Cтварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу

Разам з Нацыянальным інстытутам адукацыі, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі па стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу плённа працуюць рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. Каб даведацца, у якім рэчышчы вядзецца гэтая работа ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, якая яго ключавая роля, мы сустрэліся з рэктарам інстытута, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам І.П.КАНДРАЦЬЕВАЙ.

Интернет

– Інга Пятроўна, улічваючы тое, што ў інтэрнэце даволі шмат электронных рэсурсаў па розных вучэбных прадметах, як вы ацэньваеце мэтазгоднасць стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу? Наколькі ён актуальны для нашай сістэмы адукацыі?

– Пагаджуся з тым, што сёння на прасторах інтэрнэту існуе шмат рэсурсаў, якія дапамагаюць настаўнікам-прадметнікам у іх прафесійнай дзейнасці. Педагогі ўсебакова імі карыстаюцца. У асноўным у лік гэтых рэсурсаў уваходзяць расійскія адукацыйныя распрацоўкі. Яны хоць і якасныя, але ж, безумоўна, не могуць цалкам адпавядаць нашай нацыянальнай сістэме адукацыі і ў поўным аб’ёме дапамагаць нашым настаўнікам у рэалізацыі айчынных вучэбных праграм. Калі разглядаць электронныя адукацыйныя рэсурсы асобных педагогаў нашай сіс­тэмы адукацыі, то яны разнастайныя, але не заўсёды сістэмныя. Усе гэтыя акалічнасці паспрыялі стварэнню нацыянальнага адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, які ахоплівае ўсе вучэбныя прадметы на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

– Якую структуру мае кантэнт адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу?

– Рэсурс структураваны па вучэбных прадметах і класах – вучэбных курсах. Кожны вучэбны курс уключае ў сябе вызначаны пералік модуляў, якія адпавядаюць тэмам вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце. Асобны модуль утрымлівае відэафрагмент з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу, пералік адукацыйных вынікаў і тэст для самаправеркі якасці засваення тэмы, спасылку на pdf-версію адпаведнага параграфа вучэбнага дапаможніка, дадатковыя матэрыялы для паглыбленага вывучэння асобных пытанняў тэмы. Варта адзначыць, што тэставыя заданні пабудаваны з арыентацыяй на дзеючыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў і ўтрымліваюць заданні закрытага тыпу з выбарам аднаго і некалькіх адказаў, на ўстанаўленне адпаведнасці, а таксама заданні адкрытага тыпу, якія прадугледжва­юць увядзенне адказу. Падобная кампаноўка тэста дазваляе атрымаць цалкам дакладныя даныя на этапе першаснай праверкі разумення новага вучэбнага матэрыялу. У перспектыве плануецца аснасціць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс рознымі сэрвісамі, прызначэнне якіх – забяспечыць арганізацыю і кіраванне адукацыйным працэсам.

Зразумела, гэты рэсурс не закліканы падмяніць сабой традыцыйную вочную адукацыю, але ён можа шырока выкарыстоўвацца ва ўмовах дыстанцыйнага навучання, самаадукацыі, як дадатковы дыдактычны сродак на ўроку, падтрымліваць навучанне школьнікаў па індывідуальных вучэбных планах.

– Раскажыце, калі ласка, распрацоўка зместу якіх вучэбных прадметаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу даручана педагогам Мінскай вобласці.

– Наш інстытут каардынуе распрацоўку 16 вучэбных курсаў. Гэта 547 модуляў па шэрагу вучэбных прадметаў. Сярод іх – «Чалавек і свет» (2 клас з беларускай і рускай мовамі навучання), «Беларуская мова» (2 клас з беларускай мовай навучання), «Беларуская мова» (6 і 8 класы), «Беларуская літаратура» (10 клас), «Беларуская мова» (6 і 9 класы), «Беларуская літаратура» (5 клас), «Сусветная гісторыя» (5 і 6 класы), «Геаграфія» (10 клас), «Фізіка» (10 клас), «Хімія» (8 клас), «Алгебра» (7 клас), «Інфарматыка» (9 клас).

– А колькі педагогаў запрошаны да распрацоўкі рэсурсу? Напэўна, гэта лепшыя прадстаўнікі адукацыі Міншчыны?

– Да распрацоўкі вучэбных модуляў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу запрошаны лепшыя настаўнікі-прадметнікі Мінскай вобласці, якія маюць метадычныя напрацоўкі ў сваёй педагагічнай дзейнасці і валодаюць банкам аўтарскіх дыдактычных матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы вучэбных відэафрагментаў і тэставых заданняў. Такім чынам, адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс уяўляе сабой своеасаблівую творчую галерэю, дзе акумуляваны перспектыўны педагагічны вопыт па розных вучэбных прадметах.

Са 117 педагогаў Мінскай вобласці, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы зместу адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, 21 мае кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст», 78 – вышэйшую, 16 – першую кваліфікацыйныю катэгорыю. Заўважу, што да распрацоўкі зместу рэсурсу мы прыцягнулі таксама 2 творчых педагогаў з другой кваліфікацыйнай катэгорыяй і не пашкадавалі. Пры распрацоўцы матэрыялаў модуляў яны прапанавалі і ўвасобілі шэраг цікавых, крэатыўных ідэй. Першасная экспертыза вучэбных модуляў ажыццяўлялася прафесарска-выкладчыцкім складам інстытута.

– Ці былі пэўныя цяжкасці ў распрацоўшчыкаў пры фарміраванні модуляў?

 – Так, без іх не абышлося, але ў працэсе работы педагогі з імі справіліся. Вучыцца даводзілася вельмі хутка, літаральна на хаду. Напрыклад, цяжка было рыхтаваць  відэафрагменты з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу. Не ўсім педагогам лёгка далася прысутнасць у кадры і закадравы каментарый. Пэўныя складанасці першапачаткова выклікала прымяненне прыёмаў уключэння навучэнцаў у вучэбна-пазнавальную дзейнасць без непасрэднага кантакту. Напрыклад, настаўнік пры запісе відэафрагмента з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу прапануе вучню звярнуць увагу на пэўны гістарычны дакумент, адказаць на пытанне, знайсці інфармацыю ў інтэрнэце і да т.п. Не атрымаўшы звыклай пры вочным навучанні зваротнай сувязі, настаўнік губляе сканцэнтрава­насць, тэмп выкладання, і запіс прыходзіцца паўтараць. Выклікалі праблемы і тэхнічныя пытанні: якасць запісу, накладанне гуку, апрацоўка і мантаж асобных частак відэароліка і г.д. Былі прад’яўлены строгія патрабаванні і да тэставых заданняў: дакладнасць фармулёўкі, адназначнасць адказаў, строгае прытрымліванне шаблону для запаўнення.

– Якая работа праводзіцца, каб адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс зрабіць здабыткам педагагічнай грамадскасці рэгіёна?

– Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пры падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі былі праведзены круглыя сталы ў фармаце вэбінара па тэме «Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс – новы кампанент вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». На вэбінар былі запрошаны рэгіянальныя каардынатары, метадысты інстытутаў развіцця адукацыі і раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў. Усяго ў Мінскай вобласці было праведзена 5 круглых сталоў па вучэбных курсах «Беларуская мова» (9 клас), «Беларуская літаратура» (5 клас), «Сусветная гісторыя» (5 клас), «Чалавек і свет»

(2 клас) і «Геаграфія» (10 клас). У час правядзення вэбінараў абмяркоўваліся пытанні варыятыўнага выкарыстання матэрыялаў вучэбных модуляў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Распрацоўшчыкі дзяліліся вопытам іх стварэння, акцэнтавалі ўвагу педагогаў на асаблівасцях асобных відэафрагментаў і тэстаў.

У мэтах забеспячэння эфектыўнага выкарыстання адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ва ўстановах адукацыі вобласці на базе інстытута быў праведзены семінар для метадыстаў раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікоў прадметных метадычных аб’яднанняў. Падобныя семінары, дзе ў рэжыме мазгавога штурму выпрацоўваліся прапановы аб магчымых спосабах прымянення матэрыялаў рэсурсу ў адукацыйным працэсе, аб паляпшэнні зместу і работы рэсурсу, прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці.

Для папулярызацыі адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу сярод педагагічнай грамадскасці Міншчыны на сайце інстытута размешчаны банер «Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс».

Цяпер ідзе фарміраванне адукацыйнага кантэнту, удасканаленне інтэрфейсу, навігацыі. Нават у пілотным варыянце функцыянавання рэсурс выклікае непадробленую цікавасць у навучэнцаў, педагогаў, бацькоў.

– Якая работа па распрацоўцы рэсурсу праводзіцца ў вобласці зараз?

– Цяпер мы працягваем работу над 248 модулямі I і II чвэрці. Ажыццяўляецца іх карэкціроўка згодна з заўвагамі экспертаў, пераклад зместу на беларускую мову (для ўстаноў з беларускай мовай навучання). Фарміруюцца тры творчыя групы для распрацоўкі 92 модуляў для 11 класа па вучэбных прадметах «Геаграфія», «Фізіка» і «Беларуская літаратура», у тым ліку на беларускай мове. Такім чынам, за кошт прыцягнення настаўнікаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі з беларускай мовай навучання, філолагаў павялічваецца колькасць педагогаў у складзе творчых груп – распрацоўшчыкаў модуляў.

– У чым вы бачыце перавагі рэсурсу, а што можна ўдасканаліць у перспектыве?

 – Да безумоўных вартасцей адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу трэба аднесці пашырэнне магчымасцей атрымання адукацыі, асабліва ва ўмовах нестандартнай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыі. Гэты факт ацанілі не толькі педагогі, але і навучэнцы, іх баць­кі, законныя прадстаўнікі. Цяпер навучэнцы, якія не наведвалі заняткаў па тым ці іншым прадмеце, змо­гуць самастойна вывучыць прапушчаную тэму і з дапамогай тэставых заданняў ацаніць ступень свайго засваення вучэбнага матэрыялу. Навучэнцаў прывабліваюць інтэрактыўнасць работы з рэсурсам, магчымасць засвойваць вучэбны матэрыял незалежна ад месца і часу. Шырокае абмеркаванне на розных прафесійных пляцоўках пілотнай версіі рэсурсу дазваляе сфармуляваць некаторыя абагульненыя пажаданні педагогаў Міншчыны па ўдасканаленні работы: зрабіць больш прывабным дызайн галоўнай старонкі; размясціць відэаролікі матывацыйнага і інструктыўнага характару. Безумоўна, адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс мае інтуітыўна зразумелы інтэрфейс, аднак відэафрагмент для карыстальнікаў з ліку бацькоў быў бы дарэчы. Неабходна надалей удасканальваць навігацыю па рэсурсе, паколькі навучэнцы і іх бацькі з цяжкасцю знаходзяць патрэбны ўрок: назва раздзела вучэбнага курса для іх мала інфарматыўная. Трэба таксама наладзіць функцыянаванне асобных гіперспасылак: часта пры пераходзе па спасылцы бягучая старонка сайта закрываецца. Важна пашырыць і банк дадатковых матэрыялаў.

Нягледзячы на некаторыя нюансы, у цэлым стварэнне нацыянальнага адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу з’яўляецца актуальным, мэтазгодным і мае вялікі патэнцыял як для навучання, так і для сістэмнага выкарыстання ў традыцыйным адукацыйным працэсе.


Опубликовано:
18 мая 2021
Просмотров:
18872
Категория:
Хештеги:
Поделиться в соцсетях: