Чалавек, імя якога маці

Мама... На якой бы мове свету ні гучала гэта слова, сэнс яго нязменна застаецца аднолькавым для кожнага чалавека. У гэтым слове ўсё самое светлае, самае чыстае, прыгожае і цудоўнае. З ім мы нараджаемся на свет, з ім ідзём па складанай дарозе пад назвай «Жыццё», яго шэпчам, калі на сэрцы смутак, а на вачах слёзы...

МаціСамае вялікае і моцнае каханне – гэта любоў маці да свайго дзіцяці. Ніхто, ніколі і нічым не зможа вымераць мацярынскую любоў, цяпло яе ласкавых рук, глыбіню яе пяшчотных вачэй. Ніхто не зможа адказаць, колькі бяссонных начэй правяла яна каля дзіцячай калыскі, колькі песень праспявала спавітаму ў пялюшкі чалавечку, колькі слёз выплакала над ім, колькі спадзяванняў, планаў і мараў укладвала ў сваё дзіця... А колькі шчасця перажыла, калі яе малеча сказала першае слова – «Мама!», зрабіла свой першы крок, самастойна пайшла. Ніхто не вымерае гонар маці, змешаны з хваляваннем, які яна адчувала, калі яе дзіця з асцярогай пераступала ўпершыню парог школы.

Ляцяць гады. Дзеці растуць, потым сталеюць. На змену адным памылкам, перажыванням, праблемам, якія здаваліся раней вялізнымі і невырашальнымі, а цяпер – проста смешнымі, прыходзяць новыя. Але, як і раней, адзіным чалавекам, які дапамагае разабрацца ў іх, застаецца маці. Яна першая прыйдзе на дапамогу, падкажа, супакоіць, параіць, першая раздзеліць і няўдачы, і поспехі.

Мацярынская любоў – як бязмежны акіян, над якім заўсёды свеціць сонца. Яна ніколі не знікне, ніколі не стане меншай. Дзякуй за гэта. Дзякуй за гэта чалавеку, імя якога маці!

Опубликовано:
14 октября 2019
Просмотров:
797
Поделиться в соцсетях: