Асцярожна: дзеці!

Не пакідайце іх адных нават на хвіліну.

У мінулую пятніцу трагедыя ледзь не адбылася ў Полацку. На падаконніку пятага паверха стаяў малы і забаўляўся з аконнай створкай. Ратаўнік, выкліканы відавочцамі, па аўталесках забраўся ў кватэру і зняў з акна чатырохгадовага хлопчыка. І заставаўся з ім да таго часу, пакуль на месца падзей не прыбылі супрацоўнік РУУС і маці малога, якая «зусім ненадоўга» пакінула яго аднаго.

Лета — гэта час, калі дзеці большую частку дня не знаходзяцца пад кантролем бацькоў. І ў такім выпадку яны або самі па сабе, або, што здараецца часцей, іх даглядаюць бабулі і дзядулі. У многіх краінах узрост, з якога можна пакідаць дзяцей дома адных, пачынаецца з 12 гадоў. У Беларусі ён заканадаўча не вызначаны. Таму кожны з бацькоў вырашае для сябе сам, калі ж можна пакінуць малога без нагляду. Але не ўсё так проста. Бо закон, на жаль, жыццёвыя абставіны не прапісвае…

Батарэйкі, запалкі, лекі і бытавую хімію — пад замок

— Малыя дзеці спазнаюць свет пераважна праз жаданне пакаштаваць на смак незнаёмы прадмет, — гаворыць памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — І тут звычайная кватэра ператвараецца ў сапраўднае міннае поле. Вельмі моцную небяспеку ўяўляюць разнастайныя шклоачышчальнікі, бензін, растваральнікі. Іх дарослыя вельмі любяць пераліваць з вялікай тары ў маленькія бутэлькі з яркімі этыкеткамі і пакідаць у зручных для сябе месцах — у тым ліку на кухні або ў ванным пакоі на падлозе. Куды могуць дацягнуцца гарэзлівыя рукі малога. І такое знаёмства дзіцяці з бытавой хіміяй можа скончыцца заменай стрававода імплантатам ці ўвогуле харчаваннем праз трубку. Два гады таму трагедыя прыйшла ў адну гомельскую сям’ю. Бацька ўзяў з сабой чатырохгадовае дзіця ў гараж. Калі дарослы на хвіліну страціў пільнасць, малы глынуў растваральніку з адкрытай бутэлькі.

Абмяжуйце і вольны доступ да лекаў, якія захоўваюцца дома. Рознакаляровыя прыгожыя таблеткі і ёмістасці, у якіх яны захоўваюцца, так і цягнуць да сябе дзіцячыя вочы. Нядаўна ў Малдове дзяўчынка праглынула лекі для прафілактыкі венозных трамбозаў і нейкія псіхатропныя прэпараты, якія прымала яе бабуля. Здарылася гэта літаральна за адно імгненне, калі старая адвярнулася. У бальніцу дзяўчынку даставілі ў цяжкім стане — моцна парушылася маўленне і рухальная актыўнасць… А яшчэ здараюцца выпадкі, калі старыя людзі незнарок блытаюць паміж сабой лекі з-за падобных па колеры і форме ўпаковак. І замест звычайных таблетак супраць кашлю даюць малому, напрыклад, моцны седатыўны сродак. Канчаецца гэта ў лепшым выпадку шпіталізацыяй.

Замяніўшы разраджаную батарэйку, не адкладвайце яе на стол, а выносьце адразу ж у спецыяльны кантэйнер. Асабліва небяспечныя для дзяцей так званыя «кнопкавыя» элементы сілкавання, якія ўжываюцца ў разнастайных цацках, з-за сваіх мініяцюрных памераў. Як канстатуюць медыкі, у апошнія гады дзеці батарэйкі глытаюць часцей. Пасля таго, як такі «сюрпрыз» захрас у страваводзе, праз пару гадзін слізістая абалонка атрымлівае моцны хімічны апёк ад электраліту, які пачынае выцякаць з батарэйкі. Але калі батарэйку на гэтым этапе не дастануць урачы, то разбуральны працэс працягвае ісці далей. Таму лепш устрымацца ад куплі такой цацкі, калі ў ёй няма магчымасці надзейна ізаляваць ад маленькага эксперыментатара адсек з батарэйкамі. «Пальчыкавай» ці «мезенчыкавай» батарэйкай дзіця проста можа падавіцца, як адбылося два гады таму ў Гродзенскай вобласці.

Чым карысны радыус бяспекі?

— Пліты і вокны таксама прыцягваюць увагу дзяцей, — працягвае Віталь Навіцкі. — Таму не падпускайце на кухню малога, калі на пліце стаіць ёмістасць з гарачай вадой ці кіпенем. А на аконных рамах лепш паздымайце ручкі, асабліва калі вы ўсталявалі маскітныя сеткі на цёплы перыяд. Будзе крыху нязручна адчыняць і зачыняць форткі, але затое ж ваша дзіця будзе ў бяспецы. Калі ж вы адчынілі фортку самі, будзьце пільнымі. Дастаткова прыгадаць нядаўні выпадак у Мінску, калі шасцігадовы хлопчык гуляў каля акна і абаперся на сетку. Вагі малога яна не вытрымала, і дзіця звалілася ўніз з трэцяга паверха. У бальніцы яно сканала…

Проста перадаць улетку маленькага чалавечка пад апеку бабе і дзеду нельга. Спярша трэба стварыць так званы «радыус бяспекі». Ахоп яго залежыць ад узросту дзіцяці. Напрыклад, калі вашаму малому сем гадоў, то радыус бяспекі мусіць быць прыкладна кіламетровы. І чым дзіця большае, тым гэтая велічыня павінна павялічвацца. Стапрацэнтнай гарантыі радыус, вядома, не дасць, аднак многія патэнцыйныя пагрозы папярэдзіць можа. Асноўныя крыніцы небяспекі ў доме мы ўжо прааналізавалі вышэй. За межамі дома трэба вельмі ўважліва праінспектаваць тэрыторыю і выявіць усе патэнцыяльна небяспечныя месцы. Гэта можа быць якісьці вадаём, лясны масіў, будоўля, праезная частка, бярвенне, якое складзена ў штабелі. У гарадскім двары гэта ўсе гульнявыя канструкцыі кшталту арэляў і каруселяў. Не лянуйцеся праверыць іх асабіста на трываласць: абследаванне зойме максімум паўгадзіны. І пасля гэтага трэба правесці поўны інструктаж з дзіцем. Пры гэтым звярніце ўвагу на спецыфіку дзіцячай псіхалогіі. Чым узрост меншы, тым большую ўвагу трэба засяроджваць на момантах кшталту «не рабі, не хадзі, не чапай». Аднак са сталеннем дзіцяці трэба ўжо болей расказваць, чаму нельга рабіць пэўныя дзеянні, і прапаноўваць бяспечную альтэрнатыву.

Ратаўнікі не раяць пакідаць малога пад наглядам старэйшых дзяцей. Шанцы на тое, што яны загуляюцца і на некаторы час страцяць кантроль над малым, высокія. А адыграць сітуацыю назад, як у камп’ютарнай гульні, будзе ўжо немагчыма. Здараецца і так, што бацькі пакінулі малога дома аднаго раз, другі, а калі нічога не адбылося, то робяць выснову, што і надалей нічога не здарыцца. Але гэта насамрэч не так.

Дайце час на адаптацыю

Перамена гарадской абстаноўкі на вясковую больш за ўсіх небяспечная датычна паводзін на дарозе. Дзіця, якое праводзіць пераважную частку года ў гарадскіх умовах, паступова прывыкае да таго, што на вуліцах шмат аўтамабіляў, а ў дварах яны перасоўваюцца з невялікай хуткасцю, якая абмежавана Правіламі дарожнага руху да 20 км у гадзіну. А ў вёсцы часам няма ні святлафораў, ні спецыялізаваных пешаходных пераходаў. Машыны ездзяць рэдка. Гэта і падкупляе маленькага пешахода, але… З-за таго, што дарогі вольныя, аўтамабілі ездзяць значна хутчэй. І калі ў гарадскім двары кіроўца яшчэ мае шанцы паспяхова ўдарыць па тармазах, то на вясковай вуліцы яны ўжо змяншаюцца.

Неўзабаве дзеці пачнуць вяртацца з вёсак у горад, каб падрыхтавацца да новага навучальнага года. Таму некалькі дзён лепш не адпускаць малых адных на вуліцу. За гэты перыяд яны якраз адаптуюцца да ранейшых умоў — запаркаваных аўтамабілямі двароў і інтэнсіўнага руху па вуліцах…

Валяр’ян Шкленнік, «Звязда»

Опубликовано:
22 июля 2015
Просмотров:
1513
Категория:
Поделиться в соцсетях: