За якую адукацыю гатовы плаціць маладыя людзі?

У сферы інтарэсаў — ІТ-галіна, мытная і выдавецкая справы.

2 жніўня ў беларускіх вну завяршыўся прыём дакументаў на платную форму навучання. Як і прагназавалася, укамплектавацца першакурснікамі аказалася праблематычна нават дзяржаўным вну. І гэта пры зніжэнні кантрольных лічбаў набору.

Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі без праблем запоўніліся месцы толькі на спецыяльнасцях, да якіх абітурыенты праявілі высокую цікавасць яшчэ падчас асноўнага набору на «бюджэт». На факультэце камп’ютарных сістэм і сетак на спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» на 110 месцаў было пададзена 165 заяў, прычым чатыры прэтэндэнты мелі ад 351 да 360 балаў.

На новую спецыяльнасць на факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі» на 30 месцаў паступілі 64 заявы. Бюджэтных месцаў тут увогуле не было, паколькі з боку дзяржаўных арганізацый адсутнічаў заказ. Затое вялікую цікавасць да новай спецыяльнасці праявілі найбуйнейшыя ІТ-кампаніі, якія паабяцалі аказаць універсітэту практычную дапамогу ў арганізацыі навучальнага працэсу.

Моладзь хутка зарыентавалася ў перспектывах свайго працаўладкавання і ахвотна пайшла атрымліваць адукацыю за грошы, прычым сюды прыйшлі абітурыенты з дастаткова высокімі баламі. Чаго не скажаш пра многія іншыя спецыяльнасці, куды будуць залічаны ўсе, хто падаў свае дакументы.

Напрыклад, на факультэце радыётэхнікі і электронікі і факультэце тэлекамунікацый большасць спецыяльнасцяў абітурыенты ўвогуле праігнаравалі. Дарэчы, улічваючы слабы ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў-платнікаў, у БДУІР плануюць у пачатку навучальнага года арганізоўваць на кожным факультэце бясплатныя дадатковыя заняткі для першакурснікаў: 6 гадзін на тыдзень па матэматыцы і 6 гадзін на тыдзень па фізіцы. Інакш ужо першая экзаменацыйная сесія можа стаць для многіх апошняй…

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце назіраецца аналагічная карціна з запаўненнем платных месцаў на інжынерных спецыяльнасцях. Затое няма дэфіцыту ахвотных стаць архітэктарамі, працаваць на мытні, займацца транспартнай лагістыкай, бізнес-адміністраваннем або вывучаць праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій (на апошняй спецыяльнасці конкурс перавысіў 2 чалавекі на месца).

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце запоўніліся платныя месцы на спецыяльнасцях «турызм і прыродакарыстанне», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі», «дызайн электронных і вэб-выданняў», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм». Як відаць, большасць з іх звязаны з ІТ-сферай. А самая высокая канкурэнцыя склалася на спецыяльнасці «выдавецкая справа» — 51 прэтэндэнт на 25 месцаў.

Цяжка назваць нечаканасцю той факт, што ў БДУ запоўніліся ўсе месцы на факультэце міжнародных адносінаў, прычым у прэтэндэнтаў былі надзвычай высокія балы: на спецыяльнасць «лінгвакраіназнаўства» падалі дакументы 4 чалавекі з сумай балаў больш як 361 у кожнага, а на спецыяльнасці «міжнародныя адносіны» аж 10 прэтэндэнтаў знаходзяцца ў дыяпазоне ад 371 да 380 балаў.

На спецыяльнасці «мытная справа» на 35 месцаў прэтэндуюць 55 чалавек, прычым сярод тых, хто замахнуўся на гэту звышпапулярную ў маладзёжным асяродку спецыяльнасць, ёсць і ўладальнікі дастаткова нізкіх балаў (ад 120 да 200). Цікава, што прахадныя балы нават на тых спецыяльнасцях, якім пашчасціла ўкамплектавацца, выглядаюць часам даволі сціпла. На факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі падавалі дакументы абітурыенты з сумай балаў ад 130. А стаць шчаслівымі ўладальнікамі студэнцкага білета тут змогуць абітурыенты з сумай балаў ад 171.

З нізкімі баламі прыйшлі абітурыенты і на педагагічныя спецыяльнасці. Скажам, у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова на «дашкольную адукацыю» падавалі дакументы абітурыенты, якія набралі ад 120 да 140 балаў, а на аналагічную спецыяльнасць у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце будуць залічаны абітурыенты, якія маюць ад 151 да 160 балаў, хоць планы тут навучацца мелі і абітурыенты з яшчэ меншымі баламі. А на фізіка-матэматычным факультэце будуць навучацца маладыя людзі з сумай балаў ад 120 да 160.

А тым часам у краіне працягваецца прыёмная кампанія ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Прыём дакументаў у абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтныя месцы ў ссну на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, заканчваецца 6 жніўня. Прычым гэта тычыцца ўсіх формаў навучання: дзённай, вячэрняй і завочнай. Абітурыенты, якія паступаюць у ссну на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, могуць падаць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ з любой сумай балаў, акрамя нуля. На платную форму навучання дакументы будуць прымацца ў ссну да 14 жніўня.

Таксама працягваецца прыёмная кампанія і ва ўстановах, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Абітурыентаў тут чакаюць па 20 жніўня ўключна. Але пры неабходнасці прыём дакументаў можа быць падоўжаны да поўнага ўкамплектавання груп — да 15 верасня.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
5 августа 2015
Просмотров:
1504
Категория:
Поделиться в соцсетях: