Чаму не варта рабіць урокі разам з дзіцем, патлумачыла псіхолаг

Чаму не варта рабіць урокі разам з дзіцем, патлумачыла дзіцячы псіхолаг Людміла Губская.

Ребенок

«Перастаньце ўспрымаць свайго сына як малога, дэлегуйце яму права самому збіраць заплечнік і выконваць дамашнія заданні. Чым раней дзіця зразумее, што школа – яго зона адказнасці, што вучыцца яно само, а не мама, тым лепш для ўсіх. Вядома, па першым часе магчымыя і заўвагі, і дрэнныя адзнакі. Але рана ці позна ўсё нармалізуецца.

Не рабіць са школьнікам дамашнія заданні — не значыць цалкам самаўхіліцца. КАЛІ ДЗІЦЯ ПРОСІЦЬ, трэба нагадаць, колькі клетачак прапусціць, праверыць рашэнне задачы, дапамагчы разабрацца ў складаным пытанні. Зацікаўленасць жа да таго, каб выканаць дамашняе заданне і зрабіць гэта добра, павінна сфармаваць настаўніца.

Калі ўсе 11 гадоў стаяць над дзіцем, то гэтым яму не прывіць цікавасць да ведаў. Такім спосабам можна толькі адбіць жаданне вучыцца і, што самае страшнае, сапсаваць адносіны. Я кансультавала жанчыну, сын якой пасля дзявятага класа паступіў у тэхнікум. І гэта пры тым, што да 15 год ён быў круглым выдатнікам. Мама сядзела з ім над урокамі ўсе вечары напралёт, нават на выхадных рыхтаваліся да алімпіяды. У 15 год хлопец узбунтаваўся і сказаў: «Я ненавідзеў гэту вучобу ўсё сваё жыццё, а ты мяне мучыла». У выніку ён скаціўся ў вучобе так, што мама бегала па настаўніках, угаворвала, каб паставілі адзнаку вышэй. Школу хлопец закончыў, але бунтаваць не перастаў. Ён пачаў курыць, абуральна апранацца. Па сутнасці, бацькі атрымалі падлетка ў такім яркім праяўленні негатывізму да ўсяго, чаму яны яго вучылі да гэтага. Дык вось, каб так не атрымалася, адмоўцеся ад татальнага кантролю, у тым ліку і за выкананнем дамашніх заданняў. Бо школа – гэта ўсяго толькі адзін з этапаў жыцця, і яна не павінна станавіцца прычынай сямейных скандалаў. Беражыце здароўе і нервы – свае і сваіх дзяцей.

Акрамя таго, мамы, якія робяць урокі з дзецьмі, самі таго не разумеючы, рызыкуюць выхаваць несамастойную асобу, якая робіць усё па ўказцы. Такое дзіця будзе добрым выканаўцам, але не навучыцца прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць, у тым ліку і за нявывучаны ўрок. Больш за тое, прывыкшы да пастаяннага кантролю і падказак, школьнікі губляюць здольнасць самастойна спраўляцца са сваімі абавязкамі. Без дапамогі дарослых яны не ў стане не толькі рашаць задачы, але і правільна размяркоўваць час і нагрузку.

У сучасных дзяцей часта складаныя адносіны з часам: яны яго «не адчуваюць». А ўсё з-за таго, што за выкананнем раскладу сочаць дарослыя. Раю бацькам падарыць кожнаму дзіцяці механічны таймер, накшталт кухоннага (у выглядзе яек, памідораў): павярнуў – і пачынае цікаць. Ён мае лепшую сілу ўздзеяння, у адрозненне ад электроннага, выстаўленага на мабільным тэлефоне. Патлумачце сыну, што на хатняе заданне па кожным прадмеце адводзіцца не больш за паўгадзіны. Не паспеў – усё роўна пераходзіць да наступнага. Калі дзіця кажа, што хоча адпачнуць пасля школы, то і час гульні варта дакладна акрэсліць. Так паступова яно навучыцца само размяркоўваць час.

Калі дзіця самастойна робіць урокі, у бацькоў з'яўляецца больш вольнага часу. Неўзабаве пры правільным планаванні вызваляцца вечары і ў школьніка. Раю бацькам хадзіць з дзіцем у музеі, наведваць выставы, ладзіць сумесныя кінапрагляды, гуляць усёй сям'ёй у настольныя гульні – гэта пакажа, што нейкіх ведаў яму не хапае, і выхавае жаданне даведвацца новае.

І яшчэ вельмі важна, каб у дзяцей з пачаткам новага навучальнага года захоўваліся абавязкі па доме. Грубая памылка, калі бацькі кажуць: «ты, галоўнае, добра вучыся, а мы самі памыем посуд, прапыласосім». У выніку дзіця ўпусціць вельмі шмат.

Опубликовано:
23 Сентября 2022
Просмотров:
3192
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях:
Психологическая помощь