Падрыхтоўку па чатырох новых напрамках плануецца адкрыць у наступным навучальным годзе ў сталічных каледжах.

– Кадры для ўстаноў адукацыі па спецыяльнасці «Настаўнік фізічнай культуры» пачнём рыхтаваць у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, – расказаў журналістам старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. – Сёння мы там рыхтуем настаўнікаў пачатковых класаў і педагогаў дашкольнай адукацыі, а летась адкрылі спецыяльнасць «Педагагічнае суправаджэнне» па падрыхтоўцы педагогаў для работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У нашым каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва плануем распачаць падрыхтоўку моладзі па спецыяльнасці «Настаўнік працоўнага навучання» – гэта запатрабаваная ў сістэме адукацыі прафесія, па ёй у сталіцы ёсць пэўны дэфіцыт кадраў. Таксама з’явяцца яшчэ два напрамкі – гэта «мантажныя работы тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый» у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, а таксама ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій адкрыецца новая спецыяльнасць, звязаная з ІT-праграмаваннем.
У апошнія гады ў сталіцы з задавальненнем адзначаюць рост цікавасці з боку мінскіх школьнікаў да паступлення ў каледжы на аснове базавай адукацыі. «Гэта тая траекторыя, якую сёння вітаем мы, з задавальненнем яе ўспрымаюць і бацькі, і навучэнцы. Размова ідзе пра трохступеньчаты фармат атрымання адукацыі: школа, каледж (атрыманне сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі) і трэці ўзровень – атрыманне вышэйшай адукацыі пры неабходнасці, калі да гэтага ёсць цікавасць у маладога чалавека, – падкрэслівае Андрэй Стрыгельскі. – Мы сёння вядзём падрыхтоўку па 48 спецыяльнасцях на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ўключаюць 104 кваліфікацыі або прафесіі. Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ажыццяўляецца па 30 кваліфікацыях у рамках 31 спецыяльнасці. Гэта не застылая мадэль, яна штогод карэкціруецца, з улікам заявак заказчыкаў кадраў, патрэб эканомікі, прадпрыемстваў і арганізацый Мінска. За апошнія пяць гадоў мы адкрылі падрыхтоўку па 16 новых спецыяльнасцях».
Усвядомлены выбар прафесіі
У 2024 годзе мінскія школы і гімназіі выпусцяць 11,5 тысячы адзінаццацікласнікаў. Большасць з іх плануюць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, таму што ў горадзе робіцца акцэнт на развіцці на старшай ступені сеткі профільных класаў. А ў 10-я і 11-я класы прыходзяць, як правіла, хлопцы і дзяўчаты, арыентаваныя атрымаць менавіта дыплом ВНУ.
Андрэй Стрыгельскі патлумачыў, што выпускныя іспыты пройдуць для адзінаццацікласнікаў у фармаце цэнтралізаванага экзамену. 27 мая адбудзецца ЦЭ па адным з профільных прадметаў (зыходзячы з выбару будучай спецыяльнасці), а 30 мая – другі ЦЭ (па беларускай ці рускай мове на выбар).
– Новаўвядзенне гэтага навучальнага года – змяненне тэрмінаў выпускных вечароў, – падкрэсліў кіраўнік сталічнай сістэмы адукацыі. – Яны пройдуць 14 чэрвеня. Ва ўрачыстай абстаноўцы разам з атэстатамі выпускнікі атрымаюць на рукі і сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага экзамену.
Па інфармацыі камітэта па адукацыі, у 2023–2024 навучальным годзе ў Мінску на базе 194 школ і гімназій працуюць 577 профільных класаў і груп, і цікавасць да іх з боку падлеткаў расце. 211 профільных класаў маюць прафесійную накіраванасць.
– Мы арыентаваны ў першую чаргу на выкананне патрэб эканомікі горада і краіны ў кадрах, – падкрэслівае Андрэй Стрыгельскі. – Для гэтага трэба фарміраваць усвядомлены выбар прафесіі, пачынаючы з як мага больш ранняга ўзросту. З гэтай мэтай працуе сістэма прафарыентацыі і, самае галоўнае, развіваецца сетка профільных класаў. Школьнікі праяўляюць актыўны інтарэс да педагагічных спецыяльнасцяў. Адпаведна, расце і колькасць профільных педкласаў. У гэтым годзе ў сталіцы працуюць ужо 100 такіх класаў, у якіх навучаюцца каля 1700 старшакласнікаў.
Перспектыўны напрамак, які сёння інтэнсіўна развіваецца, – інжынерныя профільныя класы.
– Эканоміка краіны адчувае пэўны дэфіцыт інжынерных кадраў. І для таго, каб прадпрыемствы эфектыўна працавалі, стваралася і выпускалася інавацыйныя прадукцыя, трэба паклапаціцца аб тым, каб нашы выпускнікі былі арыентаваныя на гэтую галіну, – адзначыў Андрэй Стрыгельскі. – Мы адкрылі сёлета 18 інжынерных класаў, дзе навучаюцца 400 дзесяцікласнікаў. Працуем у кааперацыі з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі – БНТУ, БДУІР, БДУ. Фактычна рыхтуем навучэнцаў да атрымання будучай спецыяльнасці інжынера і да працы ў прамысловым сектары эканомікі.
Таксама ў сталіцы пашыраецца сетка ваенна-патрыятычных класаў: цяпер іх 84.
– Шчыльна супрацоўнічаем з сілавымі ведамствамі, вайсковымі часцямі, рыхтуем моладзь для паступлення ў ВНУ сістэмы нацыянальнай бяспекі. А самае галоўнае – фарміруем у іх патрыятычныя якасці і гатоўнасць служыць Айчыне, – падкрэсліў Андрэй Стрыгельскі.
У цэнтры ўвагі – веды і кампетэнцыі
Па словах старшыні камітэта па адукацыі, мінскія настаўнікі сёння працуюць па перадавых тэхналогіях, укараняюць у адукацыйны працэс рэспубліканскія інавацыі і замежны вопыт. Поспехі мінскіх школьнікаў пацвярджаюцца іх выступленнямі на прадметных алімпіядах і конкурсах.
– Так, чарговы раз на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда горада Мінска адваявала, а дакладней, вярнула статус, які ёй раней належаў – лідара сярод рэгіёнаў краіны, – сказаў Андрэй Стрыгельскі. – Нашы навучэнцы атрымалі 126 дыпломаў. Па выніках рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ Мінск таксама заняў першае месца. На рахунку сталічных школьнікаў у гэтым спаборніцтве 45 дыпломаў.
На высокім узроўні выступіла каманда сталіцы на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы, дзе заваявала пяць дыпломаў. На 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Японіі двое гімназістаў былі ўзнагароджаны сярэбранымі медалямі. На XVІ Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі навучэнец 13-й гімназіі заваяваў «серабро». У яшчэ адной гімназісткі з Мінска – другое месца па выніках 57-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі.
На мінулым тыдні навучэнцы 108 сталічных устаноў адукацыі, якія раней атрымалі базавую адукацыю, прынялі ўдзел у Нацыянальным даследаванні якасці адукацыі.
– Вынікі цяпер апрацоўваюцца, мы чакаем, што атрымаем іх цягам месяца. Для нас гэта будзе сур’ёзная аналітыка, якая дапаможа ўбачыць «вузкія месцы» ў падрыхтоўцы нашых школьнікаў і па вучэбных прадметах, і па развіцці ў іх тых ці іншых кампетэнцый. На падставе атрыманай інфармацыі будзем карэкціраваць і сістэму павышэння кваліфікацыі педагогаў, і прымяненне тых ці іншых метадаў і форм навучання ў школах, – патлумачыў Андрэй Стрыгельскі.
У Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі адразу некалькі задач: ацаніць узровень функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, якія маюць агульную базавую адукацыю (чытацкую, матэматычную, прыродазнаўчую і фінансавую); прааналізаваць фактары, звязаныя з яе ўзроўнем, высветліць, ці адпавядае адукацыйная практыка актуальным запытам навучэнцаў і бацькоў, а таксама ці рыхтуе школа дзяцей да рашэння практычных задач, ці ўмеюць яны прымяняць атрыманыя веды ў розных жыццёвых сітуацыях.
Кіраўнік камітэта праінфармаваў, што ў наступным годзе інфраструктура сталічнай сістэмы адукацыі папоўніцца чатырма новымі аб’ектамі. Плануецца пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю дзве новыя школы – у мікрараёнах «Лябяжы» і «Мінск-Свет».Таксама расчыняць свае дзверы перад выхаванцамі два новыя дзіцячыя садкі.
Усяго за тры апошнія гады ў Мінску было пабудавана 11 устаноў адукацыі, з іх пяць школ. Толькі сёлета на тэрыторыі сталіцы ўведзены ў эксплуатацыю чатыры дзіцячыя садкі ў мікрараёнах, якія будуюцца.
На абароне інтарэсаў педагогаў
Як кажа старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава, кадравая сітуацыя і тэма замацавання ў сістэме адукацыі маладых спецыялістаў заўсёды знаходзяцца ў іх полі зроку. Яна запэўнівае, што маладыя спецыялісты з педагагічнай адукацыяй, якія атрымалі першае працоўнае месца ў сталіцы, забяспечваюцца інтэрнатам.
– У камітэце па адукацыі ёсць свой інтэрнат, і чаргі на месца ў ім практычна няма, – запэўнівае яна. – Пачакаць два–тры месяцы даводзіцца хіба што хлопцам, паколькі кадравы састаў нашага настаўніцтва пераважна жаночы. Па гэтай прычыне прадстаўнікоў моцнай паловы задаволіць жыллём крыху больш складана.
Апроч выдзялення месца ў інтэрнаце камітэта па адукацыі, педагогаў могуць засяліць і ў інтэрнаты, якія знаходзяцца на балансе розных сталічных прадпрыемстваў і арганізацый. Асабліва калі гаворка ідзе пра сямейныя пары педагогаў. «У нас працуе камісія, і практычна ўсе просьбы аб выдзяленні жыллёвай плошчы, калі яны не ідуць насуперак заканадаўству, задавальняюцца, – падкрэсліла Ларыса Волкава. – Для маладых педагогаў ёсць і іншыя бонусы, якія прадугледжаны калектыўнымі дагаворамі. Пасля заканчэння тэрміну дзеяння статусу маладога спецыяліста замацавана норма, якая прадугледжвае выплату педагогам у памеры 20-працэнтнай надбаўкі да акладу з пазабюджэтных сродкаў. Таксама ўстаноўлены штомесячныя выплаты пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі».
Маладым спецыялістам забяспечваецца нагрузка не менш як на стаўку. І толькі па жаданні работніка яе можна паменшыць.
На парадку дня прафсаюза пастаянна знаходзіцца стан калектыўна-дагаворнай работы і кантрактная форма найму. У калектыўныя дагаворы могуць уключацца нормы, якія паляпшаюць прававое становішча работнікаў (членаў прафсаюза) у параўнанні з заканадаўствам.
Ларыса Волкава канстатавала, што за апошнія тры гады ў сталічнай сістэме адукацыі ўдалося зменшыць колькасць гадавых кантрактаў і павялічыць колькасць кантрактаў, заключаных на пяцігадовы тэрмін. Цяпер каля 60 працэнтаў усіх кантрактаў з педагогамі заключана менавіта на пяць гадоў. Гэта здымае сацыяльную напружанасць у калектывах.
Праблемным пытаннем не толькі для сталіцы, але і для ўсёй адукацыйнай галіны застаюцца заробкі ў педагогаў-дэфектолагаў, сацыяльных педагогаў і псіхолагаў, якіх апошнія павышэнні не закранулі. Але, як паабяцала Ларыса Волкава, у пачатку наступнага года іх заробкі таксама павінны павялічыцца. Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам фінансаў гэта пытанне цяпер разглядаецца…
Ларыса Волкава таксама праінфармавала, што ў гарадской прафсаюзнай арганізацыі штотыднёва праходзяць прававыя прыёмы, дзе педагогаў кансультуюць па самых розных пытаннях: ад абароны іх працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў і правоў да выдзялення жылля, магчымасці прайсці аздараўленне і гэтак далей. А на рэспубліканскім узроўні такія прававыя прыёмы ладзяцца штомесяц. Пры неабходнасці прафсаюзныя юрысты не толькі кансультуюць, але і дапамагаюць скласці працэсуальныя дакументы, а таксама падрыхтаваць звароты ў адпаведныя службы і дзяржаўныя органы.
