Урок інфармацыйна-прававой культуры «Ведай правы – разумей адказнасць»

20 лістапада 1989 года – гістарычны дзень для 2 мільярдаў дзяцей усяго свету, у тым ліку і для дзяцей Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень Генеральная Асамблея ААН прыняла Канвенцыю аб правах дзіцяці, якая стала своеасаблівай Канстытуцыяй для дзяцей. Кожнае палажэнне гэтай Канвенцыі накіравана на забеспячэнне інтарэсаў дзяцей, абарону іх правоў.


У дзяцей Беларусі ёсць яшчэ адна знамянальная дата – 19 лістапада 1993 года. У гэты дзень беларускі парламент – Вярхоўны Савет – прыняў Закон «Аб правах дзіцяці». Гэты ўнікальны дакумент – гарант абароны гонару і годнасці беларускіх дзяцей, стварэння такіх умоў, пры якіх кожнае дзіця будзе выхоўвацца як асоба і як грамадзянін.



21 лістапада 2013 года
на базе бібліятэкі № 14 імя Ф. Багушэвіча ГУ «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска» адбыўся ўрок інфармацыйна-прававой культуры «Ведай правы – разумей адказнасць» для навучэнцаў мінскай гімназіі № 27. Загадчык бібліятэкі Стрыгельская Наталля Анатольеўна, выступаючы перад навучэнцамі, сказала:  «Нам вельмі хочацца, каб свет вакол вас быў спрыяльным, адкрытым і бяспечным. Каб вы навучыліся абараняць свае правы пры дапамозе прававых ведаў і сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны».



На сустрэчы з навучэнцамі саветнік-кансультант Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (далей – НЦПІ) Бардзілоўская Ала Іванаўна расказала аб магчымасцях і ролі Дзіцячага прававога сайта ў фарміраванні прававой культуры дзяцей і падлеткаў, а таксама пазнаёміла з іншымі інтэрнэт-рэсурсамі НЦПІ  – Нацыянальным прававым Інтэрнэт-парталам Рэспублікі Беларусь (pravo.by) і сайтам «Прававы форум Беларусі» (forumpravo.by).



Па інфармацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь абавязкова!


Опубликовано:
22 ноября 2013
Просмотров:
3729
Поделиться в соцсетях: