У Акадэміі кіравання з’явілася аўдыторыя, у якой можна здымаць кіно

Калі ў такім кіно спатрэбіцца эпізод у зале суда. Аднак аўдыторыя гэтая — з высокімі, прадстаўнічымі крэсламі для суддзяў, залай для публікі, а таксама са спецыяльнымі месцамі для народных засядацеляў, пракурораў, сведак, адваката і іншых удзельнікаў крымінальнага, адміністрацыйнага і грамадзянскага працэсу — створана зусім не для таго, каб зарабляць на арэндзе кінастудыям. Прызначэнне гэтай максімальна набліжанай да рэальнасці копіі залы судовых пасяджэнняў — практыкаарыентаванае навучанне юрыстаў-кіраўнікоў новага пакалення.

Урачыстае адкрыццё незвычайнай вучэбнай аўдыторыі адбылося ўчора, 23 лістапада, у галоўным корпусе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (вуліца Маскоўская, 17). Адкрылі яе Генеральны пракурор Аляксандр Канюк і рэктар акадэміі Марат Жылінскі. Яны ў прысутнасці кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры, студэнтаў і журналістаў падпісалі адпаведнае пагадненне, паціснулі адзін аднаму рукі і адказалі на некалькі пытанняў для прэсы.

І ўсё гэта адбывалася ў рамках адкрытай каардынацыйнай нарады кіраўніцтва пракуратуры, якая праходзіла ў той жа дзень у канферэнц-зале Акадэміі кіравання і на якую былі запрошаны студэнты і выкладчыкі гэтай навучальнай установы. Такім чынам тут звыкла сумясцілі вучобу і практыку.

— Гэтая вучэбная аўдыторыя будзе задзейнічана ў рамках навучальнага працэсу ў нашай акадэміі, прычым у рамках тых спецыяльнасцяў, якія ў нас ужо адкрыліся і яшчэ будуць адкрывацца, — сказаў Марат Жылінскі. — У 2016 годзе ў нас будзе адкрыта спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне пракурорскім наглядам». Гэта наш невялікі ўнёсак у агульную справу па падрыхтоўцы юрыстаў, кіраўнікоў і пракурорскіх работнікаў.

Пасяджэнні ў вучэбнай судовай зале будуць праходзіць у форме гульнявых працэсаў, але ў прысутнасці рэальных суддзяў, пракурораў і адвакатаў, якія падзеляцца са студэнтамі сваім вопытам, раскажуць аб прызначэнні кожнага з атрыбутаў судовай улады.

— Адукацыйны працэс заўсёды быў актуальным пытаннем, але сёння яшчэ ідзе і актыўная фаза судова-прававой рэформы, і гэты працэс мае на ўвазе ўнясенне канструктыўных змен і дапаўненняў у падрыхтоўку кадраў для пракуратуры, — сказаў у сваю чаргу Аляксандр Канюк. — Такія прадметныя залы заслугоўваюць асаблівай увагі і пашаны. Тут можна праводзіць заняткі па цэлым комплексе прадметаў. Узровень адукацыі, падрыхтоўкі досыць высокі ў Акадэміі кіравання, і гэта натуральна для прэзідэнцкай структуры.

Генеральны пракурор заўважыў, што вучэбная зала ў гэтай навучальнай установе выканана на вельмі высокім прафесійным узроўні, з веданнем справы. Ён дадаў, што цяпер у некалькіх ВНУ, у тым ліку ў Акадэміі кіравання, чытаецца так званы антыкарупцыйны курс, які карысна ведаць не толькі тым, хто атрымлівае першую вышэйшую адукацыю, але і тым, хто ужо працуе, у тым ліку юрыстам высокага ўзроўню.

— Вывучэнне новага Закона аб карупцыі патрабуе асаблівых умоў, там вельмі шмат пытанняў, якія павінны ведаць слухачы акадэміі, — лічыць Аляксандр Канюк. — Закон мае вельмі шмат навацый, якія патрабуюць тлумачэння. І на гэтым яго развіццё не закончыцца, бо гэта перманентны працэс.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
24 ноября 2015
Просмотров:
1281
Категория:
Поделиться в соцсетях: