Неўзабаве празвініць першы званок, і школьнікі працягнуць, а хтосьці толькі пачне спасцігаць нешта вельмі важнае і карыснае, што ім абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Напоўняцца дзіцячым смехам паўпустыя за лета дзіцячыя садкі. Здаецца, у плане бяспекі бацькам можна выдыхнуць: — іх нашчадкі зноў занятыя і ўвесь час знаходзяцца пад кантролем дарослых. Але гэта толькі здаецца. Сапраўды, летнія канікулы (найбольш трывожны час у плане дзіцячай бяспекі) падыходзяць да завяршэння, але не варта расслабляцца. Бяспека — першае, аб чым павінны паклапаціцца дарослыя напярэдадні новага навучальнага года.

Ранняе выяўленне пажараў і алгарытм дзеянняў падчас урагану
Дзяржава прымае ўсе неабходныя меры для таго, каб дзеці знаходзіліся ва ўстановах адукацыі ў бяспецы. Як расказаў начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максім Клачко, за апошнія пяць гадоў ва ўстановах адукацыі зафіксаваны 23 пажары, дзіцячай смяротнасці на іх не дапушчана. «Сёлета наглядна-прафілактычныя мерапрыемствы па лініі пажарнай бяспекі былі праведзены больш як на 2,5 тысячы аб’ектаў агульнай сярэдняй адукацыі, — паведаміў прадстаўнік ратавальнага ведамства. — Дакументамі дзяржаўнага пажарнага нагляду да ўхілення прапанавана больш як 5 тысяч мерапрыемстваў. Установы адукацыі гэтым займаюцца. Такога роду мерапрыемствы пастаянна застаюцца на кантролі органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях».
Па словах Максіма Клачко, актуальным застаецца пытанне абсталявання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сістэмамі ранняга выяўлення пажару ў поўным аб’ёме. «У краіне 57 аб’ектаў не абсталяваны сістэмай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей аб пажары з перадачай сігналу сістэмай „Маланка“, — канкрэтызаваў ён. — У Брэсцкай вобласці — два такія аб’екты, у Віцебскай — дзевяць, у Гомельскай — 45, у Мінскай — адзін».
Зыходзячы з вопыту гэтага лета, калі на краіну нечакана абрынуўся ураган, будзе перагледжаны ўвесь комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі людзей, у тым ліку ў школах і лагерах. «Вопыт стыхіі паказаў, што яна абрушваецца імгненна, — падкрэсліў прадстаўнік ратавальнага ведамства. — Ніхто не чакаў такіх катастрафічных разбурэнняў. Несумненна, будуць зроблены ўсе высновы, каб у будучым гэтыя наступствы выключыць або мінімізаваць».
Нагадаем, у ліпені, калі на большай тэрыторыі краіны разбушаваўся ўраган, у аздараўленчым лагеры імя Марата Казея ў Рэчыцкім раёне загінуў 13-гадовы падлетак. Усяго падчас падзення дрэў пацярпела сямёра выхаванцаў лагера. Усе з іх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, адзін з падлеткаў — несумяшчальныя з жыццём. У той час, як надвор’е раптоўна сапсавалася, на канцэртнай пляцоўцы аздараўленчага лагера праходзіла забаўляльнае мерапрыемства.
Кожны выпадак — рэзанансны
З пачатку года адпачынак на вадаёмах стаў трагічным для 19 сем’яў — менавіта столькі дзяцей не вярнуліся дахаты. Адзін з апошніх няшчасных выпадкаў здарыўся ў Калінкавіцкім раёне. 17 жніўня два сябры сабраліся на рыбалку на раку Ненач. Дахаты яны ўжо не вярнуліся. Як высветлілася, хлопчыкі васьмі і дзесяці гадоў размясціліся на краі пакатага бетоннага насцілу. У пэўны момант сябры не ўтрымаліся і з’ехалі ў ваду. Самастойна справіцца са стыхіяй ім не ўдалося.Жыцці яшчэ семярых дзяцей забраў агонь. Непаўналетнія гінуць у выніку дарожна-транспартных здарэнняў і нават падчас забаў. Трагічны выпадак здарыўся вечарам 11 жніўня на Случчыне. Кампанія дзяцей ва ўзросце ад 10 да 13 гадоў гуляла каля цюкоў з саломай. Як высветлілася, гулялі яны з запалкамі. Рулоны ўспыхнулі імгненна. Самастойна патушыць узгаранне падлеткам не ўдалося, і яны паспяшаліся паведаміць аб здарэнні дарослым, якія і выклікалі супрацоўнікаў МНС. Падчас ліквідацыі пажару ратавальнікі знайшлі 11-гадовага хлопчыка. На жаль, без прыкмет жыцця...
Яшчэ адна дзіцячая забава прывяла да трагедыі ў Столінскім раёне. Недалёка ад вёскі Дубай 11-гадовы хлопчык разам са сваім сябрам на працягу некалькіх дзён гулялі ў пясочным насыпе — капалі тунэль. Днём 1 жніўня сябры працягнулі свой небяспечны занятак, у выніку аднаго з хлопцаў засыпала пяском. Другі падлетак пабег клікаць на дапамогу дарослых. Людзі, якія праходзілі побач, выцягнулі пацярпелага з пяску. Аднак было ўжо позна: медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць дзіцяці.
— Для нас, дарослых, і для ўсіх рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, для міністэрстваў і ведамстваў, якія займаюцца прафілактыкай дзіцячай смяротнасці і траўматызму, кожны выпадак з удзелам дзіцяці, калі яно атрымлівае траўмы або гіне, — рэзанансны, — падкрэслівае начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Пытанні бяспекі нашых дзяцей павінны быць пастаянна ў цэнтры ўвагі дарослых. Мы павінны разумець, што дзеці дапытлівыя, імпульсіўныя і цікаўныя. Яны не заўсёды разумеюць магчымыя наступствы сітуацыі, у якой могуць знаходзіцца. Таму наша задача, дарослых, задача нашай дзяржавы — пастаянна быць побач, нагадваць аб гэтых сітуацыях і гаварыць аб бяспецы з дзецьмі. Мы не перастаём інфармаваць усіх грамадзян, што дзеці не шукаюць небяспекі, яны проста гуляюць.
Па віне дарослых
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях заклікае ўсіх дарослых незалежна ад пары года сачыць і ведаць, дзе, з кім і, галоўнае, з чым гуляе ваша дзіця. «Дзіця давярае больш сваім блізкім, — звяртае ўвагу Максім Клачко. — Таму ад вас, бацькі, пастаянна павінны гучаць напаміны аб тым, што гульні з запалкамі могуць быць небяспечнымі, што на вадаём без дарослых хадзіць катэгарычна
забаронена, што гульні на кар’ерах, пясчаных ярах могуць прывесці да трагедыі. Варта не забывацца і пра небяспеку для дзяцей, калі яны гуляюць у закінутых будынках».
Гібель дзяцей, а таксама атрыманне непаўналетнімі траўмаў — адказнасць выключна дарослых. Бо, як паказвае практыка, менавіта апошнія, калі здараецца няшчасны выпадак з непаўналетнім, не дагледзелі, не навучылі, не растлумачылі. Нярэдка дарослыя самі становяцца вінаватымі ў сітуацыі, з-за якой непаўналетнія гінуць або атрымліваюць траўму.У прыватнасці, гібель дзяцей стала наступствам дзеянняў дарослых у вёсцы Каробчына Мсціслаўскага раёна, калі пры пажары загінула чатырохгадовае дзіця. Справа ў тым, што прычынай трагедый стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні айчыма. У красавіку ў вёсцы Ястрабель Бярозаўскага раёна загінула чацвёра дзяцей! Самаму малодшаму з іх было два месяцы, а старэйшаму — шэсць гадоў. У агні выратаваліся маці і яе чатырохгадовая дачка. Прычына трагедыі — парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў.
Урокі бяспекі
Напярэдадні навучальнага года ў краіне стартавала інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «У цэнтры ўвагі — дзеці!». Кампанія накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад знешніх прычын, у тым ліку ад пажараў або ў выніку пакідання дзяцей адных, без нагляду дарослых.
Першы этап кампаніі працягнецца да 30 жніўня. Супрацоўнікі МНС у гульнявой форме нагадаюць дзецям і бацькам аб правілах захавання бяспекі ў побыце і аб забароне пакідання дзяцей без нагляду ў месцах, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі школьных тавараў. Другі этап пройдзе з 2 да 13 верасня.«Кампанія будзе праходзіць ва ўстановах першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — расказвае начальнік аддзела сацыякультурнай дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Павел ЧАРНАБУК. — Мэтавая аўдыторыя — гэта навучэнцы першых — чацвёртых класаў і іх бацькі. Спецыялісты будуць праводзіць урокі бяспекі ў школах, удзельнічаць у бацькоўскіх сходах, дзе будуць таксама даводзіць інфармацыю аб няўхільным захаванні правіл пажарнай бяспекі. Нагадаюць і тое, што нельга пакідаць дзяцей адных, без нагляду».
Дарослыя, прыслухайцеся да парад ратавальнікаў і вучыцеся на чужых памылках. Бо ў бескантрольнасці дзяцей — вельмі высокая цана.
