Шчасце – не ў грошах, ва ўменні траціць іх рацыянальна. Як навучыць гэтаму дзіця?

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць, што такое грошы і навошта яны патрэбны? Адкуль бяруцца ў сям'і? На што бацькі іх трацяць? Як збіраюць? І навошта? Дзіця можна і трэба вучыць карыстацца фінансамі рацыянальна. І для таго, каб гэта зрабіць, неабходна выдаваць яму кішэнныя грошы, бо навучыцца правільна распараджацца сродкамі, не маючы ўласных, проста немагчыма.

Многія бацькі лічаць, што гэта бессэнсоўнае выкарыстанне іх бюджэту, бо дзіця выдаткуе грошы толькі на забаўкі, пры гэтым яшчэ стане капрызным і распешчаным. «Не зарабляе – не ведае, як дастаюцца грошы, значыць, не будзе цаніць іх». А дарма. Такія думкі ўзнікаюць толькі тады, калі ў бацькоў няма дакладнага ўяўлення, як навучыць малое правільна абыходзіцца з грашыма. А гэтыя веды проста неабходныя. Бо каб быць паспяховымі ў жыцці, не менш важна ўжо з ранніх гадоў разумець, якую карысць могуць прынесці веды ў галіне фінансаў.

Калі ж трэба пачынаць навучаць дзіця адказнаму стаўленню да грошай?

Чым раней, тым лепш, сыходзяцца ў меркаванні псіхолагі. І важна не проста казаць, але і дазваляць дзіцяці распараджацца грашыма. Пачынаць прывіваць уменні рацыянальнай траты грошай і навыкі зберажэння лепш за ўсё з 5 гадоў. Па даных даследаванняў, дзеці фарміруюць асабістую мадэль трат і назапашванняў ужо да гэтага ўзросту. Таму калі не закласці асновы фінансавай падрыхтоўкі ў раннім дзяцінстве, то ў будучыні могуць узнікнуць праблемы ў абыходжанні з грашыма.

Для пачатку дарослым неабходна паведаміць дзіцяці, як фарміруецца сямейны бюджэт. Растлумачыць, што яны аплачваюць камунальныя паслугі, ежу, машыну, адзенне. Бо пераважная частка сродкаў ідзе менавіта на гэтыя патрэбы. Акрамя таго, дзіця павінна разумець, адкуль бяруцца грошы на яго кішэнныя выдаткі. Растлумачце, што дзеля гэтага бацькам трэба працаваць. Таксама паведаміце, што вы чакаеце ад яго рацыянальнага карыстання сродкамі, якія выдаткоўваюцца . Напрыклад, такія штодзённыя справы, як паход у краму, могуць стаць выдатным спосабам прадэманстраваць дзіцяці, як трэба абыходзіцца з грашыма. Гэта навучыць планаванню, эканоміі і пошуку лепшай цаны. Гэтак жа вучыце параўноўваць цэны. Паказвайце, што колькі каштуе, каб дзіця магло арыентавацца ў тым, што даражэйшае, а што таннейшае. Таму часцей бярыце малое з сабой у крамына шопінг.

Правільнае рашэнне – гэта выдзяленне дзіцяці рэгулярнай сумы на абеды ў школе, пачастункі, дробныя пакупкі. Не варта выдзяляць занадта вялікія сумы, якія перавышаюць яго штодзённыя патрэбы.

Першае, што павінна разумець дзіця, – гэта розніца паміж неабходнымі выдаткамі і выдаткамі дзеля задавальнення. Для гэтага абмяркуйце з малым, што яно хоча і што сапраўды важней за ўсё на дадзены момант. Давайце дзіцяці манеты і купюры, каб яно вучылася адкладаць грошы на свае патрэбы: манеты – на дробныя выдаткі, а купюры – на буйныя пакупкі.

Для пачатку дзіцяці 6-7 гадоў можна выдаваць пэўную суму на адзін дзень. Пасля таго, як яно засвоіць, як трэба абыходзіцца з гэтымі грашыма, можна выдаваць грошы на 2-3 дні, а потым і на ўвесь тыдзень. Такім чынам, дзіця навучыцца само разлічваць, якую суму мае і колькі можа выдаткаваць. Раз на паўгода можна выдаваць буйную суму ў якасці падарунка. Галоўнае – сума не павінна перавышаць кішэнных расходаў за 6 месяцаў. Гэта дапаможа дзіцяці адчуваць сябе больш упэўнена. Акрамя таго, з'явіцца магчымасць набыць нешта істотнае без вымушанай эканоміі.

Навучыце дзяцей ставіць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя мэты, дапамагайце вызначаць іх. Гэта значыць, колькі можна выдаткаваць на забаўкі, а колькі адкласці на іншыя, больш важныя пакупкі. Навучыце планаваць свае даходы і выдаткі. Памятайце: калі вы выдаяце грошы рэгулярна, то дзіця хутчэй навучыцца планаванню. Будзе лепш, назначыць дзень выдачы грошай і пэўную суму (напрыклад, панядзелак) і заўсёды прытрымвацца гэтага. Вы можаце выдаваць грошы наяўнымі альбо наладзіць плацеж на банкаўскую карту – гэтая схема больш падыдзе для падлеткаў. Вырашыце самі, якую суму трэба выдзяляць на кішэнныя выдаткі, бо самы прыдатны варыянт для вашай сям'і зможаце абраць толькі вы.

Дзеці павінны разумець, што грошы маюць каштоўнасць, і калі іх траціш, то яны знікаюць з кашалька. Гэта значыць, чым больш траціш, тым менш застаецца!

Навучыце адкладаць частку кішэнных грошай, калі дзіця марыць набыць нешта, што перавышае памеры штодзённых кішэнных грошай. Напрыклад, гэта можа быць пэўны працэнт ад кожнай траты або ад кожнага грашовага паступлення.

Дзецям ва ўзросце 10-11 гадоў можна выдаваць кішэнныя грошы на цэлы месяц. Гэтак жа растлумачце, што не варта траціць выдаткаваную суму адразу. «Бо калі сёння патраціш усё, а заўтра ці паслязаўтра раптам захочаш нешта яшчэ, то давядзецца чакаць месяц. Але, калі ўжо адбылася такая сітуацыя і дзіця патраціла ўсю суму, то не ідзіце ў яго на повадзе: не пазычайце і не давайце грошы раней за пазначаную дату. Для дзіцяці гэта будзе добрым досведам у будучыні.

Забаронена выкарыстоўваць грошы як сродак маніпуляцыі. Недапушчальна казаць: «Калі будзеш так сябе паводзіць, грошай больш не атрымаеш». Задача кішэнных грошай – асвоіць фінансавую адукаванасць. Грошы не павінны быць сродкам пакарання.

Гэтак жа раскажыце пра рацыянальныя і бессэнсоўныя выдаткі. Гэта дапаможа прадухіліць шкодныя і непатрэбныя на дадзены момант пакупкі. Калі дзіця карыстаецца спецыяльнай банкаўскай карткай, то вы можаце адсачыць выдаткі, усталяваўшы ліміт штодзённых пакупак.

Часам могуць узнікнуць цяжкасці ў сямейным бюджэце. Калі адбылася такая праблема, не трэба замоўчваць. Дзіця павінна разумець, напрыклад, чаму адкладаецца выплата штотыднёвай сумы ці чаму трэба яе скараціць. Не выдумляйце неіснуючых прычын, скажыце ўсё як ёсць.

Псіхолагі не рэкамендуюць ужываць выраз: «Мы не можам сабе гэтага дазволіць». Для дзіцяці гэта азначае «мы бедныя» і з'яўляецца прычынай для турботы. Лепш казаць так: «Мы не можам купіць гэта зараз. Але абавязкова купім іншым разам...»

Магчыма, у самым пачатку дзіцяці будзе складана рацыянальна планаваць свае выдаткі. Таму бацькі ў гэтым пытанні павінны быць цярплівымі і разумнымі. Будзе значна лепш, калі дзіця асвоіць фінансавую адукаванасць менавіта зараз, у дзяцінстве. Бо чым раней яно атрымае навыкі абыходжання з грашыма, тым лягчэй будзе ў дарослым жыцці. Фінансавая адукаванасць патрэбна менавіта для таго, каб навучыцца правільна размяркоўваць грошы, планаваць выдаткі, а таксама прывыкаць да адказнасці і самастойнасці.

Алена Шаўчэнка, «Звязда», 16 лютага 2022 г.