И ясный день, и будущего свет...

Все народы имеют право на самоопределение. В силу этого права они свободно устанавливают свой политический статус и свободно обеспечивают свое экономическое, социальное и культурное развитие

Международный пакт о гражданских и политических правах, статья 1.

Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
З той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў, —
Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне паслухаць, дай!
Як на лад пявучы
Старажытнай мовы
Тут гамоняць пушчы,
Там шумяць дубровы, —
Дай жа мне паслухаць, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы — пры зорах,
Раніцой — пры сонцы, —
Дай жа мне прайсціся, дай!
Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!

Коротко об авторе

Гилевич Нил Семенович (1931 года рождения) — белорусский поэт, переводчик, общественный деятель. Автор поэтических сборников “Песня ў дарогу”, “Прадвесне ідзе па зямлі”, “Неспакой”, “ Бальшак”, “А дзе ж тая крынічанька”, “У добрай згодзе”, “Незалежнасць”, “Жыта, сосны і валуны”.
Частка трэцяя
             I
Гэй вы, вечныя

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?

Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, не скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бежыце ўдалечыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад светлую Дзвіну.
Край мой родны! Дзе ж у свеце
Край другі такі знайсці,
Дзе б магла так, поруч з смеццем,
Гожасць пышная ўзрасці?
Дзе бы вобруку з галечай
Расквітнеў багацтва цуд
І дзе б з долі чалавечай
Насмяяліся, як тут?.. <…>

Родны край! у божа імя,
У чэсць косцелаў, царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа выйшла трасяніны —
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў “айцы” дубінай
Заганялі нас у рай! <…>

Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
І лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,
Будаваў астрог народу
І барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
І без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў. <…>

Эх, чаго нам ні прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?

Коротко об авторе
Якуб Колас (Мицкевич Константин Михайлович, 1882—1956 годы) — великий белорусский поэт, прозаик, драматург, ученый, педагог, общественный деятель, классик белорусской литературы. Народный поэт Беларуси, академик Академии наук БССР. Заслуженный деятель науки. Дважды лауреат Государственных премий СССР.
Автор трилогии “На ростанях”, поэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, повестей “На прасторах жыцця”, “Дрыгва”, популярных стихотворений. Его имя присвоено Минскому полиграфическому комбинату, Институту языкознания Академии наук Беларуси, Витебскому драматическому театру.
Калі гаварыць аб незалежнасці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г. д. — усе яны маюць права на гэта, усіх іможна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізічна, ці маральна, і незалежнасць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх спрэчак. Так ці іначай яны мусяць, яны будуць мець раней ці пазней сваё дзяржаўнае незалежнае існаванне.
А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці... Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.
Чаму гэта так?
Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расійскага лагеру. Беларуская дзяржаўнасць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княства. Геаграфічнае палажэнне Беларусі таксама не горшае, як у людзей, ну хоць бы як палажэнне Швейцарыі. Мы крыху адсунуты ад мора, але і Швейцарыя не мае мора. Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?
А гэта вось чаму.
Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.
Для пабудавання вялікай Польшчы “ад мора да мора” трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.
Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання.
А Беларусь, як і кожная іншая дзяржава, мае права і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі.
Што яна павінна такой стацца, за гэта гавораць яе мінуўшчына, яе цяпершчына.
Нікому не сакрэт, што жыць на свеце беларусам было і ёсць найцяжэй, як усім іншым народам, і ўсё дзякуючы няшчаснай залежнасці ад нашых мацнейшых суседзяў. Але разбяром па парадку.
Пасля уніі з Польшчай Вялікага Літоўска-Беларускага княства, калі беларуская культура высока трымала свой сцяг у родным краю, — гэта культура пачала выціскацца польскім панаваннем. Беларускае баярства, за польскія шляхоцкія значкі і цёплыя каля трона месцы, пачало выракацца ўсяго свайго роднага, беларускага і перакульвацца на старану чужую, польскую. Забылася баярства на звычай і абычай беларускі, на сваю гісторыю, мову, літаратуру. Дзе больш званілі золатам, там вышэйшыя станы тагачаснага грамадзянства і служылі, і прадавалі сябе, свой народ, сваю бацькаўшчыну.
Так было і так ёсць заўсёды. Вышэйшыя, багацейшыя станы грамадзянства за бліск золата ідуць к дужым, пакідаючы сваіх браццяў слабейшых на здзек і паняверку. I зрабілася на Беларусі пасля уніі з Польшчай тое, чаго і трэ было чакаць. Масы, народ земляробны, асталіся беларусамі, а іх баярства, вышэйшыя станы сталіся палякамі. Такім чынам, двор сам па сабе як бы аддзяліўся ад вёскі. Беларускі пан зрабіўся чужым для беларускага селяніна. Беларускае баярства сталася чужацкім на сваёй беларускай зямлі. Тыя самыя людзі, толькі багацейшыя, пачалі гаварыць рознымі языкамі, і сягодня яны паміж сабой нічога супольнага не маюць. Двор глядзіць на селяніна, як на “люд рускі”, як на быдла, над каторым можна толькі стаяць з бізуном эканомскім, а вёска глядзіць на пана, як на прыблуду з чужацкай стараны, які захапіў яго, селяніна, зямлю ды йшчэ здзекуецца над ім самім.
Пасля уніі з Польшчай прыйшла на Беларусь апека маскоўская. Цары нагналі ўсялякіх чыноў, запрудзілі край усялякай маскоўскай чорнай галытнёй, якая тут толькі аб адным дбала, каб як цяплей пагрэць рукі ды захапіць “маёнтак”. Але аб беларусу-селяніне, аб беларусу-грамадзяніне ніхто і не падумаў. Прыбыла толькі к польска-панскаму бізуну чыноўніцка-жандарская нагайка.
Залежнасць ад Польшчы змянілася залежнасцяй ад Масквы, а на лепшае нічога не змянілася. Маскоўскі чыноўнік, таксама як і польскі пан, глядзеў на беларуса як на “скот” (той — як на “быдло”). I ніхто з гэтых апекуноў нават і пальцам не кіўнуў у той бок, каб палепшыць жыццё беларуса, каб падбаць аб яго родным краю.
I адны, і другія глядзелі скоса на Беларусь, глядзелі то як на “крэсы”, то як на “окраину”, і больш нічога.
А беларус стагнаў і стагнаў.
3 гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылазе.
I вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.
Край наш сам па сабе багаты, толькі чужыя гаспадары яго знішчылі. Зямлі маем шмат, лесу яшчэ болей; маем вялікія рэкі, азёры, чыгункі, багатыя месты, а ў іх фабрыкі, заводы, ды і шмат іншага дабра. К таму ж на лік мы народ вялікі — каля 12 мільёнаў. Гэта не тое, што якая-небудзь там Швейцарыя, Данія ці Грэцыя!
Дык чаму ж нам, браты беларусы, не дамагацца сваёй дзяржаўнай незалежнасці?
Мы павінны яе дамагацца і мірна, і з аружжам у руках, бо жыццё не чакае і ворагі нашы не дрэмлюць.

Коротко об авторе
Янка Купала (Луцевич Иван Доминикович, 1882—1942 годы) — великий белорусский поэт, драматург, переводчик, классик белорусской литературы. Народный поэт Беларуси, академик Академии наук БССР.
Автор поэм “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Сон на кургане”, “Над ракой Арэсай”, комедий “Паўлінка”, “Тутэйшыя”, драмы “Раскіданае гняздо”, популярных стихотворений. Его имя присвоено Национальному академическому театру в Минске, Институту литературы Академии наук Беларуси, Гродненскому государственному университету, ряду библиотек, школ, улиц в городах и поселках Беларуси.
С 1965 года присуждается Государственная премия имени Янки Купалы в области литературы, искусства и исполнительского мастерства.

С ы н
— Мамка, мамка, нам сягоння
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.

Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Не люблю іначай),
Ды ніяк не мог уцяміць,
Што ўсё гэта знача.

М а ц і
— А вось тое, мае дзеткі,
Глянь-зірні наўкола:
Бачыш гэтыя сялібы,
Хаткі нашых сёлаў;

Гэта поле — шнур ля шнура —
Ўзгоркі і лагчынкі,
На узмежку грушу-дзічку,
Крыж каля пуцінкі?

Бачыш логі, сенажаці,
А на іх — крыніцы,
Далей — бор зялёны, гонкі,
Што увысь глядзіцца?

А там далей, дзе ўжо вока
Дасягнуць не можа,
Тое самае пабачыш, —
А ўсё так прыгожа!

Сотні вёсак і мястэчак,
Гарадоў нямала,
Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
З неапетай хвалай.

Там плывуць Дняпро і Сожа,
Ды Дзвіна і Нёман,
Белавежы, Налібокаў
Там чуваці гоман.

Гарады — Мінск, Віцебск, Вільня,
Магілёў, Гародня
І Смаленск з сцяной цаглянай
Разглядзі выгодне.

Аб вялікай нашай славе
Сведчаць на свет цэлы,—
Як жылі мы, панавалі
Ў родным краі смела.

Во ўсё гэта, мае дзеткі,
Ад межаў да межаў
Беларусяю завецца
Й да цябе належа.

С ы н
— А! Ўжо сцяміў! Дык багат я,
Меўшы столькі цудаў:
Гэткім чынам я ніколі
Служкаю не буду.

Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,
Бо я не разважыў:
Што такое беларусы,
Як настаўнік кажа?

М а ц і
— Ах, які ты йшчэ дурненькі,
Каб не скеміць гэта!
Ну, паслухай: усе людзі
Што ад лета ў лета,

Ад пакон вякоў жылі тут
І жывуць сягоння,
Носяць світкі, носяць лапці
Ды былі ў прыгоне,

Ўсе — і ты, і я, суседзі,
Хто, па-твойму, прусы?
Дык жа ўцям: на Беларусі
Жывуць беларусы!

Ды яшчэ, каб лепей ведаў,
Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.

С ы н
— Вось яно што! Праўда, мамка,
Ўжо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.

Ну, але яшчэ не ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?

М а ц і
— Ой, дурненькая варона,
Што з табой чыніці!
Як жа йначай беларусы
Могуць гаманіці?

Як жа мы з табой гуторым
Вось у гэту хвілю?
Як жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?

Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;

Як бабуля баіць казкі
Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі спяваюць
На начлезе ў полі?!

С ы н
— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я, дый што значу!

Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песню гэтую пяю,
І, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі
І глянь, як сёння твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

Дняпро і Сож, Дзвіна, Вілля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавежскай сумны гоман —
Паслухай толькі, што ён гаманіць.

Тваймі рукамі ўзнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сцен астатках вецер дзіка свішча,
Як бы пяе памінкі быўшым днём.

Пяе аб тым, як гэтыя байніцы
Край сцераглі на захад і на ўсход,
Як з поўначы разбойны чужаніца
Не мог замчыскавых скрышыць варот.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.

Сягоння усё спіць і зарастае зеллем,
Сцярэч свой край няма ні сцен, ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю Бацькаўшчыну-маці рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.

Сыноў тваіх рассеяў па ўсім свеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

І мерцвякоў знаходзяць... А жывыя...
Як мерцвякоў пагляд іх і жыццё,
Праклёны толькі шэпчуць векавыя,
Ды вечнае чакаюць небыццё.

Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны без пуцця, знябыўся,
Як сірата, якой нідзе заснуць...

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як ззяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясветных змен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цвет зацвітае новае зары!

Паўстань, народ! Для будучыні шчасце
Ты строй, каб пут не строіў больш сусед;
Не дайся ў гэты грозны час прапасці, —
Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, —
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і слёз кліч гэты...
Цябе чакае Маці-Беларусь!

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.

Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?
Ці ж нам сілы Бог не даў?
Ці ж над родным нашым краем
Промень волі не блішчаў?

Выйдзем разам да работы,
Дружна станем, як сцяна,
І прачнецца ад дрымоты
З намі нашая страна!