Дадатковы набор на вакантныя бюджэтныя месцы абвешчаны ў некаторых ВНУ

Апошні шанц трапіцьь на «бюджэт». Адпаведную інфармацыю трэба шукаць на сайтах вышэйшых навучальных устаноў.

Образование

Напрыклад, у Мазырскім педагагічным універсітэце на спецыяльнасці «Матэматыка. Інфарматыка» засталіся свабодныя сем месцаў. 15 бюджэтных месцаў чакаюць абітурыентаў на спецыяльнасці «Біялогія. Хімія» і адно месца — на спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя».

Тыя, хто мае атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору (залаты ці сярэбраны медаль) або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета залічваюцца на педспецыяльнасці без сертыфікатаў ЦТ.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны працягнуты набор на спецыяльнасці «Фізіка» (навукова-педагагічная дзейнасць) — шэсць месцаў і «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» (англійская) — два месцы.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце чакаюць абітурыентаў на трох спецыяльнасцях: «Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў» (тэхналогія і менеджмент) — 11 месцаў, «Вытворчасць адзення, абутку і скургалантарэйных вырабаў» — восем месцаў і «Метралогія, стандартызацыя і сертыфікацыя» (у лёгкай прамысловасці) — чатыры месцы.

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце не запоўніліся бюджэтныя месцы на спецыяльнасці «Геаэкалогія».

Вакантныя бюджэтныя месцы засталіся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце — на спецыяльнасцях аграбіялагічнага профілю.

У Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце плануецца дадатковы набор на вакантныя бюджэтныя месцы на спецыяльнасцях «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» і «Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы». Працягнуты набор і ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Таксама да 9 жніўня працягваецца набор на платную форму навучання ў ВНУ. Тым, хто вырашыць вучыцца платна, трэба мець на ўвазе, што кошт навучання ў новым навучальным годзе павысіцца.

Як паведаміў у эфіры праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ Міністр адукацыі Ігар Карпенка, з 1 верасня плата за навучанне ў вышэйшых навучальных установах падымецца на 10 %. Ён удакладніў, што апошнім разам кошт павялічвалі ў сакавіку 2020 года. За гэты час падняліся базавая стаўка, мінімальная заработная плата, павысіліся тарыфы на камунальныя і іншыя паслугі, таму павышэнне цалкам абгрунтаванае.

Опубликовано:
4 августа 2021
Просмотров:
4664
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь