Бонусы для маладых педагогаў

«Дадатковыя меры па падтрымцы маладых педагогаў, прынятыя на ўзроўні мясцовых органаў улады, дазволілі павялічыць працэнт іх замацавання пасля двухгадовай адпрацоўкі, — заявіў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА Міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — У прыватнасці, у Гродзенскай, Мінскай, Гомельскай абласцях, а таксама ў Мінску гэты працэнт павялічыўся ў разы».

У 2015 годзе на працу ва ўстановы адукацыі было накіравана 5036 маладых спецыялістаў (96,2% з іх па абавязковым размеркаванні).

«Пытанні па замацаванні маладых спецыялістаў і іх сацыяльнай падтрымцы знаходзяцца на пастаянным кантролі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, — запэўніў Міністр адукацыі. — Іх падтрымка ўключае ў сябе, найперш за ўсё, матэрыяльнае стымуляванне (павышэнне тарыфнага акладу за працу па кантрактнай форме найму, частковае пакрыццё выдаткаў на арэнду жылля, арганізацыю бясплатнага праезду або частковую аплату праезду, прэміяльныя і іншыя выплаты), прадастаўленне дадатковага водпуску».

У Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці да новага навучальнага года адкрыўся Дом маладога настаўніка (інтэрнат на 8 месцаў) — падарунак ад гаспадаркі «Сноў». У Добрушскім раёне Гомельскай вобласці праводзіцца штогадовы конкурс «Малады настаўнік года» для педагогаў са стажам працы да двух гадоў, у Жлобінскім раёне — штогадовы фестываль для маладых спецыялістаў «Дэбют», у Мазырскім раёне працуе клуб «Малады педагог».

У Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці па хадайніцтве раённага камітэта прафсаюзнай арганізацыі ўстанавілі надбаўкі ў памеры 20% ад ставак (акладаў) маладым спецыялістам, якія завяршылі навучанне з адзнакай. Меры падтрымкі ў раёнах — розныя і найчасцей за ўсё суадносяцца з рэальнай жыццёвай сітуацыяй.

Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што зараз ідзе падрыхтоўка да нарады ў кіраўніка дзяржавы, дзе будзе разгледжаны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з сістэмай адукацыі, у тым ліку тыя, якія тычацца сацыяльных гарантый і пашырэння прэферэнцый для педагогаў, асабліва для маладых спецыялістаў, а таксама педагогаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі ў невялікіх гарадах і населеных пунктах.

Мы рыхтуем прапановы для разгляду ў кіраўніка дзяржавы па заработнай плаце, жыллі, у тым ліку арэндным, бонусах па аплаце жылля для маладых, — удакладніў Міністр.

Кіраўнік галіны паведаміў, што Міністэрствам адукацыі прыняты шэраг мер, скіраваных на скарачэнне дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Аднак пытанне канчаткова не вырашана.

Для скарачэння дакументаабароту быў зацверджаны пералік дакументаў для асобных педработнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ён з’яўляецца тыпавым, на яго падставе складаецца наменклатура спраў канкрэтнай установы адукацыі. Такім чынам, кіраўнік установы адукацыі з улікам спецыфікі яе дзейнасці вызначае пералік дакументаў, неабходных для працы, і нясе адказнасць за стан спраў па пытаннях дакументаабароту.

Як зазначыў Міхаіл Жураўкоў, сёння праводзіцца праца па актыўным выкарыстанні магчымасцей ІТ-тэхналогій для змяншэння дакументаабароту. Рэалізуецца праект «Электронная школа», які ўключае два сэрвісы: «Электронны журнал і электронны дзённік навучэнца» і «Электронная карта навучэнца». Цяпер праект укараняецца ў некалькіх рэгіёнах Беларусі. Праз год у гэты эксперымент будзе ўцягнута практычна ўся краіна.

«Укараненне электронных сэрвісаў павінна адбывацца толькі тады, калі кіраўніцтва школы да гэтага гатова, і пры наяўнасці жадання бацькоў навучэнцаў, — падкрэсліў міністр. — Хачу адзначыць, што ва ўкараненні электронных формаў часопісаў і дзённікаў мы бачым перспектыву зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі на ўстановы адукацыі і змяншэння дакументаабароту ўвогуле».

Адказваючы на пытанне наконт неверагоднай колькасці выхаваўчых мерапрыемстваў, у якіх педагогу даводзіцца ўдзельнічаць разам з вучнямі, Міхаіл Жураўкоў выказаў наступную думку: «Паколькі мерапрыемствы даводзяцца да школ пераважна мясцовымі органамі ўлады, мяркую, што было б правільным распрацоўваць нейкі каардынацыйны план з удзелам усіх зацікаўленых. Такі сумесны план мерапрыемстваў дапамог бы вырашыць праблему. Калі падчас наведвання школ я пытаюся ў педагогаў аб наяўнасці неўласцівых функцый, то яны часта наракаюць на нескаардынаванасць дзеянняў некаторых ведамстваў і службаў, якія дасылаюць у школы раз’яднаныя планы сваіх мерапрыемстваў. Каб не атрымлівалася такіх накладак, трэба бачыць карціну ўвогуле»

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда»
Опубликовано:
30 Сентября 2015
Просмотров:
1087
Категория:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь