.

15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў першую Канстытуцыю Беларусі пасля аднаўлення незалежнасці. Яна грунтуецца на шматвяковай гісторыі нашага народа і змяшчае прынцыпы, якія былі раней у статутах ВКЛ і заканадаўстве часоў БССР. У 1996 годзе ў яе тэкст былі ўнесены значныя змяненні. У выніку стварылася новая сістэма вышэйшых органаў дзяржавы: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дзвюхпалатны Парламент - Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь (Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі), Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і судовая ўлада (Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і суды агульнай юрысдыкцыі, Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды). Па гэтай Канстытуцыі мы жывём з вамі і сёння.

На рэферэндуме 1995 года былі прыняты Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь. А з 2002 года наша дзяржава мае новы тэкст Дзяржаўнага гімна.

Значныя змяненні ўносіліся ва ўсе дзеючыя кодэксы. Прымаюцца ЗаконыАб калектыўных дагаворах”, “Аб прафесійных саюзах”, “Аб прадпрымальніцтве”, “Аб абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Развіццё заканадаўства ішло і шляхам прывядзення яго ў адпаведнасць з дзеючай Канстытуцыяй.

Пасля станаўлення прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь пачалася кадыфікацыя нарматыўных прававых актаў. Сёння дзейнічаюць распрацаваныя вучонымі-юрыстамі і практыкамі Беларусі Грамадзянскі кодэкс, Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, Гаспадарчы працэсуальны кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Інвестыцыйны кодэкс, Мытны кодэкс, Працоўны кодэкс, Крымінальны кодэкс, Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Крымінальна-выканаўчы кодэкс, Выбарчы кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс аб зямлі, Жыллёвы кодэкс, Кодэкс гандлёвага мараплавання, Лясны кодэкс, Паветраны кодэкс, Кодэкс аб нетрах, Водны кодэкс, Кодэкс унутранага воднага транспарту, Падатковы кодэкс (Агульная частка), Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

Вы можете прислать нам свой вопрос. Для этого необходимо зарегистрироваться на сайте.