Адказныя бацькі — шчаслівыя дзеці

У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» у дзіцячыя сацыяльна-педагагічныя прытулкі паступаюць дзеці, якія прызнаны асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. За час, які дзіця праводзіць у прытулку, у бацькоў ёсць шанс выправіць свой лад жыцця і аднавіць здаровую сям’ю. Пра тое, як праходзіць рэабілітацыя дзяцей у сацыяльных прытулках і наколькі паспяхова ўдаецца аднаўляць сем’і, расказала Таццяна АПРАНІЧ, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Таццяна Валянцінаўна, колькі дзяцей штогод праходзіць рэабілітацыю ў СПЦ? Колькіх з іх атрымліваецца вярнуць у сем’і?

— Зараз у Мінскай вобласці функцыянуюць 23 сацыяльна-педагагічныя цэнтры, у іх складзе працуюць 22 дзіцячыя сацыяльныя прытулкі на 350 месцаў. Дзейнасць СПЦ каардынуецца ўпраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама. Сумесная работа дазволіла зменшыць колькасць дзяцей, накіраваных у інтэрнатныя ўстановы, і павялічыць колькасць малых, якія вяртаюцца ў біялагічныя сем’і, а таксама паступаюць на выхаванне ў апякунскія і прыёмныя сем’і. Аднаўленне трывалых дзіцяча-бацькоўскіх адносін — асноўная задача, над якой мы працуем. За 2015 год у сацыяльных прытулках вобласці прайшлі рэабілітацыю 683 непаўналетнія ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, з іх у біялагічныя сем’і вярнуліся 422 дзіцяці, што склала 63,5%, пры гэтым 212 трапілі ў замяшчальныя сем’і. За 2014 год усяго было рэабілітавана 706 непаўналетніх, да бацькоў вярнулася 421 дзіця (59,6%), у замяшчальныя сем’і былі накіраваны 245 дзяцей.

Дзеці трапляюць у сацыяльныя прытулкі часцей за ўсё з-за п’янства бацькоў. Таксама прычынай умяшання сацыяльных службаў у жыццё сям’і становяцца канфліктныя сітуацыі паміж бацькамі, якія аказваюць негатыўны ўплыў на дзіця, перашкаджаюць яго развіццю, а таксама наносяць шкоду здароўю і жыццю. Часта бацькам ставяцца ў віну антыграмадскі лад жыцця і нежаданне працаваць.

— Адна з набалелых тэм — насілле ў сям’і. Як часта гэтая праблема трапляе ў поле зроку сацыяльных службаў?

— Мы заўсёды працуем на раннюю прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці. Установы адукацыі, органы апекі і папячыцельства, камісія і інспекцыя па справах непаўналетніх, органы аховы здароўя і г.д. сумесна праводзяць рэйдавыя агляды, наведваюць сем’і, сустракаюцца з бацькамі і педагогамі, вядуць асветніцкую работу з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх. Што тычыцца сямейнага насілля, то ўсё робіцца для таго, каб гэтая праблема была папярэджана. Дзіця не заўсёды ў сілах пастаяць за сябе, але, прыходзячы ва ўстанову адукацыі, яно знаходзіцца пад увагай класнага кіраўніка, педагогаў. Справа гэтых людзей — бачыць, у якім эмацыянальным стане дзіця прыходзіць, як яно выглядае, якія ўнутраныя праблемы яго турбуюць. Мы працуем на першасную прафілактыку праблемы разам з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Калі ўзнікаюць сітуацыі, якія выклікаюць трывогу, педагог абавязаны своечасова адрэагаваць. З гэтай мэтай у аддзелах адукацыі, спорту і турызму вядзецца ўлік усіх сігналаў аб магчымых фактах сямейнай небяспекі, кожны з якіх дэталёва аналізуецца.

Савет установы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх дзейнічае ў кожнай установе адукацыі. Калі паступае сігнал аб факце сямейнай нядобранадзейнасці, яго правяраюць. У выпадку пацвярджэння прымаецца рашэнне аб абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Такім чынам, на пачатковым узроўні ўсё нацэлена на тое, каб дзіця засталося ў сям’і і былі ліквідаваны прычыны праблемы. Да бацькоў, чыіх дзяцей могуць прызнаць асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, даводзяць інфармацыю: калі праблема не вырашыцца, дзяцей забяруць.

— Калі ласка, раскажыце падрабязней пра тое, як адбываецца рэабілітацыя дзяцей, работа з бацькамі падчас знаходжання малых у сацыяльным прытулку.

— Калі дзіця змяшчаецца ў прытулак, яно вырвана з сям’і. Якія б ні былі бацькі, яны для яго самыя лепшыя. Таму, калі дзіця знаходзіцца ў прытулку, супрацоўнікі робяць усё для таго, каб яно адчувала сябе камфортна як у матэрыяльным, так і ў псіхалагічным плане. Дзіця максімальна агортваюць увагай, прыцягваюць да ўдзелу ў гуртках, секцыях, з ім індывідуальна працуе педагог-псіхолаг. Асаблівую ўвагу спецыялісты ўдзяляюць фарміраванню індывідуальнасці дзіцяці, самастойнасці, упэўненасці ў сабе, актыўнай і адказнай жыццёвай пазіцыі.
У рабоце з дзецьмі добра спрацоўваюць метады арт-тэрапіі, казкатэрапіі, пясочнай тэрапіі. Дзякуючы правядзенню групавых заняткаў, на якіх дзеці вучацца навыкам канструктыўных зносін, валоданню сваімі эмоцыямі, уменню аказваць і атрымліваць эмацыянальную падтрымку, кампрамісна вырашаць канфлікты, лічыцца з пачуццямі, думкамі і жаданнямі іншых, з’яўляецца магчымасць папярэдзіць і ліквідаваць негатыўныя праявы іх паводзін.

У прытулку дзеці вучацца нават проста гуляць, таму што многія не ўмеюць гэтага рабіць. Калі ў звычайнай сям’і малыя бяруць прыклад з бацькоў, гуляючы ў “дочкі-маці”, то дзеці, якія раслі ў нядобранадзейнай сям’і, такога станоўчага вопыту не маюць. Вельмі важным у фарміраванні і карэкцыі ўяўленняў аб сям’і з’яўляецца чытанне. Шмат казак пра сям’ю чытаюць з выхавальнікамі малодшыя школьнікі і дашкольнікі, з цікавасцю глядзяць мультфільмы, дзе паказваюцца правільныя мадэлі сям’і. У выніку ў дзіцяці за час знаходжання ў прытулку фарміруецца пазітыўнае стаўленне да свету. Знімаецца фактар сямейнага недабрабыту — у дзяцей павышаецца сярэдні бал паспяховасці, узнікаюць новыя сяброўскія адносіны, пашыраецца кола пазітыўных інтарэсаў.

У прытулках арганізоўваюцца сустрэчы дзяцей і бацькоў у прысутнасці педагогаў, якія дапамагаюць вырашыць сітуацыю на псіхалагічным узроўні. Ім садзейнічаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, устаноў аховы здароўя, якія таксама працуюць з бацькамі. Да сустрэч падключаюцца сваякі, гатовыя прапанаваць падтрымку сям’і. Такім чынам, бацькі, якія прыязджаюць і бачаць змены ў дзіцяці, атрымліваюць моцную матывацыю змяніць свой лад жыцця.

— Што можа адбыцца ў сітуацыі, калі адзін з бацькоў выпраўляецца, а другі ігнаруе папярэджанні? Ці можна вярнуць дзіця, калі бацькі працягваюць канфліктаваць?

— Прызнанне дзяцей асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне з наступным накіраваннем у прытулак, — стрэс для бацькоў. Гэта індыкатар, які дапамагае зразумець, хоча чалавек, каб сям’я захавалася, будзе ён змагацца за сваіх дзяцей або дазволіць сабе працягваць каціцца ўніз. Вялікі працэнт вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і сведчыць пра тое, што бацькі робяць усё, каб ліквідаваць існуючыя праблемы. Суб’ектамі прафілактыкі ставяцца жорсткія ўмовы, і дзіця не можа зноў вярнуцца ў тую сітуацыю, дзе адзін з бацькоў дазваляе сабе не ў належнай меры выконваць свае бацькоўскія абавязкі. У такіх выпадках непаўналетняга, канечне, не вернуць у сям’ю. Вяртанне дзіцяці напрамую залежыць ад узроўню асабістай бацькоўскай адказнасці і гатоўнасці да супрацоўніцтва. Інакш быць не можа.

— Але ці ўсе бацькі здольны выправіцца назаўсёды? Ці бывалі выпадкі, калі дзіця пасля вяртання ў сям’ю паўторна трапляла ў сацыяльны прытулак?

— У гэтым сэнсе заканадаўства працуе вельмі жорстка: калі сітуацыя паўтараецца, гэта паказвае, што бацькі не ўсвядомілі важнасць праблемы, а значыць, дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі накіравана на тое, каб адбіранне не паўтаралася. Такія выпадкі здараюцца, але яны адзінкавыя, таму што той вопыт, які маюць бацькі, калі ў іх забіраюць дзяцей, як правіла, спрацоўвае, як халодны душ. Гэта пацвярджае статыстыка вяртання дзяцей у сем’і. У маёй практыцы была сітуацыя з сям’ёй Г., калі дзяцей, дачку і сына, адабралі і аддалі ў прытулак. Сітуацыя ў бацькоў была сумная, але праз паўгода сям’я ўз’ядналася, мама атрымала дадатковую адукацыю, абодва бацькі сталі працаваць. Зараз старэйшая дачка ўжо закончыла вучобу і сама працуе. Калі сустракаеш гэтых людзей, бачыш, праз што яны прайшлі, уяўляеш той жах, у які яны маглі трапіць, калі б сітуацыя не змянілася, то разумееш, наколькі патрэбная работа сацыяльных прытулкаў, як важна нагадваць бацькам пра іх адказнасць.

Безумоўна, заўсёды вельмі добра, калі дзіця вяртаецца ў сям’ю. Самае галоўнае, каб бацькі разумелі, што яны з першага дня нясуць адказнасць за выхаванне ў чалавеку чалавека. А для гэтага яны самі павінны быць прыкладам. Людзі могуць трапіць у складаныя жыццёвыя сітуацыі, але для таго і арганізоўваецца асветніцкая дзейнасць, працуюць суб’екты прафілактыкі, каб дзяцей і дарослых звязаць разам у адну моцную сям’ю.

Кацярына ЖОРАВА, «Настаўніцкая газета»
Опубликовано:
16 марта 2016
Просмотров:
4694
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: