Давайце захапляцца адно адным, хваліць і гаварыць кампліменты

Некалі навіны абмяркоўвалі на лаўках пад пад'ездамі, у чэргах ды ў транспарце – цяпер у сацыяльных сетках і на форумах. Вось чарговы раз Байнэт гудзе вакол добрага ўчынку курсанта Універсітэта грамадзянскай абароны МНС з Гродна: на сталічным аўтобусным прыпынку ён даў цёплую куртку замерзлай дзяўчынцы, а яе мама падзялілася гісторыяй у сеціве. Рэпосты, лайкі, увага СМІ – у лічаныя дні хлопца адшукалі і, здаецца, нават збянтэжылі такой удзячнай увагай. «Не лічу, што зрабіў штосьці надзвычайнае, – пачуў, што дзяўчынка замярзае, прапанаваў куртку. Хіба вы не зрабілі б гэтак жа?» – сказаў журналістам хлопец.

Спасибо

Альбо ўзяць іншую нядаўнюю гісторыю, што мела гучны рэзананс: у заўсёдных «пошуках вінаватых», якія традыцыйна разгортваюцца ў нас пасля кожнага адбору на дзіцячае ці дарослае «Еўрабачанне», адзін з грамадскіх актывістаў публічна абвінаваціў у ангажаванасці аднаго з суддзяў. А калі досыць хутка высветлілася, што гэтыя абвінавачанні не маюць пад сабой падставы, публічна ж папрасіў прабачэння, і канфлікт быў вырашаны. Што аб'ядноўвае гэтыя два выпадкі? Рэакцыя большасці інтэрнет-карыстальнікаў на нармальныя паводзіны чалавека ў цывілізаваным грамадстве. Гэткае падкрэсленае здзіўленне і захапленне, маўляў, хіба ў наш час так бывае – узяў і паклапаціўся пра дзіця, не чакаючы падзякі, узяў і прызнаў, што не меў рацыі, не чакаючы наступстваў?

Адчуванне, прызнацца, узнікае дваістае. Альбо нешта вельмі сур'ёзна паламалася ў нас «у кансерваторыі», і сёння нармальныя ўчынкі становяцца для грамадскасці ўзрушэннем і інфармацыйнай нагодай. Альбо мы ўсе, стаміўшыся нарэшце ад агрэсіі, узаемнай непавагі і нявыхаванасці, пачынаем цаніць простыя, базавыя рэчы – шчырасць, бескарыслівасць, адказнасць за свае словы... Тады сапраўды не лішне будзе акцэнтаваць увагу на кожным такім выпадку, пакуль, рана ці позна, не пойдзе ланцуговая рэакцыя ўзаемадапамогі, ветлівасці і ўдзячнасці.

Згадайце, што абурала булгакаўскага персанажа Шарыкава ў паводзінах дамачадцаў прафесара Праабражэнскага? «Вось усё ў вас як на парадзе: сурвэтку туды, гальштук сюды, ды «прабачце», ды «калі ласка-мерсі». А так, каб па-сапраўднаму, гэта не». «А як гэта «па-сапраўднаму», дазвольце спытацца?» Шарыкаў нічога на гэта не адказаў Філіпу Філіпавічу, а толькі выпіў кілішак. Ну а чым гісторыя скончылася, пільныя чытачы і гледачы таксама помняць...

Дык вось, каб колькасць Шарыкавых сярод нас не набрала крытычную масу, прапаную прыслухацца да класіка іншай эпохі, бясконца мудрага і добрага Булата Акуджавы. Давайце захапляцца адно адным, хваліць і гаварыць кампліменты – нават за дробязі кшталту прытрыманых у метро дзвярэй ці падказаную ў незнаёмым месцы дарогу. І не толькі ў сацыяльных сетках, але і наўпрост у жывых стасунках. Давайце пісаць не толькі скаргі, але і падзякі, заўважаць не толькі чорныя, але і белыя фарбы. Высакароднасць на любым узроўні вартая таго, каб быць заўважанай, – а добрае слова нават кошцы прыемна, не тое што чалавеку.

Вікторыя Целяшук, «Звязда», 10 кастрычніка 2019 г.

Опубликовано:
10 октября 2019
Просмотров:
475
Категория:
Поделиться в соцсетях: