Чаму педагогаў-мужчын становiцца ўсё менш?

Арыстоцель, Платон, Жан-Жак Русо, Канфуцый, Песталоцы, Канстанцiн Ушынскi, Леў Выгоцкi, Януш Корчак, Джон Дз'юi, Шалва Аманашвiлi... Няхай жанчыны не крыўдуюць, але, гаворачы пра вялiкiх настаўнiкаў, прыгадваюць пераважна педагогаў-мужчын. Для Яна Амоса Каменскага прафесiя настаўнiка была «найлепшая, як нiякая iншая пад сонцам». Ён параўноўваў настаўнiка з садоўнiкам, якi любоўна вырошчвае раслiны ў садзе, з архiтэктарам, якi клапатлiва запаўняе ведамi ўсе куточкi чалавечай iстоты, са скульптарам, што старанна абчэсвае i шлiфуе розумы i душы людзей, з палкаводцам, якi энергiчна вядзе наступленне супраць варварства i невуцтва. Ян Амос Каменскi напiсаў дзясяткi падручнiкаў для школы i больш за 260 педагагiчных твораў. Словы «ўрок», «клас», «канiкулы», «навучанне» ўвайшлi ў школу разам з iмем вялiкага чэшскага педагога. Мiж iншым, «педагог» i «настаўнiк» – таксама словы мужчынскага роду.

Учитель

Але як так здарылася, што нашы школы паступова пераўтварылiся ў суцэльнае жаночае царства i трапiць да педагога-мужчыны лiчыцца цяпер вялiкай удачай? Цi адбiваецца на вучнях недахоп мужчынскага выхавання i як вярнуць у педагагiчны працэс прадстаўнiкоў моцнай паловы чалавецтва? Гэтыя пытаннi аказалiся ў цэнтры ўвагi ўдзельнiкаў навукова-практычнай канферэнцыi «Мужчыны ў сiстэме адукацыi», якая прайшла на базе Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта.

Непрэстыжная прафесiя?

Як вынiкае са статыстычнага агляду, падрыхтаванага да Дня настаўнiка, у агульнай колькасцi педагогаў, якiя выкладаюць у школе асобныя прадметы, прадстаўнiкi моцнага полу на пачатак 2018/2019 навучальнага года складалi 18,2 працэнта.

У топ-5 прадметаў, дзе колькасць настаўнiкаў-мужчын была самая высокая, увайшлi «фiзiчная культура» (63,7 працэнта ад агульнай колькасцi), «дапрызыўная i медыцынская падрыхтоўка» (60,7 працэнта), «працоўнае навучанне» (43 працэнты), «фiзiка» (35,5 працэнта), «гiсторыя i грамадазнаўства» (28,9 працэнта).

А вось сярод настаўнiкаў беларускай мовы i лiтаратуры i рускай мовы i лiтаратуры мужчын-педагогаў амаль няма (усяго 2,5 i 2 працэнты адпаведна). Сярод настаўнiкаў замежнай мовы iх толькi 5 працэнтаў, бiялогii – 8 працэнтаў, хiмii – 9 працэнтаў. Сярод дырэктараў устаноў адукацыi i iх намеснiкаў – таксама толькi 14 працэнтаў мужчын.

– Гiстарычна выхаванне i навучанне было мужчынскай тэрыторыяй, але сёння мы ўсе назiраем адток з адукацыi мужчын. Цi можна яго спынiць? Мяркую, што ключавым пытаннем з'яўляецца прэстыж настаўнiцкай прафесii ў грамадстве i ўзровень аплаты працы ў гэтай сферы, – падзялiўся сваiмi разважаннямi дырэктар студыi польскай мовы Pan Profesor, магiстр гiстарычных навук Аляксандр ПРУДНIКАЎ. – Калi настаўнiк-пачатковец зарабляе прыблiзна 200 долараў, то цi можа ён дазволiць сабе здымаць жыллё, утрымлiваць сям'ю, вандраваць i гэтак далей? Пытанне рытарычнае. Таму нават пры ўсёй любовi да абранай прафесii мужчына будзе шукаць спосабы, як i дзе яму зарабiць. Прычым не толькi школа, але i сфера адукацыi могуць iм увогуле не разглядацца ў якасцi варыянту. Мужчына павiнен быць паспяховы, а паспяховасць у грамадстве, асаблiва апошнiм часам, вызначаецца колькасцю грошай, якiя ты зарабляеш.

Ёсць яшчэ адна сур'ёзная праблема, уласцiвая нашай рэчаiснасцi, – вялiкi аб'ём у школе папяровай работы, якую даводзiцца выконваць настаўнiкам. Яна мужчынам увогуле незразумелая. Пра якую элiтарнасць прафесii можа iсцi размова?

Мiж iншым, праблема фемiнiзацыi школьнай педагогiкi актуальная абсалютна для ўсiх еўрапейскiх краiн. Даследчыкi заўважаюць, што грамадскi прэстыж прафесii нярэдка знiжаецца, калi ў ёй павялiчваецца колькасць жанчын. Чым больш жанчын у iндустрыi, тым вышэйшая iмавернасць таго, што гэтая сфера будзе дрэнна аплачвацца.

Пры гэтым у прыватных школах Вялiкабрытанii сiтуацыя радыкальна адрознiваецца ад дзяржаўных, i нярэдка працэнт мужчын-педагогаў там утрая вышэйшы. Акрамя прэстыжу i памеру заробкаў, гэта тлумачыцца таксама гiстарычнымi прычынамi i вялiкiм значэннем у прыватных школах пазакласных заняткаў. Чым больш прэстыжная ўстанова, тым больш будзе там спорту: крыкету, рэгбi, веславання i гэтак далей, што таксама прыцягвае мужчын. Пакуль нiхто не даказаў, што паспяховасць дзiцяцi звязана з тым, мiсiс цi мiстар стаiць каля дошкi, але калi вы выбiраеце школу ў Вялiкабрытанii, то колькасць мужчын-настаўнiкаў можа быць нефармальным iндыкатарам яе высокага рэйтынгу.

У фемiнiзацыi адукацыi хапае адмоўных бакоў. Для выхавання паўнавартаснай асобы патрабуецца як жаночая, так i мужчынская фiласофiя жыцця. У педагогаў-мужчын i педагогаў-жанчын ролевыя паводзiны iстотна адрознiваюцца. Мужчынскае выхаванне арыентаванае на дасягненне вынiку, яно падштурхоўвае дзiця да спазнання межаў сваiх магчымасцяў, адкрыцця новых сфер жыцця, эксперыментаў, арыентацыi на ўласную будучыню.

Фемiнiзацыя школы непазбежна вядзе да так званай гуманiзацыi адукацыi: жанчыны, якiя сталi вядучай педагагiчнай сiлай, прыўносяць у сiстэму адукацыi сваё разуменне свету, свае методыкi i падыходы. Усе натуральныя праяўленнi спасцiжэння межаў (шумныя гульнi, бег, фiзiчнае процiборства на выяўленне самага моцнага), успрымаюцца iмi як разбуральныя фактары.

Пры адсутнасцi «жывога прыкладу» ў асобе настаўнiка ў большасцi сучасных школьнiкаў фармiруецца вельмi абстрактнае разуменне так званых маскулiнных (мужчынскiх) якасцяў i iх значэння ў сучасным грамадстве. А калi ўзяць пад увагу вялiкую колькасць дзяцей, якiя растуць у няпоўных сем'ях з адной мацi, маштаб праблемы набывае памеры катастрофы.

Кандыдат псiхалагiчных навук, дацэнт кафедры псiхалогii Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Валерый ПАРХАМОВIЧ лiчыць, што ў навучальным працэсе i пры стварэннi падручнiкаў прыродныя патрэбы i iнтарэсы хлопчыкаў не ўлiчваюцца.

– Навучальныя дапаможнiкi па рускай мове для пятага класа арыентаваныя на дзяўчат, – прыводзiць ён канкрэтны прыклад. – З першай да дваццаць сёмай старонкi школьнiкам прапануюцца практыкаваннi пераважна апiсальнага характару. А давайце прыгадаем, што нас цiкавiла ў гэтым узросце. Няўжо апiсанне прыроды? А цi могуць такiя заданнi зацiкавiць дзяцей з клiпавай свядомасцю?

Так ужо склалася, што мужчыны рэдка гавораць пра свае праблемы ўслых, у тым лiку i пра праблемы ў прафесiйнай сферы. Мужчына павiнен быць моцны, цярплiвы, стойкi, не павiнен скардзiцца... Але псiхалагiчнае выгаранне актуальнае не толькi для педагогаў-жанчын. Настаўнiкi-мужчыны могуць ад яго пакутаваць нават у большай ступенi.

– Псiхалагiчнае выгаранне – гэта страта iнтарэсу чалавека да прафесiйнай дзейнасцi з прычыны нейкiх дэструктыўных абставiн, немагчымасцi адрэагаваць цi пераадолець пэўныя псiхалагiчныя бар'еры, – тлумачыць Валерый Пархамовiч. – На што скардзяцца мужчыны, якiя працуюць у школе? На адсутнасць канцэпцыi развiцця сiстэмы адукацыi, прасцей кажучы, яны не ведаюць, куды трэба рухацца i якi павiнен быць вынiк на выхадзе. З аднаго боку, задача педагога – забяспечыць iндывiдуальны падыход да вучня, а з другога, наша сiстэма адукацыi арыентаваная пераважна на колькасныя паказчыкi. Прыблiзна 80 працэнтаў мужчын не ведаюць, як вырашыць гэты канфлiкт, таму ахвяруюць сваiм прафесiйным сумленнем, аддаючы перавагу колькасным паказчыкам. «Замест узаемадзеяння з дзiцем i яго бацькамi я запаўняю тысячы паперак», – абураюцца яны. Праблемай для педагогаў-мужчын з'яўляецца мноства супярэчлiвых патрабаванняў з боку кiраўнiцтва школы i кантралюючых органаў. «Мы жывём у стане пастаяннай нявызначанасцi. Я кладуся спаць i не ведаю, што мяне чакае заўтра. Якую задачу перада мной паставяць?» – скардзяцца яны.

Асобная тэма – гэта работа ў атачэннi жанчын. Калi арыентавацца на сацыяльна-псiхалагiчныя даследаваннi, то жаночыя калектывы ў большай ступенi схiльныя да схаваных манiпулятыўных тыпаў узаемадзеяння. Там няма фiзiчнай агрэсii, затое ёсць iнтрыгi, вялiкая колькасць страхаў, падазронасць, недавер, iнтэрпрэтацыя нейкiх фактаў. Мужчынская псiхалогiя ўспрымання свету можа ўступаць у канфлiкт з жаночай, i хоць ёсць меркаванне, што прадстаўнiкi моцнага полу купаюцца ва ўвазе жанчын, насамрэч у школьным калектыве iм даводзiцца падладжвацца пад сваiх каляжанак, лавiраваць памiж чужымi канфлiктамi, што толькi дабаўляе напружання.

Кар'ера? Па дзелавых якасцях!

Адна з секцый на канферэнцыi была прысвечана погляду студэнтаў на прафесiю педагога. Сумны факт, але ў сучасным грамадстве да хлопца, якi пасля школы вырашыў паступiць на педагагiчную спецыяльнасць, ставяцца як да няўдачнiка i адгаворваюць яго гэта рабiць. Пакрысе сiтуацыя пачала змяняцца. У БДПУ канстатуюць, што ў апошнiя гады сюды стала прыходзiць больш юнакоў. У гэтым навучальным годзе iх сярод першакурснiкаў амаль 60 працэнтаў на факультэце фiзiчнага выхавання, 40 працэнтаў – на фiзiка-матэматычным. Рэкардсменам стаў гiстарычны факультэт – на першы курс сюды паступiла больш за 60 працэнтаў юнакоў.

Даволi рэдка хлопцы выбiраюць факультэты пачатковай, дашкольнай адукацыi, сацыяльна-педагагiчных тэхналогiй. Тым не менш i там яны ёсць. Студэнт другога курса Данiiл Жураўлёў – будучы сацыяльны педагог. Ён сцвярджае, што да выбару прафесii падыходзiў свядома. Яшчэ ў 13 гадоў ён разам з прадстаўнiкамi Беларускай праваслаўнай царквы наведваў сацыяльна-педагагiчны цэнтр, дзе знаходзiлiся дзецi з праблемных сем'яў. Потым арганiзоўваў лялечны тэатр «Батлейка», куды прыцягвалiся цяжкiя падлеткi з прытулку. А ў 10-м класе вырашыў блiжэй пазнаёмiцца з работай сацыяльнага педагога ў сваёй школе: быў разам з iм у рэйдах, дапамагаў у арганiзацыi школьных мерапрыемстваў. Вось такая аказалася ў яго ранняя прафарыентацыя. «Канешне, было б выдатна, калi б усе будучыя педагогi мелi магчымасць прыгледзецца да абранай прафесii блiжэй яшчэ да моманту паступлення, каб потым не было расчаравання», – пагаджаецца ён. Хлопец упэўнены, што мужчыне прасцей знайсцi падыход да цяжкiх падлеткаў. I ў гэтым яго перавага. Магчымасцяў для прасоўвання па кар'ернай лесвiцы ў мужчын-педагогаў таксама больш з прычыны iх «эксклюзiўнасцi» ў школе.

Таццяна Шынкевiч, студэнтка трэцяга курса факультэта сацыяльна-педагагiчных тэхналогiй (таксама будучы сацыяльны педагог) радуецца, што мужчыны знайшлi ў сацыяльнай педагогiцы штосьцi цiкавае для сябе, што ўсё больш хлопцаў вучацца на настаўнiкаў фiзiкi i матэматыкi.

– Яны па прыродзе сваёй iмкнуцца лiдзiраваць. А ў адукацыi ў iх ёсць добрыя шанцы выбудаваць педагагiчную кар'еру, – разважае Таццяна.

На пытанне, а як яна адрэагуе, калi, выбiраючы памiж ёй i педагогам-мужчынам, перавагу аддадуць яму i абапiрацца будуць не на дзелавыя i прафесiйныя якасцi, а зыходзячы з таго, што прадстаўнiкi моцнага полу ў адукацыi на вагу золата, дзяўчына задумалася i адказала: «Спадзяюся, што кiравацца будуць не гендарнымi стэрэатыпамi, а ацэняць мае здольнасцi...»

Надзея Нікалаева, «Звязда», 12 сакавіка 2020 г.

Опубликовано:
12 марта 2020
Просмотров:
448
Категория:
Поделиться в соцсетях: