Правы чалавека пачынаюцца з правоў дзіцяці

З упэўненасцю можна сказаць: чым больш кожны з нас будзе ведаць пра свае правы і абавязкі, тым меншая верагоднасць апынуцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Ведаць свае правы і ўмець іх адстойваць – значыць быць моцным. Паважаць правы іншых – значыць быць справядлівым. Дзеці павінны ведаць пра свае правы і абавязкі, бо гэта спрыяе станаўленню іх асобы, дапамагае ім стаць адказнымі людзьмі.

Асновы прававога выхавання дзіцяці закладваюцца з ранняга дзяцінства ў сям’і, а ў далейшым – у школе. Дзеці праз сістэму «трэба – можна – нельга» пазнаюць асноўныя правілы паводзін у грамадстве. Дзяржава дапамагае бацькам, настаўнікам і ўсім зацікаўленым асобам у гэтай няпростай справе, ствараючы неабходныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы, у тым ліку ў інтэрнэце.

Пры каардынацыі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) забяспечаны шырокі доступ насельніцтва да юрыдычнай інфармацыі, што з’яўляецца залогам фарміравання агульнай культуры кожнага грамадзяніна.

Для самых маленькіх, іх бацькоў і настаўнікаў з 2008 года функцыянуе Дзіцячы прававы сайт — mir.pravo.by. Маляўнічыя персанажы і ілюстрацыі, карысная інфармацыя, выкладзеная простай і даступнай мовай, практычныя парады для той ці іншай жыццёвай сітуацыі – усё гэта ёсць на Дзіцячым прававым сайце. Напрыклад, можна даведацца пра тое, як паводзіць сябе калі згубіўся ў грамадскім месцы, ў выпадку крадзяжу, нападу жывёлы, пра правілы паводзін на праезнай частцы і многае іншае. На гэтым рэсурсе маленькі грамадзянін нашай краіны можа прачытаць пра свае правы і даведацца, да каго можна звярнуцца, каб іх абараніць. У вясёлай гульнявой форме разглядаюцца сітуацыі, з якімі дзіця можа сутыкнуцца дома, у школе, на вуліцы, у краме, на спартыўнай пляцоўцы.

Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць замацаваць атрыманыя на сайце прававыя веды, удзельнічаючы ў розных віктарынах і конкурсах, якія праводзяцца НЦПІ сумесна з Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам адукацыі і іншымі дзяржаўнымі органамі. Напрыклад, сёлета праведзены Рэспубліканскі дзіцячы конкурс па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх «Выбірай ПРАВАсвядомы шлях!», у 2015 годзе – II Рэспубліканскі дзіцячы конкурс відэаролікаў «Разам супраць бяды!». Функцыянаванне Дзіцячага прававога сайта спрыяе развіццю маральных і духоўных якасцей маленькіх грамадзян нашай краіны, веданню імі сваіх правоў, а таксама выпрацоўцы ў дзяцей прававых ведаў, неабходных для жыцця ў сучасным грамадстве.

Для тых, хто жадае больш паглыблена вывучыць нормы заканадаўства, звязаныя з правамі і абавязкамі падрастаючага пакалення, створаны два тэматычных банкі даных: «Адукацыя» і «Правы непаўналетніх». Пры іх дапамозе можна атрымаць дакладную і поўную інфармацыю аб прававым становішчы дзяцей, асноўных напрамках маладзежнай палітыкі, інфармацыю па пытаннях, звязаных з прафілактыкай безнагляднасці непаўналетніх, а таксама аб прававым рэгуляванні ў рамках сістэмы адукацыі, аб сацыяльнай абароне навучэнцаў, аб ахове дзяцінства і аздараўленні дзяцей. Абодва банкі даных даступны ў інфармацыйна-пошукавых сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», распрацаваных НЦПІ. На сённяшні дзень большасць устаноў адукацыі забяспечана гэтымі рэсурсамі, а таксама афіцыйнымі друкаванымі выданнямі кодэксаў і зборнікамі прававых актаў з серыі «Прававая бібліятэка НЦПІ».

Стала добрай традыцыяй правядзенне супрацоўнікамі НЦПІ семінараў і экскурсій для студэнтаў і навучэнцаў, для таго каб моладзь і падлеткі больш ведалі аб дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах і парадку арганізацыі доступу да іх. У НЦПІ будучых спецыялістаў юрыдычнага профілю знаёмяць са спецыфікай дзейнасці цэнтра і фарміруюць у іх дакладнае ўяўленне аб дзяржаўнай сістэме прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

НЦПІ і рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі рэалізуюць праекты прававой тэматыкі і праводзяць конкурсы сярод навучэнцаў школ і ўстаноў вышэйшай адукацыі. Напрыклад, у 2016 годзе адбыўся інтэрнэт-конкурс «Ад прававой адукаванасці – да грамадзянскай адказнасці», у 2015 годзе рэалізаваны праект «Права для ўсіх», праводзяцца штогадовыя адкрытыя студэнцкія алімпіяды па юрыдычных навуках, дзіцячая прававая алімпіяда для навучэнцаў 3–4-х класаў.

У рамках дзейнасці па павышэнні прававой дасведчанасці непаўналетніх ажыццяўляецца цеснае супрацоўніцтва з міжнароднымі спецыялізаванымі арганізацыямі. З ліпеня 2003 года ў НЦПІ пачала сваю дзейнасць кафедра ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях і праве. Мэтай стварэння кафедры стала забеспячэнне прававой інфарматызацыі. Ў 2008 годзе пры падтрымцы Бюро ЮНЕСКА ў Маскве па Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Малдове і Расіі ў НЦПІ створаны банк даных «Мір права», які шырока выкарыстоўваюць настаўнікі падчас правядзення практычных заняткаў па такіх дысцыплінах, як «Грамадазнаўства», «Мая Радзіма – Беларусь» і «Чалавек і свет».

Для свабоднага доступу грамадзян да прававой інфармацыі НЦПІ сумесна з Міністэрствам культуры на базе публічных бібліятэк былі створаны публічныя цэнтры прававой інфармацыі. На сённяшні дзень функцыянуе каля 580 такіх цэнтраў па ўсёй рэспубліцы. У кожным з іх можна азнаёміцца з тэкстамі прававых актаў, надрукаваць іх ці захаваць на любым электронным носьбіце. Свабодны і бясплатны доступ да прававой інфармацыі прадстаўляюць таксама цэнтры эталоннай прававой інфармацыі, якія функцыянуюць як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за мяжой. Звесткі аб публічных цэнтрах прававой інфармацыі і цэнтрах эталоннай прававой інфармацыі можна атрымаць на партале pravo.by.

У сучасных умовах неабходна з малодшага школьнага ўзросту фарміраваць у дзяцей пазітыўныя адносіны да правамерных паводзін і прававую адукаванасць. Толькі ў такіх умовах, стаўшы дарослымі, сучасныя дзеці будуць выконваць абавязкі і абараняць свае правы і свабоды, а таксама правы і свабоды сваіх дзяцей і старэйшага пакалення.

Па матэрыялах Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Падрыхтавала Марына Хідджаз   

Опубликовано:
24 августа 2016
Просмотров:
3641
Поделиться в соцсетях: