Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Некалькі гадоў таму на Рэспубліканскім педагагічным савеце Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў беларускую дашкольную адукацыю і падкрэсліў, што ахоп ёю дзяцей ва ўзросце ад трох до шасці гадоў не мае аналагаў у свеце. І хоць дашкольная адукацыя ў Беларусі не з’яўляецца абавязковай, тым не менш большасць нашых дзетак, да таго як пайсці ў школу, наведваюць дзіцячыя садкі. Яшчэ адзін немалаважны нюанс: у многіх краінах замежжа навучанне і выхаванне малых да трох гадоў знаходзіцца пад патранатам сацыяльных ведамстваў, сістэмы аховы здароўя і інш. У нас гэтым займаецца Міністэрства адукацыі. Наколькі сур’ёзна, адказна і паспяхова — гавораць прыведзеныя вышэй факты. А за падрабязнасцямі мы звярнуліся да намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі кандыдата педагагічных навук Альбіны Давідовіч.

13-16_kopiya_18.jpg

— Альбіна Леанідаўна, якія найбольш актуальныя задачы стаяць сёння перад сферай дашкольнай адукацыі?

— У Год якасці ў сістэме дашкольнай адукацыі асноўную ўвагу мы якасці і аддаём. Якасці адукацыйных паслуг, адукацыйнага працэсу і адпаведных умоў. Пад умовамі разумеем не толькі забяспечанасць матэрыяльна-тэхнічнай базай, аснашчанасць дзіцячых садкоў сучаснымі сродкамі навучання, дзе, дарэчы, асаблівы акцэнт робім на сучасным надворным абсталяванні. Але ж галоўнай мэтай для нас было і застаецца забяспечыць установы дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі і якаснымі вучэбнымі праграмамі і выданнямі.

— Цікава ведаць, што ўключае ў сябе сучасная вучэбная праграма для дашкалят.

— Вучэбную праграму дашкольнай адукацыі і адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі мы абнавілі ў 2022 годзе, тыпавы вучэбны план дашкольнай адукацыі — у 2023-м. У чым асноўныя змены? Безумоўна, гэта перагляд зместу дашкольнай адукацыі з улікам сучасных
тэндэнцый.

Праграма комплексная і ўключае ў сябе шэраг адукацыйных абласцей. Гэта «Фізічная культура», «Дзіця і грамадства», «Элементарныя матэматычныя ўяўленні», «Дзіця і прырода», «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін», «Падрыхтоўка да навучання грамаце», «Выяўленчае мастацтва», «Музычнае мастацтва», «Мастацкая літаратура».

У мэтах удасканалення работы па патрыятычным выхаванні, фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту традыцыйных каштоўнасных установак і адпаведных кампетэнцый у адукацыйным стандарце і вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі абноўлены змест раздзела «Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё». Пачынаючы з сярэдняй групы (ад чатырох да пяці гадоў) у гэты раздзел уключаны новы адукацыйны кампанент «Асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры».

— Ці ўлічваецца ўзрост дзіцяці?

— Абавязкова. Змест у адукацыйных абласцях прадстаўлены па гадах жыцця: ад нараджэння да аднаго года, ад аднаго да двух гадоў, ад двух да трох гадоў, ад трох да чатырох гадоў, ад чатырох да пяці гадоў, ад пяці да шасці і ад шасці да сямі гадоў з улікам значнасці кожнага перыяду жыцця ў яго развіцці.

— Згадзіцеся, дзетсадаўцы — асаблівая група, назавём так, вучняў. І падыход да іх патрэбен быць асаблівым. Як з гэтым спраўляюцца педагогі? Хто і што ім дапамагае?

— Асаблівы падыход патрэбен для дзяцей любога ўзросту. Што датычыцца дапамогі — распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры з выхаванцамі і іх бацькамі.

Мы ў прынцыпе актыўна працуем у дадзеным кірунку. Праводзім шэраг тэматычных мерапрыемстваў, прычым на розных узроўнях: абласным, раённым, гарадскім. Гэта акцыі, інфармацыйна-адукацыйныя праекты і конкурсы, дыялогавыя пляцоўкі, дыскусійныя платформы, інфармацыйныя сустрэчы, анлайн-форумы, інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Не так даўно, напрыклад, прайшоў рэспубліканскі семінар «Гісторыка-культурная спадчына беларускага народа ў адукацыйнай прасторы дашкольнай адукацыі».

Сёлета пачалася распрацоўка інтэрактыўных дыдактычных гульняў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Адпаведнае навуковае даследаванне праводзіцца Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Яшчэ адзін важны аспект у гэтым кірунку — работа ў цесным узаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў.

— Вучэбныя выданні для дашкольнага выхавання. Які іх спектр, як яны рыхтуюцца і выпускаюцца. І чым прынцыпова адрозніваюцца ад школьных?

— Сёння ўжо можна казаць аб стварэнні ў Беларусі айчыннай школы навуковых даследаванняў у галіне распрацоўкі вучэбных выданняў па дашкольнай адукацыі. Неабходнасць пабудовы цэласнай адукацыйнай прасторы, у тым ліку на этапе пераходу дзіцяці з установы дашкольнай адукацыі на першую ступень агульнай сярэдняй; навуковага кіравання гэтым працэсам, вырашэння праблемы метадычнага забеспячэння на аснове прынцыпаў сістэматычнага падыходу разглядалася беларускімі навукоўцамі Якавам Каламінскім, Наталляй Старжынскай, Лізаветай Панько, Ірынай Жытко, Раісай Касянюк, Дзінай Дубінінай і іншымі.

Што датычыцца спектра — ён досыць шырокі: дапаможнікі, вучэбныя, вучэбна-метадычныя і вучэбна-наглядныя дапаможнікі, хрэстаматыі.

У 2023 годзе было выдадзена восем найменняў вучэбных выданняў для выхаванцаў старэйшых груп ад пяці да сямі гадоў, шаснаццаць найменняў вучэбных выданняў для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі. У 2024 годзе таксама ўжо выдадзена восем найменняў вучэбных дапаможнікаў вучэбна-метадычнага комплексу «Мае першыя ўрокі». Яшчэ дзесяць найменняў вучэбных выданняў для педагогаў дзіцячых садкоў — у плане выпуску.

— Апошнія гады ў школах краіны апрабоўвалася некалькі пілотных праектаў. Як ідуць справы з эксперыментамі ў сферы дашкольнай адукацыі?

— І эксперыментальная, і інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца даволі актыўна. У гэтым годзе, напрыклад, 76 устаноў дашкольнай адукацыі краіны ўдзельнічала ў рэалізацыі чатырох эксперыментальных праектаў, 117 садкоў апрабіравала дзевяць інавацыйных праектаў.

Тэматыка праектаў вельмі разнастайная: логіка-матэматычнае развіццё выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту, персанальнае суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, фарміраванне інклюзіўнай адукацыйнай прасторы.

З гэтага года мы пачалі рэалізацыю Праграмы развіцця і ўдасканалення дашкольнай адукацыі на 2024–2025 гады. Мерапрыемствы праграмы прадугледжваюць арганізацыйнае і змястоўнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, рэсурснае забеспячэнне, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Асаблівая ўвага — інфармацыйнаму суправаджэнню.

Плануем правесці ў новым фармаце конкурс прафесійнага майстэрства — «Найлепшы педагог установы дашкольнай адукацыі». У ім возьмуць удзел не толькі выхавацелі дашкольнай адукацыі, але і іншыя педагогі дашкольных устаноў, напрыклад кіраўнікі фізічнага выхавання, музычныя кіраўнікі. У цяперашні час распрацоўваецца канцэпцыя конкурсу.

Зменіцца і фармат работы Рэспубліканскага савета кіраўнікоў дашкольнай адукацыі, які возьме на сябе каардынацыю дзейнасці рэгіянальных аб’яднанняў. Яго функцыі значна пашырацца з улікам уваходжання ў структуру Беларускага педагагічнага таварыства.

Планаў і перспектыў развіцця шмат. Работа над удасканаленнем нацыянальнай сістэмы дашкольнай адукацыі не спыняецца ні на дзень.

— Пагаворым аб тым, што сёння найбольш хвалюе бацькоў. Напрыклад, аб змене графіка работы ўстаноў дашкольнай адукацыі.

— У нашай краіне на дзяржаўным узроўні ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб дзеці наведвалі ўстановы дашкольнай адукацыі, а іх бацькі мелі магчымасць працаваць. На неабходнасці паглядзець на рэжым работы дзіцячых садкоў і падстроіцца пад бацькоў, завастрыў увагу на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын 5 сакавіка 2024 года і кіраўнік нашай дзяржавы.

На заканадаўчым узроўні гэта пытанне ўрэгулявана. Так, пунктам 3 артыкула 139 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі вызначана, што час знаходжання выхаванцаў ва ўстанове адукацыі вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі ў адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў і можа складаць ад двух да сямі гадзін, 10,5 гадзіны, 12 гадзін, 24 гадзіны. Падкрэсліваю, у адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў.

Адзіных прынцыпаў па вызначэнні рэжыму работы няма. Акрамя запытаў бацькоў, заснавальнік вызначае яго з улікам статусу населенага пункта: горад, вёска, аграгарадок, абласны ці раённы цэнтр. Улічваецца наяўнасць у населеным пункце горадаўтваральных прадпрыемстваў, іх рэжыму работы і іншыя нюансы.

На сёння 2908 устаноў дашкольнай адукацыі Беларусі функцыянуюць 10,5 гадзіны, 822 — 12 гадзін, 24 гадзіны працуюць 16 садкоў.

На дадзены момант перад мясцовымі ўладамі пастаўлена задача перагледзець загружанасць дзіцячых садкоў з улікам работы прадпрыемстваў і арганізацый.

— Якія яшчэ запыты бацькоў знаходзяць станоўчы водгук?

— У дзіцячых садках ствараюцца ўмовы для адкрыцця і функцыянавання груп кароткачасовага, ад двух да сямі гадзін, знаходжання: сезонныя пляцоўкі, пляцоўкі для гульняў, прагулачныя, групы выхаднога дня, вячэрнія, адаптацыйныя, «матчыны школы» і іншыя.

— Ці хапае сёння ў краіне ўстаноў, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі?

— У мінулым годзе ў нас працавала 3750 такіх устаноў, у тым ліку непасрэдна ўстаноў дашкольнай адукацыі — 2795. У іх атрымлівалі дашкольную адукацыю каля 355,7 тысячы выхаванцаў. Згадзіцеся, лічба немалая.

Прывяду яшчэ крыху лічбаў, бо без іх не абысціся. На 1 ліпеня 2024 года адкрыта тры ўстановы на 650 месцаў у Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, а ўсяго ў 2024 годзе запланавана будаўніцтва 15 садкоў на 3550 месцаў. Яны з’явяцца ў Брэсце, Лепелі, Оршы, Наваполацку, Віцебску, Гомелі, Гродне, Смілавічах, Лагойску, Бараўлянах, Магілёве і Мінску. У наступныя два гады плануецца будаўніцтва яшчэ 23 дзіцячых садкоў.

Что датычыцца хапае ці не хапае... У краіне дзіцячых садкоў дастаткова і нават ёсць свабодныя месцы. Праблема крокавай даступнасці існуе толькі ў мікрараёнах-новабудоўлях, дзе шмат дзетак дашкольнага і школьнага ўзросту. Напружаная сітуацыя ў Мінскім раёне, дзе 2340 дзяцей пакуль не забяспечаны месцамі ў найбліжэйшых садках. Менавіта тут ажыццяўляецца будаўніцтва новых дашкольных устаноў. Часова вырашаем праблему з дапамогай сталічных дзіцячых садкоў, арганізуем падвоз дзяцей да іх. Упэўнена, хутка сітуацыя палепшыцца.

— Як бацькі змогуць знайсці інфармацыю аб наяўнасці і колькасці свабодных месцаў у дзіцячых садках?

— Праз інтэрактыўныя карты, якія змяшчаюць спасылкі на ўсе дзіцячыя садкі рэгіёнаў, Мінска, прычым не толькі на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі, але і на сайтах камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў.

Як гэта выглядае на практыцы? Адкрываеце інтэрактыўную карту, напрыклад, Мінска і сярод прапанаваных варыянтаў узроўняў адукацыі — дашкольная, агульная сярэдняя, дадатковая — выбіраеце дашкольную адукацыю. Пасля гэтага выбіраеце адміністрацыйны раён сталіцы, умоўна, Маскоўскі. Пры націску на яго абразок адкрываецца адукацыйная сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі Маскоўскага раёна. У сетцы можна выбраць дзіцячы садок, размешчаны побач з месцам пражывання ці рэгістрацыі сям’і дзіцяці, месцам работы бацькоў ці навучання старэйшых дзяцей і іншае. Установы дашкольнай адукацыі, у якіх маецца пяць і болей свабодных месцаў, выдзелены на карце зялёным колерам.

Націснуўшы на абразок дзіцячага садка, можна даведацца аб наяўнасці свабодных месцаў у канкрэтных узроставых групах, а пры пераходзе па спасылцы на сайт установы атрымаць больш поўную інфармацыю пра яе.

— Што патрэбна, каб атрымаць месца ў дашкольнай установе?

— Па-першае, стаць на ўлік. На жаль, некаторыя бацькі аб гэтым забываюць і потым скардзяцца, што не атрымалі месца непасрэдна ў той установе дашкольнай адукацыі, у якой чакалі.

Пачынаць падрыхтоўку дакументаў для пастаноўкі на ўлік неабходна загадзя. Канкрэтна ўстанавіць тэрмін вельмі складана. Многія бацькі робяць гэта адразу пасля нараджэння дзіцяці, асабліва ў мікрараёнахновабудоўлях.

Звяртаю ўвагу, што на інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі ў раздзеле «Дашкольная адукацыя» ў рубрыцы «Бацькам дашкольнікаў» размешчана інфармацыя аб тым, як уладкаваць дзіця ў дзіцячы садок.

— Усё ж такі давайце правядзём невялічкі лікбез для тых, перад кім стаіць задача ўладзіць сваё дзіця ў садок. Як кажуць, раскладзём па палічках.

— Для пастаноўкі на ўлік аднаму з бацькоў (законнаму прадстаўніку) дзіцяці неабходна звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па месцы знаходжання ўстановы адукацыі. Як правіла, гэта служба «Адно акно».

Пры звароце прадставіць наступныя дакументы:

— пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу законнага прадстаўніка дзіцяці;

— пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (пры яго наяўнасці — для дзяцей, якія з’яўляюцца непаўналетнімі замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якім дадзены статус бежанца, дадатковая абарона ці прытулак у Рэспубліцы Беларусь або якія хадайнічаюць аб даванні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Рэспубліцы Беларусь).

Законнаму прадстаўніку будзе прапанавана запоўніць заяву па ўстаноўленай форме, пасля чаго дзіця будзе лічыцца пастаўленым на ўлік для атрымання дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. Форма заявы аб пастаноўцы на ўлік прадугледжвае ўказанне да трох устаноў дашкольнай адукацыі.

Як згадвалася раней, крытэрыямі выбару могуць выступаць размяшчэнне дзіцячага садка ў зоне пешаходнага доступу, яго блізкасць да месца работы бацькоў альбо месца навучання іншых дзяцей, а таксама від установы адукацыі (дзіцячы садок, санаторны дзіцячы садок, спецыяльны дзіцячы садок і інш.), адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, кадравы патэнцыял і гэтак далей.

А на заканчэнне ў мяне ёсць добрая навіна, якая звязана з пытаннямі падачы дакументаў, — цяпер ажыццяўляюцца мерапрыемствы па пераводзе ў электронную форму адміністрацыйных працэдур па пастаноўцы на ўлік дзяцей у мэтах атрымання імі дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, а таксама выдачы накіравання ва ўстанову адукацыі.


Опубликовано:
15 июля 2024
Просмотров:
20
Источник:
Категория:
Поделиться в соцсетях: