Адукацыя для юных талентаў: у драгічынскай школе адкрыўся новы STEM-цэнтр

Вучням сярэдняй школы № 1 Драгічына пашанцавала. Тут адкрыўся сучасны STEM-цэнтр. Восьмы на Брэстчыне і дваццаты ва ўсёй краiне. Школьнікі змогуць на больш высо­кім узроўні вывучаць робататэхніку, пра­гра­ма­ва­нне, 3D-ма­дэліра­ванне. Гэта стала ма­гчымым дзя­куючы на­ма­­ганням Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) і вядучых IT-прадпрымальнікаў краіны. 

Робататэхніка

Шасцікласнік Георгій Семчанка ў новым цэнтры ўжо адчувае сябе як дома. Хлопец прызнаецца, што яго цікавіць усё, што так ці інакш звязана з камп’ютарамі і электронікай:

У STEM-цэнтры школьнікі змогуць на больш высокім узроўні вывучаць робататэхніку, праграмаванне, 3D-мадэліраванне.

— Мару стаць інжынерам-канструктарам. Дома збіраю розныя электронныя штуковіны, платы, захапляюся радыёэлектронікай. Хачу паспрабаваць сябе і ў робататэхніцы, каб зразумець, будзе для мяне гэты кірунак цікавы або не.

Побач з Георгіем працуюць Дзмітрый Юрашэвіч і Раман Ішчанка. Дзіма расказвае, што ў будучыні бачыць сябе кардыяхірургам. Аднак хлопец упэўнены, што веды ў галіне  робататэхнікі лішнімі не будуць:

– Па-першае, сучасную медыцыну без высокіх тэхналогій уявіць немагчыма, а ў будучыні гэтая сувязь будзе яшчэ больш моцнай. Па-другое, робататэхніка – гэта як мінімум цікава і займальна. Прасторы для творчасці тут хапае.

Усё неабходнае для STEM-класа – 10 ноўтбукаў, тэлевізар, пяць камплектаў для заняткаў робататэхнікай – набыла асацыяцыя «Адукацыя для будучыні». Дарэчы, STEM – гэта абрэвіятура, якая складаецца са слоў «навука» (science), «тэхналогіі» (technologies), «інжынерыя» (engineering) і «матэматыка» (mathematics).

Чаму айцішнікі вырашылі адкрыць інавацыйны клас менавіта ў драгічынскай школе? Усё проста: хлопцы і дзяўчаты з СШ № 1 сталі аднымі з пераможцаў конкурсу «Хачу вучыцца ў STEM-класе». Вучні распрацавалі інавацыйны праект – вытворчаць асфальту з выкарыстаннем пластмасы. А адзінаццацікласнік Яўген Кульбеда прадставіў першым гасцям STEM-цэнтра электронную сістэму ўліку харчавання ў школьнай сталовай. Праект госці ацанілі. Дырэктар адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі паабяцаў хлопцу асабістую падтрымку.

Акрамя кіраўніка ПВТ, падтрымаць юных праграмістаў прыехалі старшыня Брэсцкага абл­выканкама Анатоль Ліс, вядомы IT-прадпрымальнік, старшыня праўлення асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Дзмітрый Гурскі, дырэктар асацыяцыі Аляксандр Хоміч. Кіраўнік Брэсцкага рэгіёна ўспомніў, як упершыню ўбачыў электронную вылічальную машыну:

– Гэта адбылося яшчэ ў гады вучобы. ЭВМ была памерам з немалую актавую залу. Сёння з такім аб’ёмам вылічэнняў лёгка справіцца звычайны смартфон. Сучасны свет мяняецца вельмі хутка. Важна адпавядаць.

Кіраўнік адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі адзначыў, што такія цэнтры будуць адкрывацца па ўсёй краіне. Гэта ініцыятыва рэзідэнтаў ПВТ, якія такім чынам інвесціруюць у будучыню Беларусі:

– Сёння ў традыцыйнай эканоміцы вельмі складана пачаць з малога і вырасці да сусветных маштабаў. У IT гэта магчыма літаральна за некалькі гадоў. У нас дзясяткі такіх прыкладаў, і іх становіцца ўсё больш. У сферы інфармацыйных тэхналогій любая мэта дасягальная. У XXI стагоддзі мары сапраўды становяцца бліжэй.

Камплекты для заняткаў робата­тэхнікай адкрыюць вучням цікавы і шматгранны свет інфармацыйных тэхналогій.

Зараз у беларускіх школах працуюць 20 STEM-цэнтраў. У наступным годзе плануецца адкрыць яшчэ 100. Прадпрымальнік Дзмітрый Гурскі патлумачыў, чаму айцішнікі ўзяліся за рэалізацыю гэтага праекта:

– Я ўспамінаю паспяховых бізнесменаў, якіх ведаю, і не бачу ў гэтых людзях чагосьці асаблівага. Не ўсе яны з багатых сем’яў, далёка не ўсе былі выдатнікамі – я, напрыклад, не быў. Проста ў нейкі час яны вырашылі паспрабаваць. Мы ствараем гэтыя STEM-цэнтры, каб дзеці маглі пазнаёміцца з робататэхнікай, праграмаваннем і зразумелі, што ў гэтым няма ніякай магіі. Што ў кожнага ёсць шанец стаць паспяховым у IT-сферы. Тут няма высокіх бар’ераў. Не патрэбны нейкія велізарныя грошы, зусім не абавязкова быць геніем. Важна пачаць. І ў дзяцей з правінцыі павінна быць не менш магчымасцей, чым у тых, хто жыве ў вялікіх гарадах.

У STEM-класе са школьнікамі будуць працаваць настаўнікі інфарматыкі, а таксама матэматыкі і замежных моў. Педагог СШ № 1 горада Драгічына Віта Мучанская лічыць, што заняткі будуць цікавымі для ўсіх дзяцей:

– Перад намі не стаіць задача абавязкова вырасціць айцішнікаў. Галоўнае – зацікавіць, раскрыць дзяцей. Каб ім было цікава вучыцца, даследаваць, адкрываць нешта новае, развіваць свае таленты. А дзе прымяніць атрыманыя веды, у якой сферы і галіне, гэта выключна іх выбар. Мы будзем толькі рады, калі STEM-цэнтр дапаможа нашым школьнікам знайсці сваю дарогу ў жыцці.

Павел Лосіч, «Рэспубліка», 16 лістапада 2019 г.
(фота аўтара і Івана Лявончыка)

Опубликовано:
18 ноября 2019
Просмотров:
490
Категория:
Поделиться в соцсетях: